Праблема развіцця і ўдасканалення творчых здольнасцей чалавека, інтэнсіфікацыі магчымасцей кожнага індывіда займае важнае месца ў сучасных умовах зменлівасці навакольнага свету ва ўсіх яго сферах: эканамічнай, сацыяльнай, навуковай, тэхнічнай, камунікатыўнай, мастацкай. У гэтых умовах павышаюцца патрабаванні да якасцей асобы, якія адзначаюцца як крэатыўныя: адкрытасць новаму вопыту, уменне знаходзіць арыгінальнае рашэнне ў нестандартнай сітуацыі, творчыя адносіны да рэчаіснасці.
Дзяцінства ледзь не самы лепшы час для развіцця ўяўлення і вобразнага мыслення. Менавіта вобразнае ўспрыманне робіць свет яркім і запамінальным для дзіцяці. У такім свеце яму хочацца жыць, ён стварае яго ў сваім уяўленні, а затым спрабуе перанесці ў рэальнасць. Дапамагаюць яму ў гэтым казкі. Цяжка знайсці больш каштоўны матэрыял для развіцця творчых здольнасцей дзяцей.
Таму адной з асноўных мэт навучання ў пачатковых класах з’яўляецца павышэнне ўзроўню развіцця крэатыўнасці малодшых школьнікаў, фарміраванне такіх якасцей, як цікаўнасць, арыгінальнасць, прадуктыўнасць, адчувальнасць да супярэчнасцей, сістэмнасць, варыятыўнасць і інш.
Ж. Піажэ сцвярджаў, што гнуткае, здольнае на прадбачанне ўяўленне дзіцяці можа рэальна дапамагаць аператыўнаму мысленню, і нават неабходна яму. Найбольш ярка ўяўленне праяўляецца ў маляванні і складанні казак.
Уяўленне ў жыцці дзіцяці адыгрывае большую ролю, чым у жыцці дарослага, праяўляецца значна часцей, і часцей дапускае парушэнне жыццёвай рэальнасці [1, с. 282–285].
Існуе шмат разнастайных метадаў і прыёмаў работы над казкай. Неабходна адзначыць, што большасць настаўнікаў выкарыстоўвае стандартныя прыёмы работы над казкай, якія, на нашу думку, не могуць у поўнай ступені садзейнічаць развіццю ўяўлення дзіцяці. Часцей за ўсё сам змест казкі прымушае дзяцей уяўляць тых ці іншых несапраўдных герояў або прадметаў. Іншы раз аналіз казкі праводзіцца як аналіз апавядання, тады і казачны сюжэт страчвае сваю сілу. Каб такога не адбывалася, мы ў сваёй працы з дзецьмі апрабавалі шэраг нестандартных прыёмаў работы з казкай, накіраваных на развіццё ўяўлення малодшых школьнікаў.
Значныя магчымасці для развіцця ўяўлення дае азнаямленне з казкай (у свабоднай дзейнасці (гульні на казачныя сюжэты, расказванне і слуханне казак, тэатральныя пастаноўкі) і на спецыяльна арганізаваных уроках). Пры гэтым настаўніку трэба кіравацца наступнымі прынцыпамі: неабходнасць выкарыстання педагагічных тэхналогій, накіраваных на развіццё асобы як суб’екта дзейнасці; прынцып прыняцця іншага (прымаць вучня як індывідуальнасць); прынцып праектавання і рэалізацыі адукацыйна-выхаваўчага асяроддзя, якое спрыяе раскрыццю творчых здольнасцей малодшых школьнікаў (арганізацыя «цэнтраў актыўнасці»); прынцып супрацоўніцтва.
Настаўнік павінен прытрымлівацца наступных умоў арганізацыі працы над развіццём уяўлення пры дапамозе казкі: прымаць любыя адказы дзяцей; забяспечыць незалежнасць выбару і прыняцця рашэння школьнікаў; важна аказваць станоўчую падтрымку асобы кожнага вучня (павышэнне матывацыі поспеху); выкарыстоўваць памылкі дзяцей як нечаканы погляд на нешта звыклае; выключаць крытыку асобы і дзейнасці школьнікаў; абапірацца на паўсядзённы вопыт дзяцей; дабівацца цэласнага пражывання сітуацыі вучнем пры абавязковым уліку эмацыянальных механізмаў (рэфлексія). Пры развіцці творчага патэнцыялу эмацыянальныя рэакцыі дзяцей з’яўляюцца тым эмацыянальным стрыжнем, над якім павінен працаваць настаўнік.
Мы прывыклі да даўно вядомых і лагічна завершаных канцовак казак. А што калі змяніць канцоўку казкі? Гэты прыём карысны і цікавы тым, што мы можам, змяняючы канец казкі, накіраваць увагу дзіцяці ў патрэбнае педагагічнае русла, развіваць уяўленне, ламаючы ўстаноўленныя стэрэатыпы.
Напрыклад: «Давайце паразважаем, – кажам мы дзецям, – выцягнулі рэпку, а як яе дзялілі, хто ім замінаў пры гэтым, хто больш за ўсіх папрацаваў для гэтага, нам пакуль невядома. А як жывуць прынц з прынцэсай ажаніўшыся? Можа, у іх не ўсё гладка?»
Варыянты заўсёды ёсць, яны будуць своеасаблівымі ў залежнасці ад узроўню творчага ўяўлення дзяцей.
Можна таксама выкарыстаць прыём змены сітуацый у знаёмых казках.
Расказваючы дзецям знаёмую казку, мы дамаўляемся ў ёй нешта змяніць. Спачатку мы ў ёй змяняем зусім нямногае і гэтым пабуджаем дзіця да развіцця яго фантазіі. Да прыкладу, мы кажам: «Папялушка, уцякаючы ад прынца, страціла нешта іншае. Але прынц усё адно знайшоў яе па гэтаму невядомаму нам пакуль прадмету. Што ж страціла Папялушка і як яе знайшоў прынц?»
Шляхам разважанняў, шляхам спроб і памылак мы разам рухаемся да магчымых адказаў: гэта могуць быць пярсцёнак, паясок, або якая-небудзь іншая дэталь ад убору Папялушкі. Паступова дзеці вучацца самі змяняць сітуацыі ў казках.
Звыклыя, любімыя вобразы, добра знаёмыя дзецям, ужо з дзяцінства фарміруюць стэрэатыпы. І як карысна, і трэба бывае іх змяніць. Для гэтага прапануецца метад “Новы погляд”.
За аснову бярэцца вядомая казка, але вучням прапаноўваецца надзяліць галоўных герояў супрацьлеглымі якасцямі або звярнуць увагу на іншыя іх якасці, не прыкметныя адразу. Напрыклад, ліса перараджаецца ў паслухмяную і сціплую, а зайчык становіцца хітрым і злым.
У наш час дзеці ведаюць шмат казак. Але часам яны надакучваюць ім і для таго, каб падтрымаць цікавасць, унесці элементы гумару, сканцэнтраваць увагу і ўспрыманне дзяцей на знаёмай казцы, можна калі-нікалі распавядаць казкі з пропускам дзеясловаў ці назоўнікаў. Каб было цікава, трэба увесці такую матывацыю: «У адной вельмі знаёмай табе казцы надакучыла некаторым словам знаходзіцца ў кніжках. Вырашылі яны павандраваць. І пакінулі яны нам такую запісачку: “Ці адгадаеце вы гэту казку без нас?”»
Яшчэ адзін цікавы прыём, звязаны з гараскопам. Ведаць знакі Задыяка і ўжываць іх у казках не только цікава, але і карысна са шматлікіх пунктаў гледжання. Па-першае, змяняецца звыклае тлумачэнне казкі. Па-другое, гараскоп дапамагае развіваць фантазію. Па-трэцяе, гараскоп спрыяе таму, што мы імкнёмся больш уважліва ўгледжвацца, услухвацца ў саміх сябе. Спецыялістамі-астролагамі заўважана, што пэўны знак Задыяка па-рознаму праяўляецца ў дарослага і ў дзіцяці. Напрыклад, мы скажам, што пэўны герой па знаку Задыяка Леў. Тады яму будуць адпавядаць наступныя асаблівасці характару:
- Не любіць, каб станавіліся на яго шляху.
- Часам на яго нападае лянота.
- Ён разумны, любіць панаваць.
- Любіць марнаваць грошы, але не зарабляць.
Далей дзіця прыдумвае новыя незвычайныя прыгоды героя ў адпаведнасці з якасцямі і схільнасцямі гэтага знака Задыяка.
Вельмі карысная работа па прыдумванню сваіх уласных казак. Пры гэтым можна выкарыстаць наступныя метадычныя прыёмы работы:
«Заканчваем казку». Сутнасць гэтага метадычнага прыёму заключаецца ў тым, каб дзіця прыдумала канцоўку да казкі, якую вы яму раскажаце. Для гэтага, неабходна агучыць пачатак прыдуманай вамі казкі. Напрыклад: «Пайшла дзяўчынка Алеся ў госці да бабулі перадаць гасцінцы ад мамы. Ішла яна доўга па лесе і заблудзілася. Доўга блукала яна па лесе, пакуль не сустрэла зайца. Вось заяц ёй і кажа…». Няхай дзіця само працягне казку ў адпаведнасці з сэнсам. Калі будуць узнікаць цяжкасці, можна задаць дзіцяці ўдакладняючыя пытанні, назіраючы за рэакцыяй дзіцяці і падахвочваючы яго абдумваць свой адказ. У канцы можна нават папрасіць вучня праілюстраваць працяг гісторыі.
«Расказ пра пэўнага персанажа». Сутнасць прыёму ў прыдумванні персанажа казкі, вызначэння яго характару, учынкаў, мэт і дзеянняў. Любая казка будуецца па вызначанай структуры. У ёй ёсць галоўны герой, перашкоды, якія ён пераадольвае, жыццёвыя ўрокі, якія атрымлівае персанаж. Можна прапанаваць дзіцяці прыдумаць уласнага персанажа, надзяліць яго думкамі і пачуццямі. Няхай вучань прыдумае герою цяжкасці і людзей, з якімі ён будзе ўзаемадзейнічаць. Дзіця павінна апісаць дзеянні галоўнага героя і вынік, да якога герой прыйдзе. Працуючы такім чынам вучань навучыцца разважаць пра тое, як змяніўся персанаж у канцы яго казкі, якія высновы зрабіў. Калі казка атрымалася, то дзеці абавязкова прыдумваюць ёй назву.
«Казка з дапамогай малюнкаў». Сутнасць работы заключаееца ў тым, каб па серыі малюнкаў дзіця змагло не толькі расказаць пра герояў, якія намаляваны на малюнках, але і паразважаць, што адбываецца вакол. Пакажыце вучням малюнак, і папрасіце іх дэталёва разгледзець, а затым апісаць тое, што яны бачаць. Можна дапамагчы дзецям дадатковымі пытаннямі, ці звярнуць увагу на дэталі, якія былі не заўважаны.
«Інцэніроўка казкі». Для таго, каб інсцэніраваць казку, неабходна задзейнічаць групу дзяцей. Падрыхтаваць патрэбныя касцюмы. І даць магчымасць дзецям самім падумаць над характарам таго ці іншага персанажа, над дэкарацыямі і пастаноўкай казкі. Размяркоўваць ролі неабходна з улікам індывідуальных асаблівасцей дзяцей і характару саміх персанажаў казкі.
«Калаж з казак». Прыдумванне новай казкі на аснове ўжо вядомых дзецям казак. «Вось што адбылося з нашай кнігай казак. У ёй усе старонкі пераблыталіся: Курачку-рабку, Зайца і Вожыка злы чараўнік ператварыў у пацукоў. Бедавалі яны, сумавалі і вырашылі шукаць паратунку. Сустрэлі Чараўніка, а ён забыў заклінанне… » Далей пачынаецца творчая сумесная праца дзяцей і настаўніка.
«Знаёмыя героі ў новых абставінах». Гэты прыём развівае фантазію, ламае звыклыя стэрэатыпы ў дзяцей, стварае ўмовы, пры якіх галоўныя героі застаюцца, але трапляюць у новыя абставіны, якія могуць быць фантастычнымі і неверагоднымі.
«Выратавальныя сітуацыі ў казках». Такі прыём служыць перадумовай для сачынення розных сюжэтаў і канцовак. Акрамя ўмення сачыняць, дзеці вучацца знаходзіць выхад са складаных часам абставін.
«Казкі на новы лад». Прыём дазваляе па-новаму паглядзець на вядомыя сюжэты. Старая казка «Разумная дачка». Казка на новы лад – « Разумная дачка злая і лянівая».
Казкі ад «жывых» кропель і кляксаў. Спачатку трэба навучыць дзяцей рабіць кляксы (чорныя, каляровыя). Затым вучань, гледзячы на іх, пачынае бачыць вобразы, прадметы або іх асобныя дэталі і павінен адказаць на пытанні: “На што падобная твая або мая клякса?”, “Каго або што нагадвае?”, далей можна перайсці да наступнага этапа – абвядзенне або дамалёўка клякс. Вобразы «жывых» клякс дапамагаюць сачыніць казку.
«Мадэляванне казак». Спачатку неабходна навучыць малодшых школьнікаў складанню казкі па прадметна-схематычнай мадэлі. Напрыклад, паказаць які-небудзь прадмет або малюнак, што павінен стаць адпраўной кропкай дзіцячай фантазіі. Напрыклад, чорны домік можа быць домікам Бабы Ягі або каго-небудзь іншага, чорны ён таму, што той, хто жыве ў ім – злы…
На наступным этапе можна прапанаваць некалькі картак з ужо гатовай схематычнай выявай герояў (людзі, жывёлы, казачныя персанажы, з’явы, чароўныя аб’екты). Дзецям застаецца толькі зрабіць выбар, і прыдумванне казкі пойдзе хутчэй. Калі дзеці засвояць спрошчаны варыянт працы са схемамі да казкі, яны здолеюць самастойна стварыць мадэль прыдуманай казкі і расказаць яе з апорай на мадэль.
Пры рабоце над казкай намі выкарыстоўваліся таксама наступныя заданні:
1. Казачна-гульнявая сітуацыя: прадметы «ажываюць». Прапануйце дзецям адгадаць, які характар у марской ракавіны, у самаробнага вожыка, у званкоў рознай формы і з розным гучаннем. Што і як яны сказалі б, калі змаглі б ўступіць у гутарку з дзецьмі і адзін з адным?
2. Скласці апавяданне ад імя сонца, леса, вады, агню.
3. Скласці дыялог розных жывёл, напрыклад, кракадзіла і малпы.
4. Апісаць адну і тую ж сітуацыю з пункту гледжання розных яе ўдзельнікаў, інтарэсы якіх могуць быць і процілеглымі. Да прыкладу, з пункту гледжання ката і з пункту гледжання вераб’я, змешчанага ў клетцы.
5. Прачытайце пачатак казкі і абмяркуйце з дзецьмі, што можна чакаць у далейшым: з’яўленні герояў і прыгажунь, прыгод і цудаў ці характэрных персанажаў (прастакоў і хітруноў і г.д.). (Звярніце ўвагу дзяцей на маўленчыя характарыстыкі персанажаў).
6. Прапануйце дзецям апісаць акварыум з пункту гледжання яго ўладальніка, а потым з пункту гледжання рыбкі, якая там плавае, і гаспадарскага Ката. Ці хай паспрабуюць убачыць які-небудзь прадмет, напрыклад люстэрка, вачамі птушкі, сабакі, зусім маленькага дзіцяці [2, с. 57].
Завяршаючы артыкул, можна прыйсці да высновы, што, мабыць, няма ніводнага дзіцяці, які не любіў бы казкі, не жадаў бы падоўгу слухаць займальныя гісторыі, поўныя яркіх падзей і цудоўных прыгод. Аднак казка – гэта не толькі забаўка, але і выдатны спосаб для таго, каб развіць творчае ўяўленне дзіцяці. А для гэтага патрэбна ўсяго толькі фантазія, жаданне падарыць дзецям пазітыўныя эмоцыі, і, вядома, спецыяльныя методыкі, якія дазваляюць развіваць творчае ўяўленне дзяцей, а таксама папоўніць слоўнікавы запас, замацаваць граматычны лад мовы, навучыць выражаць эмоцыі, развіваць маўленне.
Спіс літаратуры
1. Мухина, В.С. Возрастная психология: феноменология развития, детство, отрочество / В.С. Мухина. – 4-е издание. – М.: «Академия», 1999. – 456 с.
2. Юхновская, В.Н. Сквозь призму сказки / В.Н. Юхновская, А.А. Варакса. – Мозырь: Содействие, 2008. – 172 с.