Чырэц А.А. РАЗВІЦЦЁ МАЎЛЕННЯ ДЗЯЦЕЙ НА ЎРОКАХ НАВУЧАННЯ ГРАМАЦЕ

На працягу ўсяго жыцця чалавек авалодвае маўленнем і ўдасканальвае яго. Асновай гэтага працэсу служыць моўная здольнасць, якая апіраецца на фізіялагічныя моўныя цэнтры і фарміруецца ў дзіцячым узросце. Развіццё маўлення – актуальная задача навучання ў пачатковай школе, таму што наша мова з’яўляецца асновай усякай разумовай дзейнасці і сродкам чалавечых зносін. Правільныя моўныя структуры надаюць думцы яснасць, лаканічнасць, дакладнасць, развіваюць мысленне.У сістэме работы па развіцці маўлення перыяд навучання грамаце — надзвычай важны і адказны этап. Веды, уменні і навыкі, якія вучні набываюць на працягу гэтага этапа, неабходны для далейшай работы па ўсіх прадметах. Навучанне грамаце вядзецца аналітыка-сінтэтычным гукавым метадам. Асноўнае ў гэтым метадзе — навучанне вымаўленню слоў, успрыманне на слых гукаў і складоў. К.Д.Ушынскі адзначаў, што «не толькі ўмоўным гукам вучыцца дзіця, вывучаючы родную мову, але п’е духоўнае жыццё і сілу з грудзей роднага слова» [1, с.12].Настаўнік у гэты перыяд пачынае фарміраваць у вучняў вуснае маўленне.Развіццё першакласнікаў уключае ў сябе:
-авалодванне нормамі беларускай літаратурнай мовы ;
-узбагачэнне слоўнікавага запасу вучняў;
-праца над словазлучэннем і сказам;
-праца над звязным маўленнем.
Зразумела, што ў гэтым узросце ў дзіцяці адбываюцца змены ў матывацыйна-патрэбнаснай, эмацыянальна-валявой і пазнавальнай дзейнасці. Заўважана, што 6-гадовае дзіця можа дастаткова пераканана і аргументавана ахарактарызаваць добры ці дрэнны ўчынак, зрабіць просты аналіз сваіх паводзін. Таму, прыступаючы да навучання дзяцей 6-гадовага ўзросту роднай мове, развіццю яго маўлення, варта кіравацца навуковым вывадам, які быў зроблены Л.С.Выгоцкім: «Дзіця дашкольнага ўзросту валодае ўжо ўсімі асноўнымі граматычнымі і сінтаксічнымі формамі. За час навучання роднай мове яно не набывае істотна новых граматычных і сінтаксічных форм і структур… Але дзіця навучаецца ў школе ўсведамляць і, значыць, свабодна аперыраваць уласнымі ўменнямі» [2, с.9].
Развіццё ўнутранага плану дзеянняў, рэфлексіі — усяго таго, што псіхолагі называюць новафарміраваннем малодшага школьнага ўзросту, — як бы новым светам асвятляе асноўныя псіхічныя працэсы школьніка: яго ўспрыманне, увагу, уяўленне, памяць, мысленне. Гэтыя псіхолага-педагагіныя асаблівасці неабходна ўлічваць пры арганізацыі навучальнага працэсу і працы над развіццём маўлення вучняў.Навучанне мове і развіццю маўлення разглядаецца не толькі як авалоданне школьнікамі моўнымі навыкамі — фанетычнымі, граматычнымі, лексічнымі, але і авалоданне камунікатыўнымі ўменнямі. Важным з’яўляецца фарміраванне культуры маўлення, культуры зносін. На ўроках навучання грамаце ажыццяўляецца развіццё фанематычнага слыху дзяцей, азнаямленне вучняў з асноўнымі лінгвістычнымі паняццямі — словам, сказам, развіццё слыхавой памяці і моўнага апарату, увагі да гукавога боку мовы, «удасканальваюцца моўныя навыкі: навучанне адпаведнаму тэмпу і рытму маўлення, правільнаму фанацыйнаму дыханню, патрэбнай гучнасці і інтанаванню» [3, с.27].
Навучанне грамаце пачынаецца з аналізу вуснай мовы. На кожным уроку дзеці вычляняюць з моўнага патоку сказы, дзеляць на словы, у словах вызначаюць склады. У дабукварны перыяд дзеці практычна авалодваюць уменнямі вылучаць сказы і дзяліць сказы на словы. Таму ў букварны перыяд немэтазгодна праводзіць на кожным уроку разгорнутую аналітычную дзейнасць: вылучаць у мове сказы, дзяліць сказы на словы, словы на склады, склады на гукі. Моўным матэрыялам можа быць адразу слова — назва прадмета, які намаляваны ў падручніку; адказ на пытанне настаўніка; слова-адгадка на загадку. Адзначым, што лексічнае значэнне гэтага слова павінна быць сугучна тэме ўрока [1, с.21].Штоб ні вывучалася на ўроку чытання,настаўнік адводзіць частку ўрока на развіццё вуснага маўлення дзіцяці. Гэта звычайна гаворка або размова па малюнках буквара, адказы вучняў на пытанні настаўніка адным словам ці сказам, складанне сказаў па малюнках і схемах да іх. Напрыклад, па малюнках і схемах вучні складваюць сказы: Хлопчык прачнуўся. Хлопчык робіць зарадку. Хлопчык засцілае ложак і да т.п.Развіццю маўлення першакласнікаў садзейнічаюць таксама гутаркі па насценных карцінах, складанне вучнямі расказаў пра выпадкі са свайго жыцця, пра ўчынкі герояў з прачытаных настаўнікам невялікіх літаратурных твораў, расказванне казак, вершаў, загадванне і разгадванне загадак і інш. На кожным наступным уроку прадугледжваецца паступовае ўдасканаленне работы па развіцці маўлення вучняў: спачатку мэтазгодна навучыць складваць апавяданне па серыі малюнкаў, потым прапануецца скласці расказ па асобнай карціне, па апорных словах . У канцы навучання грамаце адбываецца пераход ад вусных расказаў да пісьмовых.
У працэсе работы па развіцці маўлення першакласнікаў выкарыстоўваюцца наступныя віды работы.
 1. Работа над сказам. У дабукварны перыяд яна праводзіцца пераважна калектыўна. Пад кіраўніцтвам настаўніка дзеці складаюць сказы, схемы сказаў. Паступова дзеці самі складаюць схемы сказаў. Напрыклад, па малюнку буквара на с. 7 дзеці складаюць сказ: Матуля шые сукенку. На дошцы малюецца схема гэтага сказа. Затым сказ пашыраецца іншымі словамі : Матуля шые новую сукенку. На дошцы малюецца дапаўненне да ранней ужытай схемы .Вучням прапаноўваецца дапоўніць сказ іншымі словамі і дамаляваць схему: Дарагая матуля шые новую сукенку .Такім чынам, першакласнікі складаюць новыя сказы, дапаўняючы папярэднія новымі словамі. Гэта садзейнічае ўзбагачэнню слоўніка вучняў і развіццю іх маўлення.
 2. Работа над словам. На першапачатковым этапе дзяленне слоў на склады па прадметных малюнках і схемах да іх вучыць дзяцей самастойна працаваць. Напрыклад, па малюнках да буквара на с. 27 вучні называюць намалёваныя прадметы, самастойна дзеляць словы на склады: са-ба-ка, ка-ро-ва, пе-вень, затым авалодваюць уменнямі вымаўляць словы па складах , вучацца выдзяляць галосныя ў словах , вызначаюць месца склада ў слове.
 3. Аналіз гукавой структуры слоў. Гукавы аналіз дапамагае вучням правільна ўспрымаць на слых гукі ў словах, адрозніваць іх і вымаўляць у складзе, слове і асобна. Для самастойнай работы прапаноўваюцца такія заданні: а) скласці з літар разразной азбукі словы на, мох, арэхі, машына; б) скласці са складоў словы шары, ранак, рука ; в) у словах нос, кот, рыс памяняць месцамі літары, каб атрымаліся новыя словы: сон, ток, сыр; г) у словах ліпа, рака памяняць месцамі склады, каб атрымаліся новыя словы: палі, кара; д) у словах рак, кот замяніць адну літару, каб атрымалася новае слова: рак — мак — лак, кот — кіт — кут; е) уставіць прапушчаныя літары: д…х, с…м, н…с; ж) дапоўніць слова адной літарай, каб атрымалася новае слова рот — крот, кава — Клава кут — куст, рот — рост; з) адняць ад слова адну літару або склад, каб атрымалася новае слова: ліст — ліс, чабор — бор.
 4. Развіццё звязнай мовы. Навучанне правільнаму апавяданню(паслядоўна і дакладна) праводзіцца па малюнках пад кіраўніцтвам настаўніка без забароны самастойнага выказвання. На працягу і ў канцы букварнага перыяду першакласнікі ўжо самастойна могуць падбіраць да серыі малюнкаў сказы і размяшчаць іх у пэўнай паслядоўнасці, адказваць на пытанні да малюнкаў, каб атрымаўся невялікі звязны тэкст, пераказваць апавяданне па пытаннях, расказваць казкі, вершы, тлумачыць сэнс прыказак, адгадваць загадкі, чытаць скорагаворкі.
Змест лексічнай работы ў 1 класе накіраваны на тое, каб школьнікі навучыліся правільна суадносіць словы вуснага маўлення з рэальнымі з’явамі і прадметамі. Адразу праводзіцца работа па выяўленні лексічнага значэння слоў. У асноўным яна рэалізуецца праз гутарку, малюнак, расказ настаўніка або вучняў. Напрыклад, на с. 17 буквара дзеці засвойваюць словы, якія называюць прылады працы (пілка, долата, нож), назвы кветак (мак, настурцыя, пралеска), на с.21 — жывёлагадоўчая ферма, свойскія жывёлы, на с.26. — дзікія жывёлы, віды раслінасці. У далейшым, калі першакласнікі навучацца чытаць, лексічнае значэнне некаторых слоў яны ўсвядомяць праз тэкст. Так, на с.126 вучні знаёмяцца са значэннем слова Радзіма праз вывучэнне тэксту «Беларусь — твая Радзіма», пра значэнне слова асветнікі дзеці даведаюцца з тэкстаў «Янка Купала» і «Якуб Колас» і інш.
У 1 класе вучні павінны асэнсоўваць прачытаннае. Для тлумачэння лексічнага значэння існуюць разнастайныя спосабы. Іх выбар залежыць ад умоў і ўзроўню развіцця дзяцей. Вось некаторыя з іх: дэманстрацыя натуральных прадметаў, малюнкаў: раскрыццё значэння слоў Нацыянальная бібліятэка (с. 130) праводзіцца па малюнку. Застаецца толькі дадаць кароткі каментарый. Выяўленню адрозненняў у значэнні сасна, елка, ліпа (с. 26) дапаможа экскурсія ў лес, дзе дзеці могуць убачыць гэтыя дрэвы; апісанне прадметаў і з’яў рэчаіснасці на аснове жыццёвага вопыту дзяцей: каб растлумачыць значэнне слова дуброва (с. 85), настаўнік пытаецца ў дзяцей: «Як можна вырасціць дрэва? Якія існуюць спосабы атрымання саджанцаў?» Праводзіцца работа над сэнсам такіх выказванняў, як «Шануй лес. Лес – наша багацце!» (с. 85); складанне сказаў са словамі: парасон (с.65) — Дзеці схаваліся ад дажджу пад парасон;самакат (с.65) — Хлопчык любіць ездзіць на самакаце; падбор сінонімаў: спачуваць — спагадаць — шкадаваць (с. 97); адзенне — вопратка — убранне ( с 107); бяжыць — імчыцца — нясецца ( с. 118) ; абгрунтаване выбару слова : коцік-варкоцік ( с.119) — Чаму яго так называюць? Кіпці ў аксаміце (с.119) — Чаму так гавораць ?; паказ дзеянняў: так звычайна тлумачыцца сэнс дзеясловаў, напрыклад, зняць мерку (с.106) — дзецям прапаноўваецца вымераць даўжыню рукі, шырыню плячэй; майструем (с. 96) — вучням прапаноўваецца зрабіць кармушку.
На ўроках навучання грамаце важнае месца адводзіцца пашырэнню і ўзбагачэнню слоўнікавага запасу вучняў, удасканаленню ўяўленняў пра навакольнае асяроддзе. Таму для развіцця маўлення настаўнік не абмяжоўваецца толькі тлумачэннем значэння незразумелых слоў. Задача настаўніка — выпрацаваць навык у дзяцей свабодна карыстацца словамі ў вуснай мове, навучыць іх дакладна раскрываць ужыванне некаторых слоў у сказе: Бяжыць сцяжынка з дому (с. 112). Што значыць «бяжыць сцяжынка»? Як можна сказаць па-іншаму?
На пачатаку навучання ў 1 класе слоўнік дзяцей характарызуецца перважнай большасцю слоў, якія называюць прадметы. Дзеясловы і прыметнікі ўжываюцца радзей. Аднак яркія і змястоўныя малюнкі, змешчаныя на старонках буквара, дазваляюць актывізаваць наяўны слоўнік вучняў і пашырыць яго назвамі дзеянняў і прымет. У працэсе гутаркі па малюнках увага вучняў звяртаецца не толькі на адлюстраваныя прадметы, але на іх стан і прыметы. Напрыклад, пры падборы назваў прадмета да малюнкаў (с. 28) адначасова можна назваць і іх якасці па колеры і памеры: цыбуля — круглая, жоўтая; а таксама дзеянні прадметаў (с. 17): піла — пілуе, нож — рэжа.
Слоўнікавая работа, арганізаваная на прынцыпах свядомасці, паслядоўнасці і сістэматычнасці, пашырае кругагляд вучняў, актывізуе працэс развіцця маўлення. Работа над сказам як асноўнай адзінкай звязнай мовы праводзіцца сістэматычна на кожным уроку. Настаўнік задае пытанні вучням, просіць адказаць адным словам або цэлым сказам. Напрыклад, працуючы з малюнкамі (с.4-5) настаўнік задае пытанні: «Што робяць дзяўчынкі? Чым займаюцца хлопчыкі? Што зрабіў коцік?» У ходзе адказаў атрымліваецца невялікае апавяданне.
Вельмі карысна для развіцця маўлення дзяцей складанне сказаў з прачытанымі словамі, якое дапамагае дзецям уводзіць гэтыя словы ў свой актыўны запас, удакладняць іх сэнс. Важнае месца ў буквары адведзена інтанаванню апавядальных сказаў. Настаўнік звяртае ўвагу на паўзы паміж сказамі пры чытанні, паніжэнню голасу ў канцы сказаў. Заняткі па навучанню грамаце павінны быць цікавымі і займальнымі. Дыдактычная гульня выступае як метад навучання, як дыдактычнае патрабаванне. У буквары даецца разнастайны матэрыял для арганізацыі гульні: рэбусы (с.38,43), загадкі (с. 71), языкаломкі (с. 77),гульні (с.82) Займальны матэрыял дазваляе настаўніку выхоўваць у дзяцей любоў да роднай мовы, развіваць маўленне дзяцей і інш.
Такім чынам, казаць пра развітае маўленне вучняў можна толькі ў тым выпадку, калі яно багатае і разнастайнае па скарыстаных у ім лексічных і граматычных сродках; у ім сапраўды перададзены змест выказвання; улічаны асаблівасці сітуацыі зносін, вытрыманы вызначаны стыль гаворкі.
Спіс літаратуры

1. Ушинский, К.Д. Избр. пед.соч.: В 2-х т. / К.Д.Ушинский. — М., 1974. — Т.2. — С.27.
2. Выготский, Л.С. Мышление и речь / Л.С. Выготский // Избранные психологические исследования. — М.: 1965. — 195 с.
3. Вучэбныя праграмы для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання. I–IV класы / М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь. — Мн.,2009. — С 37.
Запись опубликована в рубрике Развитие коммуникативных навыков у учащихся (студентов). Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий