Сiдаровiч К.В. РАЗВIЦЦЁ ПАЗНАВАЛЬНАЙ АКТЫЎНАСЦI МАЛОДШЫХ ШКОЛЬНIКАЎ: ВЫНIКIАНКЕТАВАННЯ ВУЧНЯЎ I НАСТАЎНIКАЎ

Агульнавядома, што эфектыўнасць навучання знаходзіцца ў прамой залежнасці ад узроўню актыўнасці вучня ў навучальным працэсе. У чым жа заключаецца гэтая актыўнасць? Вучоныя вызначаюць пазнавальную актыўнасць як “якасць дзейнасці вучня, якая праяўляецца ў яго адносінах да зместу і працэсу навучання, у імкненні да эфектыўнага авалодання ведамі і спосабамі дзейнасці за аптымальны час, у мабілізацыі духоўна-валявых намаганняў на дасягненне вучэбна-пазнавальнай мэты” [1, с. 5].  Настаўнiку неабходна ведаць i  канкрэтныя прыметы праяўлення пазнавальнай актыўнасці. Гэтае ў многіх настаўнікаў пачатковых класаў выклікае цяжкасць, таму дзейнічаюць яны інтуітыўна, прымаючы добрую вучобу дзяцей за высокі ўзровень іх пазнавальнай актыўнасці, што не заўсёды адказвае сапраўднасці, так як паспяховасць з’яўляецца толькі адной з прымет пазнавальнай актыўнасці. Назіранні паказваюць, што бываюць выпадкі, калі малодшы школьнік добра вучыцца, але ўзровень яго пазнавальнай актыўнасці невысокі. Усё залежыць ад таго, якія ўнутраныя матывы пабуджаюць яго да пазнання (імкненне даведацца нешта новае, цікавасць да чаго-небудзь).

Знешняя актыўнасць малодшага школьніка на ўроку таксама не заўсёды сведчыць пра накіраванасць яго думкі. Неабходна ўлічваць, што для дзяцей гэтага ўзросту характэрна рухавасць, імпульсіўнасць, перавага працэсу ўзбуджэння над тармажэннем.

Прыметамі пазнавальнай актыўнасці малодшых школьнікаў, на думку М.П. Осіпавай, з’яўляюцца: 1) адносіны да навучання (у чым бачаць сэнс навучання, рэгулярнасць і якасць падрыхтоўкі дамашніх заданняў); 2) якасць ведаў (веданне матэрыялу праграмы, уменне выкарыстоўваць веды на практыцы); 3) характэрныя асаблівасці вучэбнай дзейнасці (разумовая актыўнасць, сканцэнтраванасць, устойлівасць увагі, эмацыянальна-валявыя праяўленні, ступень знешняй актыўнасці); 4) адносіны да пазавучэбнай дзейнасці (захопленасць ёю, сістэмнасць, накіраванасць [2, с. 6].

Арганiзацыя пазнавальнай дзейнасцi малодшых школьнiкаў немагчымая без вывучэння яе эфектыўнасцi, ролi ў iнтэлектуальным развiццi вучняў.  Вызначыцьузровеньразвiццяпазнавальнайактыўнасцi малодшых школьнiкаў можна з дапамогай розных методык. Намi для даследавання былi выкарыстаны анкеты для вучняў i настаўнiкаў, прапанаваныя Т.Я. Заводавай i С.В. Дормаш.

На пытанне анкеты «Якi прадмет табе больш за ўсё падабаецца? Чаму?» вучнi адказалi наступным чынам: 33% рэспандэнтаўадзначылi матэматыку, так як вучням падабаецца сам працэс рашэння задач, ураўненняў i прыкладаў, асаблiва падабаюцца лагiчныя задачы, дзе можна праявiць кемлiвасць; 20% – англiйскую мову, таму што вучнi лiчаць англiйскую мову цiкавай i карыснай у жыццi; 17% рэспандэнтаў адзначылi фiзкультуру i аргументавалi гэтатым, што на гэтых уроках яны больш рухаюцца i гуляюць; 16% – лiтаратурнае чытанне i «Чалавек i свет»: вучням падабаецца тое, што на гэтых уроках iм даюць займальны матэрыял, прапануюцца цiкавыя факты; 14% –выяўленчае мастацтва i музыку, так як гэтыя прадметы дазваляюць дзецям праявiць самастойнасць, творчыя здольнасцi.

На пытанне анкеты «Якi прадмет табе больш за ўсё не падабаецца? Чаму?» вучнi адказвалi наступным чынам: 26% рэспандэнтаў адзначылi беларускую мову. Свой адказ вучні аргументавалi тым, што ў беларускай мове многа слоў, значэння якiх яны не ведаюць, а таксама на ўроках Яны выконваюць складаныя практыкаваннi; 22% – англiйскую мову, так як прыходзiцца многа запамiнаць; 22% рэспандэнтаў адзначылi беларускае лiтаратурнае чытанне i матэматыку: вучнi, якiя ўказалi гэтыя прадметы, тлумачаць гэтатым, што iм на гэтых ўроках сумна, а таксамаiмскладанавыконвацьпрапануемыянастаўнiкамзаданнi. Неабходна таксама адзначыць, што 30% рэспандэнтаў не маюць нелюбiмых прадметаў.

Як паказваюць вынiкi анкетавання, на ўроках малодшыя школьнiкi аддаюць перавагу рухальнай актыўнасцi i цiкаваму, займальнамуматэрыялу.

Вучням таксама была прапанавана анкета з пытаннямi: 1). На якiх уроках ты сёння актыўна працаваў? 2).Што садзейнiчала (цi перашкаджала) табе быць актыўным? 3). У якi момант (i на якiм уроку) твая актыўнасць панiзiлася (цi вырасла)? Чаму?

Вынiкi анкетавання паказваюць, што толькi 2 вучнi (што склала 13% ад агульнай колькасцi анкетуемых) адзначылi, што на ўсiх уроках Яны былi актыўнымi, iм нiшто не перашкаджала i было цiкава; 3 вучнi (20%) адзначылi, што iм цiкава было на англiйскай мове i матэматыцы, а на астатнiх уроках iм перашкаджалi быць актыўнымi аднакласнiкi; 6 вучняў (40%) былi актыўнымi на першых трох уроках (на рускай мове, англiйскай мове i матэматыцы), так як iм было цiкава i яны былi падрыхтаваны да гэтых урокаў; 3 вучнi (20%) былi актыўнымi на англiйскай мове  i адзначылi, што iх актыўнасць на наступных уроках снiзiлася з-за шуму ў класе, а таксама з-за таго, што да трэцяга i чацвёртага ўрокаў яны стамiлiся; 1 вучань (7%) на пытаннi анкеты адказаў, што ён не  быў актыўным нi на адным уроку, так як яму хацелася гуляць на вулiцы.

Вынiкi анкетавання дазваляюць зрабiць вывад, што актыўнасць малодшых школьнiкаў залежыць ад iх анатама-фiзiялагiчных асаблiвасцяў (дзецi стамляюцца), ад вучэбнага матэрыялу, якi iм прапануецца, а таксама ад iх асабiстай зацiкаўленасцi ў атрыманнi ведаў.

Прааналiзаваўшы адказы настаўнiкаў на пытанне «Якiя сродкi актывiзацыi Вы выкарыстоўваеце на розных этапах урока i з  якiмi цяжкасцямi Вы сутыкаецеся ў актывiзацыi навучання малодшых школьнiкаў?», можна адзначыць, што на розных этапах  урока настаўнiкi выкарыстоўваюць дакладную фармулёўку мэты,  падбор пазнавальнага i займальнага матэрыялу, правядзенне дыдактычных гульняў, прыёмы тэхналогii развiцця крытычнага мыслення, прапануюць рознаўзроўневыя заданнi, праводзяць нетрадыцыйныя ўрокi i г.д. Многiя настаўнiкi для таго каб актывiзаваць пазнавальную дзейнасць малодшых школьнiкаў, спецыяльна дапускаюць памылкi, выкарыстоўваюць такiя прыёмы, як «Здзiўляй!», «Прывабная мэта» (перад вучнем ставiцца простая, зразумелая i прывабная для яго мэта, дасягаючы якую ён мiжвольна выконвае i тое навучальнае дзеянне, якое прапануе настаўнiк) i «Адтэрмiнаваная адгадка» (у пачатку ўрока настаўнiк прапануе загадку, адгадка да якой будзе адкрыта на ўроку пры працы з новым матэрыялам). Цяжкасцю ў актывiзацыi навучання малодшых школьнiкаў на ўрокахбеларускай мовы, на думку настаўнiкаў, з’яўляецца тое, што не заўсёды знаходзяцца яркiя факты да канкрэтнагаўрока.

Для дыягностыкi пазнавальнай актыўнасцi малодшых школьнiкаў мы выкарысталiметодыку «Таемнае пiсьмо».

Вынiкi даследавання паказалi, што 2 вучнi (10%) адразу пакiнулi расшыфроўку i нават не спрабавалi самастойна працягнуць працу. Гэта сведчыць пра нiзкi ўзровеньп азнавальнай актыўнасцi ў гэтых вучняў.

Праз чатыры хвiлiны, не закончыўшы расшыфроўкi, 2 вучнi (10%) пайшлi гуляць: словы расшыфравалi не ўсе, а якiя расшыфравалi, то не ў тым парадку, таму звязнага тэксту не атрымалася. У гэтых вучняў пазнавальная актыўнасць выражана ўмерана, а таксама хутка панiжаецца.

Аднак 17 вучняў (80%) расшыфравалi тэкст цалкам, што сведчыць пра высокi ўзровень пазнавальнай актыўнасцi.

Вынiкi даследавання дазволiлi выявiць узровень пазнавальнай актыўнасцi кожнага вучня, што дало нам магчымасць умоўна падзялiць вучняў на тры групы.

Да першай групы мы аднеслi вучняў з шырокiм кругаглядам. Яны захапляюцца чытаннем, цiкаўныя, актыўныя на ўроках.

Дзецi, аднесеныя намi да другой групы, з цiкавасцю ходзяць у школу, на ўроках актыўныя, добра валодаюць выпрацаванымi прыёмамi вучэбных дзеянняў. Iх пазнавальная цiкавасць няўстойлiвая, актыўнасць носiць рэпрадуктыўна – падражальны характар.

Вучнi, аднесеныя да трэцяй групы, вучацца, як правiла, па прымусе. У пазнавальнай дзейнасцi пасiўныя, усё новае iх мала цiкавiць. Для такiх вучняў характэрна няўстойлiвасць увагi. Свабодная пазнавальная дзейнасць такiх вучняў немэтанакiраваная.

Адным з эфектыўных прыёмаў актывiзацыi пазнавальнай дзейнасцi малодшых школьнiкаў на ўроках беларускай мовы з’яўляюцца гульнявыя формы навучання, якiя могуць выкарыстоўвацца як для праверкi i замацавання набытых ранней ведаў па беларускай мове, так i для iх пашырэння i паглыблення.

Для высвятлення ступенi выкарыстання гульняў на ўроках беларускай мовы мы правялi анкетаванне настаўнiкаў пачатковых класаў. Аналiз зместу адказаў паказвае, што настаўнiкi станоўча ацэньваюць ролю гульняў у развiццi вучняў i выкарыстоўваюць на ўроках беларускай мовы iндывiдуальныя, групавыя, калектыўныя формы гульняў. Выбар формы залежыць ад мэт i задач гульняў. На ўроках беларускай мовы часцей за ўсё выкарыстоўваюцца крыжаванкi, рэбусы, загадкi, вiктарыны, шарады, дыдактычныя гульнi. Гульнi настаўнiкi падбiраюць з кнiг, а таксама складаюць самi. На думку настаўнiкаў, рэгулярна арганiзуемыя пазнавальныя гульнi развiваюць у малодшых школьнiкаў кемлiвасць, фармiруюць навык супрацоўнiцтва, пашыраюць кругагляд дзяцей.

Такiм чынам, вырашэнне праблемы развiцця пазнавальнай актыўнасцi малодшых школьнiкаў  нам бачыцца ў выкарыстаннi на ўроках беларускай мовы гульняў, якiя адкрываюць перад настаўнiкамi пачатковых класаў неабмежаваныя магчымасцi ў станаўленнi лiнгвакультуралагiчнай кампетэнцыi вучняў. Асаблiвую значымасць набываюцьгульнявыятэхналогii ў пачатковай школе, якая закладвае асновы фармiравання моўнай асобы вучняў.

 

Спіс літаратуры

  1. Шамова, Т.И. Активизация учения школьников / Т.И. Шамова. – Москва: Педагогика, 1982. – 209 с.
  2. Осипова, М.П. Проблема активизации познавательной деятельности младших школьников / М.П. Осипова // Активизация познавательной деятельности младших школьников ; под ред. М.П. Осиповой, Н.И. Качановской. – Минск: Народная асвета, 1987.  – С. 5–13.
Запись опубликована в рубрике Теория и методика изучения языков. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>