Хадаркевіч Т.А. ПРЫЁМЫ ВЫПРАЦОЎКІ ПРАВІЛЬНАСЦІ І ВЫРАЗНАСЦІ ЧЫТАННЯ

У методыцы прынята характарызаваць навык чытання, называючы чатыры яго якасці: правільнасць, бегласць, свядомасць і выразнасць.
Кожны з кампанентаў, што уваходзіць у склад навыку чытання, спачатку фарміруецца, адпрацоўваецца як уменне і пры дапамозе практыкаванняў паступова ўзнімаецца на ўзровень паўнацэннага навыку, г.зн., ажыццяўляецца без напругі, паў- або зусім аўтаматычна. Першасныя ўменні, узыходзячы на прыступку першасных навыкаў, з дапамогай практыкаванняў, трэніроўкі ператвараюцца ў больш складаныя ўменні і навыкі, якія, у сваю чаргу, прайшоўшы вызначаны шлях развіцця, утвораць яшчэ больш высокі комплекс уменняў і навыкаў. Атрымліваецца, што паўнацэнны навык чытання складаецца з двух бакоў — сэнсавага, які забяспечваецца працэсам разумення прачытаннага, і тэхнічнага, падпарадкаванага першаму.
Сэнсавы бок чытання — гэтае сукупнае разуменне таго, што чытаюць: 1) значэнняў большай часткі слоў, ужытых у тэксце як у прамым, так і ў пераносным сэнсе; 2) змест кожнага са сказаў, што ўваходзяць у склад тэксту, разуменне сэнсавай сувязі паміж сказамі; 3) прадметнага плану зместу асобных частак тэксту (абзацаў, эпізодаў, раздзелаў) і сэнсу гэтых частак ( гэта значыць, не толькі пра што гаворыцца, але і што гэтым сказана); 4) асноўнага сэнсу ўсяго зместу тэксту, гэта значыць усведамленне гэтага зместу і свайго стаўлення да прачытанага.
Тэхнічны бок чытання, тэхніка чытання ахоплівае ўсе іншыя кампаненты навыку чытання — спосаб, правільнасць, выразнасць, хуткасць або тэмп чытання. Кожны з гэтых кампанентаў, як і іх сукупнасць, падпарадкаваны сэнсаваму боку, разуменню, служыць яго больш поўнаму выразу.
Таму мы ў нашым артыкуле хацелі б звярнуць увагу на такія якасці як правільнасць і выразнасць чытання і спыніцца на некаторых прыёмах іх выпрацоўкі.
Для таго, каб вучань дакладна асэнсоўваў тэкст і мог беспамылкова растлумаыць сабе і іншым прачытанае, неабходна выпрацоўваць такую якасць як правільнасць чытання. Сутнасць правільнага чытання ў тым, каб плаўна і без памылак чытаць словы і сказы, захоўваць пры гэтым нормы літаратурнага маўлення.
Пры навучанні чытанню дзеці робяць шматлікія памылкі, якія звязаны ці з неразуменнем або з няправільным разуменнем тэксту; іншыя выкліканы няведаннем значэнняў чытаемых слоў або сэнсу сказа ці нават усяго тэксту; трэція ўзнікаюць з-за нетрывалага засваення вучнем графічнага вобразу якіх-небудзь літар і цяжкасцей ў адрозніванні літары; чацвёртыя адбываюцца ў выніку няўзгодненасці працэсаў зрокавага ўспрыняцця літар, графічных частак чытаемага слова з атыкуляцыйнымі актамі і разуменем [1, с.50].
Пры выпрацоўцы правільнасці чытання выкарыстоўваюцца наступныя прыёмы: работа над пастаноўкай дыхання; адпрацоўка артыкуляцыі: чытанне хорам галосных а, о, у, ы, і; чытанне па дзве галосныя, па тры, па чатыры (развіццё рухомасці моўнага апарату; такім чынам можна чытаць і зычныя); чытанне спалучэнняў зычных; чытанне спалучэнняў галосных; чытанне слоў з адным коранем (вада, водны, …); чытанне слоў з розным коранем, але з адным канчаткам (казка, ручка, …); праца са скорагаворкамі і чыстагаворкамі;
  • раскрыццё лексічнага значэння слова; папярэдняе паскладовае чытанне слоў; чытанне тэксту сам сабе з мэтай усведамлення зместу тэксту і падрыхтоўкі да чытання ўслых; складанне цяжкіх для чытання слоў з разразной азбукі; чытанне асобных цяжкіх слоў, надрукаваных на плакаце ці напісаных на дошцы; чытанне цяжкіх слоў па складовай табліцы; складова-літарны і гукавы аналіз слоў; харавое паўторнае чытанне цяжкіх слоў, словазлучэнняў, сказаў; сістэматычны кантроль настаўніка і вучняў за чытаннем; своечасовае выпраўленне памылкі з улікам характару.
Рэалізацыя дадзеных прыёмаў адбываецца праз адпаведныя практыкаванні. Каб навучыць дзіця правільна размаўляць і чытаць услых, неабходна сістэматычна працаваць над развіццём яго маўленчага дыхання. Практыкаванні на развіццё дыхання можна праводзіць як размінку ў пачатку ўрока або як фізкультхвілінку.
Практыкаванні на адпрацоўку артыкуляцыі з’яўляюцца працягам практыкаванняў на развіццё маўленчага апарату. Такія заданні асабліва карысныя для вучняў першага і другога класаў.
Добры эфект прыносяць практыкаванні са скорагаворкамі, чыстагаворкамі, загадкамі, лічылкамі, гульні са словамі. У рабоце са скорагаворкамі трэба прытрымлівацца наступнага алгарытму: «Выявіць сэнс, затым пераадолець усе цяжкія гукаспалучэнні. Важна вымаўляць цяжкое слова па складах, хоць і ў павольным тэмпе, але без якіх-небудзь цяжкасцей. Прагаворваць трэба кожную скорагаворку спачатку бязгучна, затым пераходзіць на шэпт, а потым — услых, спачатку ў павольным тэмпе, потым ў хуткім. Неабходна помніць пра выразнасць вымаўлення» [2, с.57]. Спачатку можна браць кароткія, а затым больш складаныя скорагаворкі.
Існуе шмат практыкаванняў, якія дапамагаюць выпрацаваць такі навык чытання, як правільнасць, але настаўнік павінен адбіраць найбольш эфектыўныя і цікавыя для дзяцей свайго класа. Вучням больш падабаюцца гульнявыя практыкаванні, якія можна выкарыстаць як у пачатку ўрока (замест фізкультхвілінкі), так і ў канцы (як падагульненне). Гэта вельмі важна для першакласнікаў, праца якіх у асноўным пабудавана ў гульнявой форме, таму што яны не могуць адразу «перайсці» з садка ў школу. Напрыклад, можна выкарыстоўваць наступныя гульні-практыкаванні.
«Які прадмет?»На дошцы, на закрытай частцы, размешчаны малюнкі з выявамі прадметаў, жывёл і г.д. (відэлец, лыжка, ножык, талерка; вавёрка, ліса, мядзведзь, зубр, бабёр). Іх трэба паказаць дзецям, палічыць да трох і схаваць. Вучні павінны пералічыць усе прадметы, якія яны бачылі (хто слабейшы, той можа называць прадметы ў любым парадку, хто мацнейшы — па парадку). Праз некаторы час можна перастаўляць прадметы (ааб вучні не бачылі), дзеціпавінны знайсці тое, што змянілася.
«Што намалявана?»Паказаць малюнак, дзеці 2—3 хвіліны глядзяць на яго. Пасля малюнак схаваць. Заданне дзецям: апісаць падрабязна ўбачаннае.
«Знайдзігук».Трэба выбраць словы на пэўны гук (чытанне верша, сказаў, тэксту). Напрыклад: у вершы А.Котавай трэба выбраць словы, якія пачынаюцца на літару М: Марцін маркі разглядаў, Максім рамкі абмяраў, Раман мора маляваў, А Макар час марнаваў.
Таксама можна прапанаваць выбіраць словы на некалькі гукаў. Напрыклад: з дадзенага верша трэба выбраць словы, у якіх сустракаецца гук [ч]. Другому вучню можна прапанаваць іншы гук: [с], [п], [а] і да т.п.:Скача чапля па балоце,Чачотачка — у чароце,А чубаты чачотТопча, топча агарод. Я чачота падпільную, Чапялою пачастую.
«Цяжкія словы».Словы якія пры чытанні цяжкія для ўспрымання, запісваюцца на дошцы і пры гэтым дзеляцца сярэдняй лініяй. Напрыклад:
Пазайзд

Заклапо

Растлу

росціць

чанасць

мачанне

«Падобныя словы».Чытанне слоў, якія адрозніваюцца адной літарай (мышка — мошка — мішка — міска); чытанне слоў, якія маюць аднолькавыя прыстаўкі (прыехаў — прыйшоў — прыбег), канчаткі (лялька — мама — лыжка — лапка).
«Выразнасць чытання — гэта вобразная перадача тэксту чытачом у адпаведнасці з задумай пісьменніка» [3, с.128]. Ёсць і іншае азначэнне паняцця «выразнасць». Пад выразнасцю чытання трэба разумець уменне чытача выкарыстоўваць паўзу, ставіць лагічны і псіхалагічны націск, знаходзіць патрэбную інтанацыю, якая падказваецца знакамі прыпынку, чытаць дастаткова гучна і зразумела. Такую выразнасць можна патрабаваць ад вучня пры чытанні любога тэксту, знаёмага ці не, тэксту любога жанру і характару.
«Выразнаму чытанню як сродку творчага развіцця малодшых школьнікаў сёння ўдзяляецца вялікая ўвага, таму што выразнасць, якая заснавана на ўдумлівым аналізе тэксту і прымяненні асноўных палажэнняў мастацтва чытання, садзейнічае разумоваму, духоўнаму і эстэтычнаму развіццю іх мастацкіх здольнасцей» [4, с.22].
Аднак часта школьнікі не валодаюць выразным чытаннем, і літаратурны тэкст, поўны яркіх вобразных карцін, чытаецца або празмерна гучна, або як матэрыял асобай сакрэтнасці. Гэта абумоўлена цэлым шэрагам прычын. Па-першае, дабіваючыся ад дзяцей выразнасці чытання, настаўнікі не заўсёды ставяць перад вучнямі мэту дзеля якой чытаецца твор. Перад вучнем не ўзнікае канкрэтная задача, яго дзеянні аказваюцца нематываванымі, псеўдатворчымі. Па-другое, работа па выразнаму чытанню часцей за ўсе зводзіцца да механічнага завучвання інтанацый і паўз, падбору тону, які адпавядае вобліку героя, навучанню праз чытанне з голасу. Фактычна па-за полем зроку застаецца залежнасць паміж думкай і пачуццём, з аднаго боку, і гучаннем мастацкага слова — з другога. Па-трэцяе, у працэсе навучання выразнаму чытанню не вылучаюцца ні тыя прыёмы і ўменні (дзеянні), засвоіць якія неабходнадля паспяховага і яркага прачытання твора, ні тая творчая сітуацыя, у межах якой можа быць забяспечана авалоданне гэтымі ўменнямі і прыёмамі. Па-чацвёртае, настаўнікі часта імкнуцца навучыць прыёмам выразнага чытання выключна за кошт практыкаванняў, не ўдзяляючы ўвагі ўсведамленню дзецьмі заканамернасцей моўнай выразнасці і спосабаў яе ажыццяўлення.
Авалодаць мастацтвам выразнага чытання можна тады, калі выпрацаваны ўменні, звязаныя з правільным дыханнем і гучнасцю голасу, дыкцыяй і інтанацыяй.
Дыханне пры маўленні і чытанні адрозніваецца ад фізіялагічнага. Яно заключаецца ў эканомным і размераным расходаванні паветра, у своечасовым і непрыкметным папаўненні яго запасу. Правільнае фанацыйнае дыханне забяспечваецца пры захаванні наступных патрабаванняў: 1) удыхаць глыбока носам і ротам; 2) удыхаць бясшумна; 3) не перабірать дыхання пры ўдыху; 4) дабаўляць запас паветра пры малейшай магчымасці; 5) не затрымліваць дыхання ў паўзах; 6) не расходаваць увесь запас паветра, каб не захлынуцца[5, с.9].
З гэтай прычыны работу над прыёмамі выразнага чытання неабходна пачынаць з навучання дзяцей правільна дыхаць. Рэкамендуецца выконваць спецыяльныя практыкаванні — своеасаблівую дыхальную гімнастыку.
«Мы расцём».Практыкаванне выконваецца стоячы, ногі разам, рукі ўверх. На лік «раз» глыбока ўдыхнуць, пацягнуцца ўверх і ўстаць на наскі, на лік «два» — на выдысе павольна апусціць рукі, устаць на ступні і ўслых вымавіць: «У-х-х-х!» Практыкаванне выконваецца 4–5 разоў.
Гульня-эцюд «Пакажы, як». Пакажыце, як можна: акуратна здзьмухнуць пыл са свайго рукава, а таксама акуратна здзьмухнуць яго з кончыкаў пальцаў выцягнутай рукі; надзьмуць уяўляемы паветраны шарык так, каб ён не лопнуў; сарваць уяўляемы дзьмухавец і акуратна падзьмуць на яго так, каб усе парашуцікі разляцеліся ў розныя бакі і г.д
«Торт імянінніка».Уявіце сабе, што на Дзень нараджэння вам спяклі вялікі торт і паднеслі яго вам з запаленымі свечкамі. Набярыце як мага больш паветра і задзьмухніце свечкі па адной або ўсе адначасова.
«Надаедлівы камар».Выцягніце рукі перад сабой далонямі адна да адной. На лік «раз» разам з глыбокім бясшумным удыхам праз нос хутка развядзіце іх у бакі да адказу. На лік «два» (на выдысе) вымавіць гук «з-з-з», павольна і акуратна злучыць рукі, каб «забіць камара»,які звініць перад вамі. Рухі на выдысе рабіць павольна і спакойна, каб «не спужаць камара».
Выразнае чытанне залежыць ад умення чытача валодаць сваім голасам, яго ўласцівасцямі. Голас павінен быць добра развіты, гнуткі, паслухмяны, звонкі і дастаткова гучны. Аптымальным з’яўляецца голас сярэдняй сілы і вышыні, таму што яго лёгка можна панізіць і павысіць, зрабіць ціхім і гучным.
Адной з галоўных задач пры пастаноўцы голасу з’яўляецца ўменне карыстацца атакай гука. Атака — гэта спосаб змыкання галасавых звязак у момант пераходу ад дыхальнага становішча да маўленчага. Існуюць тры віды атакі: цвёрдая, мяккая, прыдыхальная. Атака гука садзейнічае выпрацоўцы гнуткага і звонкага голасу. Вельмі важна развіваць гучнасць голасу, яго сілу і палётнасць. Гэта можна рабіць з дапамогай такіх практыкаванняў як «Паравоз», «Козы і каровы» і інш.
Вялікую ролю пры выпрацоўцы ў дзяцей выразнасці чытання адыгрывае дыкцыя. Добрая дыкцыя аднолькава важная як для таго, хто чытае, так і для таго, хто слухае. Дыкцыя палягчае даханне, працу галасавых звязак.
У працы над выразнасцю чытання вялікая ўвага ўдзяляецца сродкам маўленчай выразнасці. Гэта інтанацыя, лагічны націск і разнастайныя паўзы, тэмп, сіла і вышыня голасу. Усе гэтыя сродкі знаходзяцца ў цеснай узаемасувязі і дапаўняюць адзін аднаго. Галоўным сродкам маўленчай выразнасці з’яўляецца інтанацыя. «Інтанацыя — гэта сукупнасць сумесна дзейнічаючых гукавых элементаў вуснай мовы, якая вызначаецца зместам і мэтамі выказвання»[6, с.37].
У інтанацыі выдзяляюцца наступныя кампаненты: сіла голасу (гучнасць і лагічны націск), паўза, тэмп і рытм, мелодыка, эмацыянальны тон, тэмбр. З дапамогай інтанацыі сказам надаецца значэнне пытання, пабуджэння, паведамлення. Інтанацыя дазваляе перадаць эмацыянальна-сэнсавыя адценні тэксту, паказваючы стан, настрой аўтара, яго адносіны да таго, што ён апісвае.
Пры чытанні мастацкага твора інтанацыя ўзнікае пасля асэнсавання тэксту, разумення задумы і памеру аўтара і ўсвядомленых адносін да герояў, іх учынкам і падзеям. Інтанацыя з’яўляецца вынікам глыбокага пранікнення чытача ў тэкст. Таму трэба вучыць дзяцей інтанацыі, выкарыстоўваючы разнастайныя заданні.
Такім чынам, настаўніку пачатковых класаў неабходна ўдзяляць шмат увагі выпрацоўцы правільнасці і выразнасці чытання. Пры гэтым памятаць пра астатнія якасці і выпрацоўваць іх узаемазвязана. Таму што калі вучань не валодае правільнасцю, то ён не зможа прачытаць ні выразна, ні бегла і пры гэтым проста не зразумее тэкст.

Спіс літаратуры

1. Горецкий, В.Г. О проверке навыка чтения / В.Г. Горецкий // Начальная школа. — 2001. — № 8. — С.50.
2. Положенцева, В.В. Пути становления механизма чтения в начальной школе / В.В. Положенцева // Начальная школа. — 1999. — № 10. — С. 57.
3. Методыка выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах / Пад рэд. А.П.Шанько. — Мн.: Вышэйшая школа, 1986. — С.128.
4. Гуро-Фролова, В.Г. Работа над выразительными средствами речи/ В.Г. Гуро-Фролова // Начальная школа. — 1998. — № 8. — С.22—25.
5. Гл.: Амасовіч, Н.В. Вучым чытаць выразна / Н.В. Амасовіч // Пачатковая школа. — 1997. — № 5—6. — С. 9—11.
6. Кубасова, О.В. Выразительное чтение: пособие для студ. сред. пед. уч. заведений / О.В. Кубасова. — М.: Академия, 1998. — С. 37.
Запись опубликована в рубрике Развитие коммуникативных навыков у учащихся (студентов). Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий