Рыхтуючыся да алімпіяды па беларускай мове, я звярнула ўвагу на старэнькі слоўнік Гродзенскай вобласці.
Слоўнік ахоплівае дыялектную лексіку вялікай тэрыторыі паўночна-заходняй часткі Беларусі і па свайму характару з’яўляецца тлумачальным. Так як мяне заўсёды цікавіла тэма мясцовых гаворак, я вырашыла пазнаёміцца бліжэй са слоўнікам. Слоўнік Гродзенскай вобласці складаецца з фразеалагізмаў, прыказак і загадак.
Дарэчы, трэба сказаць, што Гродзеншчына – гэта нешта дзіўнае ў моўным плане: тут можна назіраць сінтэз не дзвюх, а трох моў: беларуская, руская і польская – напэўна, гісторыя наклала сваю адмеціну – і складана сказаць, якая з гэтых моў пераважае. Жыхары гэтай вобласці так прыстасаваліся да сваёй гаворкі, што і самі не ведаюць, якое слова, калі і адкуль з’явілася ў іх маўленні. Не з’яўляецца выключэннем наша Свіслаччына.
Сваё даследаванне я пачала з таго, што мне бліжэй (лічу, гэта натуральным) – з прыказак. Прыказак у слоўніку 344. Сабраных і запісаных з Свіслацкага раёна – 29, што складае 7,85 %.
Беларускія народныя прыказкі выразна фармулююць разнастайныя жыццёвыя заканамернасці, правілы, парады ў розных выпадках жыцця, сітуацыях і становішчах, даюць безліч каштоўных павучанняў, звязаных з паводзінамі чалавека, раскрываюць яго характар. А які характар беларуса, яго феномен? Як раскрываецца ён у прыказках?
Мэта работы:прааналізаваць, ці можна праз прыказкі Свіслацкага раёна зразумець нацыянальны характар народа.
Задачы:
- вывучыць навуковую літаратуру па тэме даследавання;
- прааналізаваць прыказкі і прымаўкі ў беларускай мове, каб выявіць там рысы нацыянальнага характару народа;
- правесці анкетаванне па тэме даследавання.
Аб’ект даследавання – феномен нацыянальнага характару, а прадмет – асаблівасці яго праявы ў прыказках Свіслаччыны.
Гіпотэза:Можна меркаваць, што прыказкі Свіслацкага раёна дапамагаюць зразумець нацыянальны характар народа.
Беларускі народ канчаткова сфарміраваўся i набыў усе свае адметныя рысы ў перыяд позняга сярэднявечча (XIV –XVI стст.), то i развагі пра станоўчыя альбо адмоўныя бакі нацыянальнага характару беларусаў варта пачынаць менавіта з той далёкай эпохі. Да гэтага часу ішло паступовае «закладванне» асноў беларускага характару, які на працягу наступных стагоддзяў (XVII–XX стст.), безумоўна, у пэўнай ступені змяняўся, эвалюцыяніраваў, аднак у сваіх глыбінных вытоках застаўся ўсё ж аднолькавым, ранейшым. I таму многія рысы, закладзеныя шмат стагоддзяў таму назад, выяўляюцца ў тыповых беларусаў i сённяшняга дня. Да станоўчых рыс беларускага нацыянальнага характару неабходна ў першую чаргу аднесці талерантнасць беларусаў, ix памяркоўнасць, лагоднасць, гасціннасць, дэмакратычнасць, гуманнасць, няпомслівасць, працаздольнасць. Адметнасці нацыянальнага характару знайшлі сваё адлюстраванне ў прыказцы. [3, с. 7]
Прыказкай называецца лаканічнае, часцей за ўсё вобразнае, устойлівае выслоўе з павучальным зместам, якое мае прамы ці пераносны сэнс. У ёй выказваецца закончаная думка, якая можа асацыятыўна характарызаваць разнастайныя з’явы дзякуючы шырокім абагульненням. Эстэтычнай завершанасцю вызначаецца і мастацкі вобраз прыказкі.
Структура гэтага лагічнага выразу звычайна складаецца з некалькіх сэнсавых частак – адна частка дае характарыстыку з’яве або аб’екту, а другая частка адлюстроўвае думку, ацэнку або вынік якіх-небудзь дзеянняў.
Прыказкі прымушаюць нас задумацца і магчыма нават зразумець якісьці асобы і таямнічы сэнс. У кожнай прыказцы выказваецца думка аб тым, што адбываецца, для кожнай жыццёвай сітуацыі знойдзецца свая прыказка. Яны запамінаюцца самі па сабе. Гэтыя выказванні выхоўваюць нас усіх, незалежна ад узросту. Прыказка падкажа, аб чым неабходна задумацца, як лепш паступіць пры тых ці іншых абставінах,дасць параду, рэкамендацыі для далейшых дзеянняў.
Разам з тым, глыбокі сэнс некаторых прыказак не ляжыць на паверхні і яго разуменне прыходзіць не адразу, а пасля роздуму над прачытаным. Гэта азначае, што прыказкі складаюцца людзьмі, у якіх адрозніваюцца характары і светаўспрыманне, што і прыводзіць да такой разнастайнасці думак. [2,с.43]
Даследуючы работу, мною праведзена анкетаванне сярод сяброў і знаёмых ”У кантакце”. Я прапанавала сваім сябрам адказаць на пытанне анкеты: адзначце прыказкі, якія вам найбольш імпануюць. З 10 прыказак неабходна было выбраць адну. 42,9 % выбралі прыказку“Вялікаму калектыву і завіруха не страх (п. Юбілейны), “За грошы дурань харошы”(в. Дашкавічы) – 14,3 %, “Ад свінні бабры не родзяцца” (г. Свіслач) – 14,3 %, ”Наймільшы той куток, дзе закопаны пупок” (в. Дабраволя) таксама 14,3 %. Я зрабіла вывад, што мае сябры цэняць сілу калектыва, разумеюць, што прыклад для дзяцей іхнія бацькі і што самі будуць добрымі бацькамі, а таксама з павагай адносяцца да свайго краю, радзімы і што вельмі добра: грошы не самае галоўнае ў жыцці маіх сяброў.
Таксама я прапанавала ранжыраванне: адзначыць рысы характару беларусаў.
Мае сябры лічаць, што працавітасць у беларусаў на першым месцы, на другім – гасціннасць, на трэцім – вернасць радзіме, на чацвёртым – мужнасць, на пятым – дабрыня, на шостым – адкрытасць, на сёмым – талерантнасць, на восьмым – міласэрнасць, на дзявятым – ветлівасць, на дзясятым месцы дабрадушнасць.
Наступным этапам маёй працы стаў слоўнік Гродзенскай вобласці. Спачатку я вылучыла прыказкі Свіслацкага раёна, паспрабавала разабрацца ў сэнсе кожнага народнага выслоўя. Затым адзначыла рысы характару землякоў па змесце кожнай прыказкі.
Для беларускай душы характэрна мяккасць, далікатнасць, паэтычнасць, глыбокадумнасць. З дзяцінства ў характары беларуса выхоўваліся дабрадушнасць, лагоднасць, дабразычлівасць, ветлівасць, павага, няпомслівасць, вясёлы нораў. Вартасцю беларускай душы была гасціннасць, пашана да добрых людзей, да тых, хто жыве побач. Так у прыказцы з вёскі Дашкавічы адзначаецца: “Будзе людзям, то будзе і нам” [2, с. 626].
Чалавек заўсёды імкнуўся да ўдасканалення. Стаць лепшым – стаць прыгажэй духоўна. Працавітасць – гэта тое, што сапраўды робіць чалавека прыгожым, добрым, ласкавым, чулым. Людзі нараджаюцца для працы, і ўдасканальваюцца яны ў працы.
Беларус – гэта па сутнасці самы працавіты чалавек, якога бедная глеба i прырода –мачаха навучылі небываламу цярпенню, бязмежнай гатоўнасці да ўсялякай працы. [1, с. 67]
Дабрабыт селяніна вельмі цесна быў звязаны са свойскімі жывёламі ў яго гаспадарцы. Але жывёлы былі для людзей не толькі крыніцай харчавання і адзежы. Шмат стагоддзяў нашы продкі назіралі за паводзінамі, асаблівасцямі характару той ці іншай жывёлы. Нашы продкі верылі, што дужы, працавіты конь – верны памочнік чалавека – прыносіць поспех і шчасце.
Лічыцца, што конь з’ядае на пашы ад 25 да 100 кг травы ў суткі, а выпівае ў сярэднім 30–60 літраў вады летам і ад 20–25 літраў зімой. Таму прыказка “З кішэні каня не накорміш”, якая была запісана ў вёсцы Юшкавічы, гаворыць пра тое, што вельмі добра трэба папрацаваць, каб зімой накарміць каня [2, с. 637]
Юр’я– традыцыйнае свята, якое адзначаецца 6 мая.З Юр’ем звязваўся, як правіла, і першы выпас жывёлы ,бо запасаў корму для яе павінна было хапіць як мінімум да гэтага дня. Прыказка з вёскі Сакольнікі “Да Юр’я кармі ўсякага дурня” гаворыць, што кармоў павінна хапаць ва ўсіх да гэтага свята. [2, с. 632]
Жыхары Свіслаччыны добра разумелі важнасць працы ў жыцці чалавека. Працавітасць – адна з важнейшых рыс нацыянальнага характару людзей Свіслацкага краю.
Беларусу цяжка развітвацца з роднымі мясцінамі нават часова. Любоў да радзімы праяўляецца ў прывязанасці да сваёй невялічкай радзімы, кавалка зямлі, да свайго сяла, хаты – “Кожнаму свой куток мілы” [2, с. 643].
Супярэчлівасць жыцця, яго крутыя павароты штурхала чалавека на роздумы і паэтычныя абагульненні. Народу трэба было выявіць словам і вобразам само дыханне навакольнай рэчаіснасці, данесці да нашчадкаў свае роздумы і хваляванні. А яны вельмі часта датычыліся мясцін, дзе чалавек нарадзіўся, сталеў, працаваў – “Наймільшы той куток, дзе закопаны пупок” (в. Наркавічы) [2, с. 645]
Важную ролю на жыццёвым шляху адыгрываюць прыказкі на тэму сямейных каштоўнасцей. Менавіта яны самыя папулярныя ў наш час, бо ў іх закладзены глыбокі сэнс, багацейшы жыццёвы вопыт і мудрасць, накопленыя нашымі продкамі. Беларусы здаўна людзі веруючыя, таму ўсе шлюбы заключаліся ў царкве. І той, хто заключаў шлюб, разумеў, што ен вечны, і трэба рабіць усё магчымае, каб пражыць жыццё як мага лепш. У прыказцы “З прыгожага ліца не спячэш блінца” з вёскі Рыбалы адзначаецца, што ў сямейным жыцці прыгажосць не галоўны крытэрый.[2, с. 636] У той жа час адзначаюцца ў прыказках і негатыўныя бакі сямейнага жыцця. Сям’я здаўна лічылася сур’ёзнай справай, нялёгка людзям жыць гадамі пад адным дахам, і абзавесціся сям’ей – гэта вельмі адказны крок і дапусціць пры гэтым памылку магчыма. Так у прыказцы “І адно не цукерка, і другое не рэдзька”(в. Дашкавічы) у аснове адносін паміж мужам і жонкай павінна ляжаць узаемапавага, узаемаразуменне, імкненне абодвух захаваць сям’ю. [2, с. 637]
У прыказках Свіслаччыны выразна выяўляецца паняцце пра сям’ю, як адзін з асноўных і найбольш значымых у жыцці чалавека каштоўнасцей. “Абы было каму есці, а будзе што есці” (в. Лаўрынавічы) – Нашы дзеці ўсе раз’ехаліся, а каб з намі жылі, то было б лепш, у нас усяго хапае, абы было каму есці, а будзе што есці.[2, с. 623]
У любых абставінах свайго існавання беларусы вызначаліся жыццёвым прагматызмам i непераадольным аптымізмам. Спецыфіка самога жыцця i гаспадарання прымушала беларуса быць прагматыкам, г.зн. чалавекам, які заўсёды імкнецца найперш практычнымі дзеяннямі, а не нейкімі абстрактнымі разважаннямі, дасягнуць сваіх мэт, задаволіць свае інтарэсы i схільнасці. “За грошы і дурань харошы” (в. Дашкавічы) – Нягеглы Вольчын сын, а дзеўчыну добрую за жонку ўзяў, за грошы і дурань харошы.[2, с. 636] “Дар за дар, а дарма ніц” (в. Празнікі) [2, с. 631]. “Аддай жонку, а сам ляж у саломку” (в. Дашкавічы) [2, с. 623] “На чыім возе едзеш, на том і песні спявай” (в. Баброўнікі) [2, с. 648], “Не купляй свіней у Дабраволі, не бяры жонку з Грынок “(в. Нязбодзічы)
Прыказкі ўвасобілі калектыўны розум народа, яго веды, ідэалы дабра, разумення долі і нядолі, шчасця і няшчасця, праўды, няпраўды і злосці. Славуты рускі этнограф і мовазнавец ХІХ стагоддзя, аўтар вядомага “Толкового словаря великорусского языка” (у ім багата і беларускай народнай лексікі) Уладзімір Даль называў гэты жанр народнай творчасці кодэксам народнай мудрасці. І гэту высокую адзнаку ён адносіў і да беларускіх прыказак, у якіх адлюстравана шмат мудрых абагульненняў, разважанняў, трапных суджэнняў, настаўленняў, павучанняў, што маюць вялікае выхаваўчае значэнне. [1, с. 13] “Вялікаму калектыву і завіруха не страх” (п. Юбілейны) [2, с. 629], “Абы галава, а шолудзі будуць” (в. Дашкавічы) [2, с. 623] “Крупіна за крупінаю бегае з дубінаю” (в. Дабраволя) [2, с. 643], “Абедаць абедаў, а жывот не ведаў” (в. Дабраволя) [2, с. 623], “Ад крадзенага не пасыцееш” (в. Дабраволя) [2, с. 623]
Не менш ярка выступае народная мудрасць і ў тых прыказках, якія гавораць пра дзяцей і выхаванне (“Ад свінні бабры не родзяцца” (г. Свіслач)), бо прыкладам для дзяцей становяцца самі бацькі. Бацькоўскі аўтарытэт – моцны фактар выхавання.
Сустракаюцца прыказкі – папярэджанні пра тое, што з дзецьмі звязаны пэўныя праблемы, шмат клопату: дзяцей цяжка вырасціць.“Добра песціцца, як ёсць дзе змесціцца” (в. Палонка) – Іх Косцік што захоча, бацькі выстранчаюць, хацеў матаролер, купілі матаролер, цяпер матацыкал купілі: добра песціцца, як ёсць дзе змесціцца [2, с. 634]. Сустакаюцца прыказкі, у якіх бацькі плачуць пра дрэнных дзяцей: “За душу бярыся, за кішэнь не возьмешся” (в. Палонка) Маці цешылася сынам, што вельмі ён добпы, а як прыйшлося жонцы плаціць элементы, так збег на край свету, як кажуць, за душу бярыся, за кішэнь не возьмешся [2, с. 626].
На думку беларусаў, бацькі павінны разумець, што да выхавання дзяцей неабходна адносіцца вельмі сур’ёзна, займацца імі пастаянна. Сучасная трактоўка правільнага выхавання дзяцей ў сям’і практычна цалкам супадае з народнай мудрасцю.
Ва ўсе часы свайго гістарычнага развіцця ў беларусаў адначасова са станоўчымі рысамі праяўляліся таксама і асобныя адмоўныя бакі нацыянальнага характару. Да апошніх можна аднесці пасіўнасць, апатычнасць, недастатковую рашучасць і прадпрымальнасць, скрытнасць.
Увогуле, на фарміраванне асобных «дрэнных» якасцей нашых продкаў накладвалі значны адбітак і шматлікія трагічныя падзеі ў гісторыі Беларусі, і асаблівасці яе сацыяльна – палітычнага, эканамічнага, культурна – духоўнага развіцця. Ёсць важкія падставы ў поўнай меры аднесці і да беларусаў вядомае выказванне «недахопы чалавека – гэта працяг яго вартасцей» [3, с. 37].
Прыказкі выкрываюць і асуджаюць адмоўныя рысы характару і паводзін людзей (эгаізм, ману, сквапнасць, зайздрасць, ляноту, абыякавасць да чужой бяды) – “Чужую бяду рукамі развяду, а сваёй віламі не сапхну” (в. Савані) [2,с.665], “Што ні скажа, маслам мажа”(в. Міхалкі [2, с. 664], “Яму кажы кій, ён кажа палка” (в. Юшкавічы) [2,с.668], “Набраўся як жаба мулу” (п. Юбілейны) [2, с. 668], “Як стане на палена, то жабе па калена” (в. Крапіўніца) [2, с. 669]
Працуючы над тэмай даследавання, была пастаўлена мэта: прааналізаваць , ці можна праз прыказкі Свіслацкага раёна зразумець нацыянальны характар народа.
Было выяўлена, што прыказкі адлюстроўваюць рысы нацыянальнага характару беларусаў. І гэта невыпадкова, бо, бадай, самы незвычайны, таямнічы і загадкавы з усіх сусветаў, – сусвет прыказак. Прыказкі – гэта памяць народа пра сваё мінулае, яркае адлюстраванне сучаснага. Глыбокі сэнс некаторых прыказак не ляжыць на паверхні і яго разуменне прыходзіць не адразу, а пасля роздуму над прачытаным. Гэта азначае, што прыказкі складаюцца людзьмі, у якіх адрозніваюцца характары і светаўспрыманне.
Гіпотэза пра тое,што прыказкі Свіслацкага раёна дапамагаюць зразумець нацыянальны характар народа падцвердзілася, таму што прыказкі роднай Свіслаччыны выразна фармулююць разнастайныя жыццёвыя заканамернасці, правілы, парады ў розных выпадках жыцця, сітуацыях і становішчах, даюць безліч каштоўных павучанняў, звязаных з паводзінамі чалавека, раскрываюць яго характар.
Такім чынам, зыходзячы з задач даследавання, можна зрабіць некаторыя высновы.
1. Беларускія народныя прыказкі выразна фармулююць разнастайныя жыццёвыя заканамернасці, правілы, парады ў розных выпадках жыцця, сітуацыях і становішчах, даюць безліч каштоўных павучанняў, звязаных з паводзінамі чалавека, раскрываюць яго характар.
2. У час даследавання было разглежана 32 народныя прыказкі Свіслацкага раёна , у якіх выяўлены нацыянальныя рысы характару такія, як гасціннасць, працавітасць, любоў да радзімы, народны прагматызм і аптымізм, сямейныя каштоўнасці, высмейванне эгаізму, мануы, сквапнасці, зайздрасці, ляноты, абыякавасці да чужой бяды. Дадатках 1.
3. Матэрыялы, атрыманыя ў час даследавання, можна прапанаваць для шырокага кола чытачоў, усім тым, хто цікавіцца вуснай народнай творчасцю і гісторыяй свайго краю. Таксама могуць быць выкарыстаны на ўроках беларускай мовы і літаратуры.
4. Даследаванне па дадзенай тэме можа мець працяг. Ужыванне прыказак можна прааналізаваць яшчэ ў тых прыказках Свіслаччыны, якія не ўвайшлі ў слоўнік Гродзенскай вобласці. Зрабіць гэта магчыма шляхам непасрэднага збору прыказкавага фальклору ў вёсках Свіслацкага раёна.
Літаратура
-
Ліцвінка, В.Д., Царанкоў, Л.А. Слова міма не ляціць / В.Д. Ліцвінка, Л.А. Царанкоў // Мінск: Універсітэцкае, 1985. – С. 3 – 12.
-
Сцяшковіч, Т.Ф. Слоўнік Гродзенскай вобласці / Т.Ф. Сцяшковіч // Мінск: Навука і тэхніка, 1983. – С. 623 – 669.
-
Янкоўскі, М.А. Паэтыка беларускіх прыказак / М.А. Янкоўскі // Мінск: Вышэйшая школа, – 1971.