Важнай задачай слоўнікавай работы на ўроках па беларускай мове ў малодшах класах з’яўляецца ўзбагачэнне і актывізацыя слоўніка вучняў вобразнымі сродкамі мовы. Вобразнасць мовы цесна звязана з фразеалогіяй. Вучні мысляць канкрэтна: многія адцягненыя словы і паняцці яны ўжываюць, нярэка зусім не разумеючы іх. Таму работа па развіцці мовы малодшых школьнікаў павінна ўключаць у сябе ўвядзенне ў іх слоўнікавы запас не толькі слоў з адцягненнымі паняццямі і з рознымі сэнсавымі адценнямі, але і фразеалагічных спалучэнняў.
Беларуская мова характарызуецца багаццем і разнастайнасцю фразеалагічных сродкаў. Шмат фразеалагізмаў школьнікі сустракаюць, чытаючы мастацкую літаратуру, чуюць у вусным маўленні.
Але, як сведчаць назіранні настаўнікаў і вучоных-метадыстаў, фразеалагічны запас школьнікаў бедны, разуменне і ўжыванне імі фразеалагізмаў часта недакладнае ці памылковае. Выклікана гэта тым, што да цяперашняга часу школа не мае навукова абгрунтаванай метадычнай сістэмы, рэалізацыя якой дазволіла б зрабіць працэс узбагачэння маўлення вучняў фразеалагізмамі мэтанакіраваным і актыўным.
У выніку гэтага вывучэнне фразеалагічнага багацця беларускай мовы адбываецца нерэгулярна, час ад часу, без пэўнай сістэмы. Гэта, зразумела, не дае магчымасці засвоіць у працэсе вучобы фразеалагічны мінімум, якім павінен валодаць кожны адукаваны, культурны чалавек.
Для таго, каб вучні спасцігалі ядро нацыянальнай фразеалогіі, умелі выкарыстоўваць устойлівыя звароты ў сваім маўленні, неабходна праводзіць работу па фразеалогіі на працягу ўсяго перыяду навучання мове.
Пры адборы фразеалагізмаў для засваення ў пачатковай школе трэба кіравацца наступнымі крытэрыямі: даступнасць фразеалагізмаў для асэнсавання малодшымі школьнікамі; частае выкарыстанне фразеалагізмаў у розных жыццёвых сітуацыях; улік сферы іх выкарыстання; адпаведнасць фанетычных, лексічных, сінтаксічных асаблівасцей фразеалагізмаў таму граматычнаму матэрыялу, які вывучаецца ў пачатковай школе [Гл.: 1, с.25-32].
Галоўнае месца ў рабоце з фразеалагізмамі займае прыём семантызацыі. Яго прызначэнне – раскрыць сэнс фразеалагізма. Існуе некалькі спосабаў семантызацыі: 1) падбор эквівалентнага ці сінанімічнага слова. Прымяняецца да фразеалагізмаў з простай семантыкай намінатыўнага характару, у якіх адсутнічае ці слаба выражана экспрэсіўна-ацэначная афарбоўка: у першую чаргу – спачатку; 2) падбор сінанімічнага словазлучэння: ва ўсе лапаткі – вельмі хутка; 3) разгорнутае апісанне значэння (прыём падыходзіць да фразеалагізмаў складанай семантыкі); 4) падбор сінанімічнага фразеалагізма; 5) падбор фразеалагізма-антоніма ці антанімічнага слова; 6) тлумачэнне фразеалагізма адпаведнікам з рускай мовы. Трэба адзначыць, што найбольш эфектыўнымі з прыведзеных з’яўляюцца тры першыя спосабы.
Эфектыўным прыёмам засваення фразеалагізмаў выступае этымалагічны аналіз. Без яго да канца зразумець сэнс многіх выразаў проста немагчыма. Этымалагічных даведак патрабуюць, як правіла, фразеалагічныя зрашчэнні – адзінкі са страчаным унутраным вобразам, знешняя форма якіх не дае намёку на значэнне, не падказвае яго. Асабліва гэта закранае зрашчэнні з устарэлымі словамі, невядомымі ў сучаснай мове. Праз этымалагічны аналіз вучні даведваюцца пра ўтварэнне фразеалагізмаў, звязаных з самымі разнастайнымі з’явамі рэчаіснасці: былымі павер’ямі, абрадамі, звычаямі, бытам, гістарычнымі падзеямі, канкрэтнымі справамі людзей розных прафесій, міфалогіяй.
Лукашук М.П., якая даследуе праблему развіцця маўлення вучняў, работу над фразеалагізмамі праводзіць наступным чынам: вучні знаёмяцца з фразеалагізмамі, вучацца даваць апісальнае тлумачэнне іх сэнсу (як сыр у масле катацца – жыць у поўным дастатку).
Вывучэнне фразеалагізмаў выклікае ў вучняў жывую цікавасць да слова, жаданне выказаць свае думкі не толькі дакладна, але ярка і вобразна. Работа над фразеалагізмамі праводзіцца на ўроках чытання у сувязі з аналізам твора і на ўроках беларускай мовы. З мэтай засваення фразеалагізмаў практыкуюцца наступныя віды работ:
1. Знаходжанне ў творы ці ў практыкаванні фразеалагізмаў, тлумачэнне іх значэння (гладзіць па галоўцы – хваліць, патакаць; майстар на ўсе рукі – чалавек, які ўсё ўмее рабіць).
2. Сінанімічнае супастаўленне слова і фразеалагізма: зірнуць, хутка агледзець – акінуць вокам; самае лепшае, самае каштоўнае – залатыя горы; з маленства – з калыскі.
3. Падбор блізкіх па значэнні фразеалагізмаў: да сэрца прыняць, браць да сэрца – уразліва, устрывожана ўспрымаць (выпадак, здарэнне, падзею).
4. Падбор да фразеалагізмаў лексічных або фразеалагічных антонімаў: далёка не паедзеш (не шмат дасягнеш, не даб’ешся) – далёка пайсці (дасягнуць вялікіх поспехаў у жыцці).
5. Выкарыстанне фразеалагізмаў у якасці назваў карцін, загалоўкаў да звязных тэкстаў, вусных пераказаў, уключэнне іх у пераказы і сачыненні.
З мэтай далейшага азнаямлення вучняў з фразеалагізмамі можна выконваць наступныя заданні:
• Вучні чытаюць верш (ён можа быць запісаны на дошцы або раздадзены на картках на кожную парту), а потым адказваюць на пытанні.
Дапісванне сказа адным з запісаных у правым слупку выразам, замяняючы кожны раз выраз адным слова.
• Заканчэнне выразаў і растлумачванне яго сэнсу: Адбіцца (ад рук) — перастаць слухацца кагосьці; Бярозавай кашы (даць) — пакараць за дрэнны ўчынак; Адзін (на адзін) — без сведкаў;Плесці (лухту) — гаварыць незразумелае; Хоць вока (выкалі) — вельмі цёмна.
У рабоце з фразеалагізмамі можна выкарыстаць і розныя гульні. Напрыклад, лінгвістычная гульня “Як пра гэта гавораць?” (адказаць неабходна фразеалагізмам): Іх ганяюць па пустой хаце, або калі холадна (воўк, хоць ваўкоў ганяй); З ім застаюцца, калі чаго-небудзь не атрымліваюць (нос, з носам застацца); Яго робяць з мухі, калі вельмі перабольшваюць (слон, з мухі слана зрабіць); Іх збіраюць, калі вельмі светлая ноч (іголкі, хоць іголкі збірай).
У сістэме творчых заданняў можна выкарыстаць творчую гульню ў слова, гульню са словамі.
На дошцы ўперамешку, праз коску запісваюцца словы з некалькіх фразеалагічных выразаў. Вучням трэба ўважліва прачытаць словы, падумаць і скласці вядомыя фразеалагізмы. Запісаць іх. Напрыклад: Вочы развесіць, рукі адкрыліся, вушы апусціць, біць пуд солі, бібікі з’есці, адвесці ў душу, залезці ў вочы, нага за нос, бубніць пад нагу (Вочы адкрыліся, вушы развесіць, рукі апусціць, бібікі біць, з’есці пуд солі, адвесці вочы, зелезці ў душу, нага за нагу, бубніць пад нос). |
Дзеці ведаюць, што існуюць словы, блізкія па значэнні (сінонімы). Такая ж уласцівасць характэрна і для фразеалагізмаў. Блізкія па значэнні фразеалагізмы абазначаюць адно і тое паняцце, але адрозніваюцца адценнямі значэння.
Каб дзеці адчулі розніцу ў значэнні сінанімічных фразеалагізмаў, можна выканаць наступныя заданні:
• На дошцы запісаны фразеалагізмы. Вучні разам з настаўнікам дапісваюць блізкія па сэнсе фразеалагізмы, праводзяць іх супастаўляльны аналіз: у чым яны блізкія, а ў чым адрозніваюцца па сваім змесце.
З усіх ног — без аглядкі, без памяці, ва ўвесь дух, ва ўсе лапаткі, на адной назе, як на пажар, што ёсць духу.
• Карыстаючыся слоўнікам, растлумачыць значэнне і паходжанне выразу. Намаляваць да яго малюнак. Скласці сказ або невялікі тэкст, выкарыстоўваючы ў ім названы фразеалагізм.
Каб праверыць, наколькі правільна і трывала малодшыя школьнікі засвоілі фразеалагізмы і могуць выкарыстоўваць іх у сваёй мове, прапануюцца наступныя заданні:
Гульня “Хто хутчэй?” Запісаць фразеалагізмы. (На дошцы запісана значэнне фразеалагізма і ключавыя словы): Вельмі многа, у вялікай колькасці — бяры, колькі, непачаты, завязку, вушы, хоць, гаць, воз, цьма. (Бяры не хачу, колькі хочаш, непачаты край, па самую завязку, па самыя вушы, хоць адбаўляй, хоць гаць гаці, цэлы воз, цьма цьмушчая).
Гульня “Хто больш?” Замяніць крылатымі выразамі: Школа знаходзілася блізка ад майго дома. (Рукой падаць, пад бокам, за два крокі, не за гарамі, пад самым носам).
Пажадана таксама, каб з першых урокаў знаёмства з фразеалагізмамі школьнікі вялі ўласныя фразеалагічныя слоўнікі, заносячы ў іх кожны прааналізаваны фразеалагізм. Такі прыём навучання вельмі карысны. Слоўнічак, калі ён запаўняецца сістэматычна, паказвае дакладны аб’ём вывучанага матэрыялу, што прадухіляе стыхійнасць і эпізадычнасць у фразеалагічнай рабоце, дазваляе настаўніку працягваць яе паслядоўна і мэтанакіравана.
Вучні, звяртаючыся да сваіх запісаў, неаднаразова сустракаюцца з аднымі і тымі ж фразеалагізмамі, выконваюць з імі практыкаванні і гэта садзейнічае больш трываламу засваенню матэрыяла.
Каб слоўнічак быў зручны для карыстання, у ім на кожную літару адводзяцца пэўныя старонкі і фразеалагізмы заносяцца ў алфавітным парадку. Супраць кожнага фразеалагізма запісваецца яго значэнне, а пры неабходнасці – і прыклад ужывання, іншыя фразеалагічныя звесткі.
Засваенне фразеалагізмаў можа суправаджацца нагляднасцю. Аднак магчымасці яе выкарыстання ў некаторай ступені абмежаваныя, паколькі нямногім устойлівым зваротам уласціва канкрэтнае, рэчыўнае значэнне.
Можна выкарыстаць наступныя формы нагляднасці. У першую чаргу гэта табліцы. Змест іх залежыць ад характару дыдактычнага матэрыялу і ад мэты навучання. Напрыклад, для знаёмства з паняццем фразеалагізма падыходзіць табліца, на якой параўноўваюцца ў кантэксце фразеалагізм і аманімічнае свабоднае словазлучэнне. Побач з прыкладам ужывання фразеалагізма на табліцы часам мэтазгодна даваць і тлумачэнне яго значэння.
Напрыклад, чытанне выразаў і разгляд малюнкаў. Ці адпавядае малюнак выразу? Чаму?
Складанне па дадзеных словах выразаў. Тлумачэнне іх лексічнага значэння.
Варыянт 1.
Выкарыстоўваюцца і так званыя табліцы-плакаты, на якіх даецца спіс фразеалагізмаў і іх значэнняў. Табліцы вывешваюцца ў класе на пэўны перыяд (некалькі дзён, тыдзень), дастатковы для таго, каб вучні запомнілі фразеалагізм.
Вывучэнню граматычных з’яў, у прыватнасці і сінтаксічнай ролі фразеалагізмаў, дапамагаюць схемы.
Практыкуецца таксама выяўленчая нагляднасць – малюнкі і карціны.
Малюнкі ўздзейнічаюць на зрокавую памяць і даюць магчымасць лепш усвядоміць сэнс фразеалагізма. Па змесце яны бываюць двух відаў:
• малюнкі, якія адлюстроўваюць рэальнае фразеалагічнае значэнне, абазначаюць прадмет, прымету дзеяння, выражаныя фразеалагізмам;
• малюнкі, якія адлюстроўваюць этымалагічнае значэнне фразеалагізма, знаёмяць з сітуацыяй, якая спарадзіла фразеалагізм: хадзіць на галаве, глядзець скрозь пальцы (ілюструецца ўжыванне словазлучэнняў у прамым сэнсе – становішча чалавека ўніз галавой, твар, прыкрыты далонню з распасцёртымі пальцамі). Малюнкі гэтага тыпу маюць, як правіла, гумарыстычны характар і дабра стасуюцца да займальнай работы. Па іх можна даваць такія заданні:
1. Пра які фразеалагізм нагадвае малюнак?
2. Растлумачце памылку мастака. Прыдумайце і вусна апішыце свой малюнак, які б адпавядаў метафарычнаму значэнню фразеалагізма.
Існуе і такі спосаб сувязі нагляднасці з работай па фразеалогіі, як падбор ілюстрацый да фразеалагізмаў і наадварот, – фразеалагізмаў да ілюстрацый: вучні збіраюць выразкі з газет, старых кніг і часопісаў, малююць самі.
У практыцы вывучэння фразеалагізмаў пашыраным з’яўляецца прыём супастаўлення і параўнання. Ён рэалізуецца часцей у такіх адносінах: а) фразеалагізм – слова; б) фразеалагізм – словазлучэнне, сплучэнне слоў, сказ; в) фразеалагізм – фразеалагізм. Такі прыём дапамагае выявіць паняційнае і граматычнае значэнні, знешнюю структуру, унутрысістэмныя сувязі фразеалагізмаў.
Узбагачэнню фразеалагічнага запасу садзейнічае прыём групоўкі, заснаваны на аб’яднанні ўстойлівых зваротаў па якой-небудзь прымеце. Можна арганізаваць тэматычную падборку фразеалагізмаў (са значэннем прадметнасці, часу, месца, дзеяння), утварыць сінанімічны рад фразеалагізмаў, падабраць фразеалагізмы, у структуру якіх уваходзіць адно і тое ж слова, напрыклад, галава, рука ці нага.
Такім чынам, можна сцвярджаць, што выкарыстанне разгледжаных прыёмаў станоўча ўплывае на ўзбагачэнне і актывізацыю слоўніка вучняў фразеалагічным багаццем беларускай мовы, садзейнічае развіццю ўяўлення, мыслення, памяці, што станоўча ўплывае на навучальную дзейнасць малодшых школьнікаў.
Спіс літаратуры
1. Лёвушкина, О. Н. Словарная работа в начальных классах: Пособие для учителя / О.Н. Лёвушкина. — М.: Владос, 2002. — 55 с.