Тарасевiч М.К. НЕКАТОРЫЯ ПРЫЁМЫ ЎЗБАГАЧЭННЯ СЛОЎНІКАВАГА ЗАПАСУ ДАШКОЛЬНІКАЎ

Пашырэнне слоўніка дзяцей — важная задача маўленчага развіцця і разумовага выхавання дзіцяці. Каб узбагаціць як маўленчае, так і разумовае развіццё дзяцей, трэба праводзіць мэтанакіраваную работу над словам як структурнай адзінкай мовы, вызначальнай уласцівасцю якой з’яўляецца семантычны змест, значэнне.

З моўным паняццем “слова” дзеці знаёмяцца ў сярэднім дашкольным узросце. У дашкольнікаў фарміруецца ўяўленне пра тое, што кожнае слова мае сваё значэнне, у іх слоўнік уводзяцца спецыяльныя тэрміны “значэнне”, “сэнс слова”, “азначае”, “значыць”. Дзеці вучацца адказваць на пытанне: “Што слова абазначае?”.

У сваім даследаванні мы выкарыстоўвалі наступныя метадычныя прыёмы узбагачэння і ўдакладнення слоўніка дзяцей.

1. Паказ з называннем. Выхавальнік разглядвае з дзецьмі прадмет, называе яго ці яго прыметы, уласцівасці. Вымаўляе слова павольна (але не па складах!), арфаэпічна правільна. Паказ па магчымасці спалучаецца з актыўнымі дзеяннямі дзіцяці (з абследаваннем прадмета).

Да нагляднасці ставяцца пэўныя патрабаванні: прадмет, малюнак павінны адлюстроўваць перш за ўсё тое, для тлумачэння чаго яны выкарыстоўваюцца. Так, па тэме «Колеры» немэтазгодна адразу паказваць нейкі рознакаляровы прадмет ці малюнак (вясёлку), лепш падабраць аднолькавыя цацкі розных колераў (напрыклад, кубікі). Тады ўвага дзяцей не будзе рассейвацца, і можна будзе арганізаваць іх дзеянні са словам на нагляднай аснове.

Важным патрабаваннем да нагляднасці з’яўляецца і яе займальнасць, што дасягаецца спалучэннем незвычайных прадметаў, іх якасцей, дзеянняў. Так, калі адбываецца знаёмства з тымі ці іншымі дзеясловамі, дзеянні, якія абазначаюцца гэтымі словамі, можна «прыпісаць» нечаканым істотам (успомніце «Блытаніну» К. Чукоўскага: «рыбы па полі гуляюць, жабы ў небе лятаюць…»). Тады дзеянні персанажаў будуць у цэнтры ўвагі дзяцей.

2. Даручэнні, якія патрабуюць адказу на выкананае дзеянне («Знайдзі і раскажы…, Дай і апішы…, Прынясі і адкажы, Зрабі і растлумач…» і г. д.).

3. Тлумачэнне слова — падрабязнае апісанне аб’екта, замена знаёмым словам (сінонімам), супастаўленне з антонімам. Выкарыстоўваецца, як правіла, калі паказ прадмета ці назіранне з’явы немагчымыя. Акрамя таго, з дапамогай тлумачэння ўводзяцца беларускія назвы знаёмых дзецям прадметаў і з’яў, іх прымет і якасцей. Напрыклад, перад чытаннем твора, у якім сустракаецца новае слова прагны, выхавальнік тлумачыць: “Так называюць чалавека, які ні з кім не дзеліцца, усяго шкадуе, усяго яму мала, хочацца ўсё болей і болей” (казка «Прагны багацей»). Для тлумачэння значэння слова могуць быць выкарыстаны вершы, загадкі.

4. Тлумачэнне паходжання слова. Каб лексіка, якую засвойвае дзіця, не заставалася для яго чужой, вельмі важна паказаць матываванасць некаторых слоў, дапамагчы малому ўстанавіць словаўтваральныя сувязі. Дзеці з дапамогай выхавальніка шукаюць адказы на пытанні тыпу: «Чаму гэта птушка называецца певень? Як называецца чалавек, які працуе на кухні? Якая з гэтых кветак называецца дзьмухавец? Чаму?» Такая работа садзейнічае і лепшаму засваенню новых слоў, і фарміраванню граматычнага чуцця роднай мовы.

5. Шматразовае паўтарэнне новага слова aбo фразы («Посуд парцэляваны. Скажы: парцэляваны. Скажыце ўсе: парцэляваны. Які посуд? Парцэляваны» і да т. п.).

6. Выкарыстанне новага слова ў спалучэнні са знаёмымі («Пеця, у цябе новыя сандалікі? Хто купіў табе сандалі? Якія прыгожыя сандалі!»).

Акрамя таго, каб пазнаёміць дашкольнікаў з нацыянальнымі моўнымі традыцыямі, неабходна кожнае слова ўжываць у розных граматычных формах, у спалучэнні з эпітэтамі, параўнаннямі, уласцівымі беларускай мове.

7.   Неаднаразовае паўтарэнне слова выхавальнікам на працягу заняткаў.

Пад час працы намі выкарыстоўваліся наступныя прыёмы актывізацыі слоўніка дзяцей.

1. Пытанні. Выхавальнік задае дзецям пытанні як у простай форме («Хто гэта? Што гэта? Што ты робіш (рабіў, будзеш рабіць?»), так і ў больш складанай («Каму і што шые? Чым чысціць? Як апрануты?»).

Складаныя пытанні прычынна-выніковага характару («Чаму? Навошта? Як? Калі?») выкарыстоўваюцца ўжо ў размовах з малодшымі дашкольнікамі, таму што рэальныя адносіны паміж прадметамі дзіця разумее раней, чым можа выявіць сваё разуменне ў маўленні. У размовах з дзецьмі сярэдняга і старэйшага ўзросту такія пытанні ўжываюцца вельмі шырока.

2. Дыдактычныя практыкаванні і гульні. Яны выкарыстоўваюцца для актывізацыі ўжывання у маўленні розных часцін мовы. Праводзяцца як з нагляднасцю, так і без яе. Напрыклад: практыкаванні «Што змянілася?»Вырасла шмат грыбоў. Пажаўцела лісце» і да т. п.); «Хто як крычыць?»Мядзведзь рыкае. Карова мыкае. Кошка мяўкае»), «Што робяць нажніцамі? Пэндзлікам? Сачком?» (“Нажніцамі рэжуць паперу, тканіну і г. д.; Пэндзлікам малююць, фарбуюць і г. д.; Сачком ловяць матылькоў, мух і г.д.). 3 дзецьмі сярэдняга дашкольнага ўзросту праводзяцца слоўнікава-лагічныя практыкаванні на абагульненне, групоўку, класіфікацыю прадметаў, устанаўленне часавай паслядоўнасці дзеянняў і г. д.

Дыдактычныя гульні на замацаванне і актывізацыю слоўніка заўсёды звязаны з замацаваннем ведаў пра якую-небудзь з’яву рэчаіснасці. Так, у гульні «Каму што?» дзеці замацоўваюць веды пра прафесіі людзей і прылады іх працы (падбіраюць патрэбныя карткі з выявай прылад працы для прадстаўнікоў розных прафесій і называюць іх); у гульні «Хто знойдзе, няхай возьме» замацоўваюцца веды пра матэрыялы (дзеці знаходзяць загадзя схаваныя ў розных месцах пакоя прадметы, называюць, з якога матэрыялу яны зроблены).

3. Загадванне і адгадванне загадак, тлумачэнне і ўжыванне прыказак і прымавак, разгадванне крыжаванак. Апошняе можна практыкаваць і з дзецьмі сярэдняга дашкольнага ўзросту (словы ў клетачкі ўпісвае выхавальнік). Гэты прыём актывізацыі слоўніка дапамагае замацаваць у памяці дзяцей назвы прадметаў, жывёл, раслін, розных з’яў рэчаіснасці, а таксама прыметы прадметаў, а самае галоўнае, што адбываецца гэта ў працэсе актыўнай мысліцельнай дзейнасці.

З мнагазначнасцю слоў дзеці сутыкаюцца пастаянна, але яны далёка не заўсёды ўсведамляюць яе. Вопыт паказвае, што дашкольнікам цалкам даступная мнагазначнасць добра вядомых ім слоў. Дашкольнікам могуць быць прапанаваны наступныя спецыяльныя практыкаванні пры рабоце над мнагазначнымі словамі: тлумачэнне значэнняў мнагазначных слоў у кантэксце; падбор блізкіх па сэнсе слоў да кожнага значэння мнагазначнага слова; падбор антонімаў да кожнага значэння мнагазначнага слова; складанне сказаў з мнагазначнымі словамі; малюнкі на тэму мнагазначнага слова; знаходжанне мнагазначных слоў у прыказках, прымаўках, літаратурных творах; складанне апавяданняў (казак) з мнагазначнымі словамі.

Напрыклад, «Ручка—ножка»:

— Адгадайце загадку: адной ручкай усіх сустракае, іншых праводзіць, усім, хто прыйдзе, ручку падае. (Дзвярная ручка.)

— У якіх прадметаў ёсць ручка? Што можна рабіць ручкай?

— Намалюй прадметы, у якіх ёсць ручка.

— Скончы прапановы: Ручка патрэбна, каб… За ручку можна…

—   А якія прадметы мы завем словам «ножка»?

—   Намалюй прадметы, у якіх ёсць ножка.

«Як сказаць па-іншаму?»:

— Скажы па-іншаму! Часы ідуць… (ходзяцъ). Хлопчык ідзе… (крочыць). Снег ідзе… (падае). Цягнік ідзе… (едзе, імчыцца). Вясна ідзе… (наступае). Параход ідзе… (плыве).

Закончы сказы. Хлопчык пайшоў… Дзяўчынка сышла… Людзі выйшлі… Я прыйшоў… Саша ідзе павольна, а Вова ідзе… Можна сказаць, што ён не ідзе, а…

«Якія бываюць іголкі»:

— Якія іголкі вы ведаеце? (Швейныя, хваёвыя, яловыя, медыцынскія.) Чым падобныя ўсе іголкі? (Яны вострыя, тонкія, калючыя.)

— Якой іголкай мы шыем і гафтуем? (Швейнай.) Што шыюць швейнай іголкай? (Вопратку). Што робяць медыцынскай іголкай? (Укол.)

— Дзе жыве вожык? Для чаго яму патрэбныя іголкі? (Абараняцца.) Ад каго вожык абараняецца? (Ад людзей, звяроў)

— Адкажыце на мае пытанні: “Ці можна вожыка пагладзіць рукой? Чаму нельга завалачы нітку ў вожыкаву іголку?”

— Закончыце сказы: «Ты вожыка не чапай лепш, таму што ён… (калючы). Ліса датыктулася да вожыка і… (укалолася)».

— Іголкі на елцы яловыя, а на хвоі… (хваёвыя). Адкажы хутчэй, якія з іх даўжэй?

— Прыдумайце апавяданне пра дзяўчынку, якая пайшла ў лес за грыбамі і сустрэла вожыка.

Пры знаёмстве з мнагазначнымі словамі (лапка, ручка) неабходна выкарыстаць нагляднасць (малюнкі, ілюстрацыі). Напрыклад, знаходзіць на малюначку прадметы, якія завуцца адным словам «іголка» (швейная, медыцынская, іголка ў вожыка, елкі, хвоі).

Для замацавання арыенціроўкі ў розных значэннях мнагазначнага слова можна прапаноўваць даступныя дзецям словы розных часцін мовы Лексічнае багацце мовы ў значнай ступені забяспечваецца яго сінанімікай. Чым больш у слоўніку сінонімаў, тым багацей выразныя магчымасці мовы.

Існуе некалькі тыпаў практыкаванняў з сінонімамі. Сярод іх можна вызначыць: падбор сінонімаў да дадзенага слова; складанне сказаў са словамі сінанімічнага шэрагу; замена сіноніма ў сказе; тлумачэнне выбару слоў, блізкіх па значэнні; размяшчэнне сінонімаў па нарастальнай або змяншальнай ступені нейкай прыкметы; складанне апавядання са словамі сінанімічнага раду [1, с. 23].

Для кантрасту ў мове выкарыстоўваюцца антонімы. Кантрастныя карціны, пастаўленыя побач, заўсёды ўспрымаюцца ярчэй. Вылучаюць наступныя тыпы практыкаванняў з антонімамі: падбор антонімаў да зададзеных слоў; замена антонімаў у сказе; дагаворванне сказа з антонімамі; знаходжанне антонімаў у апавяданнях, казках, прыказках і прымаўках; складанне сказаў, апавяданняў (казак) з зададзенай парай антонімаў.

Даследаванне праводзілася намі ў групе “Фантазёры” дзіцячага сада № 83 г. Гродна. Было абследавана 16 дашкольнікаў, сярэдні ўзрост ─ 5 гадоў. Мэта — выявіць здольнасць дзяцей хутка знаходзіць, падбіраць найбольш дакладнае слова, ужываць абагульняючыя словы.

Для абследавання слоўніка дашкольнікам прпаноўваліся наступныя заданні:

Заданне № 1. Класіфікацыя паняццяў. Матэрыял: 30 малюнкаў жывёл, адзення, цацак, садавіны, гародніны, транспарту. Педагог называе паняцце, якое пазначае групу малюнкаў, просіць дашкольніка даць падрабязнае вызначэнне паняцця, а затым адабраць адпаведныя карцінкі. Напрыклад, падабраць малюнкі з выявай жывёл

У кожным заданні падлічвалася колькасць правільных выбараў малюнкаў, кожны правільны выбар ацэньваўся ў 1 бал. Вышэйшая адзнака — 30 балаў.

Вынікі выканання задання паказалі, што дзеці ўвогуле валодаюць ўменнем класіфікаваць паняцці. Трэба адзначыць, што ўзровень, які паказала група дашкольнікаў дастаткова высокі (сярэдні бал — 28,9), найбольшыя цяжкасці выклікалі заданні на класіфікацыю садавіны і агародніны (Магчыма, гэта звязана з тым, што дзеці – жыхары горада).

Заданне № 2. Падбор сінонімаў. Праводзілася ў форме гульні «Скажы па-іншаму». Дзіцяці прапанавана было пагуляць у словы і падабраць да названага слова блізкае па значэнні. Усяго давалася 10 слоў (хмурны, вясёлы, стары, вялікі, баязлівы; ісці, бегчы, размаўляць, смяяцца, плакаць). Вышэйшая адзнака — 10 балаў. 1 бал — падабранае слова з’яўляецца сінонімам названага; 0 балаў — падабранае слова не адпавядае семантычнаму полю зададзенага.

Вынікі правядзення задання сведчаць пра тое, што дашкольнікі ўмеюць падбіраць сінонімы (сярэдні бал — 8,3). Аднак 25% абследуемых дашкольнікаў паказалі ўзровень ніжэй сярэдняга.

Заданне № 3. Падбор азначэнняў. Праводзілася ў форме гульні ў словы. Дзіцяці прапанавалася прыдумаць да названага слова як мага больш азначэнняў. Давалася 5 слоў: сукенка, бяроза, яблык, ліса, дзяўчынка. Напрыклад: Сукенка. Якая яна? Як пра яе можна сказаць яшчэ? Якой яна можа быць?

Вышэйшая адзнака — 10 балаў. 2 балы — прыдумана больш за 3 словы, семантычна адпаведных названаму; 1 бал — менш за 3 словы; 0 балаў — адказ адсутнічае або не адпавядае семантычнаму полю разглядаемага слова.

Неабходна адзначыць, што дашкольнікі паспяхова справіліся з заданнем (сярэдні бал — 9,6), што сведчыць пра дастаткова якасную працу педагога з дашкольнікамі.

Пасля выканання ўсіх трох заданняў, накіраваных на выяўленне слоўніка, па сумарнай ацэнцы высвятляўся ўзровень развіцця слоўніка дашкольнікаў. Вышэйшая адзнака — 50 балаў — адпавядала высокаму ўзроўню; 32-49 балаў — сярэдняму; менш 32 балаў — нізкаму ўзроўню лексічнага развіцця дзіцяці.

Па выніках праведзенай работы атрымалася, што ні адзін з дашкольнікаў не паказаў нізкага ўзроўню развіцця слоўніка, 31,2 % дашкольнікаў знаходцяцца на высокім узроўні і 68,8 % — на сярэднім.

Такім чынам, вынікі праведзенага даследавання даюць магчымасць лічыць, што адабраныя практыкаванні і метадычныя прыёмы па ўзбагачэнні і актывізацыі слоўніка з’яўляюцца эфектыўнымі і прадугледжваюць хуткае і граматнае авалоданне дашкольнікамі словам.

 

Спіс літаратуры

  1. Старжынская, Н.С. Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў: дапам. для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі / Н.С. Старжынская, Д.М. Дубініна. — Мазыр: “Белы вецер”, 2008. — 112 с.
Запись опубликована в рубрике Актуальные проблемы гуманитарного знания. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>