Казка – адзін з любімых вучнямі пачатковых класаў літаратурных жанраў. Дзеці любяць яе за яркасць вобразаў, выразнасць і акрэсленасць характараў персанажаў, займальны сюжэт. Слухаючы казкі, дзеці становяцца як бы ўдзельнікамі тых падзей, якія адбываюцца ў казачных гісторыях.
Чытанне і аналіз народных і літаратурных казак адбываецца ў адпаведнасці з этапамі работы з мастацкім творам: цэласнае успрыманне (першы сінтэз) – аналіз – другі сінтэз (абагульненне). Пры пабудове ўрокаў чытання казак перш за ўсё ўлічваецца спецыфіка зместу і характар матэрыялу, асаблівасць успрымання твора вучнямі з улікам іх узраставых магчымасцей і дыдактычная мэта.
Разгледзім асноўныя этапы чытання і аналізу казак, якія прадугледжваюць чытанне вучняў і работу з тэкстам.
У школьнай практыцы для падрыхтоўкі вучняў да ўспрымання казкі шырока прымяняюцца наступныя формы арганізацыі працы:
- гутарка настаўніка з дзецьмі. Выкарыстоўваецца ў тым выпадку, калі вучні ўжо валодаюць пэўнымі ведамі па тэме чытання. Ва ўступнай гутарцы настаўнік актуалізуе веды дзяцей, звяртаючыся да іх вопыту;
- расказ настаўніка мэтазгодны тады, калі тэма чытання невядома дзецям;
- слоўнікавая работа.
На падрыхтоўчым этапе рэкамендуецца выкарыстоўваць дадатковыя сродкі: чытанне малых фальклорных жанраў (загадкі); дэманстрацыя рэпрадукцый карцін, слайдаў, фотаздымкаў; праслухоўванне музычных твораў ці ўрыўкаў з іх; праслухоўванне казкі ў выкананні артыста; разгляд ілюстрацый дапаможа ўдакладніць дапушчэнні па тэме чытання.
Няцяжка заўважыць, што сярод пералічаных відаў работы актыўная роля належыць настаўніку, а вучні застаюцца пасіўнымі. Прыёмы, якія фарміруюць правільны тып чытацкай дзейнасці, прадугледжваюць актыўную ролю вучня ў ходзе падрыхтоўчай работы, удзел у ёй.
Істотна павышае асэнсаванасць успрымання, актыўнасць малодшых школьнікаў, забяспечвае зацікаўленасць чытаннем, развіццё найважнейшых інтэлектуальных якасцяў дзіцяці такі від чытацкай дзейнасці, як антыцыпацыя (прагназаванне) зместу. Дзякуючы гэтаму прыёму «ствараецца атмасфера пошуку на фоне эмацыянальнага пад’ёму і глыбокай зацікаўленасці, што дазваляе ґаварыць пра наяўнасць элементаў творчасці ў вучэбнай дзейнасці малодшых школьнікаў» [1, с.67].
На ўроках літаратурнага чытання, якія прадугледжваюць антыцыпацыю, кампанентамі вучнёўскай творчасці выступаюць прадбачанне і самастойнае фармуляванне вучнямі тэмы і задач урока, а таксама прадвызначэнне малодшымі школьнікамі аўтара твора, яго назвы, сюжэта і жанра.
Першаснае ўспрыманне. Метадычная літаратура рэкамендуе чытаць казку так, каб у вучняў склалася ўражанне таго, быццам расказваецца толькі што выдуманая гісторыя. Усё ж такі дзеці зацікаўлена слухаюць казкі, калі іх расказваюць, а не чытаюць. А.А. Каляда адзначае: «Пры расказванні настаўнік увесь час знаходзіцца ў непасрэднай псіхалагічнай сувязі з вучнямі, мае магчымасць адзначыць эфектыўнасць успрымання казачнага матэрыялу, праверыць сілу эмацыянальнага ўздзеяння на маленькіх слухачоў. З дапамогай позірку, мімікі, жэстаў можна раскрыць змест казкі» [2, с.134].
Мастацкае чытане казак пэўным чынам адрозніваецца ад чытання іншых празаічных тэкстаў. Асаблівая ўзнёсласць, зацікаўленасць і захопленасць, перабольшаная таямнічасць, мяккасць, шчырасць і вялікая вера ў мастацкі вымысел павінны абавязкова адчувацца пры ўвасабленні ў жывым слове тэксту казак. Таму вельмі важна падчас выканання казкі манерай чытання паказаць, што дзеянне даведзена да канца, гэта значыць да поўнай перамогі жыцця, дабра, розума, справядлівасці, смеласці. Фінал казкі павінен быць інтанацыйна афарбаваны перадачай радасці, шчасця, урачыстасці, выкананых мар і жаданняў.
Добра расказаная казка знойдзе эмацыянальны водгук у дзяцей. Настаўніку важна яго не прыглушыць. Таму на гэтым этапе вывучэння твора патрэбна актывізаваць уяўленні дзяцей.
Праверка першаснага ўспрымання – гэта ўсведамленне настаўнікам эмацыянальнай рэакцыі дзяцей на казку і іх разумення агульнага сэнсу казкі. Самы зручны прыём для гэтага – гутарка. Колькасць пытанняў, звернутых да дзяцей, павінна быць невялікай. Пры гэтым у гутарку не павінны ўключацца пытанні, што выяўляюць падтэкст казкі. Гутарка пасля першаснага ўспрымання павінна замацаваць першасныя ўражанні дзяцей. Напрыклад, можна звярнуцца да вучняў з пытаннямі: Што асабліва спадабалася вам у казцы? Калі было смешна? Калі было сорамна за героя?
Адказы павінны паказаць настаўніку якасць успрымання казкі дзецьмі і быць арыенцірам для яе аналізу. У некаторых выпадках такая гутарка можа завяршыцца праблемным пытаннем. Адказы дзяцей могуць быць рознымі, але менавіта гэты факт і вядзе за сабой чытанне і асэнсоўванне казкі.
Наступным этапам работы над казкай з’яўляецца аналіз. Можна вылучыць сістэму ўменняў (па Калеснікавай В.І.) аналізаваць казку, якая ўключае ў сябе:
- уменне ўспрымаць выяўленчыя сродкі мовы ў адпаведнасці з іх функцыяй у казцы;
- уменне ўзнавіць ва ўяўленні малюнкі па змесце;
- уменне ўстанавіць прычынна-выніковыя сувязі;
- уменне ўспрыняць вобраз-персанаж у адпаведнасці з тэкстам як адзін з элементаў, што служыць для раскрыцця ідэі;
- уменне бачыць аўтарскія адносіны (ацэнку);
- уменне ўсвядоміць ідэю казкі.
Самы распаўсюджаны прыём аналізу – пастаноўка пытанняў да прачытаннай часткі. Пытанні дапамагаюць дзецям зразумець факты казкі, асэнсаваць іх з пункту гледжання ідэйнай накіраванасці казкі, г. зн. зразумець прычынна-выніковыя сувязі, усвядоміць пазіцыю аўтара (калі казка літаратурная), а таксама выбраць асабістыя адносіны да чытаемага.
Пры рабоце над кожнай часткай казкі павінны быць зададзены пытанні трох узроўняў (па Я.М. Івашуціч):
1) фактычнага (засваенне сюжэтных ліній, узаемадзеяння персанажаў);
2) ідэйнага (задума аўтара, галоўная думка твора, чаму нас вучыць);
3) узроўню асабістых адносін (высвятленне адносін вучняў да персана-жаў, апісаных падзей).
Неад’емным элементам аналізу кожнай часткі казкі павінна быць слоўнікавая работа. Удакладненне лексічнага значэння слоў дапамагае праясніць змест, уключае аднаўленчае ўяўленне дзяцей.
Менавіта работа над вобразамі ў іх узаемадзеянні ўяўляе сабой аналіз казкі. Трэба прывучыць дзяцей меркаваць аб асноўных якасцях персанажаў, ацэньваць героя не толькі па ўчынках, але і па матывах, што выклікалі іх; апошняе, як вядома, даецца малодшым школьнікам цяжэй.
Наступным этапам работы над казкай з’яуляецца другасны сінтэз – этап работы, які дапускае абагульненне па твору, яго перачытванне і выкананне дзецьмі творчых заданняў па слядах прачытанага. На этапе абагульнення звычайна выкарыстоўваюцца такія прыёмы работы, як гутарка, выбарачнае чытанне, славеснае маляванне, суаднясенне ідэі казкі з прыказкамі і прымаўкамі, заключнае слова настаўніка.
Перачытванне – гэта асобы від чытацкай дзейнасці. Калі казка кранула пачуцці вучня, выклікала роздум, то пасля чытання ён адчувае патрэбу вярнуцца да прачытанага, узнавіць у сваім уяўленні асобныя эпізоды. Зварот да тэксту павінен быць апраўданы новай пастаўленай задачай, напрыклад, падрыхтоўкай да чытання па ролях, да пераказу, да выразнага чытання.
Спынімся на некаторых асаблівасцях чытанння і аналізу казак розных тыпаў. У пачатковых класах чытаюцца казкі пра жывёл, чарадзейныя і бытавыя. Бытавыя казкі чытаюцца і аналізуюцца, як рэалістычныя апавяданні. Пры чытанні і аналізе казкі вучні павінны зразумець пададзеныя ў ёй вобразы, раскрыць характары персанажаў. У падрыхтоўчай рабоце да чытання патрэбна падвесці дзяцей да ўсведамлення мастацкіх сродкаў, вядучай ідэі і асноўнай думкі твора.
У казках пра жывёл у алегарычнай форме адлюстроўваюцца адносіны паміж людзьмі у грамадстве, іх жыццёвы вопыт. Малодшыя школьнікі разумеюць нерэальнасць паводзін жывёл у казках, умоўнасць сюжэта (заяц і вожык не будуць сябраваць і клапаціцца адзін аб адным), аднак вучні з задавальненнем успрымаюць змест твора і на некаторы час застаюцца пад уздзеяннем уражанняў ад казачных падзей. Таму вельмі важна пры чытанні і аналізе гэтых твораў не парушыць створаны казачны свет.
Аналіз тэксту бытавых казак і казак пра жывёл праводзіцца аналагічна разбору рэалістычных апавяданняў. Усе віды заняткаў на ўроку чытання павінны дапамагчы вучням успрыняць канкрэтны змест казкі. Так, спецыяльна пастаўленыя пытанні: Якая асноўная думка казкі? Чаму гэты твор называецца казкай? дапамагаюць навучэнцам пачатковых класаў правільна ўявіць сабе развіццё сюжэта, матывы паводзін персанажаў, іх узаемаадносіны. Карысна прапанаваць дзецям чытанне тэксту казкі па ролях.
Вучні 1–4 класаў разумеюць, што ў казках рэальнае, а што нерэальнае. Апісанне з’яў прыроды ў казках садзейнічае фарміраванню аб’ектыўных уяўленняў пра навакольную рэчаіснасць, пра прыроду, развіццю лагічнага мыслення, звязнага маўлення. Дзеці вучацца расказваць пра з’явы прыроды вобразнай казачнай мовай.
Мастацкая выдумка ў чарадзейных казках звязана са звышнатуральнымі дзеючымі сіламі, здзяйсненнем фантастычных падзей і з’яўляецца адным з літаратурных сродкаў стварэння магічнага свету. Паколькі ў чарадзейных казках героі ўзаемадзейнічаюць з адушаўлёнымі прадметамі і прыроднымі з’явамі, якія валодаюць містычнай сілай, а таксама з жывёламі, якія выконваюць функцыі чалавека, то пры чытанні і аналізе тэксту казкі неабходна вызначыць, на што накіраваны чарадзейныя сілы, хто іх выкарыстоўвае і для чаго, як яны дапамагаюць казачным персанажам.
Сукупнасць пытанняў і заданняў, якія можна выкарыстаць пры аналізе казкі, змешчана ў фрагменце ўрока літаратурнага чытання, на якім вывучаецца казка Расціслава Бензярука «Дружбакі» (3 клас).
- Актуалізацыя апорных ведаў.
– Якія казкі вы чыталі дома? (Народныя.)
– Апрача народных, бываюць і літаратурныя казкі. Хто іх піша? (Пісь-меннікі.)
- Хвілінка разважанняў (падвядзенне да тэмы).
– Закончыце разважанне: «Калі мне прыйдзецца зрабіць выбар паміж сябрам і тым, каму не падабаецца наша дружба, то я …». Растлумачце свой выбар.
– Зараз мы даведаемся, як жывёлы адносяцца да сяброўства.
- Паведамленне тэмы ўрока.
- Першаснае ўспрыманне (чытанне казкі настаўнікам).
- Гутарка пасля першаснага ўспрымання.
– Ці спадабалася вам казка? Чаму?
- Паўторнае чытанне.
– Чытанне «ланцужком» па сказе.
- Аналіз зместу твора.
– Дзе жылі Заяц і Вожык?
– Якія адносіны былі паміж імі?
– Аб чым яны вялі гаворку? Хто іх падслухаў?
– Што вырашыла зрабіць Хмара?
– Хто ёй пачаў дапамагаць? Што з гэтага выйшла?
– Як адчувалі сябе звяркі у час дажджу ў сваіх хатках? Знайдзіце адказ у тэксце. («Сканіраванне»)
– Як бы вы паступілі ў такой сітуацыі?
– Ці ўдалося Хмары разлучыць сяброў? Чаму?
– Як вы думаеце, ці знойдзе Хмара тых, хто адмовіцца ад дружбы?
- Хвілінка адпачынку.
- Выразнае чытанне казкі па асобах, выключаючы словы аўтара.
- Абагульняючая гутарка.
– Якімі былі Заяц і Вожык? Апішыце іх.
– Вызначце асноўную думку казкі. Чаму вучыць нас аўтар і героі казкі?
– Ці змяніўся ваш адказ на пытанне, зададзенае ў пачатку ўрока?
Менавіта на прыкладах простых, даступных твораў, якімі з’яўляюцца казкі, дзеці вучацца разумець змест твора, яго асноўную думку, знаёмяцца з галоўнымі дзеючымі асобамі, іх характарамі і ўчынкамі, ацэньваюць гэтыя ўчынкі.У элементарнай форме дзеці атрымліваюць уяўленне пра выяўленчыя сродкі мовы мастацкага твора.
Спіс літаратуры
-
Дзямко, Г.А. Антыцыпацыя на ўроках літаратурнага чытання / Г.А. Дзямко, Г.М. Канцавая // Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа. – 2009. – № 11.– С. 67–68.
-
Каляда, А.А. Выразнае чытанне: вучэб. дапам. / А.А. Каляда. – Мінск: Выш. шк., 1989. – 270 с.