Ліс В.У. Некаторыя прыёмы выпрацоўкі бегласці чатання

Бегласцю чытання называецца самы высокі тэмп чытання, пры якім вучні свядома ўспрымаюць прачытанае. «Чытанне без расцягвання гукаў, складоў, слоў, без паўз паміж складамі, словамі, сказамі, чытанне лёгкае, без асаблівага напружання называецца беглым» [1, с. 156]. Бегласць чытання характарызуецца ўспрыманнем і вымаўленнем пэўнай колькасці слоў у хвіліну. Павелічэнне тэмпу чытання магчыма толькі пры плаўным чытанні цэлымі словамі. Прычым хуткасць чытання ўзрастае паступова і абумоўліваецца правільным і свядомым чытаннем.

Існуюць некаторыя ўмовы паспяховага фарміравання навыку беглага чытання: 1) задача навучыцца бегла чытаць, разам з задачай фарміраваць інтарэс да чытання, павінна быць пастаўлена перад вучнямі са стараны настаўнікаў пачатковай школы, настаўнікаў літаратуры ў сярэднім звяне, адміністратара; 2) гэтыя задачы павінны быць прыняты вучнямі і іх бацькамі; 3) настаўнік, вучні, бацькі павінны быць навучаны спецыяльным практыкаванням па тэхніцы чытання; 4) неабходна падрыхтаваць вучняў да замеру па тэхніцы чытання, настроіць іх на сур’ёзную працу ў выпадку няпоспеху, калі нарматыў тэхнікі чытання імі не выкананы; 5) дыягнастычны замер тэхнікі чытання дае магчымасць вызначыць групу вучняў, якім няма неабходнасці працаваць над гэтым навыкам, і групу вучняў, якія не выконваюць норму і з якімі трэба будзе працаваць; 6) авалоданне неабходнай тэхнікай чытання не павінна зводзіцца да эпізадычных замераў; 7) праца над тэхнікай чытання для вучняў, не дасягнуўшых поспеху, павінна быць штодзённай; 8) праца па тэхніцы чытання не павінна перавышаць на працягу дня 10–15 хвілін, але ў кожным выпадку неабходна праверка асмыслення тэксту; 9) настаўнік пасля атрымання справаздачы пра самастойную работу праводзіць кантрольную праверку. Арганізуючы кантроль над тэхнікай чытання, неабходна, каб вучань зразумеў, што беглае чытанне – гэта толькі неабходны сродак для рашэння вучэбных, пазнавальных задач. Таму для вучня важна, каб ён асэнсаваў прачытаны тэкст, мог яго пераказаць, скласці да яго пытанні, вылучыць галоўнае, адказаць на пастаўленыя пытанні, даць загаловак прачытанаму тэксту [2, с. 37–39].
Як паказваюць даследванні, вочы чалавека пры чытанні знаходзяцца ў адным з двух станаў: фіксацыя (прыпынак) або змена кропак фіксацыі (рух вачэй). Успрыманне прачытанага тэксту адбываецца толькі ў момант прыпынку або фіксацыі. Натуральна, што хуткасць перапрацоўкі атрыманай пры чытанні інфармацыі (а значыць, і хуткасць чытання) залежыць ад таго, якая колькасць інфармацыі будзе ўспрынята дзіцём у момант затрымання погляду.
Для беглага чытання неабходна мець добра развіты перыферычны зрок. Вядома, што пры руху погляду чалавека па радках тэксту найбольшая вастрыня зроку і паўнаты ўспрымання адбываецца толькі ў цэнтральнай зоне яснага бачання. Усё тое, што знаходзіцца па-за гэтай зонай, чалавек бачыць смутна, а то і наогул не бачыць. Значыць, для таго, каб дзіця чытала хутка, неабходна працаваць над развіццём аператыўнага поля чытання дзяцей і адначасова над развіццём памяці дзіцяці. Дапамогуць у гэтым спецыяльныя практыкаванні.
Практыкаванні ў чытанні слоў, словазлучэнняў, невялікіх сказаў. Пачынаць падобную працу варта з чытання нескладаных слоў: спачатку слова, якое складаецца з двух складоў, затым – з трох, далей – два невялікіх словы, і, нарэшце, цэлыя сказы, што складаюцца з 10–12 знакаў. Педагогу, які складае практыкаванні для чытання, варта памятаць, што кожны наступны радок або заданне павінна быць некалькі даўжэйшым за папярэдні. Перад выкананнем практыкаванняў вучням даецца ўстаноўка: «Чытаеш першае слова, глядзі адразу на наступнае, паспрабуй яго зразумець».
Некаторыя прыклады заданняў гэтага віду для вучняў першага класа:
а) зіма
зімовы
зімаваць
б) зіма
зіміца
Прыйшла зіма.
Прайшла зіма
в) сябар – сяброўскі
моцны – адважны
Дзецям другога класа прапаноўваюцца для чытання больш складаныя заданні. У іх прысутнічаюць словы, запісаныя ў слупок і ў радок, невялікія сказы. Падбіраючы заданні для падобных практыкаванняў, настаўнік можа спецыяльна выкарыстаць словы, словазлучэнні і сказы, пры чытанні якіх можа быць арганізавана спадарожная праца па паўторы правіл правапісу, развіццю маўлення вучняў. Напрыклад:
вучэнне
вучань
навуковец
бура, віхура, завея, замець
Чытанне – вось лепшае вучэнне.
«Знайдзіце слова».
Прачытайце словы, адначасова па вылучаных літарах паспрабуйце знайсці і прачытаць новае слова.
Нос Паліна
метро лес
вока аўсянка
чайка
зызюля
Прачытайце словы ў слупках так, як паказваюць стрэлкі: спачатку зверху ўніз, а затым знізу ўверх.

Як вядома, цікавасць у вучняў пачатковых класаў выклікаюць заданні гульнявога, творчага характару, заданні на кемлівасць і ўвагу. Падобныя практыкаванні можна смела прапанаваць дзецям для самастойнай працы.
«Лесвічка». Самастойна складзіце лесвічку з слоў, якія пачынаюцца з літары Д, так, каб кожнае наступнае слова на адну літару было даўжэй папярэдняга.
Д_________До
Д_________Дом
Д_________Дача

«Складовы аўкцыён». Прачытайце словы, якія пачынаюцца з аднаго і таго жа склада, працягнеце гэты рад (для палягчэння ўспрымання склад вылучаецца): КАра, КАза, КАцёл, КАроль, КАрабель і г.д.
Прачытайце словы, у сярэдзіне якіх знаходзіцца склад «ТА», прыдумайце свае словы: маТАцыкл, кофТАчка і г.д.
Прачытайце словы, якія заканчваюцца на – «ЦЫ», дапоўніце рад: птушЦЫ, ганЦЫ, нажніЦЫ, майстрыЦЫ, пастаяльЦЫ і г.д.
Практыкаванні, якія развіваюць гнуткасць і хуткасць чытання ўслых і моўчкі. Увага ў навучанні малодшых школьнікаў чытанню павінна надавацца чытанню моўчкі, «пра сябе» – чытанню вачыма, без знешніх моваруханняў. Практыка паказвае, што настаўнікі пачатковых класаў, прапаноўваючы на ўроку такое чытанне вучням, не заўсёды вучаць дзяцей правільна чытаць моўчкі. Між тым чытанне ўслых, якому доўгі час надавалася ў школе першараднае значэнне, гэта значэнне паступова губляе, бо такое чытанне, як правіла, абслугоўвае першым чынам таго, хто слухае, а не таго, хто чытае. Яно спрыяе развіццю ў дзіцяці арфаэпічнай пісьменнасці, фарміраванню навыкаў успрымання і прайгравання інтанацыйнага і рытма-меладычнага ладу мовы, узбагачэнню слоўнікавага запасу, а значыць і ўдасканаленню вуснага і пісьмовага маўлення дзіцяці.
Маўклівае чытанне спрыяе ўзмацненню сэнсавай апрацоўкі чытаемай інфармацыі, бо здымае неабходнасць вуснага прайгравання прачытанага і спрыяе паскарэнню тэмпу зрокавага ўспрымання прыкладна ў два разы. Каб школьнік добра вучыўся, хутка і свядома засвойваў тэкст матэматычнай задачы, мастацкага або навукова-пазнавальнага тэксту ў падручніку, мог свабодна чытаць кнігу, неабходна яго навучыць чытаць моўчкі.
На самай справе, вучыць малодшага школьніка правільна, свядома і бегла чытаць моўчкі можна пачынаць з першага года навучання (другога паўгоддзя), выкарыстоўваючы для працы чытанне складоў, слоў, сказаў, невялікіх тэкстаў займальнага матэрыялу. Каб адвучыць дзіця варушыць вуснамі падчас такога чытання рэкамендуецца выкарыстаць практыкаванне «Вусны». Па ўказанні настаўніка чытаць бязгучна: дзеці шчыльна сціскаюць вусны і прыкладваюць да іх палец левай рукі – гэтым падмацоўваецца псіхалагічная ўстаноўка на бязгучнае чытанне. Праца праводзіцца на ўроках франтальна да таго часу, пакуль руханне вуснамі ў большай часткі класа не спыніцца. У будучыні практыкаванне можа праводзіцца індывідуальна, з асобнымі вучнямі.
Для развіцця ў дзяцей хуткасці чытання і ўмення вылучаць асноўную інфармацыю можа быць прапанавана практыкаванне «Фініш». Для яго лепш выкарыстаць дадатковую кнігу для чытання (напрыклад, «Літаратурнае чытанне») або падрыхтаваць спецыяльныя карткі. Настаўнік называе старонку, дзе змешчаны дадатковы тэкст, і слова (групу слоў), да якога (якіх) дзеці павінны як мага хутчэй дачытаць. Словы для падобнага задання падбіраюцца з другой часткі тэксту так, каб яны сустракаліся ў ім толькі адзін раз.
Па камандзе настаўніка «На старт! Увага! Марш!» вучні адначасова моўчкі пачынаюць чытаць тэкст. Той, хто першым дачытаў да паказанага слова (групы слоў), паднімае руку або ўстае з-за парты, гэта значыць, ён першым прыйшоў да фініша. Каб праверыць школьнікаў, а заадно і пераканацца ў тым, што яны сапраўды чыталі, а не шукалі паказаныя словы, ёсць сэнс спытаць дзіця паказаць зададзенае слова, а лепш – задаць пытанне на разуменне прачытанага. Практыкаванне можа быць праведзена ў больш складаным варыянце – прачытаць да адказу пастаўленае перад чытаннем пытанне (пры гэтым адказ на пытанне можна знайсці толькі ў другой частцы тэксту).
Для развіцця хуткасці і гнуткасці чытання (уменні змяняць тэмп чытання ў залежнасці ад зместу тэксту) можна выкарыстаць практыкаванне «Буксір». Настаўнік гучна чытае тэкст, змяняючы тэмп чытання ў залежнасці ад зместу тэксту, аднак з улікам тэмпу чытання «сярэдняга вучня». Дзецям прапаноўваецца чытаць гэты жа тэкст моўчкі, але з адной умовай — паспяваць за настаўнікам. Каб праверыць увагу вучняў падчас чытання, а таксама захаванне імі рэжыму хуткасці чытання, зададзенага педагогам, настаўнік раптам спыняецца на якім-небудзь слове або два разу паўтарае яго. У такім разе дзеці спыняюцца разам з ім і паказваюць на апошняе прачытанае слова (педагог выбаркова правярае працу класа). Другі спосаб праверкі выклікае цікавасць вучняў – падчас чытання настаўнік спецыяльна замяняе адно слова іншым, блізкім па сэнсе або гучанні (замест слова «вучань» вымаўляе «вучаніца» або «школьнік»). Дзеці заўважаюць «памылку», паднімаюць руку і выпраўляюць яе. Напрыклад:
У маманцік (замест моманцік) знайшліся і дочачка (дошчачка), і шнуркі, і боцікі (дроцікі) ды ўсё, што было патрэбна, і пачалося прыбіранне «елкі». Добра-такі хлопчыкі намучыліся, пакуль усё навадзілі (наладзілі). Але затое якая рагатая (багатая) была «елка» і колькі на ёй розных прысмакаў: на дошчачцы ляжалі кошкі (крошкі) хлеба, зярняты маку, жыта, ячменю, канопляў, сланечніку, лёну.
Для пашырэння аператыўнага поля чытання да памераў слова сярэдняй даўжыні (5-6 літар), а таксама развіцця памяці вучняў падчас чытання моўчкі карысным будзе выкарыстанне практыкавання «Фотавока». Для яго на празрыстай плёнцы настаўнік загадзя піша слупкі чатырох-, пяці- і шасцілітарных слоў, якія паказваюцца дзецям па адным. Час паказу кожнага слова фіксуецца: спачатку 1 секунда, затым – 0,75; 0,5; 0,25 секунды. Дзеці моўчкі чытаюць словы з экрана (як бы «фатаграфуючы» іх). Для кантролю ўвагі дзяцей і ўсвядомленасці іх чытання пасля паказу кожнага дзесятка слоў настаўнік прапаноўвае вучням пытанне: ці было сярод паказаных неабходнае слова. Варта адзначыць, што названае слова сярод тых, што былі пададзены дзецям, магло і адсутнічаць.
Калі вучні добра спраўляюцца з прапанаваным заданнем, яго можна ўскладніць: дзецям даюцца для чытання словы, якія складаюцца больш, чым з шасці літар, уключаюцца словазлучэнні з 7–10 літар, лічачы таксама прабел паміж словамі. Напрыклад, «новая хата», «за два дні» і інш.
«Маланка». Яго сутнасць заключаецца ў чаргаванні чытання ў камфортным рэжыме з чытаннем з максімальнай для кожнага вучня хуткасцю, чаргаванні чытання моўчкі з чытаннем ўслых. Пры звычайным чытанні пасля каманды настаўніка «Маланка» дзеці максімальна паскараюць свой тэмп чытання.
«Шматразовае чытанне». Дзецям прапаноўваецца незнаёмы тэкст з наступнай паслядоўнасцю заданняў: 1. Прачытайце за адну хвіліну, пастарайцеся чытаць без памылак. Падлічыце, колькі слоў вы прачыталі і вынік запішыце. 2. Прачытайце тэкст яшчэ раз, старайцеся чытаць як мага хутчэй (у рэжыме скорагаворкі)! Адзначце, да якога слова вы дачыталі цяпер, параўнайце вынік з папярэднім. 3. Чытайце як можна больш выразна. (Дзеці пачынаюць чытаць. Хвіліна, якая фіксіравалася раней, праходзіць, але настаўнік не спыняе дзяцей, якія будуць упэўнены ў тым, што чытаюць ужо знаёмы тэкст, захоўваюць хуткасць чытання на незнаёмай частцы тэксту).

Спіс літаратуры

1. Методыка выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах / пад рэд. А.П. Шанько. – Мінск: Вышэйшая школа, 1986. – 407 с.
2. Путина, Н.Д. Организация эффективного контроля за формированием у учащихся навыка беглого чтения / Н.Д. Путина // Начальная школа. – 2002. – № 3. – С. 37–41.

Запись опубликована в рубрике Теория и практика современного начального образования. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>