Чытанне можа быць механічным (калі мы “гонімся” толькі за тэхнікай чытання), можа быць свядомым і выразным. Пры гэтым сапраўднае чытанне – гэта толькі разуменне.
Пад свядомым чытаннем мы разумеем асэнсаванае чытанне цэлымі словамі з наступнай здольнасцю да разумення тэмы, асноўнай думкі, зместу твора, яго павучальнай сутнасці. [1, с.23]
Чытанне мае сэнс толькі тады, калі чытальнік разумее тое, пра што ён чытае. Разуменне тэксту складаецца з разумення значэнняў асобных слоў, граматычных формаў, сказаў (разуменне на ўзроўні значэння) і разумення зместу тэкста (разуменне на ўзроўні сэнсу). Асноўным прыёмам, які забяспечвае развіццё свядомага чытання ў вучняў пачатковай школы, з’яўляецца неаднаразовы зварот да тэкста, перачытванне яго кожны раз з новым заданнем.
Віды работ над тэкстам:
1. Чытанне, дзяленне на часткі, састаўленне плана.
2. Чытанне, пошук урыўка да малюнка.
3. Знаходжанне ў тэксце ўрыўка, які дапаможа адказаць на пытанне.
4. Знаходжанне самага прыгожага месца ў апавяданні ці ў вершы.
5. Знаходжанне па дадзенаму пачатку ці канцы сказа ўсяго сказа.
6. Чытанне і знаходжанне сказаў, якія сталі прыказкамі і прымаўкамі.
7. Чытанне і знаходжанне ў тэксце слоў і выразаў, з дапамогай якіх можна намаляваць вусны партрэт героя.
8. Знаходжанне ўрыўка, які адлюстроўвае галоўную думку твора.
9. Знаходжанне сказа (урыўка), які мог бы прачытаць адзін з чалавечкаў – сумны, вясёлы, звычайны.
10. Хто хутчэй знойдзе ўрывак, прачытаны настаўнікам.
11. Знаходжанне самага доўгага слова ў тэксце.
12. Чытанне і абазначэнне незразумелых слоў. [2, с.17-18]
Выразнасць чытання – гэта вобразная перадача тэксту чытачам у адпаведнасці з задумай пісьменніка. Яна цесна звязана са свядомым чытаннем. Каб выразна прачытаць, трэба перш за ўсё добра ўявіць сабе тое, аб чым чытаеш, зразумець галоўную думку, характэрныя асаблівасці герояў, адносіны аўтара да герояў. Сярод настаўнікаў бытуе думка, што выразнасць – паказчык свядомасці. У большасці выпадкаў такое сцверджанне справядліва.
Важнейшымі ўмовамі, пры якіх вучні паспяхова будуць авалодваць асновамі выразнага маўлення і чытання, лічацца:
1) Раўнамернае размеркаванне дыхання ў час маўлення, чытання.
Сутнасць пастаноўкі дыхання заключаецца не ва ўменні набіраць магчыма большы запас паветра пры ўдыханні, а ва ўменні нармальны, аптымальны запас яго расходваць рацыянальна. Гэта значыць, што мышцы, якія удзельнічаюць у дыханні, не павінны адразу пасля ўдыхання пасіўна расслабляцца. Іх расслабленне павінна падпарадкоўвацца нашай волі і па меры неабходнасці праходзіць паступова. У выніку доўгай трэніроўкі ўсе гэтыя працэсы пераходзяць у аўтаматычныя. У пачатку работы над дыханнем кіраванне дыханнем павінна быць асноўным аб’ектам увагі. Правільна арганізаваны трэнаж павялічвае “даўжыню” дыхання.
Пастаноўка дыхання – працэс складаны, які патрабуе доўгага часу і кіраўніцтва спецыяліста.
2) Правільная артыкуляцыя кожнага гука і выразная дыкцыя.
Дыкцыя – гэта выразнае і правільнае вымаўленне асобных гукаў. Яна – аснова дакладнасці, зразумеласці мовы. Яскравасць і чысціня вымаўлення залежаць ад правільнай і актыўнай работы артыкуляцыйнага апарата (языка, губ, ніжняй чэлюсці, гартані).
Сістэма практыкаванняў па дыкцыі ўключае:
- Трэнаж артыкуляцыйнага апарата (артыкуляцыйная гімнастыка).
- Адпрацоўку галосных гукаў.
- Адпрацоўку зычных гукаў.
- Практыкаванне на спалучэнне гука, які трэніруюць, з галосным.
- Практыкаванні са словамі, якія ўтрымліваюць трэніруемы гук.
- Практыкаванні на чытанне кароткіх тэкстаў, якія насычаны трэніруемым гукам.
- Практыкаванні з тэкстамі скорагаворак і чыстагаворак для выпрацоўкі трывалых навыкаў захавання дакладнасці вымаўлення пры любым тэмпе мовы.
- Чытанне дыкцыйна цяжкіх тэкстаў па вымаўленні, тэмпе і г.д.
Артыкуляцыйная гімнастыка як папярэдні этап перад заняткамі дыкцыяй неабходны, каб ліквідаваць распаўсюджаныя недахопы мовы, якія адмоўна ўздзейнічаюць на выразнасць вымаўлення – вяласць губ, малое адкрыццё рота на галосных (вымаўленне скрозь зубы), агульную нядбайнасць і г. д. [3, с.31-33]
3) Захаванне норм літаратурнага вымаўлення.
Выпрацоўку выразнасці чытання ў вучняў настаўнік пачынае з практыкаванняў у правільным дыханні, вучыць іх кіраваць сваім голасам, правільна карыстацца ім: гаварыць, чытаць гучна або ціха, выбіраць хуткі ці павольны тэмп у залежнасці ад зместу верша. Для выпрацоўкі правільнай дыкцыі настаўнік прапануе школьнікам чытаць склады са збегам зычных, вымаўляць асобныя гукі ці пары гукаў, чытаць і завучваць скорагаворкі.
Развіццё выразнасці пры чытанні вершаў магчыма толькі пры выкананні наступных патрабаванняў:
1. Захаванне граматычных паўз. З важнейшымі законамі прыпынку (коскаю, кропкаю,клічнікам, пытальнікам) вучні знаёмяцца яшчэ ў перыяд навучання грамаце. З першых крокаў у іх выпрацоўваецца ўменне рабіць адпаведныя паўзы, захоўваць патрэбную інтанацыю на граматычных знаках прыпынку: на кропцы – доўгая паўза і паніжэнне голасу, на косках – кароткая паўза і голас крыху паніжаецца. Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на тое, што кожны знак прыпынку звязаны са зместам сказа і ўсяго тэксту. Вучні павінны адчуць неабходнасць выразіць тое ці іншае пачуццё: захапленне, радасць, здзіўленне, страх.
2. Выкарыстанне лагічных і псіхалагічных паўз. Граматычныя знакі прыпынку дзеці бачаць і адразу арыентуюцца, якую паўзу ці інтанацыю трэба ўжыць пры чытанні. Навучыць ужываць лагічныя і псіхалагічныя паўзы пры чытанні, расказванні – справа складаная. Лагічныя паўзы не звязаны са знакамі прыпынку, а залежаць ад сэнсу асобных слоў і частак сказа. Лагічная паўза выдзяляе найбольш важнае слова ў сказе і бывае перад гэтым словам ці пасля яго. Лагічная паўза ўжываецца і для таго, каб падзяліць сказы на асобныя такты, у якіх выражаецца нейкая часцінка думкі, выказанай у сказе. Напрыклад:
Непрыкметна зусім /
Праплыве павуцінкай,
Гляне // жоўтым лістком //
З-пад зялёнай хусцінкі.
П.Броўка [1, с.115]
Псіхалагічныя паўзы служаць для аддзялення частак твора, якія адрозніваюцца настроем. Псіхалагічная паўза залежыць ад кантэксту і вызначаецца ім. Яна самая актыўная з паўз і дапамагае слухачам зразумець галоўнае ў тым, пра што расказваецца ці чытаецца. Такая паўза неабходна. У канцы вершаваных радкоў невялікія паўзы захоўваюцца незалежна ад знакаў прыпынку і сэнсу наступнага радка. Яны падкрэсліваюць рытмічны малюнак верша. Інтанацыя ў вершы размяркоўваецца па ўсім сказе, а не па радку. Паўзы паміж радкамі не павінны парушаць інтанацыю сказа, пры іх не павінна быць паніжэння голасу ў канцы радка.
4) Захаванне лагічнага (сэнсавага) націску.
Важным элементам выразнасці чытання вершаў лічыцца лагічны націск. У сказе ці ў словазлучэнні адно або некалькі важных слоў у сэнсавых адносінах вымаўляюцца з большай сілай голасу, а часам са змяненнем тону голасу. Такое выдзяленне слоў у сказе ці словазлучэнні называецца лагічным націскам. Нельга лічыць, што ён заўсёды выражаецца большай гучнасцю вымаўлення і павышэннем тону. Сэнсавы націск можна выразіць паніжэннем голасу і запаволеным вымаўленнем слова. Яркія вобразныя словы выдзяляюцца лагічным націскам з мэтай падкрэсліць прыгажосць і эмацыянальны змест мастацкага вобраза верша і ўздзейнічаць на слухача. Яны залежаць ад зместу, які выкарыстоўваецца для перадачы розных пачуццяў, эмоцый, настрою. [4, с. 39]
5) Улік тэмпу і рытму чытання.
Тэмп чытання залежыць ад характару тэксту. У вершаванай мове, дзе раўнамерна чаргуюцца націскныя і ненаціскныя склады, заўважаецца рытм. Ён мае немалаважнае значэнне для эмацыянальнай перадачы падзей, апісання ўнутранага стану героя, а таксама выяўлення адносін аўтара да фактаў, падзей, з’яў, пададзеных у творы.
6) Выкарыстанне інтанацыі.
Інтанацыя, або тон чытання, дапамагае перадаць розныя пачуцці, эмоцыі, настрой. Яна ў вершах можа быць спакойнай ці сумнай, сур’ёзнай ці жартаўлівай, урачыстай ці прыніжанай. Глыбокі асэнсаваны разбор тэксту верша, усведамленне вучнямі вобразаў, думак будзе асновай для вызначэння правільнай інтанацыі чытання. Шчырая, праўдзівая, жывая і багатая інтанацыя нараджаецца сама па сабе, калі вучань, працуючы з вершам, зразумеў і ацаніў падзеі, думкі, вобразы, зблізіўся з літаратурным героем і вызначыў мэту чытання.
Пры выпрацоўцы выразнасці чытання верша важнае значэнне мае мова твора. Немагчыма дабівацца ад вучняў выразнага чытання, калі ім незразумелы словы, выразы. Пагэтаму назіранне над мастацка-вобразнымі сродкамі становіцца арганічнай часткай работы па выясненню ідэйнай накіраванасці твора.
Работа над выразным чытаннем павінна абапірацца на ўзнаўленне ўяўленняў школьнікаў, г.зн. на іх уменне ўяўляць карціну жыцця па аўтарскаму слоўнаму апісанню, убачыць унутраным поглядам тое, што адлюстраваў аўтар.
Абавязковай умовай работы над выразным чытаннем верша з’яўляецца таксама і абмеркаванне ў класе варыянтаў чытання прааналізаванага верша. Пажадана, каб у канцы ўрока два-тры вучні прачыталі ўслых твор, а вучні класа абмеркавалі недахопы і станоўчыя бакі ў яго чытанні. Пры гэтым тон такога абмеркавання павінен быць добразычлівым. [4, с.50]
Галоўнай мэтай навучання дзяцей выразнаму чытанню з’яўляецца фарміраванне ўмення вызначаць задачу чытання ўслых: перадаць слухачам сваё разуменне зместу верша пры дапамозе выбраных сродкаў вуснай мовы. Аднак такое складанае ўменне ўзнікае як вынік доўгай работы настаўніка над выпрацоўкай, па-першае, уменняў, якія дапамагаюць пранікнуць у сэнс верша, а па-другое, умення мэтанакіравана карыстацца сваім голасам. Прыкладам такой работы можа быць:
- знайсці ў вершы словы-паметы, якія ўказваюць на тое, як патрэбна чытаць, падкрэсліць іх і прачытаць фразу правільна;
- адзначыць на палях, што выражаюць героі, падумаць, як патрэбна прачытаць;
- вызначыць адносіны аўтара да героя ці вобраза па таму , якія словы выкарыстаны ў вершы;
- вызначыць свае адносіны да герояў ці вобразаў.
Паступова падключаецца самастойнае чытанне тэксту — пачынаецца навучанне чытанню «сам сабе» паралельна з развіццём чытання ўголас. Маўклівае чытанне, або «сам сабе», мае важнае практычнае значэнне. Людзі ў сваім штодзённым жыцці карыстаюцца пераважна маўклівым чытаннем. Маўклівае чытанне ідзе хутчэй, паколькі ў такім чытанні адсутнічаюць маўленчыя працэсы. Тут у чытача адна асноўная задача — зразумець прачытанае самому, таму такое чытанне абавязкова павінна кантралявацца шляхам выбарачнага чытання, вуснага апытвання, пераказу. [5, с.66]
Спіс літаратуры
- Чахоўскі Г.К., Чахоўская Т.Л. Сучасная беларуская мова. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія/ Г.К.Чахоўскі, Т.Л.Чахоўская. – Мінск, 2010.
- Куцанава, Т.С. Пазакласнае чытанне ў пачатковых класах / Т.С. Куцанава, В.С. Варапаева. Мінск, 1985.
- Лукашук, М.П. Развіццё мовы вучняў пачатковых класаў / М.П. Лукашук. Мінск, 1980.
- Яленскі, М.Г. Лінгвадыдактычная парадыгма асобасна арыентаванага навучання мове ў сучаснай школе / М.Г. Яленскі.– Мінск, 2002.
- Падгайскі, Л.П. Развіццё мовы вучняў пачатковых класаў / Л. П. Падгайскі, Я.М. Івашуціч. – Мінск, 1979.