Паняцце «гукавая культура мовы» – шырокае і своеасаблівае. Гукавая культура маўлення з’яўляецца часткай агульнай культуры. Яна ахоплівае ўсе бакі гукавога афармлення слоў і мовы, якая гучыць навокал: правільнае вымаўленне гукаў, слоў, гучнасць і хуткасць маўленчага выказвання, рытм, паўзы, тэмбр, лагічны націск і інш [1, с.2]. Састаўныя кампаненты гукавой культуры мовы – маўленчы слых і маўленчае дыханне – з’яўляюцца перадумовай і умовай для ўзнікнення маўлення.
Выхаванне гукавой культуры – адна з важных задач развіцця мовы ў дзіцячым садзе , так як менавіта дашкольны ўзрост з’яўляецца найбольш сензітыўным для яе вырашэння. Гэта абумоўлена шэрагам прычын. Па-першае, адбываецца актыўнае паспяванне маўленчых цэнтраў у кары галаўнога мозгу, якія адказваюць за маўленне (цэнтр Брока: артыкуляцыя, маторыка; цэнтр Верніке: фанематычны слых). Па-другое, адбываецца анатама-фізіялагічнае паспяванне артыкуляцыйнага апарата.
Работа па развіцці гукавой культуры маўлення павінна весціся ў двух напрамках:
- развіццё вымаўленчага апарату (артыкуляцыйнага апарата, галасавога апарата, маўленчага дыхання) і на гэтай аснове – фарміраванне вымаўлення гукаў, слоў, выразнай артыкуляцыі;
- развіццё ўспрымання мовы (слыхавай увагі, маўленчага слыху, асноўнымі кампанентамі якога з’яўляюцца фанематычны, гукавысотны, рытмічны слых).
У вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі работа па фарміраванні беларускага маўлення з дашкольнікамі падзяляецца па ўзроставых групах і па напрамках работы:
- заняткi па развіцці беларускага маўлення;
- развіццё маўлення ў працэсе штодзённых узаемаадносінаў выхавальніка з дзецьмі ў розных відах дзейнасці;
- самастойная маўленчая дзейнасць дзяцей.
Згодна праграме, агульная стратэгія пабудовы працэсу навучання дашкольнікаў беларускай мове заключаецца ў паэтапным развіцці беларускага маўлення дзяцей, пачынаючы з паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці ўжо ў першай малодшай групе.
У адпаведнасці з вучэбнай праграмай, пачынаючы з сярэдняга ўзросту, раз на тыдні у беларускамоўны дзень з дзецьмі праводзяцца заняткі па развіцці беларускага маўлення. Трэба адзначыць, што у такі дзень усе астатнія заняткі, якія запланаваны, а таксама ўсе рэжымныя моманты і розныя віды дзейнасці праводзяцца на беларускай мове, што спрыяе засваенню дзецьмі прадуктыўнага маўлення, г.зн. уменню будаваць самастойныя па змесце і форме выказванні на беларускай мове.
У дзяцей сярэдняга дашкольнага ўзросту, акрамя рэпрадуктыўнага і прадуктыўнага маўлення фарміруецца пачатковае асэнсаванне некаторых асаблівасцей беларускай мовы. Рэалізацыі гэтай задачы садзейнічае правядзенне «чыстых» заняткаў па гукавой культуры маўлення (1 раз у месяц).
Такім чынам, згодна з вучэбнай праграмай, задачы выхавання гукавой культуры маўлення дзяцей сярэдняга дашкольнага ўзросту не абмяжоўваюцца фарміраваннем толькі правільнага гукавымаўлення, а ахопліваюць усе бакі мовы, якая гучыць навокал. Гэта значыць, што асновай выхавання гукавой культуры маўлення з’яўляецца работа над ўдасканальваннем рухаў органаў артыкуляцыйнага апарату; паслядоўная праца над выразным вымаўленнем ўжо засвоеных дзецьмі галосных і простых зычных, а затым над вымаўленнем спецыфічна беларускіх гукаў:
- фрыкатыўных [г], [г’], заўсёды цвёрдых гукаў [ж], [ш], [ч], [р] ізалявана (у гукапераймальных словах);
- замацаванне правільнага вымаўлення гукаў у словах і кантэкстнай мове.
Важнай задачай у выхаванні гукавой культуры мовы з’яўляецца і такая, як дыферэнцыяцыя ў вымаўленні і на слых слоў, падобных у рускай і беларускай мовах (дети – дзеці, ложка – лыжка, река – рака, уши – вушы і т.п.). Таксама вялікае значэнне мае работа над выпрацоўкай дыкцыі, развіццём маўленчага слыху і маўленчага дыхання, над выразнасцю мовы, што вядзе да выхавання культуры маўленчых зносін у цэлым [2, с.205–206].
Навучанне на кожным этапе ажыццяўляецца на фоне далейшага развіцця і ўдасканалення маўленчых навыкаў дзяцей, набытых на папярэдніх этапах.
Мэтай заняткаў па развіцці беларускага маўлення з дзецьмі сярэдняга ўзросту з’яўляецца фарміраванне ў дзяцей слоўніка, граматычнага ладу і гукавой культуры маўлення як сродку зносін, ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю. Гэта значыць, што на адным занятку выконваюцца ўзаемазвязаныя розныя маўленчыя задачы. А пераход ад адной часткі занятку да другой адбываецца натуральна, жыва і эмацыянальна [3, с.4].
На працягу месяца заняткі па развіцці маўлення размяркоўваюцца наступным чынам: на першых трох тыднях – вырашаюцца ўсе моўныя задачы, у тым ліку і па выхаванні гукавой культуры маўлення (на яе вырашэнне выдзяляецца 5–8 хвілін у час правядзення занятку), а кожны чацвёрты занятак прысвячаецца толькі выхаванню гукавой культуры маўлення, які працягваецца, згодна праграме, 20 хвілін.
На гэтых занятках неабходна актыўна выкарыстоўваць моўныя практыкаванні, дыдактычныя гульні, малыя формы фальклору, вершы, загадкі, чыста- і скорагаворкі і т.п.
Для дасягнення станоўчых вынікаў пры выкананні пастаўленых задач па развіцці гукавой культуры маўлення у сярэдняй групе намі былі распрацаваны і праведзены розныя віды заняткаў.
Так, на кожным занятку па развіцці маўлення намі абавязкова ўключаліся практыкаванні па падрыхтоўцы артыкуляцыйнага апарату і маўленчага дыхання і гульні на развіццё маўленчага слыху.
Напрыклад, намі быў распрацаваны і праведзены занятак па выхаванні гукавой культуры маўлення з наступным праграмным зместам: фарміраванне навыкаў правільнага і выразнага вымаўлення гукаў [дз], [дж], выдзялення гэтых гукаў у словах; развіццё артыкуляцыйнага апарату; замацаванне навыкаў правільнай выразнай дыкцыі; разіццё моўнай актыўнасці, маўленчага слыху; выхаванне цікавасці да беларускай мовы.
Матэрыял: фланелеграф, відарысы кветак для фланелеграфа, малюнак пчолкі, для кожнага дзіцяці – кветка на мяккай тонкай ножцы.
Ход занятка.
1. Педагог (прымацоўвае на фланелеграфе відарысы кветак).
– Гэта мой лужок. А вы зрабіце свой лужок. Для гэтага вазьміце кожны сваю кветачку, паднясіце да сваіх вуснаў. Вось якія прыгожыя кветкі выраслі на лужку. Падзьмуў лёгкі ветрык, і кветачкі загойдаліся.
– Па камандзе «Падзьмуў ветрык!» вы падзьміце на кветачку.
– Ветрык дзьме па дарожцы, і вы таксама зрабіце (паказвае) дарожку з язычка. Адкрыйце рот, пакладзіце шырокі язык на ніжнюю вусну. Прасачыўшы за тым, каб дзеці паклалі шырокі язык на ніжнюю вусну, педагог дае каманду: «Падзьмуў ветрык!» (Трэба сачыць за тым, каб дзеці не нацягвалі ніжнюю вусну на ніжнія зубы, а язык быў шырока распластаны — бакі дакраналіся да вугалкоў рота).
– А зараз давайце мы шырока усміхнемся кожны сваёй кветачцы (паказвае – расцягвае губы, агаляючы верхнія і ніжнія пярэднія зубы), цяпер – як быццам бы вы хочаце яе пацалаваць, выцягніце самкнёныя вусны наперад трубачкай (паказвае). (3-4 разы)
– Малайцы. А зараз пакладзіце свае кветкі і паслухайце маю гісторыю.
На лужок прыляцела пчолка (паказвае малюнак). Яна збірае мёд з кветак і гудзіць: «дж-дж-дж» (перасоўвае пчолку ад кветкі да кветкі). Лётае пчолка і спявае: «дж-дж-дж». Давайце праспяваем яе песеньку. (Дзеці разам з выхавальнікам спяваюць).
–А маленькія званочкі на лузе вітаюць пчолку: «Дзінь-дзінь, добры дзень, дзінь-дзінь». Як вітаюцца званочкі з пчолкай? (дзеці адказваюць).
2. Педагог нагадвае дзецям, што ры вымаўленні гука [дз] язык упіраецца ў бугарок над верхнімі зубамі, вусны злёгку ўсміхаюцца; а пры вымаўленні гука [дж] язык размяшчаецца крыху вышэй, а вусны злёгку выцягваюцца ўперад. Прапануе паспрабаваць вымавіць гэтыя гукі.
– Паслухайце ўважліва, я буду называць склады, а вы слухайце, якія ў іх гукі – [дз] або [дж]. На гук [дз] – падымайце руку, на [дж] – пляскайце ў далоні. Дзі, дзе, джы, джу, дзя, джа, зя, жы, джы, дзё, джо, жу, зю, джа. (Педагог час ад часу вымаўляе склады, у якіх няма гэтых гукаў).
– Цяпер паспрабуйце расказаць чыстагаворкі:
Дзі-дзі-дзі – на вуліцу ідзі.
Дзе-дзе-дзе – лодка на вадзе. Дзі-дзі-дзі – грыбочкі найдзі. Дзе-дзе-дзе – вырас на градзе. |
Джа-джа-джа – багаты ўраджай.
Джу-джу-джу – па садз хаджу. Джы-джы-джы – ідуць дажджы. |
3. Рухомая гульня «Мухі і пчолкі ў павуціне».
4. Педагог. Дапамажыце мне закончыць радкі:
Ох, мяне і напужала
Гэта тоненькае …(джала).
Я – сава, вялікая галава.
На суку …(сяджу),
Ва ўсе бакі …(гляджу).
– А цяпер скажыце гэтыя радкі: 1) гучна; 2) цішэй; 3) зусім ціха.
– Малайцы! Сёння вы добра папрацавалі, пчолка паляціць да другіх дзетак, раскажа пра вас. І яны, у сваю чаргу, таксама будуць старацца!
Работа ў дзіцчым садзе па гукавой культуры маўлення будуецца па адпаведнай праграме і патрабуе асаблівага падыходу і спецыяльных практыкаванняў, якія прымяняюцца на занятках розных тыпаў.
Для рэалізацыі задач вучэбнай праграмы намі быў распрацаваны і апрабаваны комплекс практыкаванняў, дзе пададзена праца па выхаванні гукавой культуры мовы на занятках па навучанню роднай мове сярэднiх дашкольнікаў:
1) комплекс статычных («Заборчык», «Горка» і інш.) і дынамічных («Салодкае варэнне», «Цоканне» і інш.) практыкаванняў артыкуляцыйнай гімнастыкі. Напрыклад, «Салодкае варэнне»: Мэта. Выпрацоўка выразнага руху і правільнага становішча органаў артыкуляцыйнага апарата. Змест. Выхавальнік: «Ела Маша варэнне і запэцкала верхнюю вусну. Маша вось так (паказвае як) шырокім языком злізала варэнне з верхняй вусны». Затым прапануецца дзецям злёгку прыадкрыць рот і шырокім пярэднім краем языка зрабіць рухі зверху ўніз, як бы аблізваючы верхнюю вусну.Метадычныя ўказанні. Сачыць, каб дзеці рабілі рухі языком не з боку ў бок, а зверху ўніз. Язык пры гэтым павінен быць шырокім.
2) практыкаванні для развіцця маўленчага дыхання, якія накіраваны на выпрацоўку дыяфрагмальнага дыхання, глыбокага бясшумнага насавога ўдыху і працяглага ротавага выдыху. Напрыклад, «Ляцяць сняжынкі»: Мэта: адпрацоўка працяглага, плаўнага выдыху. Змест. Дзецям раздаюцца «сняжынкі» – невялікія кавалачкі ваты, падвешаныя на нітцы. Дзеці, паказваючы вецер, спакойна дзьмуць на «сняжынкі». Метадычныя ўказанні. Сачыць, каб дзеці дзьмулі плаўна і доўга, не надуваючы шчок.
3) практыкаванні па ўдакладненні вымаўлення ізаляванага гуку (і ў складах) і фарміраванню ўмення вылучыць гэты гук сярод іншых («Помпа», «Адгадай, хто гудзе» і інш.). Напрыклад, «Помпа»: Мэта. Удакладненне рухаў органаў артыкуляцыйнга апарату, правільнага вымаўлення ізаляванага гуку з, развіццё маўленчага слыху, выпрацоўка працяглага ротавага выдыху. Змест. Выхавальнік кажа: «Вырашылі дзеці пакатацца на роварах, а ў іх спушчаныя шыны, усё паветра выйшла. Узялі яны помпы і сталі напампоўваць шыны. Паветра выходзіць з помпы і свішча: сссс …, сссс … давайце напампуем усе разам шыны ». Дзеці імітуюць рухі, разам з выхавальнікам, доўга вымаўляюць гук [с]. Метадычныя ўказанні. Сачыць, каб дзеці вымаўлялі гук с выразна, правільна, доўга.
4) практыкаванні на замацаванне правільнага вымаўлення гука ў словах («Што з’явілася?» і інш.). Напрыклад, «Што з’явілася?»: Мэта. Дамагацца правільнага вымаўлення гуку ж у словах, фарміраваць уменне вымаўляць словы выразна, дастаткова гучна, развіваць фанематычны слых. Змест. Педагог ставіць на стол цацкі, у назве якіх ёсць гук [ж] (жыраф, вожык і т. п.). Дзеці называюць іх. Затым выхавальнік накрывае цацкі, змяняе іх месцамі і дадае новую, таксама якая мае ў назве гук [ж], напрыклад жабаня або сцяжок. Адкрываючы, ён пытаецца, што новае з’явілася. Потым выхавальнік прапануе дзецям самім падабраць словы, у якіх маецца гук [ж]. Метадычныя ўказанні. Сачыць, каб дзеці вымаўлялі словы выразна, гук ж – правільна. Калі яны назавуць недастатковую колькасць слоў, то выхавальнік, паказваючы загадзя падабраныя карцінкі, прапануе дзецям назваць, што намалявана на іх.
5) практыкаванні на замацаванне правільнага вымаўлення гука ў фразавым маўленні («Паштальён» і інш.). Напрыклад, «Паштальён»: Мэта. Развіваць маўленчай слых, выпрацоўваць добрую дыкцыю, замацаваць гук с у фразах пры вымаўленні іх на адным выдыху, выхоўваць уменне гаварыць інтанацыйна выразна, ва ўмераным тэмпе. Змест. Паштальён раздае дзецям сюжэтныя малюнкі. Кожнае дзіця, атрымаўшы карцінку, паказвае яе астатнім дзецям і кажа, што на ёй намалявана. Напрыклад, выкарыстоўваецца набор такіх малюнкаў: у садзе стаіць лаўка, самалёт ляціць высока над лесам, сабака есць суп і г.д. Метадычныя ўказанні. Сачыць, каб дзеці казалі фразы выразна, гучна, на адным выдыху.
6) комплекс чыста- і скорагаворак для ўдасканалення дыкцыі;
7) практыкаванні па фарміраванні маўленчага слыху («Хто больш пачуе?» і інш.)
Такім чынам, развіццё гукавой культуры маўлення дзяцей сярэдняга дашкольнага ўзросту ўяўляе сабой сістэму работы з выкарыстаннем комплексу практыкаванняў, якія (як паказала эксперыментальнае даследаванне) забяспечваюць правільнасць, дакладнасць, выразнасць і вобразнасць вуснага маўлення дзяцей.
Спіс літаратуры
1. Максаков, А.И. Воспитание звуковой культуры речи у дошкольников. Пособие для педагогов дошкольных учреждений, 2-е изд./ А.И. Максаков – М.: Мозаика. – Синтез, 2005, -64 с.
2. Учебная программа дошкольного образования / М-во образования Респ. Беларусь; редкол.: Г.И. Бондаренко [и др.]. – Минск: Нац. институт образования, 2012. – 416 с.
3. Старжынская, Н.С. Заняткі па развіцці маўлення і маўленчых зносін у дзіцячым садзе: дапам. для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашк. адукацыі / Н.С. Старжынская, Д.М.Дубініна. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2008. – 172 с.