Інтэрактыўным навучаннем называюць спецыяльную форму арганізацыі працэсу адукацыі, сутнасць якой – сумесная дзейнасць вучняў па засваенні вучэбнага матэрыялу. Пры гэтым ажыццяўляецца абмен ведамі, ідэямі, спосабамі дзейнасці. Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў дазваляе настаўніку стварыць умовы для пастаноўкі мэты і задач, якія патрабуюць аналізу разнастайных рашэнняў; выбару розных відаў дзейнасці для дасягнення выніку, развіцця камунікатыўных уменняў і навыкаў, мыслення; дапамагае цікава і незвычайна падвесці вынікі ўрока. Інтэрактыўныя метады спрыяюць фарміраванню крытычнага падыходу да праблемы, умення эфектыўна працаваць у групе, дазваляюць так арганізаваць адукацыйны працэс, што кожны вучань удзельнічае ў рашэнні праблемы: моцныя вучні дапамагаюць слабым, а слабыя атрымліваюць упэўненасць у сваіх сілах. Настаўнік пры гэтым выступае ў ролі арганізатара самастойнай пазнавальнай дзейнасці вучняў, а веды малодшыя школьнікі атрымліваюць самі ў выніку сваёй актыўнай пазнавальнай дзейнасці.
На практыцы настаўнікамі пачатковых класаў на ўроках літаратурнага чытання выкарыстоўваюцца наступныя метады навучання: «Мазаіка», «Займі пазіцыю», «Мікрафон», «Прыма», «Ледакол», «Дрэва рашэнняў», «Дыван ідэй», «Пустое крэсла», «Кола паняццяў», «Мазгавы штурм», «Незакончаны сказ», «Кожны вучыць кожнага» і інш.
Асабліва падабаецца малодшым школьнікам метад «Дрэва рашэнняў». Клас дзеліцца на тры ці чатыры групы з аднолькавай колькасцю вучняў. Кожная група разважае над пэўным пытаннем і робіць запісы на сваім «дрэве». Потым групы мяняюцца месцамі і дапісваюць на «дрэвах» суседзяў свае ідэі. Далей ажыццяўляецца ўзаемаправерка выкананых заданняў.
Цікавасць у малодшых школьнікаў выклікае і метад «Шэсць на шэсць». Праца тут праводзіцца ў два этапы. На першым этапе кожная група атрымлівае сваё заданне. У выніку працы групы ўдзельнікі атрымліваюць новыя веды і ўменні. Далей ідзе змена груп такім чынам, каб у кожнай новай групе былі прадстаўнікі ўсіх трох груп з першага этапа. Спачатку кожны ўдзельнік прэзентуе вынікі работы сваёй групы на першым этапе, потым уся група выконвае заданні, выкарыстоўваючы веды і ўменні, атрыманыя на першым этапе, г.зн. вучні разглядаюць адно пытанне з трох пазіцый і выпрацоўваюць агульны вывад трохбаковага супрацоўніцтва. Праца ў групах з’яўляецца найбольш камфортнай формай арганізацыі працэсу навучання. Яна фарміруе ў вучняў пачатковых класаў уменне прыняць агульную мэту, падзяліць абавязкі, выбраць адпаведныя спосабы дзеяння.
Развіццю звязнага маўлення спрыяе інтэрактыўны метад «Пазл». Ён дапамагае арганізаваць працу ў групе, удасканальвае навык чытання, спрыяе развіццю мыслення і ўяўлення. Напрыклад, на ўроку літаратурнага чытання для работы ў групе даецца фрагмент тэксту на пэўную тэму. З гэтага фрагмента кожная група складае тэкст. Пасля таго, як кожная група прачытае свае тэксты ўголас, настаўнік просіць паўтарыць тэксты суседніх груп. Гэта дазваляе не толькі развіваць камунікатыўныя навыкі працы ў групе, але і стымулюе ўвагу, уменне слухаць і перадаваць пачутае. Метад можна выкарыстоўваць пры навучэнні падрабязным і сціслым пераказам.
Вельмі эфектыўным, цікавым для малодшых школьнікаў з’яўляецца метад-дыскусія «Пустое крэсла». Яго выкарыстанне спрыяе развіццю крытычнага мыслення, вучыць малодшых школьнікаў аргументаваць свае думкі, задаваць пытанні. На 3-4 крэслах раскладваюцца меркаванні па пэўнай праблеме, надрукаваныя на лістах паперы, а таксама ліст са знакам пытання. Вучні знаёмяцца з рознымі поглядамі і становяцца каля выбранага пункту гледжання. Той, хто мае зусім іншае меркаванне, становіцца каля знака пытання. Кожная група абмяркоўвае пытанне і выбірае прадстаўніка для дыскусіі. Усе ўдзельнікі дыскусіі сядзяць па крузе. Дыскусію пачынаюць прадстаўнікі груп, яны сядзяць на крэслах насупраць адзін аднаго. Настаўнік дастаўляе яшчэ адно крэсла. Калі нехта хоча выказаць сваю думку, то сядае ў пустое крэсла. Як толькі настаўнік пачуе тое, што з’яўляецца самым галоўным, ён спыняе дыскусію. Уменне весці дыскусію дае магчымасць кожнаму вучню перажыць пачуццё дачынення да сумеснага калектыўнага пошуку ісціны. Добрая, умелая арганізацыя ўзаемадзеяння вучняў на аснове вучэбнага матэрыялу – моцны фактар павышэння эфектыўнасці вучэбнай дзейнасці ў цэлым.
Для абагульнення і замацавання ведаў на ўроках ліаратурнага чытання выкарыстоўваецца метад «Са свету па нітцы». Малодшым школьнікам прапануецца запісаць па два-тры сказы па тэме ўрока. Потым вучні, аб’яднаўшыся ў групы, складаюць апавяданне, выкарыстоўваючы запісаныя сказы. Атрыманыя апавяданні зачытваюцца класу, адзначаюцца найбольш поўныя і лагічныя.
Такі інтэрактыўны метад, як «Творчая майстэрня», з поспехам выкарыстоўваецца настаўнікамі пачатковых класаў на абагульняльных уроках літаратурнага чытання. Да ўрока малодшыя школьнікі рыхтуюць малюнкі, ілюстрацыі на пэўную тэму, пішуць сачыненні, падбіраюць прыказкі; на ўроках працоўнага навучання робяць кнігі незвычайных памераў. На ўроку літаратурнага чытання вучням прапануецца падзяліцца на групы, стварыць і прэзентаваць групавы праект на прапанаваную тэму. Загадзя неабходна скласці план размяшчэння матэрыялу, падрыхтаванага да ўрока. На працу адводзіцца 20–25 хвілін. Пасля гэтага група ці яе прадстаўнік павінны прэзентаваць свой праект.
На абагульняльных уроках літаратурнага чытання можна выкарыстоўваць інтэрактыўныя гульні, якія пабуджаюць малодшых школьнікаў да актыўнага ўдзелу ў вучэбным працэсе. Падабаецца вучням пачатковых класаў гульня «Крыжыкі-нулікі». Напрыклад, гульня па тэме «Вусная народная творчасць» называлася «Да мудрасці прыступка». Гульнявое поле складалася з дзевяці квадратаў: «Загадкі з роднай хаткі», «Хутка-хутка гавару», «Раз, два, тры, чатыры, пяць – я іду шукаць», «У гасцях у казкі», «Ці было? Ці не было?», «Люлі-люлі-люлі…», «Я спяваю, ты спявай!» », «Прымаўкі і прыказкі – мудрай мовы прывязкі», «На жарты крыўдаваць не трэба». Асаблівасць гульні ў тым, што за кожным квадратам схавалася заданне для каманды, а назва квадрата падказвае, пра які фальклорны жанр будзе ісці гаворка. У ролі вядучых выступаюць вясёлыя скамарохі, а разумны апавядальнік расказвае пра цікавыя факты, напамінае пройдзены тэарэтычны матэрыял.
На этапе рэфлексіі можна выкарыстоўваць такі метад, як «Рамонак». Малодшыя школьнікі адрываюць пялёсткі рамонкаў, па крузе перадаюць рознакаляровыя паперкі і адказваюць на ключавыя пытанні па тэме ўрока, надрукаваныя на адваротным баку пялёсткаў. Гэты метад дапамагае настаўніку эфектыўна і цікава падвесці вынікі ўрока.
Арганізацыі рэфлексіі на ўроку літаратурнага чытання садзейнічае і такі метад, як «Шэсць капелюшоў». Клас дзеліцца на групы. Кожнай групе прапануецца набыць адзін з капелюшоў. Уладальнікам капелющоў неабходна ацаніць падзеі, факты, вынікі дзейнасці ў залежнасці ад колеру: белы капялюш сімвалізуе канкрэтныя меркаванні без эмацыянальнага адцення; жоўты капялюш – пазітыўныя меркаванні; чорны – адлюстроўвае праблемы і цяжкасці; чырвоны – эмацыянальныя разважанні без тлумачэнняў; зялёны – творчыя меркаванні, прапановы; сіні – абагульненне сказанага, філасофскі погляд.
Такім чынам, інтэрактыўныя метады навучання спрыяюць фарміраванню ў вучняў пачатковых класаў здольнасці мысліць неардынарна, умення абгрунтоўваць свае думкі і пазіцыі. Яны паказваюць новыя магчымасці, звязаныя з наладжваннем міжасобаснага ўзаемадзеяння шляхам знешняга дыялогу ў працэсе засваення вучэбнага матэрыялу.