Змест слоўнікавай работы цесна звязаны з магчымасцямі дашкольніка ў пазнанні навакольнага свету, якія паступова развіваюцца. У.І. Логінава вылучае тры напрамкі ўскладнення слоўнікавай работы: 1) узбагачэнне слоўніка дзяцей на аснове азнаямлення з прадметамі і з’явамі навакольнай рэчаіснасці; 2) увядзенне слоў, якія абазначаюць якасці, уласцівасці і адносіны прадметаў і з’яў, на аснове паглыбення ведаў аб іх; 3) увядзенне слоў, якія абазначаюць элементарныя паняцці, на аснове адрознівання і абагульнення прадметаў, з’яў або іх груп па істотных прыметах.
Усе тры напрамкі слоўнікавай работы на адпаведным узроўні рэалізуюцца ва ўсіх узроставых групах па розным змесце: пры азнаямленні з аб’ектамі, з’явамі жывой і нежывой прыроды, прадметамі матэрыяльнай культуры, з’явамі грамадскага жыцця і г. д.
Слова засвойваецца дзіцём хутчэй, калі навучанне яго ўжыванню звязана з яго сэнсам, а ў працэсе работы са словам усталёўваюцца асацыятыўныя сувязі. Таму, каб узбагаціць як маўленчае, так і разумовае развіццё дзіцяці, неабходна праводзіць мэтанакіраваную работу са словам як структурнай адзінкай мовы, азначальнай уласцівасцю якой з’яўляецца семантычны змест, сэнс (Л.М. Струніна, А.С. Ушакова).
Аснову ўзбагачэння слоўніка складае ўвядзенне ў моўную свядомасць дзіцяці тэматычных груп слоў, сінанімічных радоў, антанімічных пар, мнагазначных слоў. Усе пералічаныя віды работы цесна ўзаемазвязаны. Аб’яднанне слоў у тэматычныя групы ажыццяўляецца па прынцыпе запаўнення семантычнага поля, якое размяшчаецца вакол ядра. Асабліва наглядна гэта можна паказаць на прыкладзе мнагазначнага слова каса: 1) прылада для касьбы — уваходзіць у семантычнае поле: трава — касіць — сена — сушыць — карміць — карова — каза — вёска і г. д.; 2) прычоска — уваходзіць у іншае семантычнае поле: валасы — заплятаць — расплятаць — доўгая — кароткая — стужка і г. д.
Пазнаёміўшыся з тым, што слова мае значэнне, сэнс, дашкольнікі падводзяцца да разумення таго, што слова можа мець не адно, а некалькі значэнняў. З гэтай мэтай дзецям даюцца заданні на падбор сінонімаў да такіх словазлучэнняў, як, напрыклад, свежая кашуля, свежы хлеб, свежы вецер, свежая газета. Педагог прапаноўвае выхаванцам замяніць слова свежы, г. зн. падабраць слова, падобнае па сэнсе. Так, да словазлучэння свежы хлеб дзеці падбіраюць: цёплы, мяккі, смачны; да словазлучэння свежая кашуля — чыстая, адпрасаваная, акуратная. Работа над падборам сінонімаў пераплятаецца з засваеннем тэмантычных груп слоў (напрыклад, дзеясловы руху: бегчы — імчацца, несціся, ляцець, бегчы на злом галавы, на ўсіх парах і да т. п.).
Падбор слоў з супрацілеглым значэннем ажыццяўляецца дзецьмі ў такіх народных гульнях, як “Скажы наадварот”, у працэсе складання словазлучэнняў і сказаў (цукар салодкі, а лімон …; Снег белы, а вугаль …). Дашкольнікі знаходяць антонімы ў прыказках і прымаўках (“Раніца дзень пачынае, а вечар канчае”, “Слухай больш, а гавары менш”). Пашырае ўяўленне дзяцей аб слове, дапамагае ўдакладніць яго значэнне падбор сінонімаў і антонімаў да мнагазначных слоў (старая хата — трухлявая; стары сябар — даўні, верны; стары чалавек — стары, дзядуля обо бабуля; свежая кашуля — брудная кашуля; свежая газета і да т. п.). Падобная работа падводзіць работнікаў да разумення слоў з пераносным значэннем: залаты пярсцёнак, залатыя рукі, залатая мама.
Важным у працэсе работы над слоўнікавым запасам з’яўляецца засваенне дзецьмі сродкаў вобразнага маўлення (метафар, эпітэтаў, параўнання, фразеалагізмаў). Гэта даволі высокая ступень у авалоданні маўленнем, з’яўленне якой немагчыма без звароту да вуснай народнай творчасці, мастацкай літаратуры. Выхавальнік, дапамагаючы дашкольнікам заўважыць выразныя словы, вобразныя выразы, прапаноўваючы паўтарыць іх, уключыць сваё маўленне, садзейнічае таму, каб выразныя сродкі мовы сталі здабыткам кожнага дзіцяці.
Работа над сэнсавым бакам слова развівае ў дзяцей «уменне ўжываць словы і словазлучэнні ў адпаведнасці з умовамі і задачамі зносін, маўленчай сітуацыяй, звязаць іх па сэнсе, спрыяе фарміраванню ўмення выбіраць моўныя сродкі пры пабудове звязнага выказвання» [1, с. 56].
Дзеці старшага дашкольнага ўзросту знаёмяцца з рознымі відамі расказвання: складанне апавяданняў з асабістага вопыту (пра добра знаёмыя здарэнні і ўражанні), прыдумванне апавядання або казкі па ўзору, які дае выхавальнік, па плану або па тэме. На занятках па разгляданню цацак практыкуецца складанне апавяданняў па набору цацак (напрыклад, дзяўчынка і сабачка, заяц і ліса).
Пры разглядванні малюнка дзеці расказваюць не толькі пра тое, што бачаць, але і прыдумваюць падзеі, якія папярэднічалі адлюстраваным або адбыліся пасля іх.
Методыка навучання расказванню ў старшай групе прадугледжвае арганізацыю калектыўных форм зносін выхаванцаў паміж сабой. Выхавальнік выклікае дзяцей па трое, пры гэтым яны самі падбіраюць таварышаў для сумеснага расказвання, дамаўляюцца аб тым, хто будзе гаварыць першы, хто працягне расказ, а хто яго закончыць.
Новым відам задання па звязнаму расказванню з’яўляецца складанне апавяданняў па серыі малюнкаў, аб’яднаных адным сюжэтам. Серыя малюнкаў выступае як своеасаблівая мадэль структуры апавядання і дае магчымасць у нагляднай форме прадэманстрыраваць агульную пабудову апавядання, сфарміраваць элементарныя веды, уяўленні аб сюжэце, яго развіцці, аб кампазіцыі апавядання або казкі. Распрацаваны розныя варыянты работы з малюнкамі для складання калектыўнага апавядання. Напрыклад, выхаванцы разглядаюць серыю малюнкаў, расстаўленых у лагічнай паслядоўнасці, і складаюць апавяданне; даецца набор малюнкаў, дзеці самастойна размяшчаюцць іх у лагічнай паслядоўнасці; выхавальнік паказвае серыю малюнкаў, у якой наўмысна парушана паслядоўнасць, дзеці павінны знайсці памылку і выправіць яе; паказваецца толькі першы малюнак і прапануецца скласці апавяданне, потым адкрываецца другі малюнак — апавяданне працягваецца і г. д. У гэтым выпадку развіваецца фантазія, уменне прадбачыць дзеянні персанажаў. Апавяданне па серыі малюнкаў складаюць некалькі выхаванцаў: адзін пачынае, два-тры чалавекі працягваюць, нехта заканчвае. Гэта дазваляе дашкольнікам наглядна ўявіць структуру апавядання: пачатак, працяг, канчатак. Абавязковым з’яўляецца падбор назвы да апавядання.
З мэтай развіцця маналагічнага маўлення шырока выкарыстоўваюцца дыдактычныя гульні з прадметамі («Магазін», “Апошні прадмет”, “Адгадай, што мы задумалі”), з малюнкамі (“Пошта”, “Радыё”, “Апошні малюнак”), слоўныя дыдактычныя гульні (“Поры года”, “Калі гэта бывае”, “Дзе мы былі?”).
Развіццю маналагічнага маўлення садзейнічае рашэнне моўных лагічных задач, якія прапануюцца дзецям старшага дашкольнаша ўзросту.
Каб зразумець адзін аднаго, дзецям неабходна карыстацца разгорнутымі выказваннямі, г. зн. яны павінны быць звязнымі, кантэкстнымі. Менавіта ў зносінах з аднагодкамі маўленне дзіцяці становіцца звязным і лексічна больш разнастайным.
У старшай групе на занятках па развіцці маўлення і навучанні грамаце дашкольнікі ўдакладняюць атрыманае раней уяўленне аб слове як моўнай адзінцы, атрымліваюць элементарныя веды аб складовай структуры слова, слоўным саставе сказа, навучаюцца гукавому аналізу слоў рознай структуры.
Старшыя дашкольнікі знаёмяцца з намінальнай роляй слова: словамі называюць розныя прадметы, з’явы, іх дзеянні, якасці, словы маюць сэнс. Па заданні выхавальніка дзеці спрабуюць растлумачыць, што азначае тое або іншае слова. Напрыклад, лялька — гэта цацка, з ёй дзеці гуляюць. Ляльку можна пакласці спаць, пакарміць, апрануць. Дашкольнікі прпаноўваюць свае “загадкі”: тлумачаць значэнне слова, не называючы яго. Астатнія дзеці адгадваюць словы. Такім чынам, дашкольнікі падводзяцца да разумення тэрмінаў “сэнс”, “значэнне слова”, што неабходна для выканання далейшых практыкаванняў на падбор сінонімаў і антонімаў, азнаямлення з мнагазначнымі словамі.
Старшыя дашкольнікі знаёмяцца з тым, што словы складаюцца з частак (складоў), колькасць іх у словах розная, адзін склад у слове вымаўляецца гучней за астатнія — гэта націскны склад.
Спачатку выхавальнік знаёміць дзяцей з тым, што слова можа складацца з некалькі частак. Ён прапаноўвае дашкольнікам сказаць слова не адразу, а па частках. Пытаецца, на колькі частак дзеліцца слова, напрыклад ліса. (На дзве.) Якая першая частка? (Лі.) Назавіце другую частку. (Са.) Выхавальнік тлумачыць, што часткі слова завуцца складамі, таму што слова складаецца з іх.
Уменне дашкольнікаў дзяліць словы на склады замацоўваецца ў дыдактычных гульнях тыпу “Тэлеграф”, “Пашукай слова” і інш. Важнае месца сярод іх займае дыдактычная гульня “Жывыя склады”, у працэссе якой дзеці прымаюць на сябе ролі розных складоў. Гуляючы ў “Жывыя склады”, дашкольнікі складаюць розныя словы са складоў.
Важным этапам у рабоце з’яўляецца вылучэнне націскнога складу ў слове. Выхавальнік дае ўзор правільнага вымаўлення слова з падкрэсленым націскам, дапамагае дзецям вызначыць націскны склад. У гульні “Жывыя склады” дзеці чытаюць, якое слова атрымалася са складоў “па” і “ра”. Можна прачытаць пара, а можна пара. Дашкольнікі пачынаюць разумець значэнне націску ў слове.
На занятках па развіцці маўлення і навучанні грамаце ажыццяўляецца і першапачатковае знаёмства дзяцей са сказам. Дашкольнікі вучацца дзяліць сказы на словы, вызначаць колькасць слоў у сказе, называць іх па парадку: першае, другое і г. д., перастаўляць, дадаваць або заманяць словы ў сказе; складаць новыя сказы.
Паралельна дзеці вучацца складаць сказы з зададзеных слоў, зададзенай колькасці слоў. Выхавальнік прапануе дзецям прыдумаць сказ пра кацяня (Кацяня любіць гуляць), сказаць чатыры словы пра ліску (Ліска перахітрыла злога ваўка) і г. д. Уменне састаўляць сказы замацоўваецца ў дыдыктычных гульнях і практыкаваннях “Адгадай, які сказ”, “Што ў цябе ёсць?” і інш.
Пад гукавым аналізам слова разумеецца, па-першае, вызначэнне парадку следавання гукаў у слове; па-другое, усталяванне распазнавальнай ролі гука; па-трэцяе, вылучэнне асноўных якасных характарыстык гука. Для рускай і беларускай моў характэрным з’яўляецца проціпастаўленне галосных і зычных гукаў, цвёрдых і мяккіх зычных.
Паслядоўнасць гукаў у слове вызначаецца з дапамогай паслядоўнага інтанацыйнага вылучэння кожнага гука.
Адначасова дашкольнікі вучацца бачыць словараспазнавальную функцыю гукаў. З гэтай мэтай яны аналізуюць словы, якія адрозніваюцца паміж сабой адным гукам (дом — дым), канстатуюць: “Калі змяніць у слове адзін гук — мяняецца ўсё слова”. Пасля знаёмства з цвёрдасцю-мяккасцю зычных гукаў дзеці засвойваюць і іх словараспазнавальную ролю (вугал — вугаль, нос — нёс).
Асаблівае месца сярод дыдактычных гульняў па навучанні грамаце займаюць фанетычныя гульні, мэта якіх — фарміраванне і замацаванне ў дашкольнікаў арыенціроўкі ў гукавой структуры слова, умення інтанацыйна вылучаць гук, даваць якасную характарыстыку кожнаму гуку. Фанетычныя гульні ўключаюцца ў заняткі па навучанні грамаце з улікам паступовага ўскладнення змусту навучання. Праводзяцца гульні: “Назаві словы” (выхавальнік прапаноўвае дзецям назваць словы з якім-небудзь гукам і вымавіць іх так, каб гэты гук было добра чуваць)” “Жывыя гукі” (дзеці бяруць на сябе ролі гукаў слова, якое яны толькі што разбіралі, становяцца так, каб скласці патрэбнае слова. Астатнія выхаванцы правяраюць правільнасць пабудовы слова, ведучы ўказкай злева направа і “чытаючы” яго. У працэсе гульні дзеці перамяшчаюцца па групе, але кожны павінен правільна скласці патрэбнае слова); “Злаві канец і працягвай” (дзеці называюць “ланцужок” слоў, у якім кожнае слова пачынаецца з апошняга гуку папярэдняга: жук — куст — трамвай — якар — рэпка — апельсін і г. д.) і інш.
Развіццю маўлення садзейнічаюць творчыя віды работ, да якіх адносяцца слоўнае і графічнае маляванне, аналіз і ілюстрацыі, складанне плана тэксту, стылістычны эксперымент, падбор сінонімаў з абгрунтаваннем выбару, складанне кінасцэнарыя, інсцэніраванне.
Стылістычны эксперымент уяўляе сабой наўмыснае скажэнне тэксту, якое мае на ўвазе даць дзецям матэрыял для параўнання, прывабіць увагу да выбару слова. Пропуск або замена асобых слоў, змяненне канструкцыі сказа, або дзяленне тэксту на абзацы, што прыводзіць да змянення адценняў сэнсу казкі, дапамагаюць дзецям вызначыць гэтыя адценні.
Пераказ тэксту з’яўляецца цудоўным практыкаваннем, якое дапамагае дашкольніку ўсвядоміць свае адносіны да прачытаннага. Пераказ развівае як лагічнае, так і вобразнае мысленне, прывучае дзяцей правільна (з лексічнага і граматычнага пункту гледжання), без скажэння перадаваць чужую думку.
Такім чынам, дашкольны ўзрост — гэта перыяд актыўнага засваення дзіцем гутарковай мовы, станаўлення і развіцця ўсіх бакоў маўлення: фанетычнага, лексічнага, граматычнага. Паўнавартаснае валоданне роднай мовай у дашкольным дзяцінстве з’яўляецца неабходнай умовай рашэння задач разумовага, эстэтычнага і маральнага выхавання дзяцей у максімальна сенсітыўны перыяд развіцця. Развіццёмаўлення ў дашкольнымдзяцінствезакладваеасновыпаспяховаганавучання ў школе.
Развіццёзвязнага маўленнядзіцяціадбываецца ў цеснайузаемасувязі з засваеннемфанетычнага боку, слоўнікавага складу, граматычнага ладу мовы. Гэтаяпраблемацесназвязана з педагагічнымпрацэсам, падчасякогаажыццяўляеццафармаванне ў дзіцяцімаўленчыхуменняў і навыкаў, і на гэтайасновеадбываеццаразвіццёягомаўлення: разуменнесэнсу слова і ўзбагачэннеслоўніка, засваеннесістэмымоўныхпаняццяў і заканамернасцяў у галінемарфалогіі, словаўтварэння, сінтаксісу, авалоданнегукавой культурымаўлення, фарміраваннезвязнага маўлення.
Спіс літаратуры
- Старжынская, Н.С. Заняткі па развіцці маўлення і маўленчых зносін у дзіцячым садзе / Н.С. Старжынская, Д.М.Д убініна. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2008. — 172 с.