Коўш С.М. ПРАДСТАЎЛЕНАСЦЬ У ПАДРУЧНІКАХ «БЕЛАРУСКАЯ МОВА» ДЛЯ 3-4 КЛАСАЎ ПРАКТЫКАВАННЯЎ ДЛЯ РАЗВІЦЦЯ СЛОЎНІКА ВУЧНЯЎ

Практычная накіраваннасць моўнай адукацыі дазваляе вучням засвойваць функцыянальныя ўласцівасці моўных адзінак. Засваенне асаблівасцей ужывання форм вуснай і пісьмовай мовы з улікам фанетычных, лексічных і граматычных норм садзейнічае мэтанакіраванай моўнай падрыхтоўцы малодшых школьнікаў [1, с. 158]. Адной з задач навучання беларускай мове ў пачатковых класах з’яўляецца развіццё слоўнікавага запасу вучняў, бо гэта мае вялікае значэнне ў работе па развіццю мовы вучняў. Засваенне новых слоў адбываецца чалавекам напрацягу ўсяго жыцця.
У сучасных падручніках нярэдка адсутнічае сістэма заданняў і спецыяльных практыкаванняў, якія дазваляюць развіваць усе віды моўнай дзейнасці школьніка, а таксама ўменні дзяцей свабодна карыстацца роднай мовай у розных сітуацыях зносін. На ўроках беларускай мовы і літаратурнага чытання іншы раз сустракаемся з адказамі, беднымі ў лексічных адносінах. Недастатковы слоўнікавы запас часта перашкаджае работе над арфаграфіяй, прыводзіць да «бедных» пісьмовых прац. Тлумачыць словы можна любым спосабам: зачытванне дэфіцыі з тлумачальнага слоўніка; паказ малюнка з выявай таго прадмета, які абазначаны словам; паказ дзеяння; падбор сінонімаў, антонімаў; падвядзенне слова да відавых і родавых прымет; пераклад на рускую мову. Таму перш чым пачынаць працу над узбагачэннем слоўнікавага запасу вучняў мы палічылі неабходным прааналізаваць падручнікі «Беларуская мова» для 3—4 класаў агульнаадукацыйнай школы з рускай мовай навучання.
Мэта аналізу — высветліць, якія практыкаванні па развіцці слоўніка вычняў прапанаваны ў падручніках; наколькі шырокі іх аб’ём і багатая разнастайнасць.
Праведзены аналіз падручнікаў для 3 – 4 класаў агальнаадукацыйнай школы з рускай мовай навучання, аўтарамі якіх з’яўляюцца Т.М. Валынец, І.Э. Ратнікава, І. С. Роўда, П. П. Шуба, дазволіў упэўніцца ў дастатковай напоўненнасці практыкаваняў прыёмамі па развіцці слоўнікавага запасу вучняў. Падручнікі ўвасабляюць сабой адметныя рысы тлумачэння матэрыялу, стылю пераказу, структуры і афармлення.
Аўтары падручніка засяроджваюцца на комплексным навучанні маўленню. Разам з тым варта адзначыць, што ва ўмовах рускамоўнага асяроддзя асаблівую ўвагу варта звярнуць на такі від маўленчай дзейнасці, як гаварэнне. На думку В.У. Протчанкі, менавіта дзякуючы практыкаванням у вусным маўленні школьнікі «асэнсоўваюць і засвойваюць нормы літаратурнага вымаўлення, узбагачаюць слоўнік, набываюць асэнсаваныя ўменні ствараць і пашыраць выказванні, вучацца карыстацца суперсегментнымі этычнымі і экспрэсіўна-эмацыянальнымі сродкамі мовы» [2, с. 8].
Асаблівая ўвага надаецца развіццю вуснага навуковага маўлення, што ў першую чаргу ажыццяўлецца пры засваенні тэарэтычнага матэрыялу. Падручнік скіроўвае на практычнае авалоданне тэарэтычным матэрыялам з апорай на веды па рускай мове, на моўны і маўленчы вопыт школьнікаў.
Аналізуемыя падручнікі строга адпавядаюць праграме агульнаадукацыйнай сярэдняй школы. У іх ёсць элементы развівальнага навучання, заданні павышанай цяжкасці. Таксама ёсць «паказчык», які тлумачыць значэнні слоў.
Неацэннаю вартасцю падручнікаў з’яўляюцца тэксты, узятыя з лепшых твораў класічнай, мастацкай і навуковай літаратуры, твораў вуснай народнай творчасці; пры гэтым неабходна адзначыць, што тэксты не толькі даступныя і блізкія жыццёваму вопыту вучняў, але і ўплываюць і на душу дзіцяці, прымушаюць яго ўсміхацца, сумаваць і разважаць над некаторымі бакамі жыцця. Гэта забяспечвае станоўчы эмацыянальны настрой дзяцей, павышае іх цікаўнасць, прывучае да літаратурнай мовы, узбагачае памяць моўнымі і сінтаксічнымі канструкцыямі ўзорных тэкстаў.
У падручніку «Беларуская мова» для 3 класа сістэматызуюцца, паглыбляюцца веды, набытыя ў папярэдніх класах.
Лексічная работа ў 3 класе накіравана на фарміраванне ўстойлівай цікавасці дзяцей да слова, яго значэння, а таксама на ўдакладненне, актывізацыю і пашырэнне слоўнікавага запасу вучняў, пазбаўленне з іх мовы нелітаратурных слоў і выразаў.
Асаблівае месца ў сістэме работы па развіцці слоўніка займаюць практыкаванні, накіраваныя на выхаванне культуры моўных зносін, этыкету. Выконваючы практыкаванні 150 (3 клас, 1 частка), 143 (3 клас, 2 частка), 14, 37 (4 клас, 1 частка) дзеці прыдумваюць дыялогі, сітуацыі. Такім чынам, на прыкладзе тыповых сітуацый вучням паказана, як неабходна карыстацца рознымі сродкамі моўнага этыкету: прывітаннямі. развітаннямі, просьбамі, прабачэннямі і г.д., а таксама, як патрэбна весці сябе ў падобных выпадках.
Карысным лічыцца такое практыкаванне, як пераклад з рускай мовы на беларускую тых слоў, якія ўжо тлумачыліся на папярэдніх уроках. Перакладаючы на беларускую мову ці наадварот, вучні вучацца правільна вымаўляць іх і ведаюць лексічнае значэнне, а таксама ўзбагачаць свой слоўнік новымі словамі, бачыць розніцу паміж беларускай і рускай мовамі, не супадзенні ў родзе, ліку, вымаўленні асобных гукаў. У трэцім класе працэнт перакладаў складае 7,7 %. Ужо у чацвёртым класе сустракаюцца пераводы невялічкіх тэкстаў з дадатковым граматычням заданнем (11,5 %).
На кожным этапе навучання беларускай мове, узбагачэння і актывізацыі слоўніка вучняў устаноўлены ліміт слоўнікавых слоў. Трэцякласнік павінен вывучыць 17 слоў, а чацвёракласнік – 19, пры гэтым не забывабчы пра тыя, што вывучаліся раней і актыўна ўжываць пры размове з іншымі.
У падручніках «Беларуская мова» для 3–4 класаў шмат практыкаванняў, якія прапануюць стварэнне ўласных моўных выказванняў, што дазваляе развіваць не толькі вусную, але і пісьмовую мову вучняў: складанне тэксту па зададзеным слове, сказе, прыказцы, фразеалагізме, малюнку і пытаннях на зададзеную тэму, складанне працягу тэксту і інш.
Прааналізаваўшы вучэбныя дапаможнікі па беларускай мове для 3–4 класаў і апрацаваўшы атрыманыя дадзеныя, мы склалі табліцы, у якіх адлюстраваны колькасныя і працэнтныя паказчыкі відаў практыкаванняў і метадычных прыёмаў па развіцці слоўніка вучняў на ўроках беларускай мовы.

Табліца 1. - Віды практыкаванняў для развіцця слоўніка вучняў
Падручнікі

 

 

Віды практыкаванняў

3 клас

(2 часткі)

4 клас

(2 часткі)

у лічбах у % у лічбах у %
  1. Лексічныя практыкаванні:
34 8,3 44 11,5
  • аналітыка-сінтэтычныя, накіраваныя на выпрацоўку навыку нарматыўнага вымаўлення гукаў і пастаноўкі націску ў слове.
14 3,4 13 3,4
  • аналітыка-сінтэтычныя, накіраваныя на засваенне лексічных з’яў і паняццяў
20 4,9 31 8,1
  1. Слоўнікавыя практыкаванні:
109 26,5 112 29,2
  • слоўнікава-лагічныя
40 9,7 28 7,3
  • слоўнікава-граматычныя
44 10,7 54 14,1
  • слоўнікава-стылістычныя
25 6,1 30 7,8
 
Табліца 2. - Колькасць практыкаванняў для развіцця слоўніка вучняў у падручніках
 
  Усяго практыкаванняў у падручніку Практыкаванні для развіцця слоўніка вучняў
у лічбах у %
3 клас 412 143 34,7 %
4 клас 384 156 40,6 %
Фарміраванне моўных уменняў адбываецца і ў працэсе навучання малодшых школьнікаў напісанню пераказаў. Работа з тэкстам-узорам дапамагае вучням усведамляць асаблівасці будовы тэксту і садзейнічае развіццю ўменняў будаваць звязныя тэксты.
Пры абагульненні і сістэматызацыі ведаў па раздзеле (у большасці выпадкаў яно праводзіцца на апошніх уроках па тэме) увага звяртаецца не толькі на тое, як вучань засвоіў вучэбны матэрыял, але і як навучыўся прымяняць яго ў незнаёмай, творчай сітуацыі, якога ўзроўню дасягнуў у сваім асобасным развіцці.
Асаблівую ўвагу варта звярнуць на ўрокі абагульнення і сістэматызацыі вывучанага за год. Комплексная праца з тэкстам на такіх уроках дазваляе аб’яднаць работу па ўдасканаленні ўменняў і навыкаў з моўным і маўленчым развіццём школьнікаў. Разнастайныя тыпы практыкаванняў працуюць у сістэме, а гэта дазваляе вучням усвядоміць сістэмны характар беларускай мовы, прасачыць узаемасувязь паміж яе адзінкамі, прымяніць тэарэтычныя веды на практыцы.
У залежнасці ад ступені падрыхтаванасці класа, індывідуальных здольнасцей і магчымасцей вучняў настаўнік праводзіць творчы адбор практыкаванняў і заданняў, якія будуць садзейнічаць вырашэнню пастаўленых мэт і задач. Разам з тым, арганізуючы працу на аснове падручніка, не пажадана засяроджвацца на аднатыпных аналітычных практыкаваннях, якія не толькі не павышаюць цікавасці да мовы, а, наадварот, садзейнічаюць зніжэнню матывацыі навучання, таму што не даюць магчымасці назіраць сувязь засваення моўных паняццяў з маўленчай практыкай, з арыентацыяй на ўменне прымяняць веды ў нестандартнай, творчай сітуацыі.
Такім чынам, падручнік дае прастору для творчасці настаўніка ў выкарыстанні найбольш эфектыўных метадаў і сродкаў навучання. Галоўнае, каб падчас засваення розных тэм у вучняў узнікла жаданне вывучаць беларускую мову як родную мову тытульнай нацыі, мову, якая дапаможа не толькі пазнаёміцца з культурнымі і гістарычнымі здабыткамі Беларусі, а і далучыцца да сусветнай культуры.
Спіс літаратуры

  1. Вучэбныя праграмы для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання. I–IV класы / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. – Мінск: НІА: Аверсэв, 2007. – С. 37.
  2. Протчанка, В.У. Жывое слова ў методыцы навучання роднай мове / В.У. Протчанка // Беларуская мова і літаратура. – 1998. – № 1. – С. 3–9.
Запись опубликована в рубрике Теория и методика изучения языков. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий