Мова – дынамічная з’ява. На працягу свайго развіцця яна перажывала шматлікія змяненні. Гістарычныя змены на розных моўных узроўнях вывучае гісторыя беларускай мовы, якая складаецца з дзвюх частак: 1) гістарычная граматыка беларускай мовы; 2) гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Толькі праз вывучэнне гістарычнай фанетыкі, гістарычнага словаўтварэння, гістарычнай граматыкі можна глыбока асэнсаваць і засвоіць сучасную беларускую мову, яе фанетычную сістэму, яе граматычны лад.
Мэтай дадзенай працы з’яўляецца гістарычнае тлумачэнне мадыфікацый формаўтваральных асноў дзеясловаў VI непрадуктыўнага класа, а менавіта тлумачэнне з пункту гледжання гісторыі мовы: а) нарашчэння асновы цяперашняга часу за кошт фанем /н/ і /м/; б) чаргавання галосная фанема ~ фаналагічны нуль у каранёвых морфах формаўтваральных асноў; в) чаргавання фаналагічны нуль ~ галосная фанема ў прыставачных морфах формаўтваральных асноў; г) чаргаванняў у каранёвых морфах формаўтваральных асноў дзеясловаў падкласа Б:
– зычная /н’/ ~ фаналагічны нуль у дзеясловах пад/н’/я́ць – пад/ø/ы́муць;
– зычная /н’/ ~ зычная /й/ у дзеясловах у/н’/я́ць – у/й/му́ць;
– зычная /н’/ ~ зычная /д/ у дзеясловах уз/н’/я́ць – уз/д/ы́муць.
У якасці зыходнай у марфаналагічным працэсе мы разглядаем аснову інфінітыва, інакш кажучы, аснову словаформы, прадстаўленай ў слоўнікавым артыкуле.
Да VI непрадуктыўнага класа адносяцца дзеясловы з наступнымі суадносінамі асновы інфінітыва і асновы цяперашняга часу: галосная фанема /а/ ў зыходзе асновы інфінітыва – насавая санорная фанема /н/ або /м/ у зыходзе асновы цяперашняга (або простага будучага) часу, напрыклад: жаць – жнуць, абняць – абнімуць. У залежнасці ад таго, якая насавая санорная фанема закрывае аснову цяперашняга (простага будучага) часу – /н/ або /м/ – дзеясловы VI непрадуктыўнага класа падзяляюцца на два падкласы [1, с. 180]. У падклас А уваходзяць дзеясловы з фанемай /н/ у зыходзе асновы цяперашняга (простага будучага) часу: жаць – жнуць, ста́ць – ста́нуць, абта́ць – абта́нуць, і інш. Да падкласа Б адносяцца дзеясловы з фанемай /м/ у той самай пазіцыі: абня́ць – абні́муць, вы́няць – вы́муць, заня́ць – зо́ймуць.
Такім чынам, усе дзеясловы VI непрадуктыўнага класа маюць адкрытую аснову інфінітыва і закрытую аснову цяперашняга (простага будучага) часу. Гэта значыць, што асноўнае марфаналагічнае пераўтварэнне, якое назіраецца ў аснове цяперашняга (простага будучага) часу дзеясловаў VI непрадуктыўнага класа, – гэта яе закрыццё, або нарашчэнне за кошт насавых санорных фанем /н/ або /м/. Вытокі гэтай з’явы ўзыходзяць да старажытнасці і непасрэдна звязаны з гісторыяй насавых галосных.
У агульнаславянскай мове былі два насавыя галосныя – Q (он) і ę (ен). Іх узнікненне тлумачыцца дзейнасцю закону адкрытага склада, утварэннем з двух гукаў аднаго. Калі спалучэнне галосны + насавы зычны (он, ом, ън, ъм, ен, ем, ін, ім, ьн, ьм) знаходзілася перад наступным зычным (*жьнти, *мьнти, *(за)чьнти, *възьнти, * (абъ)вьнти) або на канцы слова (*сĕмен, *имен, *идон), насавы зычны закрываў склад, што было немагчыма для структуры склада ў агульнаславянскай мове-аснове; у выніку спалучэнне галоснага з насавым зычным змянялася: з двух гукаў утвараўся адзін гук – галосны, які вымаўляўся ў нос: *жьнти → *жęти, *мьнти → *мęти, *(за)чьнти → *(за)чęти. Калі ж спалучэнне галосны + насавы зычны стаяла перад галосным, то спалучэнне захоўвалася, насавы галосны не ўтвараўся: починати, обминати, снимати. Такім чынам, у агульнаславянскай мове ўзнікла чаргаванне насавога галоснага са спалучэннем галосны + насавы зычны: *жęти ~ *жьнQ, *мęти ~ *мьнQ, *(за)чęти ~ *(за)чьнQ, *възęти ~ *възьмQ.
У IX-X ст. у агульнаўсходнеславянскай мове насавыя Q, ę перажылі дэназалізацыю – змяненне, у выніку якога супалі з галоснымі ненасавымі; Q супаў з у, ę – з а(я): *жęти → жати, *мęти → мяти, *(за)чęти → (за)чати. Адпаведна змянілася і чаргаванне: калі раней чаргаваўся насавы галосны са спалучэннем “галосны + насавы зычны”, то з Х ст. чаргуецца галосны а або у са спалучэннем “галосны + насавы зычны”: *жęти ~ *жьнQ (ę : ьн), *мęти ~ *мьнQ (ę : ьн), *(за)чęти ~ *(за)чьнQ (ę : ьн) → жати ~ жьну, мяти ~ мъну, (за)чати ~ (за)чьну. У сучаснай беларускай мове фінальная насавая санорная фанема ў аснове цяперашняга часу дзеясловаў VI непрадуктыўнага класа разглядаецца як вынік нарашчэння (аўгументацыі) асновы.
У выніку нарашчэння аснова цяперашняга (простага будучага) часу любога дзеяслова VI непрадуктыўнага класа набывае выгляд C1VC2 (зычная + галосная + зычная) у сваёй фінальнай частцы, напрыклад: ста́н-уць, раста́н-уць, павя́н-уць, і гэты фрагмент асновы цяперашняга (простага будучага) часу таксама можа марфаналагічна мадыфікавацца ў пэўных дзеяслоўных парадыгмах.
Перш за ўсё мадыфікацыі закранаюць галосную фанему, якая ў зыходзе асновы цяперашняга (простага будучага) часу можа як знікнуць увогуле, так і ўступіць ў чаргаванне з іншай галоснай фанемай.
Чаргаванне галоснай фанемы /а/ з фаналагічным нулём у каранёвым морфе асновы цяперашняга (простага будучага) часу ўзнікае, як правіла, у парадыгмах дзеясловаў падкласа А, а таксама ў асобных парадыгмах дзеясловаў падкласа Б: дажа́ць – дажну́ць, зажа́ць – зажну́ць, нажа́ць – нажну́ць, распача́ць – распачну́ць, вы́жаць – вы́жмуць і інш.
Чаргаванне галоснай з фаналагічным нулём называецца бегласцю галосных: жаць – жнуць, пачаць – пачнуць, зачаць – зачнуць. Бегласць галосных – адзін з непасрэдных вынікаў страты і праяснення рэдукаваных галосных. Так, на пачатку пісьмовага перыяду ўсходнеславянскай мовы-асновы рэдукаваныя ъ, ь былі асобнымі фанемамі. З сярэдзіны ХІ ст. гэтыя галосныя пачалі змяняцца, а к канцу ХІІ ст. іх не стала зусім. У адной і той самай аснове рэдукаваная галосная магла быць то ў моцнай, то ў слабай пазіцыі: жьнти – жьнути, пьнти – пьнути.У слабай пазіцыі ъ,ь,паступова аслабляючыся, зусім страціліся, зніклі; у моцнай пазіцыі, паступова ўзмацняючыся, яны супалі з галоснымі поўнага ўтварэння: ъ → о, ь → э. Напрыклад: сънъ → сон, пьнь → пен’, а таксама жаць – жнуць і пад. Такім чынам, на змену чаргаванню моцнага рэдукаванага са слабым прыйшло чаргаванне галоснага з нулём гука. З цягам часу ў беларускай мове галосныя о,э,што развіліся адпаведна з ъ, ь, перажылі новыя змяненні, у выніку на месцы былога ъ сустракаем не толькі о, а на месцы ь – не толькі э[2, с. 90-91]. Так, у слове жаць (жьнти) ь паступова супаў з э, які з развіццём акання супаў з а: жьнти → жęти → жати.
Суадносінам “фанема /а/ ў каранёвым морфе асновы інфінітыва ~ фаналагічны нуль у каранёвым морфе асновы цяперашняга (простага будучага) часу” могуць спадарожнічаць адваротныя суадносіны ў прыставачных морфах формаўтваральных асноў дзеясловаў VI непрадуктыўнага класа, а іменна: “фаналагічны нуль у прыставачным морфе асновы інфінітыва ~ фанема /а/ ў прыставачным морфе асновы цяперашняга (простага будучага) часу”. Гэта з’ява назіраецца тады, калі прыстаўка, з дапамогай якой утвараюцца дзеясловы, заканчваецца на зычную фанему /б/, або /д/, або /с/, або /з/.
Прыстаўкі аб- і аба-, ад- і ада-, над- і нада-, пад- і пада-, с-/з- і са-, раз-/рас- і раза-, уз-/ус- і уза- нельга разглядаць як асобныя, гэта аламорфы прыставак, якія маюць тоеснае значэнне: абжа́ць – абажну́ць,абмя́ць – абамну́ць,абця́ць – абатну́ць; аджа́ць – адажну́ць,адпя́ць – адапну́ць,адця́ць – адатну́ць; наджа́ць – надажну́ць;паджа́ць – падажну́ць,падмя́ць – падамну́ць; зжа́ць – сажну́ць,змяць – самну́ць;расча́ць – разачну́ць, распя́ць – разапну́ць; усча́ць– узачну́ць.
Да змянення рэдукаваных галосных прыстаўкі аб- і аба-, ад- і ада-, над- і нада-, пад- і пада-, с-/з- і са-, раз-/рас- і раза-, уз-/ус- і уза- не адрозніваліся гукавым складам, напрыклад: *подъжьнти – *подъжьнути (паджаць – падажнуць). Іх аламарфія ў сучаснай беларускай мове з’яўляецца вынікам гістарычнага лёсу рэдукаваных галосных, якія зніклі ў слабай фанетычнай пазіцыі (*подъжьнти – паджаць) і супалі з галоснымі поўнага ўтварэння ў моцнай пазіцыі (*подъжьнути – падажнуць) [2, с. 90].
Мадыфікацыі формаўтваральнай асновы цяперашняга (простага будучага) часу дзеясловаў VI непрадуктыўнага класа могуць закранаць адначасова галосную фанему і зычную фанему, што папярэднічае гэтай галоснай у фінальнай частцы, інакш кажучы, яны могуць адбывацца ў пазіцыі С1зоны мадыфікацыі C1VC2. Так, у пазіцыі С1 асноў цяперашняга (простага будучага) часу дзеясловаў падкласа Б назіраюцца чаргаванні фанем: а) зычная/н’/ ~ фаналагічны нуль (пад/н’/я́ць – пад/ø/ы́муць); б) зычная/н’/ ~ зычная/й/ (у/н’/я́ць – у/й/му́ць); в) зычная/н’/ ~ зычная/д/ (уз/н’/я́ць – уз/д/ы́муць).
Чаргаванне /н’/ ~ нуль у дзеясловах тыпу пад/н’/я́ць – пад/ø/ы́муць мае непасрэдныя адносіны да лёсу прэфіксаў у агульнаславянскай мове. Згодна з “Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы”, дзеяслоў падняць узыходзіць да праславянскага слова j-ьmQ, jęti[3, с. 80]. Марфемная будова гэтага дзеяслова наступная: пад-ня-ць (параўнаем: пра-ня-ць, па-ня-ць) [4, с. 427]. Чаргаванне /н’/ ~ нуль адбываецца на мяжы прэфікса пад- і звязанага кораня -ня-/-ым-: пад-ня-ць – пад-ым-уць. Славянскія прэфіксы з пункту гледжання іх паходжання з’яўляюцца былымі самастойнымі словамі: сън ими, кън имъ. Старажытныя прыназоўнікі сън, кън, вън заканчваліся на зычны н, які мог далучацца да наступнага слова, якое пачыналася з j. У гэтым выпадку адбывалася чаргаванне *nj ~ n’: сън jими → съ ними, кън jимъ → къ ним. Паступовае “дарошчванне” ні чаргаванне *nj ~ n’ адбывалася па аналогіі і пасля іншых прыназоўнікаў (і прыставак): на нихъ, подъ ними [2, с. 174], у тым ліку, і ў дзеяслоўных словаформах. Так, старажытная (рэканструяваная) форма дзеяслова падняць выглядае наступным чынам: падънjęти → падън’ęти → падъняти → падняць. Як відаць з прыкладу, каранёвая марфема дзеяслова падняць утрымлівае фанему н’, якая ў дадзеным выпадку ўзнікла па аналогіі са словаформі съ ними, къ ним і якая ў дзеяслоўных марфемных структурах сучаснай беларускай мовы не з’яўляецца абавязковай для захавання. Пра гэта сведчыць той факт, што ў парадыгме дзеяслова падняць ёсць паралельныя формы, у якіх каранёвая зычная н’ як захоўваецца, так і знікае, параўн.: падні́муць і пады́муць.
Чаргаванне /н’/ ~ /й/ у дзеясловах тыпу у/н’/я́ць – у/й/му́ць таксама цесна звязана з лёсам спалучэння *нй (*nj). Дзеслоў уняць утвороны ад слова няць прыставачным спосабам. Слова няць узыходзіць да праславянскага слова *jęti, н мае прыставачны характар [3, с. 80]. Пры далучэнні прыставачнага н да асновы jętiўнікае спалучэнне зычны + j: нйęти. Як вядома, яшчэ ў агульнаславянскую эпоху папярэдні зычны, асімілюючыся да наступнага спрадвечнага мяккагаj,змяніўся: *садйā → сажа, *водйQ → ваджу, *козйā → кожа. Сярод спалучэнняў, змененых пад уплывам наступнага j, спалучэнні *лй(*lj), *нй(*nj), *рй(*rj) займаюць асобнае месца: толькі ў іх зычны, памякчоны наступнымj, супаў са сваім жа парным мяккім:л → л’, н → н’, р → р’, прычым наступны j асіміляваўся папярэднімі л, або н, або р: *полйQ → пол’Q → пал’у, *гонйQ → гон’Q → ган’у [3, с. 77]. Так, спалучэнне нj у дзеяслове няць змянілася на фанему /н’/, якая прысутнічае ў экспаненце асновы інфінітыва сучаснага беларускага дзеяслова уняць, параўн.:нjęти → н’ęти → н’ать → у/н’/яць.
Аснова ж цяперашняга (простага будучага) часу гэтага дзеяслова з’яўляецца вынікам іншых гістарычных фанетычных працэсаў. Як вядома, з Х ст. назіраецца чаргаванне галоснага, які развіўся з насавых галосных Q, ę, са спалучэннем “галосны + насавы зычны”, таму гук а у формах старажытнага слова *няць чаргуецца з им у выпадках, калі гэты гук аказваецца перад галосным гукам дзеяслоўнай флексіі. Фанема /н’/, якая паводле паходжання мае прыставачны характар, страчваецца ў структуры асабовых словаформ, параўн.: *н’ать, але *йимуць. Пры ўтварэнні дзеяслова з прыстаўкай у- ўзнікае спалучэнне галосны у + зычны й + галосны і, у якім галосны і аказваецца ненаціскным і па гэтай прычыне знікае са структуры экспанента каранёвай марфемы: *уйимуць → уймуць [2, с. 126].
Чаргаванне /н’/ ~ /д/ у дзеясловах уз/н’/я́ць – уз/д/ы́муць выклікана дзеяннем закона аналогіі ва ўтварэнні марфемных структур. Суадносіны паміж экспанентамі словаформ падняць: паднімуць і падымуць паслужылі ўзорам для рэалізацыі суадносін ўзняць: узнімуць і ўздымуць. Дадзены паралелізм забяспечваецца перш за ўсё семантычным фактарам: прыстаўкі уз- дзеяслова ўзняць і пад- дзеяслова падняць маюць тоеснае значэнне: ‘нагнуўшыся, узяць (з зямлі, падлогі і пад.)’. Вынікам жа дадзенага паралелізму марфемных структур аказваецца ўзнікненне новай дзеяслоўнай каранёвай марфемы -дым- у асабовых словаформах уздыму, уздымеш, уздыме, уздымем, уздыміце, уздымуць.Наяўнасць гэтай марфемы можа, у сваю чаргу, прывесці да перараскладання марфемнай структуры словаформ падыму, падымеш, падыме, падымем, падыміце, падымуць, у якіх па аналогіі са словаформі уздыму і пад. узнікае небяспека выдзялення таксама кораня -дым- замест -ым-.
У выніку праведзенага даследавання мы змаглі даць гістарычнае тлумачэнне мадыфікацый формаўтваральных асноў некаторых дзеясловаў VI непрадуктыўнага класа. Так, нарашчэнне асновы цяперашняга часу дзеясловаў гэтага класа за кошт фанем /н/ і /м/, а таксама чаргаванне /а/ ~ /і/ ў іх каранёвых морфах узніклі у выніку дзеяння закону адкрытага склада і маюць непасрэдныя адносіны да дэназалізацыі насавых галосных Q (он) і ę (ен). Чаргаванні галосная фанема ~ фаналагічны нуль у каранёвых морфах і фаналагічны нуль ~ галосная фанема ў прыставачных морфах формаўтваральных асноў дзеясловаў VI непрадуктыўнага класаз’яўляюцца непасрэдным вынікам страты і праяснення рэдукаваных галосных. Асобныя чаргаванні ў структуры асноў дзеясловаў падкласа Б з’яўляюцца рэфлексамі як фанетычных, так і марфалагічных гістарычных працэсаў, а таксама вынікам дзеяння закону аналогіі ў арганізацыі марфемных структур.
Спіс літаратуры
- Беларуская граматыка: у 2 ч. / АН БССР, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; пад рэд. М.В. Бірылы, П.П. Шубы. – Мінск : Навука і тэхніка, 1985. – Ч. 1: Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск. – 1985. – 431 с.
- Янкоўскі, Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы: Вучэбны дапаможнік. – 3-е выданне, выпраўленае / Ф.М. Янкоўскі. – Мінск: Вышэйшая школа, 1989. – 301 с.
- Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. – Мінск: Навука і тэхніка, 1993. – Т. 8: Н-П / Уклад. Г.А. Цыхун [і інш.]; рэд. В.У. Мартынаў. – 270 с.
- Бардовіч, А.М. Марфемны слоўнік беларускай мовы / А.М. Бардовіч, Л.М. Шакун. – Мінск: Вышэйшая школа, 1975. – 784 с.
- Граматычны слоўнік дзеяслова / НАН Беларусі, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; уклад. В.П. Русак [і інш.]; навук. рэд. А.І. Падлужны, В.П. Русак. – Мінск : Беларуская навука, 2007. – 1252 с.