Рыбакова А.Р. СТЫЛІСТЫЧНЫЯ ФІГУРЫ ЯК СРОДАК ЭКСПРЭСІВІЗАЦЫІ ПАЭТЫЧНАГА КАНТЭКСТУ

Сінтэтычная шматаспектная з’ява экспрэсіўнасці –  адна з кардынальных праблем сучаснай лінгвістыкі.

Разам з гэтым у навуковай літаратуры неадназначна прадстаўлены сістэмны аналіз механізмаў узнікнення і існавання экспрэсіўнасці паэтычнага кантэксту, структурнага і камунікатыўна-прагматычнага аспектаў экспрэсівізацыі.

Звернемся да асэнсавання і трактоўкі паняцця экспрэсіўнасці лінгвістамі. Ёсць нямала азначэнняў гэтай з’явы. На думку Е.М. Галкінай-Федарук, “экспрэсіўнасць – гэта тыя сродкі маўлення, што робяць яго выразным, вобразным, уздзейнічаюць і ўражваюць” [1].

В.М. Тэлія пад экспрэсіўнасцю маўлення разумее “ненейтральнасць, дэаўтаматызацыю», якія надаюць маўленню незвычайнасць, а тым самым і выразнасць, звязаную з тым, што сігнал, які перадаецца моўным выразам (выказваннем або цэлым тэкстам), узмоцнены і тым самым выдзелены з агульнага патоку або за кошт незвычайнага стылістычнага выкарыстання моўных сродкаў, або шляхам інтэнсіфікацыі колькаснага або якаснага аспектаў абазначаемага, або ў выніку ўспрымання асацыятыўна-вобразнага ўяўлення” [2]. Акрамя таго, гэта “ўзмацненне якасці або колькасці сігнала ў залежнасці ад нейкага аргумента, г.зн. той дадатковай інфармацыі, якая прыводзіць да гэтага ўзмацнення і выклікае павышаную рэакцыю на сігнал” [3]. Блізкі выказанаму пункт погляду на праблему знаходзім у В.К. Харчанкі: “Сутнасць моўнай экспрэсіі – у пераадоленні разнастайных шаблонаў, стандартаў. Экспрэсіўнае  ў мове выступае як нерэгулярнае, нетыповае і таму незвычайнае, свежае, выразнае” [4].

Як вядома, экспрэсіўнасць як агульнамоўная катэгорыя закранае ўсе сферы мовы, і арсенал яе выразных сродкаў неабмежаваны. Тым больш, што менавіта экспрэсіўнасць з’яўляецца інтэгральным вынікам дзеяння шэрагу фактараў эматыўнасці, вобразнасці, інтэнсіўнасці, стылістычнай маркіраванасці. Як маўленчы феномен, які найлепшым чынам рэалізуе мэты і задачы зносін і дасягае эфектыўнасці гэтых зносін, экспрэсіўнасць адметная ў той ці іншай маўленчай разнавіднасці, таму што апошняя абумоўлена спецыфічным комплексам экстралінгвістычных фактараў.

Заканамернасці функцыянавання экспрэсіваў выразна прасочваюцца ў мове мастацкай літаратуры, і перш за ўсё ў паэтычным слове.

Высокай частотнасцю і значнымі магчымасцямі ў фігуратыўнай практыцы вылучаюцца канструктыўныя макрафігуры, якія трансфармуюць структуру словазлучэння, сказа або больш працяглых сінтаксічных адзінак, надаючы паэтычнаму маўленню асаблівую выразнасць.

Пад уплывам канструктыўных стылістычных фігур сінтаксічная структура становіцца больш збалансаванай дзякуючы ідэнтычнасці, тоеснасці, падабенству сумежных або дыстантна суаднесеных мадэляў, а тым самым больш выпуклай, адметнай, эматыўна  насычанай.

Разгледзім экспрэсіўныя патэнцыі канструктыўных макрафігур, найбольш распаўсюджаных у вершаваным маўленні.

Анафара  (грэч. аnaphora – вынясенне   ўверх) – гэта   фігура дабаўлення, заснаваная на паўторы пачатку сумежных сказаў, найбольш значных    элементаў   (слова,  словазлучэння)     у     пачатку   кожнага паралельнага   раду  (сказа, фразы, радка, сінтагмы).

У паэтычным кантэксце анафара можа выконваць дзве функцыі: структурна-семантычную і экспрэсіўную, якія часцей за ўсе сумяшчаюцца:

Можна ўсе: пусціць каханне дымам, Узяць і занядбаць мінулы шлях;

Але толькі – не любіць Радзімы 3 чорнаю павязкай на вушах, З чорнаю павязкаю на вуснах, 3 чорнаю павязкай на вачах [5].

Як бачым, анафара ўпарадкоўвае славесна-вобразныя пабудовы, садзейнічае лагічнаму разгортванню думкі, а таксама стылістычнаму маркіраванню паэтычнага тэксту. Пры гэтым больш выразна выяўляецца сэнсавае напаўненне вершаванага радка, дзякуючы чаму выдзяляюцца элементы, узмоцненыя рытміка-інтанацыйным напружаннем і эмацыянальна-ацэначнымі сэнсавымі адценнямі.

Сінтаксічная анафара часцей за ўсе мае лакальны характар і сустракаецца ў выглядзе спецыяльных уключэнняў, якія выступаюць у функцыі своеасаблівага курсіву, падкрэсліваючы тое ці іншае месца ў вершы. Надаючы анафарычнаму экспрэсіву сэнсава-выдзяляльнае значэнне, паэт дамагаецца насычанасці, павышанай інфарматыўнасці, акрэсленай выразнасці паэтычнага тэксту: Гэтакіх цягнікоў няма, Гэтакіх сразнякоў няма, Гэтакіх немых вякоў няма На зямлі, – Каб адвезці, Каб адарваць, Каб аддаліць Цябе ад мяне маглі… [6].

Выразнасць, асаблівая рытміка – інтанацыйная структура як асноўны арганізуючы пачатак паэтычнага маўлення непасрэдным чынам адлюстроўваецца ў экспрэсіўных магчымасцях аднаго з відаў упарадкаванага дыстантнага паўтору – эпіфары. Эпіфара (грэч. epiphora з epi – пасля + phoros –  нясучы) – фігура дабаўлення, якая характарызуецца  паўторам аднолькавых або аднатыпных моўных адзінак у канцы сумежных або блізка размешчаных сказаў: Абвясцілі: паэт! А я ім не збіраўся  быць, І не стараўся быць, I не хацеў быць [7].

Выводзячы пэўныя структурныя элементы (слова, словазлучэнне, сказ) са стану моўнай аўтаматызацыі, эпіфара канцэнтруе на іх увагу, а гэта значыць, садзейнічае іх семантызацыі: I адразу неяк Снег пашарэў, І ўвесь свет пашарэў І змоўк смех дзяцей. (М.Танк). Над зямлёй Таеш ты, як над сакляй дым. і ўсё ж каханне са мной, са мной, Як Яйла, Чатырдаг і мора – са мной, I ўсё ж каханне са мной [5].

Эпіфарычныя паўторы часта надаюць выказванню песімістычную афарбоўку: Але сведкаю небаРужы цвіліАле сведкай алах, што ружы цвілі...Боль і горыч мой: ружы цвілі... цвілі Чорныя ружы цвілі [5,с157]

Узмоцненая выяўленчая роля эпіфары як стылістычнай фігуры звязана з асаблівым сэнсава-выдзяляльным значэннем, якое спрыяе насычанасці, павышанай інфарматыўнасці, акрэсленай выразнасці паэтычнага радка: Пеўня крык. Цішыня. Разлілося святлоішыня [5]. Звон падковаў і з белай званіцы звон, А магчыма, ў мазгах утрапеных звон… Звон. Звон..[5].

Парцэляцыя (фр. parcelle ад  лац. particular – частка) – такое чляненне сказа, пры якім змест выказвання рэалізуецца не ў адной, а ў дзвюх або некалькіх інтанацыйна-сэнсавых маўленчых адзінках, якія размяшчаюцца адна за другой пасля раздзяляльнай  паўзы [8].

Высокая частотнасць парцэляцыі як стылістычнай фігуры ў паэтычнай мове вытлумачваецца надзвычай цікавым сэнсавым эфектам, які яе суправаджае. Пры  гэтым дасягаецца акцэнтуацыя ўвагі чытача над тым, што ў паэтычным кантэксце патрабуе асаблівага лінгвістычнага і экстралінгвістычнага асэнсавання.

Расчляненне базавай структуры сказа і парцэлята суправаджаецца перарывістым рытмам і інтанацыяй тлумачэння, якая рэалізуецца ў парцэляце.

Знаходзячыся ў постпазіцыі, пунктуацыйна парцэлят аддзяляецца ад асноўнай часткі выказвання часцей за ўсе кропкай: Без цябе, не з табой – не патрэбен  мне рай.  На душ, небясі. На зямлі. [5].

Выкарыстанне шматкроп’я, клічніка, кропкі з коскай садзейнічае не толькі інтанацыйна-пунктуацыйнаму выдзяленню, але, перш за ўсе, стылістычнаму маркіраванню парцэлята: Халодна каса зазвініць – І скосіць.. I не загалосіць [6]. Ён можа ўжо чытаць; занадта рана. [5]

У паэтычным кантэксце часта выкарыстоўваюцца парцэляваныя групы аднародных членаў, галоўныя і даданыя члены сказа, даданыя часткі: 3 цемры чорнай Далятае голас зямлі. Непакорлівы. Рэзкі. Забыты. [5]; А грэшнік – я. Навечна. Назаужды! [5]; Як сэрца цягнецца ў дарогу, Туды! Туды! 3 няпэунай картай.[5]; Ён страшны… Ён жахлівы. Бо нямы [5].

Як стылістычная фігура парцэляцыя шматфункцыянальная. Яна служыць рытміка-меладычнай арганізацыі паэтычнай мовы, надае асаблівую адметнасць у адлюстраванні вуснага маўлення герояў або аўтара.

Разам з функцыяй, агульнай для ўсіх фігур размяшчэння, адлюстраваннем раптоўнага парушэння ходу думак, – парцэляцыя, надзяляючы постпазіцыйныя кампаненты большай самастойнасцю, чым у зыходнай структуры, узмацняе выразнасць і стварае дадатковы сэнс.

Паколькі парцэляцыя садзейнічае ўзмацненню сэнсавай нагрузкі асобных кампанентаў, яна стылістычна маркіруе іх: Бо адным мы вінны  пакуль жывы Перад нашаю вялікай нівай: Праўдай абавязаны мы ей. Ісцінай.   Адзінаю.  Адной. [5],   Я стану… каменем, каб  адкаціцца  3 дарог… Ад ног тваіх..У яр. [5].

Нагнятанне інтанацыйнага і, тым самым, эмацыянальнага напружання ў апошніх прыкладах – вынік свое асаблівага кадрыравання парцэлята. Гэта дазваляе вылучыць на першы план тыя кампаненты, сэнс якіх аўтар падкрэслівае, канцэнтруючы на іх думку. Тым самым узмацняецца выразнасць, эмацыянальна-вобразнае ўздзеянне на чытача.

Пры парцэляцыі адбываецца падваенне рэмы. Гэта і ёсць аснова выдзяляльнай функцыі.

У выдзяляльна-кампазіцыйнай функцыі парцэляцыя ўяўляе асаблівую цікавасць для арганізацыі паэтычнага кантэксту. Яна выкарыстоўваецца для імпліцытнага выражэння аўтарскай задумы, што стварае, у сваю чаргу, падтэкст.

Як бачым, узмоцненая выяўленчая роля парцэляцыі звязана з асаблівай складанасцю яе структуры, узаемасувяззю лагічных, наглядна-вобразных і эмацыянальных кампанентаў; што, такім чынам, спрыяе максімальна поўнаму раскрыццю зместу паэтычнага радка.

3 мэтай экспрэсівізацыі паэтычнага кантэксту выкарыстоўваюцца і іншыя канструктыўныя макрафігуры: ізакалон, сімплока, дыяфара і інш.

Аналіз функцыянальна-прагматычнай прыроды стылістычных экспрэсіваў дазваляе зрабіць вывад аб іх значным эмацыянальным, вобразным, эстэтычным напаўненні ў паэтычнай мове.

 

Спіс літаратуры

1. Галкина-Федорук, Е.М. Об экспрессивности и эмоциональности в языке / Е.М. Галкина-Федорук // Сборник статей по языкознанию; под. общ. ред. проф. А.И. Ефимова. – М.: Изд-во Моск. ун-та, 1958.

2. Телия, В.Н. Экспрессивность как проявление субъективного фактора в языке и прагматической  ориентации / В.Н. Телия // Человеческий фактор в языке. Языковые механизмы экспрессивности; под. ред. В.Н. Телия. – М.: Наука, 1991.

3. Телия, В.Н Коннотативный аспект семантики номинативных единиц. –   М.: Наука, 1986.

4. Харченко В.К. Разграничение оценочности, образности, экспрессивности и эмоциональности в семантике слова / В.К. Харченко // РЯІШ. – 1976. – № 3.

5. Караткевіч, У.Зб.тв.:  у8т. / У.Караткевіч. – Мінск: Мастацкая літаратура,1987. –Т.1.

6. Барадулін, Р. : Зб.тв.: у 5т. / Р. Барадулін. – Мінск: Мастацкая літаратура,1996. –Т.2.

7. Танк, М. Зб.тв : у 13 т. / М.Танк. – Мінск: Беларус. навука, 2006. – Т.1: Вершы (1930-1939).

8. Розенталь, Д.Э. Словарь-справочник лингвистических терминов /
Д.Э. Розенталь, М.А. Теленкова. – М: Просвещение, 1976.

Запись опубликована в рубрике Актуальные проблемы гуманитарного знания. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>