Герасімовіч В.І. ТЭАРЭТЫЧНЫЯ АСНОВЫ МЕТОДЫКІ НАВУЧАННЯ АРФАГРАФІІ НА ПЕРШАЙ СТУПЕНІ АТРЫМАННЯ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ

Вядома, што родная  мова засвойваецца ў працэсе актыўнага пошуку дзецьмі моўных заканамернасцей на аснове вопыту і аналізу мовы дарослага і ўласнай творчай дзейнасці. Напачатку другая мова засвойваецца таксама, як і першая: вопыт і арыенціровачная дзейнасць у маўленчай плыні прыводзяць у рэшце рэшт да фарміравання моўных абагульненняў і гатоўнасці да засваення выпрацаваных у грамадстве нормаў вуснай мовы. Але з тым, калі дзіця пачынае чытаць тэкст, пісьмовая мова аказвае дамінуючы ўплыў на засваенне вуснай. Адбываецца ўзаемаўплыў вуснай мовы на пісьмовую і пісьмовай на вусную. Фактычна вуснай мовай вучні працягваюць авалодваць на аснове пісьмовай і з яе дапамогай. Калі ў дапісьмовы перыяд дзеці вымаўляюць словы снег [с’н’эх], з’явы [з’йавы], песні [п’эс’н’і], свята [с’в’ата] і на першым часе ў пісьме перадаюць гэта графічна як сьнег, зьявы, песьні, сьвята, то ў працэсе авалодання чытаннем арфаэпічна правільнае вымаўленне, звязанае, напрыклад, з перадачай асіміляцыйнай мяккасці, паступова знікае і ўступае месца вымаўленню па прынцыпе «вымаўляем, як напісана». Такая з’ява характэрная не толькі для засваення асіміляцыйнай мяккасці, але і для перадачы вымаўлення кансанантных спалучэнняў [зж], [зш], [сш], [здж], [зч], [сч], [жч], [дч], [тч], [шс], [жс], [тц], [дц] і інш. [2, с. 45].
Варта заўважыць, што беларуская мова дарослых людзей, засвоеная ў натуральным маўленчым асяроддзі (родная мова), і мова, засвоеная ў працэсе спецыяльнага навучання па-за ўплывам жывой беларускай мовы, адрозніваюцца тым, што ў другім выпадку вусная мова ёсць адбітак мовы пісьмовай [2, с. 56].
Названая заканамернасць вымушае перагледзець як змест, так і тэхналогію навучання фанетыцы ў школе з рускай мовай выкладання: засваенне вуснай мовы на аснове пісьмовай можа садзейнічаць больш хуткаму і якаснаму авалоданню літаратурнымі нормамі, а таксама спрыяць выпрацоўцы арфаграфічных здольнасцей на аснове ўсведамлення школьнікамі законаў беларускага пісьма. Раздзел “Гукі і літары” з’яўляецца адным з асноўных у праграме пачатковай школы. Асноўныя веды, уменні і навыкі, якія вызначаюцца ў раздзеле “Гукі і літары”, школьнікі набываюць у другім класе. Тут яны атрымліваюць неабходныя звесткі пра гукі роднай мовы: вучацца ўспрымаць на слых і правільна вымаўляць, адрозніваць галосныя ад зычных, усведамляць ролю галосных у падзеле слоў на склады і для пераносу, вызначаць розніцу паміж цвёрдымі і мяккімі зычнымі, абазначаць мяккасць зычных на пісьме. Вучні засвойваюць таксама вымаўленне і напісанне слоў з гукамі [дж], [дз] і [ц], правапіс [ў] пасля галосных, напісанне галосных пасля зацвярдзелых зычных, вучацца вызначаць націск у словах, знаёмяцца з правапісам галосных о, э – а.
Вывучэнне раздзела “Гукі і літары” ў другім класе абапіраецца на гука-літарны аналіз. Настаўнік узнаўляе фанетыка-артыкуляцыйныя характарыстыкі гука; у займальнай форме знаёміць вучняў з новай літарай, устанаўлівае трывалыя сувязі паміж графічным і гукавым вобразамі праз разглядванне і абмеркаванне асацыятыўнага малюнка. Галоўная задача настаўніка – навучыць дзяцей успрымаць на слых, правільна вымаўляць яго і дакладна абазначаць на пісьме, не дапускаючы пры гэтым пропускаў, перастаноўкі або замены літар.
Вучні павінны ўбачыць, што паміж вымаўленнем і напісаннем часам не бывае адпаведнасці. У сувязі з падзелам зычных на цвёрдыя і мяккія ёсць магчымасць зрабіць важны вывад аб тым, што літар у слове можа быць больш, чым гукаў. Вучням трэба паказаць, што парныя па звонкасці-глухасці зычныя на канцы слоў вымаўляюцца аднолькава, хоць на пісьме абазначаюцца рознымі літарамі. Мы вымаўляем “берах”, “лотка”, а пішам бераг, лодка. Словы такога тыпу сустракаюцца даволі часта, і не варта “хаваць” ад вучняў разыходжанне паміж вымаўленнем і напісаннем (правапіс звонкіх і глухіх на канцы і ў сярэдзіне слоў засвойваецца ў трэцім класе ў сувязі з вывучэннем марфалагічнай будовы слова).
Адрозненне гука і літары трэба будаваць на ўменні раскласці на гукі ўспрынятае на слых слова, супаставіць пачутае слова з яго напісаннем і ўстанавіць суадноснасць гукавога і літарнага складу.
Праграма другога класа прадугледжвае далейшае развіццё навыкаў складовага і гука-літарнага аналізу, выпрацоўку ўмення правільна абазначаць мяккасць зычных, адрозніваць звонкія і глухія зычныя, правільна пісаць іх у словах. Новымі тут з’яўляюцца такія тэмы, як пераход е, ё ў я ў першым складзе перад націскам, раздзяляльныя знакі, падоўжаныя зычныя і абазначэнне іх на пісьме.
У трэцім класе новыя фанетычныя паняцці не ўводзяцца, але гэта не значыць, што вывучэнне раздзела “Гукі і літары” на гэтым спыняецца. Тут на больш складаным матэрыяле вядзецца работа аналітыка-сінтэтычнага характару, накіраваная на разуменне гукавой сістэмы мовы.
На ўроках граматыкі і правапісу ў трэцім класе, як і раней, звяртаецца ўвага на правільнае вымаўленне слова, уменне дзяліць яго на склады і для пераносу, на адрозненне зычных па цвёрдасці-мяккасці і глухасці-звонкасці. К гэтаму часу дзеці ўжо будуць ведаць асноўныя выпадкі разыходжання паміж вымаўленнем і напісаннем, пазнаёмяцца з абазначэннем гукаў і іх спалучэнняў на пісьме (гукі і літары дж, дз, літары і, я, е, ё, ю), засвояць некаторыя словы-выключэнні з правілаў пра аканне і яканне. Гэта дазволіць сістэматычна займацца на ўроках гука-літарным аналізам.
На пачатку трэцяга года навучання выдзяляюцца спецыяльныя ўрокі на паўтарэнне раздзела “Гукі і літары”. Асаблівая ўвага звяртаецца на паўтарэнне й, ў, мяккага знака і апострафа, зацвярдзелых і падоўжаных зычных, правапісу галосных о, э – а, е, ё – я. Прычым паўтарэнне нельга зводзіць толькі да аднаўлення ў памяці дзяцей таго, што яны ведалі з папярэдніх класаў. Уся работа праводзіцца ў цеснай сувязі з узбагачэннем слоўніка вучняў, з пашырэннем іх ведаў. Праграмай, у прыватнасці, прадугледжваецца, што пасля паўтарэння пераходу е, ё ў я ў двухскладовых словах вучні павінны пазнаёміцца з правапісам е, я ў трох- і шматскладовых словах і ўсвядоміць, што асноўнае правіла (“У першым складзе перад націскам е, ё пераходзіць у я”) дзейнічае пры напісанні ўсіх беларускіх слоў. Важна паказаць трэцякласнікам, што ва ўсіх ненаціскных складах, апрача першага склада перад націскам, пішацца е: леснікі’, песняры’, во’сень, ве’цер, во’зера.
Пры вывучэнні марфалогіі ў трэцім і чацвёртым класах неабходна пераканаць вучняў, што напісанне слова знаходзіцца часта ў непасрэднай сувязі з яго гукавым складам. Правапіс склонавых канчаткаў назоўнікаў, напрыклад, залежыць ад цвёрдасці або мяккасці апошняга зычнага асновы. У засваенні правапісу канчаткаў дапаможа таксама ўменне вызначаць націск у слове, супастаўленне ненаціскнога канчатка з націскным, аналогія паміж іх вымаўленнем і напісаннем.
На працягу ўсяго пачатковага навучання настаўнік працуе над тым, каб вучні авалодалі нормамі беларускага літаратурнага вымаўлення і засвоілі асноўныя правілы арфаграфіі.
Раздзел “Арфаграфія”, вызначаны праграмай пачатковых класаў, устанаўлівае агульнапрынятае адзінства напісання значымых адзінак мовы – слоў – з усімі іх граматычнымі формамі, мае выключнае значэнне ў школьным навучанні, паколькі валоданне арфаграфічнымі нормамі, выпрацоўка ўменняў правільна пісаць неабходна кожнаму вучню, кім бы ён ні стаў ў будучым. Вось чаму, зыходзячы найперш з грамадскай, сацыяльнай ролі арфаграфічных нормаў, настаўнік павінен даводзіць вучням неабходнасць авалодвання імі, бо рознага тыпу няправільныя напісанні перашкаджаюць моўным зносінам людзей, сведчаць аб нізкім моўным узроўні і нізкай агульнай культуры чалавека. Вопытныя настаўнікі раяць часцей гаварыць вучням аб іх будучай працы, жыцці, так як “калі яны, будучы дарослымі, напішуць запіску ці дзелавую паперу з памылкамі, то любы можа нават і пакрыўдзіць, і зняважыць”, і настойліва раяць тлумачыць, чаму нельга пісаць з памылкамі, асабліва першы раз, паколькі “фарміруецца першасны, вельмі моцны, але памылковы навык, які фіксуецца зрокавай, механічнай памяццю, памяццю мышачнай і г.д.” [3, с. 14].  Прыкладна 100 разоў патрэбна напісаць слова правільна, каб пазбавіцца ад вынікаў першапачатковага памылковага напісання. Ці не лепш адразу пісаць граматна? З гэтай задачы – выпрацоўка свядомых адносін да правіл правапісу ў вучняў – выцякае другая задача, якая стаіць перад настаўнікам мовы, – узбраенне вучняў неабходнымі ведамі і навыкамі і ўменнямі. Для выканання пастаўленых задач настаўнік павінен дакладна вызначаць месца арфаграфіі сярод іншых раздзелаў курса роднай мовы, добра ведаць навуковыя асновы методыкі выкладання арфаграфіі, пазнаёміцца з вопытам практычнай работы асобных настаўнікаў і цэлых калектываў, а затым выпрацоўваць свой творчы шлях, уласны настаўніцкі почырк.
     Такім чынам, калі пры авалоданні роднай мовай яе пісьмовая форма засвойваецца пры супастаўленні з ужо засвоенай вуснай формай (Л. П. Федарэнка), авалоданне беларускай мовай як другой ідзе некалькі іншым шляхам: вусная мова спачатку засвойваецца натуральным чынам (па схеме засваення роднай), а затым карэкціруецца на аснове пісьмовай. Графічны вобраз слова пачынае пераважаць у свядомасці дзіцяці і істотна ўплываць на фарміраванне вымаўленчых здольнасцей. Назавём гэтую заканамернасць узаемаўплыў пісьмовай і вуснай мовы пры фарміраванні арфаграфічных навыкаў [1, с. 34].
Спіс выкарыстанай літаратуры
  1. Беларуская мова: падручнік для 3-га кл. устаноў для агул. сярэд. адукацыі з беларус. Мовай навучання. У 2 ч. Ч. 2 / В.П.Красней [і інш.]. – Ч.1. — Мінск, 2012. – 128 с.
  2. Галяш, Г.А. Дадатковы матэрыял да ўрокаў у 2 класе школ з рускай мовай навучання // Пачатковая школа. – 2008. – №11, 12, с. 45.
  3. Тихонов А.А. Орфография… Это очень трудно? // Русский язык в школе. – 1988. – № 6. – С. 14.
Запись опубликована в рубрике Теория и методика преподавания языков. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий