У мастацкiм творы ўласныя імёны адыгрываюць важную эстэтычную ролю: яны не проста выступаюць сродкам намінацыі асобы, але і вызначаюць статус персанажа, перадаць эмацыянальныя ацэнкі і характарыстыкі. Пiсьменнiк стварае сваю асаблівую анамастычную сiстэму, абапiраючыся на рэальную падсiстэму ўласных iмёнаў мовы i кiруючыся законамi будовы мастацкага тэксту.
У каляядзерную структуру антрапанімічнага поля мастацкага твора ўваходзяць імёны, якія цесна звязаны з ядзернай структурай – імёнамі галоўных герояў, – і з’яўляюцца найбольш частотнымі ў творы. Каляядзерная структура антрапанімічнага поля рамана Леаніда Дайнекі“Меч князя Вячкі” складаецца з невялікай колькасці кампанентаў – Соф’я, Дабранега, Халадок, Клімята, Якаў, Мірошка, Генрых.Носьбіты гэтых імёнаў звязаны з галоўнымі героямі як сямейнымі, так і духоўнымі, таварыскімі сувязямі.
Так, найбольш блізкія да князя Вячкі людзі – гэта яго сям’я (дачка Соф’я і жонка Дабранега) і паплечнікі (Халадок, Клімята, Якаў, Мірошка).
Князёўна Соф’я–дачка князя Вячкі і яго нябожчыцы-жонкі Звеніславы: Як падобна яна была на на сваю маці, княгіню-нябожчыцу Звеніславу! Тыя ж вочы, блакітныя і гордыя, той жа нос з лёгкай гарбінкай, толькі зусім маленькі – яшчэ не вырас. Звеніслава, нарадзіўшы Соф’ю, праз тры дні памерла ад гарачкі [1, c.33].
Уласнае імя Соф’я грэчаскага паходжання, мае значэнне ‘мудрасць’ [2, с.153]. Анамастычная парадыгма імені складаецца з дзвюх формаў–Соф’яіСоф’ечка. Форму Соф’ечка ўжывае ў рамане толькі сам князь Вячка,падкрэсліваючы гэтым самым у першую чаргу ўзрост князёўны (ёй 5 гадоў): – Дрэнны той князь, на якога ўздымуць дзясніцу ягоныя ж халопы. Слуг трэба трымаць у паслушэнстве, Соф’ечка[1, с.34].Адлюстраваліся ў гэтым імені і яго адносіны да адзінай дачкі: Ён любіў маленькую светлавалосую князёўну, якая пражыла на зямлі ўсяго толькі пяць сонцаваротаў і неўзабаве павінна была адплысці ў Лоддзі Смерці туды, дзе блукаюць няясныя самотныя цені мёртвых[1, с.28]. Леанід Дайнека надзяліў свайго героя князя Вячку не толькі лепшымі якасцямі сына сваёй зямлі, але і бацькоўскімі пачуццямі да свайго дзіцяці.Толькі ў адносінах да Соф’і, у думках пра яе, князь становіцца клапатлівым, пяшчотным, чулым, добрым: Дачка Соф’я, ледзь што не па ёй, ледзь чым не ўгодзіш, плача і кажа яму, бацьку: “Не буду з табой дружыць” быццам яе дружба, быццам увага пяцігадовага неразумнага чалавечка самая высокая ўзнагарода бацьку на гэтай зямлі! А можа, так яно і ёсць, можа, так і ёсць? [1, c.39]. Аднак лёс падрыхтаваў Вячку самае моцнае з усіх выпрабаванняў – выбар паміж радзімай і дачкой. Ворагі выкралі пяцігадовую Соф’ю і за яе вызваленне запатрабавалі палову зямлі і палову горада. Сцэна сустрэчы бацькі з дачкой – адна з самых трагічных у творы: — Ідзі, Халадок, да Клімяты. Ён піша полацкі летапіс. Хай напіша там, што я, кукенойскі князь, люблю сваю зямлю, дужа моцна люблю і пакладу за яе галаву. І напіша хай там, што я дужа люблю сваю дачку. Зямля, Халадок, будзе пустою, ледзяною, калі няма на ёй роднай душы. Хай напіша ў летапісе, што я бяру на сябе ўсю адказнасць перад Богам за тое, што адбудзецца[1, с.279]. Пісьменнік падкрэслівае думку, што сутнасць чалавека вызначаецца выбарам, што дзяржаўца адказны не толькі за сябе, але і за свой народ і радзіму.
Маленькая Соф’я застаецца ў палоне, аднак яе імя ‘мудрасць’ пакідае чытачу надзею на яе духоўнае выратаванне.
Маладая жонка Вячкі, князёўна Дабранега,– дачка Рагвалода Свіслацкага з Княжацкага сяльца.Уласнае імя Дабранегамае язычніцкае паходжання і адносіццада складаных двухслоўныхнайменняў знатных асобаў[3, с.44]. С.Ф.Бут-Гусаім адзначае, што “персанажы, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі высокіх саслоўяў (княскімі дружыннікамі, баярамі), носяць імёны-кампазіты. У такіх імёнах адлюстроўвана найстаражынейшая традыцыя імяслаўя – праслаўлення чалавека праз пасрэдніцтва спецыяльна створаных імёнаў” [4, с.7].
У імені Дабранега выразна выяўляецца карані добр- і нег-. Калі лексічнае значэнне слова добры зразумелае, то значэнне слова нега можна тлумачыць дваяка: як вытворны ад нежный або ад слова нега (паводле слоўніка У.Даля ‘упоенье, сладостное успокоенье духовное, нравственное, покойное услажденье; мечтательное забытье’). Абодва гэтыя значэнні адпавядаюць характару гераіні,якая мае вельмі добрае сэрца і мяккі характар:Чалядніца Куліна… угаворвала: “Але з тваім залатым сэрцам, княгінечка, ты каго хочаш палюбіць сябе змусіш. Нельга цябе не любіць[1, с.190].Дабрыня і чуласць князёўны праяўляецца і ў адносінах да маленькайпадчаркі. Дабранега робіцьусё магчымае, каб Соф’япалюбіла яе іставілася як да роднай маці: Дабранега падумала, што, калі такое сяброўства падабаецца Соф’і, няхай яно працягваецца. Магчыма, пацяплее падчырыца душою і хоць каліва з гэтай цеплыні перадасць ёй, Дабранезе. Будзе вясёлая Соф’я – будзе вясёлы Вячка. А гэта галоўнае для Дабранегі [1, с.202].
Любоўю да радзімы і нянавісцю да яе ворагаў звязаны з князям Вячкай яго адзінадумцы і паплечнікі. Напрыклад, Халадок– старшы войт князя, сапраўдны таварыш і дарадца: Падабаецца яму Халадок, але гэта – старшы дружыннік, князева рука. Ці захоча ён размаўляць з Якавам?[1, c.305].
Уласнае імя Халадок з’яўляецца дастаткова частотным– урамане ўжываецца 143 разы. Просты антрапонім язычніцкага паходжання дазваляе нам зразумець паходжанне героя і даведацца пра час яго нараджэння. С.Ф.Бут-Гусаім адзначае, што “славянскія паводле паходжання імёны прадстаўнікоў ніжэйшых саслоўяў уяўляюць сабой празванні-мянушкі, што ўтвараюцца на базе агульных назоўнікаў [4, с.7]. А нарадзіўся герой хутчэй за ўсё зімою [3, с.43].
Нягледзячы на нязнатнае паходжанне, Халадок становіцца правай рукой маладога князя: Са сваім сцягам Халадок стаяў у трэцяй варце. Апошнім часам князь Вячка толькі яму давяраў такі самы адказны занятак [1, с.275].
Адным з самым частотных у тэксце (мы налічылі 309 ужыванняў) з’яўляецца імяЯкаў. Анамастычная парадыгма імені гэтага героя складаецца з дзвюх формаў імені – Якаўі ЯкаўПалачанін.
Уласнае імя Якаў старажытнаяўрэйскага паходжання, мае значэнне ‘другі па нараджэнні’ [2, с.151]. На нашу думку, значэнне імені героя ў рамане цесна звязана з яго лёсам. Жыццё героя ўмоўна можна падзяліць на два перыяды. Першы, калі Якаў жыве ў Гарэлай Весі,аднак трапляе ў палон да друцкіх вояў, дзе не хоча мірыцца з тым, што ён нявольнік: Ішоў Якаў, губы кусаў з адчаю і крыўды. Ён, вольны смерд, павінен зрабіцца чалядзінам, рабочай жывёлай, якая ўмее размаўляць [1, с.126].У палоне герой марыць пра сваю будучыню: Я ўцяку ў горад,– удумках пакляўся сам сабе Якаў. – Я стану вольным чалавекам, стану Якавам Палачанінам[1, с.183]. Другі ж перыяд можна назваць другім нараджэннем Якава, калі герой трапляе да Вячкі, дзе сапраўды становіцца свабодным воінам. Менавіта тады Якаў і мяняе сваё імя, дадае да яго мянушку Палачанін: – Вунь яно што, – засмяяўся Вячка. – А ў мяне твой [Мірошкаў] зямляк ёсць. Сам таксама з Гарэлай Весі, а ўсім кажа, каб называлі яго Якавам Палачанінам[1, с.211].Паводле класіфікацыі М.В.Бірылы, мянушка Палачанін адносіцца да назваў асоб па геаграфічнай назве[3, с.95]. Аднак у рамане гэтая мянушка не акрэслівае месца нараджэння героя, а становіцца сімвалам яго статусу вольнага чалавека.
Лёс Мірошківельмі падобны да лёсу Якава, яго старэйшага сябра:Якаў быў старэйшы на шэсць сонцаваротаў за Мірошку, але яны сябравалі, не было ў іх між сабой тайнаў [1, c.83].Імя Мірошка сустракаецца ў тэксце рамана 301 раз. Такая частотнасць памяншальна-ласкальнай формы імя Мірон звязана з узростам героя: у той момант, калі адбываюцца падзеі, Мірошку толькі 10 год.
І толькі калі Мірошка трапляе да князя Вячкі, становіцца смелым і рашучым воінам, Л.Дайнека ўжывае поўнае імя Мірон. Гэтае ўласнае імя мае старажытнагрэчаскае паходжанне і ўтворана ад слова міра ‘араматны, духмяны царкоўны алей’, з’яўляецца скарочанай формай грэчаскага імя Міроній.Формы гэтага імя ілюструюць працэс асваення запазычаных імёнаў на славянскіх тэрыторыях Так, Г.М.Мезенка адзначае, што “ў Х ст. многія двухасноўныя імёны страцілісяі з’явіліся складанаскарочаныя тыпу Мірон”[3, c.44].
Важнае месца ў сістэме персанажаў рамана займае перапісчык Клімята– летапісец Полацкай зямлі:Я яшчэ павінен закончыць гісторыю Полацкай зямлі,– адказаў Клімята, захоплены сваёй справай [1, с.36].
У творы герой – увасабленне мудрасці і кніжнасці: Клімята верыў у несмяротную сілу слова і сказанага мудрым мужам, такім, як Іаан Златавуст ці Кірыла Тураўскі, і напісанага кінаварам або золатам на пергамене [1, с.37].Клімята – сын багатага баярына, пра што ўскосна сведчыць і яго імя, утворанае ад кораня Клім шляхам далучэння старажытнарускага суфікса –ята. Імя Клім, лацінскае па паходжанні, мае значэнне‘літасцівы’.
Нярэдка ў рамане хрысціянскае імя Клімята ўжываецца з спалучэнні з мянушкай Аднарукі. “Мянушка — адна з найбольш старажытных антрапанімічных форм. У дахрысціянскі перыяд імя было роўнае мянушцы. Пасля прыняцця хрысціянства амаль кожны чалавек меў, акрамя царкоўнага, яшчэ і язычніцкае імя, якое, па сутнасці, і было яго мянушкай”[3, c.86]. Мянушка Аднарукіхарактарызуе героя па знешнім выглядзе ці па фізічных якасцях[3, с.95]:Быў ён шчуплы, невысокі, з доўгімі бялявымі валасамі, без левай рукі – страціў у сечы [1, c.37].
У тэксце рамана ў Клімяты ёсць антыпод – малады светлавалосы клірыкГенрых, які піша гісторыю рыжскай царквы.Гэта адзіная асоба, якую можна разглядаць у цеснай сувязі з епіскапам Альбертам. Зразумела, што сям’і ў каталіцкага епіскапа быць не магло. Духоўным сынам Альберта з’яўляецца Генрых:Генрыху было дваццаць гадоў. У шаснаццацігадовым узросце епіскап Альберт прывёз яго з Брэмена ў Рыгу, каб пасвяціць у сан пастыра і даць яму царкоўны прыход. Але свяшчэннікам можна стаць толькі дасягнуўшы дваццаці аднаго года. Яшчэ год, і Генрых, ягоны [Альберта] любімы Генрых, надзене сутану і панясе ў гэтых дзікіх краях непагаснае святло пропаведзі дзеля Ісуса Хрыста і яго ўлюбёнай мацеры, Прасвятой Дзевы Марыі [1, с.216].
Уласнае імя Генрыхнямецкага паходжання, мае значэнне ‘галоўны ў хаце, уладар двара’. Значэнне імені, на нашу думку, цесна звязана з характарам і паводзінамі героя. Епіскап Альберт лічыць свайго ўлюбёнца Генрыха самым адукаваным і разумным чалавекам: Тыадзін здолееш зрабіць гэта. Ты малады, адукаваны, разумны, адданы рымскай царкве, у цябе цудоўная латынь – мова мудрасці. І ты добра ведаеш тутэйшы край, яго звычаі, мову [1, с.224].Менавіта Генрыху давяраюць перавыхаванне маленькай Соф’і, для якой ён становіцца ўладаром, робіць усё магчымае, каб змяніцьяе жыццё і светапогляд: – Я буду ляпіць яе [Соф’і] душу, як загадаў епіскап Альберт, і сам ачышчуся ад бруду язычніцтва, што ліпне з усіх бакоў, цягне назад, у балота і цемру. Я ведаю, з чаго пачынаць. Напачатку трэба забіць у душы князёўны мову крывічаў, якую яна чула з самага маленства[1, c.250].
Такім чынам, Л.Дайнека ў рамане “Меч князя Вячкі” праз ужыванне ўласных імёнаў дае нацыянальную, саслоўную і нярэдка эмацыянальную ацэнку сваім персанажам. Сістэма імёнаў, выкарыстаная ў творы, дае ўяўленне пра антрапанімічную сістэму таго часу: у творы мы бачым арганічнае спалучэнне язычніцкіх і хрысціянскіх імёнаў, адлюстраванне працэсу асваенне запазычаных імён, функцыянаванне розных тыпаў антрапонімаў.
Літаратура
- Дайнека, Л. Меч князя Вячкі: раман / Л.Дайнека. – Мінск: Юнацтва, 2000. – 332 с.
- Шур, В.В. З гісторыі ўласных імёнаў / В.В.Шур;пад.рэд. П.У. Сцяцко. – Мінск: Вышэйшая школа, 1993. – 156 с.
- Мезенка, Г.М. Беларуская анамастыка: навуч. дапаможнік для студэнтаў універсітэтаў / Г.М. Мезенка. – Мінск: Вышэйшая школа, 1997. – 119 с.
- Бут-Гусаім, С.Ф. Антрапанімікон трылогіі Вольгі Іпатавай “Гаспадары Вялікага княства” / С.Ф. Бут-Гусаім // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 3, Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія. – 2010. – №1. – С.5–13.