Шлык А.Г. ВЫКАРЫСТАННЕ НЕТРАДЫЦЫЙНЫХ ФОРМ РАБОТЫ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ

Сёння школа, як і на працягу ўсяго перыяду свайго існавання, вырашае два важныя пытанні: чаму вучыць і як вучыць. Чаму вучыць – гэта пытанне зместу адукацыі. Змест вызначаны ў дзяржаўным стандарце, патрабаванні да ведаў і ўменняў таксама акрэслены дакументальна. З гэтым пытаннем настаўніку ўсё зразумела. А вось як вучыць – гэта праблема больш складаная, яна датычыць метадаў і адукацыйных тэхналогій, галоўная задача якіх – не толькі вучыць школьнікаў, але і навучыць іх вучыцца; не толькі даваць веды, але і развіваць асобу дзіцяці. Развіццё ніколі не можа быць дасягнута шляхам прымусу, яно мае месца толькі тады, калі чалавек сам цягнецца да ведаў, да творчасці.
Ад дзіцяці, якое ўступае ў жыццё, сёння патрабуецца ўменне працаваць і у пары, і ў калектыве, адстойваць сваю думку, згладжваць канфлікты, адчуваць адказнасць за работу, быць мабільным, камунікабельным, гібкім у розных сітуацыях.
Без сумнення, педагог павінен арыентавацца на патрэбы вучняў, выкліканыя запатрабаваннямі часу, не баяцца мяняцца самому, па-новаму пераасэнсоўваць уласную дзейнасць. Класічны камбінаваны ўрок заўсёды у школе быў, ёсць і, мабыць, застанецца яшчэ надоўга. Аднак без нетрадыцыйных формаў яго правядзення сёння не абысціся.
У апошні час у педагагічнай практыцы даволі часта сустракаюцца тэрміны «інтэрактыўныя метады», «інтэрактыўная педагогіка», «інтэрактыўнае ўзаемадзеянне». Можна сказаць, што інтэрактыўнасць стала модным словам у асяроддзі педагогаў. Нягледзячы на папулярнасць гэтага тэрміна, ён застаецца словам, сэнс якога ўспрымаецца як нешта нетрадыцыйнае. Гэта звязана, у першую чаргу, з няведаннем канкрэтных інтэрактыўных метадаў і іх пераваг, з недахопам метадычнай літаратуры па гэтым пытанні [1].
Як часта (і ўжо не адзін дзесятак гадоў!) падчас гутаркі настаўніка і бацькоў можна пачуць пра іх выхаванца: “Не хоча вучыцца”, “Мог бы займацца намнога лепш”, “Пасіўны на ўроках” і інш. Сапраўды, школьная праблема прывіцця цікавасці да ведаў ўсё яшчэ застаецца нявырашанай, хоць і напісана пра яе безліч псіхолага-педагагічных прац.
Сёння, улічваючы адказнасць педагогаў краіны за якасць ведаў вучняў і ўзровень іх падрыхтаванасці, кожны настаўнік беларускай мовы і літаратуры імкнецца, каб і яго выхаванцы з ахвотай вывучалі і дасканала ведалі гэтыя прадметы: паспяхова пісалі кантрольныя дыктоўкі, пераказы, сачыненні ці дакладна адказвалі на пытанні тэстаў.
Але з настаўніцкага вопыту вядома, што нельга навучыць школьніка, калі ён раўнадушны, абыякавы, не бачыць патрэбы ў набыцці ведаў. І, на жаль, такіх дзяцей у класе большасць. Магчыма, негатыўную ролю тут адыграла празмерная інфармацыйная насычанасць сучасных дзеючых праграм практычна па ўсіх прадметах. Да таго ж адведзена малая колькасць гадзін на вывучэнне пэўнай тэмы і, трэба прызнаць, новая дзесяцібальная сістэма ацэнкі ведаў не толькі зняла “каўпак” аўтарытарызму ў сучаснай рэфармуемай школе, але і дала магчымасць вучню перайсці з класа ў клас з самымі нізкімі баламі.
Такім чынам, у вучэбна-выхаваўчым працэсе сапраўды існуе праблема матывацыі да вучобы.
Калі быць аб’ектыўнымі, то пры вызначэнні фактараў нежадання вучняў вучыцца нельга не адзначыць і недастаткова прафесійнае, а часам і пасіўнае псіхалагічнае суправаджэнне вучэбнага працэсу настаўнікам. Якія ж прагрэсіўныя педагагічныя прыёмы можна выкарыстаць на занятках мовы і літаратуры з мэтай развіцця і фарміравання ў школьнікаў станоўчай пазнавальнай матывацыі да вучэбнай дзейнасці? Такое пытанне даўно хвалюе настаўнікаў, бацькоў, псіхолагаў і метадыстаў. Праўда, далёка не кожны настаўнік акцэнтуе ўвагу на гэтай праблеме, бо найчасцей лічыць, што калі падлетак прыйшоў у школу, то ён павінен, а то і абавязаны, рабіць усё, што рэкамендуе педагог.
Як вядома, матыў– гэта тое, што натхняе , скіроўвае чалавека да пэўнай дзейнасці. Калі ж не ведаеш матываў, то цяжка зразумець, чаму дзіця імкнецца да нечага іншага, а не да таго, што прапануе яму настаўнік.
У псіхолага-педагагічнай літаратуры вызначаюцца два тыпы матывацыі: знешні і ўнутраны. Знешні – гэта такі тып, калі вучань ведае, што за добрую і старанную вучобу ён будзе заахвочаны: напрыклад, бацькі купяць яму “ролікі”, веласіпед ці камп’ютэр. Зразумела, што пры такой умове падлетак пачне праяўляць актыўнасць на занятках, стане больш старанна выконваць дамашнія заданні, каб атрымаць высокі бал. Аднак падобныя імкненні хутчэй за ўсё будуць праяўляцца толькі да адпаведнага моманту – атрымання абяцанага.
Унутраны тып матывацыі можна часта назіраць у паводзінах вучняў пачатковых класаў, якія імкнуцца сваёй паспяховай вучобай парадаваць дарослых. Але з узростам і гэты матыў страчвае сваю актуальнасць.
Безумоўна, паспяховай з’яўляецца тая матывацыя, якая заахвочвае школьніка да адпаведнай дзейнасці з мэтай свядомага пашырэння і паглыблення сваіх ведаў, павышэння свайго культурнага ўзроўню. Фарміраванне матываў вучыцца – гэта ў першую чаргу стварэнне на ўроках мовы і літаратуры ўмоў для праяўлення ўнутраных імкненняў школьніка да навучання. Унутраная матывацыя, незалежная ад знешніх фактараў, з’яўляецца важнай умовай паспяховай вучобы [2].
Нельга не згадзіцца з тым,што ў апошні час зніжаецца цікавасць дзяцей да вучобы, знікае жаданне вучыцца. Зацікавіць вучняў навучальным матэрыялам дапамагаюць нестандартныя ўрокі, якія арыентуюцца галоўным чынам на забаўляльны інтарэс.
Прынцыпы нестандартных урокаў:
1. Адмова ад шаблонаў пры арганізацыі ўрока, ад фармалізму ў час правядзення.
2. Максімальнае прыцягненне вучняў класа да актыўнай дзейнасці на ўроку.
3. Не забаўляльнасць,а займальнасць і захапленне як аснова эмацыянальнага тону ўрока.
4. Падтрымка альтэрнатыўнасці, мноства меркаванняў.
5. Развіццё функцыі зносін на ўроку як умова забеспячэння ўзаемаразумення.
6. “Схаваная” (педагагічна мэтанакіраваная) дыферэнцыяцыя навучэнцаў па іх магчымасцях, інтарэсах, здольнасцях і схільнасцях.
Неабходна выдзеліць 3 перыяды падрыхтоўкі і правядзення нестандартных урокаў: падрыхтоўчы, асабіста ўрок, і яго аналіз.
У падрыхтоўчым этапеактыўны ўдзел прымаюць і вучні, і настаўнік. Калі пры падрыхтоўцы да традыцыйнага ўрока такую дзейнасць праяўляе толькі настаўнік(піша план-канспект, рыхтуе дадатковы матэрыял, карткі і г.д.), то ў другім выпадку ў значнай ступені задзейнічаны і вучні. Яны дзеляцца на групы (каманды, экіпажы), атрымліваюць пэўныя заданні, якія неабходна выканаць да ўрока: падрыхтаваць паведамленне па тэме папярэдняга ўрока, скласці пытанні, крыжаванкі, віктарыны, зрабіць неабходны дыдактычны матэрыял і г. д.
Асабіста ўрок сам складаецца з трох этапаў.
Першы этап. Ён з’яўляецца перадумовай да фарміравання і развіцця матывацыйнай сферы вучняў: ставяцца праблемы, удакладняецца ступень падрыхтаванасці да іх рашэння, да знаходжання шляхоў дасягнення мэты ўрока. Вызначаюцца сітуацыі, удзел у якіх дазваляе рашыць пазнавальныя, развіваючыя і выхаваўчыя задачы.
Развіццё матывацыйнай сферы ажыццяўляецца эфектыўна толькі тады, калі добра быў праведзены падрыхтоўчы перыяд: якасць выканання вучнямі папярэдніх заданняў уплывае на іх цікавасць да наступнай работы. У час правядзення ўрока настаўнік улічвае адносіны вучняў да арыгінальнай формы ўрока; узровень іх падрыхтаванасці; узроставыя і псіхалагічныя асаблівасці.
Другі этап. Паведамленне новага матэрыялу, фарміраванне ведаў вучняў у розных “нестандартных” формах арганізацыі іх мысленчай актыўнасці.
Трэці этап. Ён прысвечаны фарміраванню ўменняў і навыкаў. Кантроль звычайна не выдзяляецца асобна ў часе, а “раствараецца” ў кожным з папярэдніх этапаў.
Аналіз урока. Аналізуючы дадзены ўрок, мэтазгодна ацэньваць не толькі вынікі навучання, выхавання, развіцця вучняў, але і карціну навучання – эмацыянальны тонус урока: не толькі ў зносінах настаўніка з вучнямі, але і ў зносінах дзяцей адзін з адным, а таксама асобных рабочых груп.
Урокі, якія абапіраюцца на фантазію вучняў.
а) урокказка
 Мэта дадзеных урокаў: прывіваць вучням любоў да ўдумлівага чытання, выклікаць радасць ад чытання, прывіваць увагу да слова; выпрацоўваць навыкі выразнага чытання; выхоўваць уважлівасць, адказнасць.
б) уроквернісаж
 Мэта ўрока: пашыраць кругагляд вучняў, даваць новую інфармацыю; развіваць самадзейнасць, эстэтычны густ і ўменне весці расказ, выступаць перад таварышамі; прапагандаваць творчасць.
Урокі, заснаваныя на гульнёвай аснове
Уроклато
Вучням папярэдне паведамляецца тэма і дата правядзення ўрока,агульная накіраванасць пытанняў,якія выносяцца на ўрок. Далей вучням даюцца карткі з заданнямі, дыферэнцыраваныя па цяжкасці работы; карткі маюць парадкавыя нумары. Прапаноўваецца на лістках падрыхтаваць адказы на гэтыя заданні за 15 хвілін. Затым пачынаецца гульня ў лато: настаўнік дастае невялікія кардонныя квадрацікі з нумаркамі і аб’яўляе голасна “вынуты” нумар; вучань, які мае картку – заданне з такім жа нумарам, дае адказ. Асноўныя правілы ўрокаў, заснаваных на гульнявой аснове:
  • нельга рабіць паўзы, каб не заахвочваць няўважлівасць вучняў і не зніжаць тэмы гульні;
  • ацэньваецца толькі прачытаны запіс на лістку, а не колькасць “нумаркоў”, якія трапілі да вучня;
  • адказ павінен быць кароткім і дакладным;
  • калі адказ правільны, то “нумарок” аддаецца яго “гаспадару”, а той пры мацоўвае яго да сваёй карткі;
  • калі неабходна ўдаскладненне,то прапаноўваецца гэта зрабіць жадаючым, тым, хто падняў руку. Нумарок у гэтым выпадку атрымлівае той, хто даў лепшы адказ.
Урокі, якія прадугледжваюць трансфармацыю стандартных спосабаў арганізацыі
а) уроксемінар
Мэта ўрока: зрабіць тэарэтычныя падагульненні вывучанага матэрыялу; паказаць сувязь унутры тэмы і паміж тэмамі, з жыццём, з практыкай з улікам узроставых асаблівасцей вучняў правесці сістэматызацыю ведаў.
Семінары – важная форма выпрацоўкі ў школьнікаў самастойнасці, актыўнасці, умення працаваць з літаратурай, творча мысліць і дзейнічаць.
Усе семінары можна падзяліць на наступныя тыпы:
  • семінар – разгорнутае субяседаванне: усе вучні рыхтуюцца па ўсіх пытаннях плана, максімальна ўцягваюцца ў абмеркаванне тэмы. Гэтаму дапамагаюць падрыхтаваныя да ўрока разгорнутыя выступленні школьнікаў па кожным пытанні;
  • семінар – абмеркаванне дакладаў і рэфератаў. Кожнаму вучню, які выступае, назначаецца апанент з ліку аднакласнікаў. Астатнія школьнікі знаёмяцца з літаратурай, каб быць гатовымі да дыскусіі паводле даклада, план якога і асноўныя праблемы вядомы яшчэ да ўрока;
  • семінар – дыспут. Кожны вучань павінен вызначыць свае адносіны да тэмы ўрока. Настаўнік не павінен умешвацца ў ход семінара, аднак можна размеркаваць клас на групы: “Я адчуваю”, “Я думаю”, “Я ацэньваю”, “Я твару” і кіраваць імі, ставячы правакацыйныя пытанні. Веды, засвоеныя ў час дыскусіі, больш трывалыя.
б) уроккансультацыя
 Мэта – аказаць дапамогу вучням у авалоданні ведамі і ва ўдасканаленні практычных навыкаў.
Вусная мова ў жыцці чалавека адыгрывае выключна важную ролю. Мова павінна быць выразнай, зразумелай, эмацыянальнай. Задача настаўніка: фарміраваць, развіваць, узбагачаць, удасканальваць мову дзяцей.
Гэтаму і дапамагаюць творчыя работы, урокі развіцця мовы. Глыбока прадумаць, адчуць значэнне таго ці іншага вобраза, мастацкага прыёму, сродку мастацкай выразнасці ў тэксце твора вучань найбольш паспяхова зможа ў працэсе творчай працы. На ўроку можна прапаноўваць вучням самыя розныя тыпы заданняў:
  • прыдумаць (ці выбраць з двух – трох прыведзеных настаўнікам) прапушчаныя ў мастацкім урыўку метафары, эпітэты, параўнанні;
  • намаляваць слоўны партрэт героя, маючы на ўвазе пэўныя рысы яго характару;
  • скласці невялікі верш у зададзеным рытме;
  • дапісаць некалькі радкоў верша і г.д.
Урокі развіцця мовы павінны быць розныя па формах і тэматыцы:
  • урокі па навучанні падрабязнаму, сцісламу, выбарачнаму пераказам;
  • творчыя пераказы патрабуюць не толькі ўзнавіць тэкст, а і выканаць пэўнае творчае заданне: замяніць простую мову ўскоснай, цяперашні час – на прошлы, ці наадварот, першую асобу – на трэцюю і інш. Можна правесці творчы пераказ са зменаю асобы апавядальніка пасля вывучэння апавядання В. Ластоўскага “Прывід”. У гэтым творы два апавядальнікі – аўтар і грэчаская багіня. Вучням даецца заданне пераказаць падзеі, што адбываюцца ў творы,ад імя Ігната.Такое заданне дапаможа вучням глыбей і паўней асэнсаваць твор, характар героя, ад імя якога вядзецца апавяданне. Спроба глянуць на створаны пісьменнікам свет вачыма іншага апавядальніка будзе не толькі спрыяць павышэнню культуры, але і фарміраваць здольнасць дзяцей глыбей разбірацца ў жыццёвых сітуацыях, ставіць сябе на месца іншых людзей, разумець іх.
    • пераклады з рускай мовы на беларускую;
    • напісанне сачыненняў розных жанраў;
    • напісанне водгукаў, рэцэнзій, анатацый;
    • разгорнуты адказ на праблемнае пытанне і інш.
Праверка творчых работ – гэта не толькі кантроль ведаў і уменняў вучняў, культуры іх вуснай і пісьмовай мовы, але і навучанне, і выхаванне. Выпраўляючы памылкі і недакладнасці, дапушчаныя ў рабоце, школьнікі развіваюць культуру мовы. У іх выхоўваецца імкненне да правільнага напісання, адказнасць за слова. У большасці выпадкаў правільна арганізаваная праца над памылкамі прывучае школьнікаў больш адказна і сур’ёзна адносіцца да творчых работ. Настаўнік павінен сістэматычна весці ўлік памылак кожнага вучня. Такі ўлік дае мажлівасць выявіць поспехі кожнага вучня [3].
Такім чынам, нетрадыцыйныя формы, метады і прыёмы садзейнічаюць развіццю інтэлектуальных здольнасцей вучняў, “ствараюць матывацыю, без якой чалавек не можа крытычна мысліць, развіваць пазнавальную дзейнасць, вучаць самастойна знаходзіць рашэнне праблем…” [4].
Літаратура
1. Кандратовіч, А.П. Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання як сродак павышэння эфектыўнасці ўрокаў беларускай мовы і літаратуры / А.П. Кандратовіч [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www. wiki.schoolnet.by. – Дата доступу 03.03.2015.
2. Жуковіч, М.В. Сучасныя педагагічныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры: дапаможнік для настаўнікаў агульнаадукацыйных устаноў / М.В. Жуковіч. – Мінск: Адукацыя і навука, 2007. – 255 с.
3. Нетрадыцыйныя (нестандартныя) урокі – першы крок для падрыхтоўкі творчай асобы [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.konve-school.do.am. – Дата доступу 03.03.2015.
4. Тамашэвіч, З.М. Новыя падыходы ў навучанні малодшых школьнікаў роднай мове. / З.М. Тамашэвіч // Язык. Речь. Речевая деятельность: сб. науч. ст. / ГрГУ им. Я. Купалы; редкол.: И.Н. Кавинкина ( отв. ред.) [и др]. – Гродно: ГрГУ, 2011. – с. 83 – 90.
Запись опубликована в рубрике Внедрение образовательных технологий в учебный процесс школы и университета. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий