Калі слухаеш народныя казкі, адчуваеш іх непаўторную прыгажосць, бязмежнасць фантазіі і сапраўдную мудрасць. Міжволі ўспамінаюцца вядомыя словы А.С. Пушкіна: “Што за раскоша казкі! Кожная ёсць паэма” [1, с. 108]. І сапраўды, казкі – цудоўнае тварэнне народнага паэтычнага генія. У іх увасоблены спрадвечныя мары і спадзяванні народа, сабраны працоўны і жыццёвы вопыт многіх пакаленняў, людзей.
Казка неаддзельна ад фантазіі, ад уяўлення, а ўяўленне – гэта вялікі дар. Таму натуральна, што казка аказвала і аказвае істотны ўплыў на развіццё грамадства, на фарміраванне асобы. Кожнае пакаленне адчула на сабе гэты ўплыў, кожнаму пакаленню казка адкрывала свет незвычайнага і прыгожага, дзе дабро заўсёды перамагае зло, дзе вышэй за ўсё цэніцца праўда, справядлівасць, любоў да Радзімы, да працы, сяброўства, таварыская ўзаемадапамога, пачуццё чалавечай годнасці, дзе самым рашучым чынам асуджаецца несправядлівасць, здрадніцтва, гультайства, хлусня.
І тым больш моцным было ўздзеянне казкі, што пачыналася яно для кожнага з маленства, у той час калі толькі закладваюцца асновы светапогляду, характару, калі вялікую ролю ў светаўспрыманні адыгрывае пачуццё, якое вылучаецца непасрэднасцю і дзейнасцю. Прыгадайце вочы дзіцяці, якое з захапленнем слухае казку: яно жыве адным жыццём з казачнымі героямі, хвалюецца за іх лёс, гатова прысці на дапамогу пакрыўджаным, яно перапоўнена жаданнем стаць такім жа дужым, адважным, разумным, як мужныя асілкі казачнага свету.
Сярод многіх важных задач выхавання і навучэння дзяцей дашкольнага ўзросту ў дзіцячым садку навучэнне роднай мове, моўных зносін – адна з галоўных. Гэта агульная задача складаецца з шэрагу спецыяльных задач: выхаванне гукавой культуры мовы, замацаванне і актывізацыя слоўніка, фарміраванне дыялагічнай мовы, развіццё звязнай мовы, выхаванне інтарэсу да мастацкага слова, падрыхтоўка да навучання грамаце.
І адным са сродкаў, з дапамогай якога можна вырашаць гэтыя задачы, з’яўляюцца беларускія народныя казкі. Яны, як элемент народнай педагогікі, змалку ўваходзяць у дзіцячае жыццё. Па сваім змесце, форме яны даступныя і зразумелыя кожнаму дзіцяці, блізкія да яго мыслення, уяўлення.
Вядомы рускі педагог К.Дз.Ушынскі адзначаў, што “выхаванне, калі яно не хоча быць бяссільным, павінна быць народным, а ў якасці акна, праз якое можна паказаць дзецям тую ці іншую старонку народнага жыцця, выступаюць народныя песня і казка”. [2, с. 67] Яго выказванні наконт значымасці народнай казкі ў выхаванні дзяцей з’яўляюцца надзённымі і сёння.
Абавязковым лічыў уключэнне фальклору ў выхаванне і навучанне дзіцячы пісьменнік В.Вітка [3, 25]. Фальклорныя творы, на яго думку, дазваляюць маленькаму слухачу з найбольшай сілай адчуваць хараство, мілагучнасць, музыку, жывую душу мовы.
Асноўныя жанравыя адметнасці казкі – устаноўка на выдумку, фантазію. Казка вельмі неабходна старэйшым дашкольнікам, таму што лепш за казку ніхто і нішто не ўмее развіць фантазію дзіцяці і яго здольнасці дзейнічаць ва ўяўленні з прадметамі і з’явамі.
Беларускія народныя казкі традыцыйна падзяляюцца на казкі пра жывёл, чарадзейныя і бытавыя.
Дзякуючы казцы, дзеці пазнаюць свет не толькі розумам, але і сэрцам. У асноўным, усе казкі для дзяцей выхавальнік расказвае, а не чытае. А такая перадача тэксту дапамагае ўзмацніць эмацыянальнае ўздзеянне, спрыяе лепшаму разуменню сэнсу твора, дапамагае ў выхаванні ўмення слухаць і разумець маналагічную мову. Перад выхавальнікам стаіць задача не толькі навучыць дзіця слухаць і разумець мову, а і развіваць у яго звязнае маўленне. Пад звязным маўленнем разумеецца сэнсавае разгорнутае выказванне, якое складаецца з фраз, сказаў, лагічна звязаных паміж сабой, і якое забяспечвае зносіны і ўзаемаразуменне людзей. Звязнае маўленне як бы ўбірае ў сябе ўсе дасягненні дзіцяці ў авалоданні мовай.
Але мы ведаем, што дзіця спачатку авалодвае сітуацыйна-дыялагічным маўленнем, а затым кантэкстным і маналагічным. Пры гэтым звязнасць маналагічнага маўлення пачынае фарміравацца ў дыялогу: дзіця, адказваючы ў дыялогу на пытанні дарослага, вучыцца задаваць пытанні самому сабе. Дыялог ёсць першая школа развіцця звязнага маналагічнага маўлення дзіцяці. Таму так важна навучыцца “канструяваць” дыялог і кіраваць ім.
У дашкольным узросце дзіця авалодвае двума асноўнымі відамі маналагічнага маўлення: пераказам і апавяданнем.
Пераказ – аднаўленне літаратурнага ўзору ў вусным выразным маўленні – уяўляе сабой складаны разумовы навык, які фарміруецца паступова ў працэсе навучання. У форме пераказу выяўляецца мастацка-маўленчая дзейнасць дашкольнікаў на пачатковым этапе яе развіцця[4, с. 38].
Методыка навучання дзяцей пераказванню ў розных узроставых групах мае як агульныя, так і спецыфічныя асаблівасці, і залежыць ад узроўня развіцця звязнага маўлення ў дзяцей, а таксама ад асаблівасцей прапанаванага літаратурнага тэксту. Пачынаючы з сярэдняй групы, дзяцей сістэматычна вучаць пераказу.
У пяці-шасцігадовым узросце працэс успрымання і эмацыянальнага засваення дзецьмі мастацкіх твораў удасканальваецца, павышаецца ўвага і цікавасць іх да вобразнага слова.
У працэсе кіраўніцтва пераказваннем выхавальнік выкарыстоўвае разнастайныя метадычныя прыёмы. Калі дзіця няўдала ужыла тое ці іншае слова, выхавальнік выкарыстоўвае падказку. Педагог ацэньвае паўнату пераказу, адзначае самастойнасць, выкарыстанне розных інтанацый і рознага тэмпу маўлення. Дзеці таксама далучаюцца да пераказу таварышаў, напрыклад, адзначаюць, ці выразна яны пераказвалі, якія “прыгожыя” словы і выразы ўжылі.
Пасля неаднаразовага пераказу дзецям старэйшай групы выхавальнік можа прапанаваць прыдумаць свой варыянт казкі з паслядоўным увядзеннем у яе новых персанажаў. Сваімі ўказаннямі выхавальнік дапамагае дзецям выканаць гэтае заданне, прытрымліваючыся сюжэту і моўных асаблівасцей казкі. Можна прапанаваць уявіць далейшае развіццё падзеі і адпаведна логіцы прачытанага твора апісаць дзеянні і стан персанажаў у новай сітуацыі, карыстаючыся лексікай твора. Пераказ можа быць дапоўнены слоўнай творчасцю дзяцей. Гэта спрыяе больш поўнаму і глыбокаму засваенню літаратурна-мастацкага матэрыялу, падмацоўвае яго ўплыў на развіццё звязнага маўлення дзяцей.
Эфектыўным прыёмам практыкавання дзяцей у выразнасці пераказу выступае гульня-драматызацыя, якая не патрабуе дэкарацый, касцюмаў і папярэдняй падрыхтоўкі. Яна праводзіцца ў канцы заняткаў. Асаблівае месца пры развіцці звязнага маўлення займаюць гульні-драматызацыі па сюжэтах беларускіх народных казак. Гульня-драматызацыя выступае як апасродкаванае звяно пры пераходзе ад гульнёвай дзейнасці да ўласнага маўлення, ад маўлення па перайманню да прадуктыўнага маўлення, паколькі яна прадугледжвае маўленчую дзейнасць з літаратурным тэкстам і адначасова імправізаваныя дыялогі і маналогі. Гэтая гульня падабаецца дашкольнікам сваёй непасрэднасцю: акрамя слоўнай камунікацыі, дзеці выкарыстоўваюць нямоўныя сродкі (рухі, міміку, жэсты), ажыццяўляюць ролевае мадэляванне сюжэта. Ролі размяркоўваюць у адпаведнасці з жаданнямі і магчымасцямі ўдзельнікаў.
У якасці асновы для распрацоўкі гульнёвых камунікатыўных сітуацый можна выкарыстаць казачныя сюжэты фальклору і дзіцячай літаратуры. Гэта перш за ўсё сітуацыі чарадзейнасці. Напрыклад, дзеці “пераўвасабляюцца” ў звяроў, дарослых, будуюць дыялогі паміж сабой, расказваюць аб якіх-небудзь казачных падзеях, апісваюць незвычайныя з’явы, прадметы. Пры расказванні аб рэальнай падзеі ім не трэба дэталёва спыняцца на вядомых момантах, пры апісанні ж казачнай сітуацыі ўсё новае, незвычайнае, таму і маўленчая “прадукцыя” узрастае не менш як у тры-чатыры разы.
Шмат увагі неабходна надаваць заданням, якія накіраваны на развіццё фантазіі, гэта слоўныя дамалёўкі незавершаных карцін, якія даюцца дзецям у схематычным выглядзе, прыдумванне казак, гісторый з жыцця дзяцей і да т. п. Вельмі плённай з’яўляецца методыка развіцця звязнага творчага маўлення на падставе мадэлявання. Каштоўнасць такіх заданняў у тым, што пры іх выкананні прадугледжваецца выкарыстанне ўяўляльных, у тым ліку, казачных сітуацый, што забяспечвае самастойнасць выбару моўных сродкаў для выказвання, цікавасць да заняткаў і творчую атмасферу. Развіццё выразнасці дзіцячага маўлення аказвае значны ўплыў на самастойную слоўную творчасць, якая можа праяўляцца ў дзіцяці ў самых разнастайных жанрах – складанні казак, апавяданняў, вершаў, забаўлянак, загадак.
Паводле В.А. Сухамлінскага, стварэнне казак – адзін з найцікавейшых для дзяцей відаў паэтычнай творчасці. Прыёмам складання казак трэба дзяцей спецыяльна вучыць. Да самастойных творчых праяўленняў дашкольнікаў трэба ставіцца вельмі беражліва. Калі дзеці адчуюць цікавасць выхавальніка да іх сачыненнеў, яны будуць імкнуцца ствараць новыя свае творы. Можна, напрыклад, завесці спецыяльны “творчы” альбом, куды запісваюцца найбольш удалыя дзіцячыя творы, намаляваць да іх ілюстрацыі.
Заняткі на аснове беларускіх народных казак уяўляюць сабой комплекс распрацаваных практыкаванняў, лагічных задач, гульняў. Паслядоўнае чаргаванне метадычных прыёмаў дазваляе падтрымліваць цікавасць і ўвагу дзяцей на працягу ўсіх заняткаў. Вусна-паэтычная творчасць актыўна ўключаецца ў вядучы від дзейнасці дзяцей – гульню, у дадзеным выпадку – гульню-драматызацыю.
Гульні-драматызацыі даюць шырокі прастор для выяўлення ў дзяцей творчых здольнасцей, самастойнасці, ініцыятывы. У гульнях-драматызацыях дзеці адлюстроўваюць свае ўражанні аб літаратурным творы, у мастацкіх вобразах увасабляюць яго персанажаў, перадаюць розныя падзеі, што адбываюцца ў творы. Змест і характар гульнявой дзейнасці дашкольнікаў, састаў яе ўдзельнікаў цалкам залежаць ад сюжэта казкі, яе кампазіцыі. Жывыя інтанацыі маўлення, выразныя і свабодныя рухі, міміка, жэсты надаюць гульням дзяцей натуральнасць і праўдзівасць. Дзеці старэйшай групы могуць драматызаваць творы як для сябе, так і для маленькіх гледачоў, для сваіх бацькоў.
Для падтрымання цікавасці дзяцей на занятках і у вольны час пры рабоце над казкамі неабходна праводзіць творчыя віды работ над казкай з улікам узросту і індывідуальных асаблівасцей дзяцей. Выкарыстанне нестандартных прыёмаў работы над казкай эфектыўна ўплывае на развіццё у дзяцей памяці, мыслення, уяўлення, фантазіі.
Спіс літаратуры
-
Пушкин, А.С. Полное собрание сочинений в 10 –т. Т.10. – М., 1949. – 456 с.
-
Ушинский, К.Д. Родное слово/ К.Д. Ушинский.- М., 1981. — 345 с.
-
Вітка, В. Пра казку / В. Вітка. — М., 1988. — 125 с.
-
Дубініна, Дз.М. Мастацка – маўленчая дзейнасць у дзіцячым садзе: Дапам. для педагог. дашк. устаноў / Дз.М. Дубініна, Н.С. Старжынская. – Мн. : Нар. асвета, 1999. – 103 с.