Літвін А.І. РАЗВIЦЦЁ ПАЗНАВАЛЬНАЙ АКТЫЎНАСЦI МАЛОДШЫХ ШКОЛЬНIКАЎ ШЛЯХАМ СТВАРЭННЯ ПРАБЛЕМНЫХ СIТУАЦЫЙ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Здольнасць дакладна думаць, паўнавартасна лагічна разважаць і дакладна выкладаць свае думкі неабходная кожнаму. Таму настаўніку пачатковых класаў трэба імкнуцца не проста перадаваць веды, якія прадугледжаны праграмай навучання, але і адначасова развіваць на ўроках пазнавальную актыўнасць і творчую самастойнасць малодшых школьнікаў. Спрыяе развіццю гэтых важных якасцяў тэхналогія праблемнага навучання.
Асновай праблемнага навучання з’яўляецца знаёмства вучняў з новымі фактамі шляхам стварэння праблемных  сітуацый як пачатковага моманту мыслення, які выклікае ў малодшых школьнікаў асэнсаваную патрэбнасць у навучанні і стварае ўнутраныя ўмовы для актыўнага засваення новых ведаў і спосабаў дзейнасці [1, с. 10].  Праблемныя сітуацыі садзейнічаюць вылучэнню  гіпотэзы з наступным пошукам доказаў правільнасці выказанага  меркавання. Важна, каб праблемная сітуацыя здзівіла вучняў, выклікала ў іх  жывую цікавасць, жаданне ва ўсім разабрацца.
Пры праблемным навучанні вучні не атрымліваюць гатовых ведаў, а ў выніку пастаноўкі настаўнікам праблемнай сітуацыі сутыкаюцца з цяжкасцю і пачынаюць пошук рашэння, адкрываючы новыя веды самастойна. Пастаянная пастаноўка перад малодшымі школьнікамі праблемных сітуацый прыводзіць да таго, што яны не «пасуюць» перад праблемамі, а імкнуцца іх вырашыць.
У педагагічнай літаратуры акрэсліваюцца  наступныя прыёмы стварэння праблемных сітуацый: 1) падвядзенне школьніка да супярэчнасці і прапанова  яму знайсці спосаб яе вырашэння; 2) выклад розных пунктаў погляду на адно і тое ж пытанне; 3) прапанова класу рабіць параўнанні, абагульненні, вывады з сітуацыі, супастаўляць факты; 4) пастаноўка  канкрэтных пытанняў на абагульненне, абгрунтаваннне, канкрэтызацыю, логіку; 5) акрэсліванне праблемных тэарэтычных і практычных заданняў; 6) пастаноўка праблемных задач (напрыклад, са спецыяльна дапушчанымі памылкамі) [2].
Праз стварэнне праблемных сітуацый на ўроку  настаўнік абуджае пазнавальную цікавасць вучняў. Навізна інфармацыі, незвычайнасць, нечаканасць прымушаюць малодшых школьнікаў назіраць, шукаць, знаходзіць выхад са створанай настаўнікам праблемнай сітуацыі.
На ўроках беларускай мовы магчымы шырокі спектр праблемных сітуацый, аднак найбольш часта настаўнікамі пачатковых класаў выкарыстоўваецца праблемная сітуацыя  з сутыкненнем меркаванняў вучняў. Класу прапануецца практычнае заданне на новы матэрыял. Пры адсутнасці ведаў па тэме  пры выкананні такога задання малодшыя школьнікі выказваюць шмат меркаванняў.
Пры стварэнні праблемнай сітуацыі з сутыкненнем меркаванняў магчымыя розныя формы арганізацыі класа. Адна з іх заключаецца ў тым, што ўсе вучні выконваюць практычнае заданне на асобных лістах. Другой формай з’яўляецца выклік аднаго вучня да дошкі, з меркаваннямі якога клас можа не пагадзіцца. Больш мяккімі формамі стварэння праблемнай сітуацыі з’яўляецца групавая і парная праца: настаўнік дае практычнае заданне на новы матэрыял па групах (парах).
Для стварэння праблемнай сітуацыі неабходна захоўваць наступныя правілы: 1) каб стварыць праблемную сітуацыю, вучню неабходна прапанаваць такое практычнае ці тэарэтычнае заданне, выкананне якога патрабуе адкрыцця новых ведаў і авалодання новымі ўменнямі; 2) заданне павінна адпавядаць інтэлектуальным магчымасцям вучня. Ступень цяжкасці праблемнага задання залежыць ад узроўню навізны матэрыялу і ад ступені яго абагульнення; 3) праблемнае заданне даецца да тлумачэння новага матэрыялу; 4) праблемнымі заданнямі могуць быць: а) асваенне; б) фармулёўка пытання; в) практычныя заданні. Праблемнае заданне можа прывесці да праблемнай сітуацыі толькі ў выпадку ўліку вышэйпералічаных правіл; 5) адна і тая ж праблемная сітуацыя можа быць выклікана рознымі тыпамі заданняў; 6) вельмі цяжкую праблемную сітуацыю настаўнік дапамагае вучню вырашыць шляхам указання яму прычын невыканання прапанаванага практычнага задання ці немагчымасці тлумачэння школьнікам тых ці іншых фактаў [3].
Пры вывучэнні пэўнай тэмы з выкарыстаннем праблемных сітуацый настаўніку трэба ўстанавіць магчымасць і дыдактычную мэтазгоднасць стварэння праблемных сітуацый на ўроку. Пры гэтым неабходна ўлічваць спецыфіку зместу вывучаемага матэрыялу, яго складанасць, характар. Вялікая ўвага павінна надавацца выяўленню ўнутраных умоў мыслення вучняў і папярэдняй працы: 1) выяўленню ўзроўню ведаў і ўяўленняў вучняў па тэме (неабходна высветліць, які рэальны ў вучняў запас ведаў, а таксама тыповыя памылкі, якія дапускаюцца школьнікамі); 2) неабходна прадугледзець, якія новыя звесткі спатрэбяцца вучням для вырашэння сістэмы праблемных сітуацый, а таксама прадумаць спосабы паведамлення неабходных звестак; 3) трэба выявіць інтэлектуальныя магчымасці вучняў, узровень іх развіцця, наяўнасць уласных думак.
У залежнасці ад ўзроўню ўнутраных умоў мыслення вучняў распрацоўваецца адпаведная сістэма канкрэтных заданняў, якія разлічаны на тое, каб выявіць супярэчнасць  на шляху руху школьніка ад няведаў да ведаў і тым самым стварыць праблемныя сітуацыі.
Наступным этапам падрыхтоўкі ўрока з’яўляецца распрацоўка сістэмы праблемных сітуацый. На аснове аналізу галоўнай праблемнай сітуацыі фарміруецца асноўная праблема. У фармулёўцы гэтай праблемы і заключаецца адна з асноўных цяжкасцяў праблемнага навучання. Задача настаўніка – знаходзіць, канструяваць карысныя для пазнавальнага працэсу супярэчнасці, далучаць вучняў да іх абмеркавання і вырашэння.
Падчас вопытна-эксперыментальнай працы мы правялі дыягностыку паводзін вучня ў праблемнай сітуацыі, анкетаванне малодшых школьнікаў для вызначэння школьнай матывацыі.
Дыягностыка праводзілася да выкарыстання праблемных сітуацый на ўроках беларускай мовы ў 3 «А» класе ДУА «ВПК дзіцячы сад–пачатковая школа  5 г. Брэста» і пасля яго.
На першым этапе высветлілася, што большасць вучняў заўважаюць праблемную сітуацыю, але знайсці з яе выхад удаецца нямногім. Назіранне паказала, што  27% вучняў класа праяўляюць актыўнасць на ўроках. Яны задаюць пытанні, накіраваныя на веданне не толькі фактычнага, але і тэарэтычнага матэрыялу. У 53% малодшых школьнікаў актыўнасць і пасіўнасць прыблізна аднолькавыя. Гэтыя вучні цікавяцца фактычным матэрыялам.  У 20% вучняў быў выяўлены нізкі ўзровень актыўнасці навучання. Пры аналізе анкет высветлілася, што большасці школьнікаў падабаецца вучыцца ў школе, аднак многія сутыкаюцца з цяжкасцямі ў навучанні. У асноўным гэта цяжкасці, звязаныя з засваеннем новага матэрыялу, з немагчымасцю самастойна выканаць цяжкія заданні. У той жа час вучням падабаецца пераадольваць цяжкасці, у іх ёсць жаданне самастойна шукаць шляхі рашэння пастаўленых настаўнікам задач.
Пасля выкарыстання на ўроках беларускай мовы праблемных сітуацый узровень актыўнасці дзяцей павысіўся. Вучні навучыліся бачыць у заданні праблему, знаходзіць спосабы яе вырашэння. У вучняў павысілася цікавасць да навучання, да новых ведаў, знік страх перад невядомым, узмацнілася жаданне самастойна выконваць заданні. У класе засталося толькі 7% дзяцей з  з нізкім узроўнем актыўнасці навучання.
Такім чынам, выкарыстанне на ўроках праблемных сітуацый дазваляе настаўніку кіраваць пазнававльнай дзейнасцю малодшых школьнікаў, што з’яўляецца неабходнай умовай развіцця іх разумовых здольнасцяў, павышэння пазнавальных інтарэсаў у працэсе авалодання ведамі.
Спіс літаратуры

  1. Гин, А.А. Приемы педагогической техники: свобода выбора. Открытость. Деятельность. Обратная связь. Идеальность / А.А. Гин. – М. : Вита-Пресс, 1999. – 88 с.
  2. Махмутов, М.И. Организация проблемного обучения в школе / М.И. Махмутов. – М. : Просвещение, 1977. – 240 с.
  3. Бабанский, Ю.К. Проблемное обучение как средство повышения эффективности учения школьников / Ю.К. Бабанский. – Ростов-на-Дону, 1970. – 380 с.
Запись опубликована в рубрике Теория и методика изучения языков. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий