Матус А.А., Шчарбініна В.П. КАБ ДЗІЦЯ НЕ СТАМЛЯЛАСЯ

Есць каштоўнасці, якія прызнаюцца ўсімі без выключэння. Сярод іх адна з галоўных -  здароўе чалавека, асабліва маленькага. Статыстыка ж сведчыць, што стан здароўя беларускіх дзяцей з кожным годам пагаршаецца.
Вынікі масавых абследаванняў вучняў пачатковых класаў, аналіз іх захворанняў дазволілі вызначыць найбольш распаўсюджаныя ў гэтым узросце хваробы. Па данных акадэміка Г.Н.Сердзюковай, 6 — 10-гадовыя дзеці часцей за ўсе пакутуюць ад хвароб органаў дыхання, якія выклікаюцца шматлікімі разнавіднасцямі вострых рэспіраторных захворванняў. У прыватнасці да 20% вучняў пачатковых класаў маюць хранічныя танзіліты. На другім месцы — інфекцыйныя захворванні (грып), на трэцім — хваробы органаў стрававання. Характэрна і такое захворванне, як карыес зубоў.
У апошнія гады ўзрастае колькасць алергічных захворванняў; многія дзеці маюць лішнюю вагу, парушэнні і змяненні апорна-рухальнага апарату. Часта адзначаюцца функцыянальныя растройствы сардэчна-сасудзістай сістэмы, неўратычныя рэакцыі і іншыя парушэнні стану здароўя. У медыцыне нават пачалі ўжо з’яўляцца тэрміны, якія адлюстроўваюць педагагічную прыроду ўзнікнення паталогій у школьнікаў. У якасці прыкладу можна прывесці дыдактанеўроз, які ўзнікае па віне настаўніка ў працэсе навучання. І гэта далека не поўная карціна хвароб, прыдбаных нашымі дзецьмі ў сценах школы.
Здароўе школьніка — праблема комплексная. У яе вырашэнні павінны быць зацікаўлены і медыкі і педагогі. В.А.Сухамлінскі сцвярджаў, што ў 85% непаспяваючых вучняў галоўнай прычынай адставання ў вучобе з’яўляецца дрэнны стан здароўя. Сення медыкі ўносяць папраўку ў назіранні знакамітага педагога: ужо не 85, а 95% дзяцей не паспяваюць з прычыны тых ці іншых хвароб.
Між тым нашы настаўнікі не толькі дрэнна арыентаваны на ахову здароўя вучняў, але і не навучаны берагчы свае. А той, хто не ўмее берагчы здароўе ўласнае, не можа захаваць яго і ў іншых.
Возьмем, напрыклад, такую распаўсюджаную паталогію, як «школьная блізарукасць». У мінулым стагоддзі факты росту блізарукасці сярод вучняў навялі на думку, што яна з’яўляецца вынікам неспрыяльных санітарна-гігіенічных умоў, характэрных для таго часу. Таму асноўная ўвага па прафілактыцы блізарукасці у многіх пакаленняў школьнікаў з’яўлялася перш-наперш на паляпшэнне асветленасці рабочых месцаў.
Аднак з цягам часу стала відавочным тое, што ні паляпшэнне санітарна-гігіенічных умоў рабочых месцаў, ні нават павышэнне ўзроўню жыцця народа не змаглі спыніць рост блізарукасці. (Дарэчы, такое становішча характэрна і для іншых форм школьнай паталогіі.) Дык, можа, справа ў нечым іншым?..
Паназірайце за дзецьмі, калі яны выконваюць пісьмовыя работы. У першыя хвіліны спінкі іх роўныя, але чым больш часу вучні працуюць, тым ніжэй схіляюцца да парты. Гэта іх актыўная поза, якая характэрна амаль для ўсіх дзяцей. Вынікі такія -  пераціснуты шыйныя сасуды (а яны забяспечваюць галаўны мозг крывею), парушаны рытм сэрца, падціснута легкае, не працуе дыяфрагма, краем стала заціснута печань.
Маторнае заняволенне вядзе і да прыгнечання актыўнасці дзяцей. А разняволенне прыходзіць праз актыўнасць-  адвольную і неадвольную.
У вырашэнні гэтай праблемы заслугоўвае ўвагу сістэма доктара В.Ф.Базарнага. Яе сутнасць у тым, каб вярнуць у класны пакой шматгранны каляровы свет у руху. Замест традыцыйнай згорбленай позы -  рэжым змены поз. На працягу ўрока можна працаваць стоячы (за канторкай) і седзячы (за партай). Замест «блізарукага» навучання, калі позірк прыкаваны да стала, пошук неабходнай інфармацыі на вялікай адлегласці.
Чалавека фарміруюць фізічныя намаганні, актыўнасць пачуццяў. Яны ўмацоўваюць яго здароўе -  фізічнае і маральнае. Гэты вельмі важны кампанент упушчаны нашай сістэмай адукацыі. Дзіця расце нармальна, калі яно на нагах, а мы пасадзілі яго за парту. Вочы малога будуць зоркімі толькі ва ўмовах пастаяннага зрокавага пошуку ў прасторы. У школе ж яму далі «блізарукае» жыцце. Трэба вярнуць дзецям увесь дыяпазон гукаў, колераў, пахаў, а філасофію аб цэласным чалавеку, аб адзінстве яго з прыродай пакласці ў аснову ўсяго школьнага навучання, як гэта было яшчэ ў старажытныя часы.
Безумоўна, навучанне, асабліва ў пачатковай школе, павінна будавацца на прынцыпах аховы здароўя дзяцей. Сенняшнія ж праграмы прадугледжваюць  правядзенне значнай колькасці заняткаў у рэжыме блізкага зроку ( чытанне, пісьмо, матэматыка, маляванне і інш.), што прыводзіць да агульнай і зрокавай стомленнасці вучняў. А папярэдзіць іх могуць практыкаванні, заснаваныя на спалучэнні рухаў вачыма і галавой па зафіксаваных траекторыях. На гэтай падставе і былі распрацаваны не вельмі складаныя практыкаванні, якія дзеці выконваюць у працэсе напружанай зрокавай дзейнасці.
На столі класнага пакоя ў розных месцах (напрыклад, у чатырох кутах) развешваюцца або прымацоўваюцца зрокавыя меткі. Імі могуць служыць яркія цацкі, малюнкі. Яны падбіраюцца так, каб атрымаўся сюжэт па вядомай казцы, прачытаным апавяданні і г.д. Раз у тыдзень сюжэт мяняецца. Практыкаванне выконваецца толькі стоячы. Па камандзе настаўніка (1- 2- 3- 4) дзеці хутка, па чарзе фіксуюць погляд на зрокавых метках, спалучаючы пры гэтым рухі галавой, вачамі і тулавам. Працягласць практыкавання — 1,5- 2 хвіліны.
Папярэдзіць стомленнасць вучняў дапаможа і методыка дынамічных поз. Планаваць урок трэба такім чынам, каб дзеці некалькі разоў арганізавана ўставалі з месцаў. Колькасць пад’емаў і працягласць часу, які вучні стаяць, залежаць ад характару вывучаемага матэрыялу. Вопыт паказвае, што дзяцей (без шкоды для навучання) на працягу ўрока можна ўзнімаць усіх разам да 3 разоў (кожны раз яны могуць стаяць ад 3 да 5-7 хвілін). Стоячы вучні слухаюць тлумачэнні педагога або адказы сяброў.
Практычнаму ажыццяўленню заняткаў у рэжыме дынамічных поз дапамагая спецыяльная мэбля. На стандартны школьны стол устанаўліваецца прыстасаванне з нахіленай рабочай паверхняй (16 — 18 градусаў). Памеры прыстасавання адпавядаюць палове шырыні стала. Яно ўстанаўліваецца такім чынам, каб адзін з вучняў працаваў на ўроку стоячы за ім, а другі -  седзячы за свабоднай часткай стала. Па камандзе настаўніка дзеці праз 15 — 20 хвілін мяняюцца месцамі.
Вопыт працы ў школе прывеў да глубокага пераканання: адзін з асноўных вытокаў школьнага нездароўя — гэта хранічная стамляльнасць дзяцей з-за склаўшыхся спосабаў канструявання вучэбнага працэса і перадачы інфармацыі, прыводзячых да перагрузак. Прапануемая методыка  — адзін з інавацыйных пуцеў выхаду ў склаўшыхся ўмовах.
Агульную зрокавую стомленнасть школьнікаў пад час урока методыкі рэкамендуюць здымаць пры дапамозе зрокава-рухальных траекторый.
На схеме стрэлкамі паказаны асноўныя напрамкі, па якіх павінен рухацца позірк вучня ў працэсе працы: уверх — уніз, улева — управа, па і супраць гадзіннікавай стрэлкі, па «васьмерцы». Кожная траекторыя мае свой колер, што робіць схему яркай, маляўнічай і прыцягвае ўвагу школьнікаў.
ris3
Схема малюецца на палатне, якое мае памер класнай дошкі. Пры неабходнасці палатно апускаецца і закрывае дошку. Зрокавыя практыкаванні выконваюцца па 10-15 разоў кожнае па парадку нумароў. Улічваючы важнасць такіх практыкаванняў для захавання зроку ў школьнікаў і выкарыстоўваючы прапанаваную медыкамі схему зрокава-рухальных траекторый, мы распрацавалі прыкладныя віды работ на ўроках чытання, пісьма і матэматыкі, якія спалучаюць у сабе навучальную дзейнасць і зрокавы трэнаж.
УРОКІ ЧЫТАННЯ
  1. На схеме замацоўваюцца апорныя словы для пераказу або складання тэксту: па гарызантальнай траекторыі 1, па вялікіх і маленькім авалах (траекторыі 3,4). Вучні, выконваючы задання настаўніка, чытаюць размешчаныя на схеме словы, позірк іх рухаецца па вышэйназваных траекторыях.
  2. План пераказу тэксту настаўнік размяшчае на траекторыях 1, 2, 3, 4, 5. Рыхтуючыся да пераказу, школьнікі знаходзяць на схеме загалоўкі, чытаюць іх і вызначаюць паслядоўнасць у час выканання задання паміж вучнямі адбываецца актыўны абмен інфармацыяй, які актывізуе мысліцельныя і эмацыянальныя працэсы. Адначасова з навучальнай дзейнасцю школьнікі выконваюць зрокавы трэнаж: рух позірку па дадзеных траекторыях уключае ў работу разнастайныя мышцы вачэй.
  3. На пачатковым этапе навучання чытанню схема ўжываецца як табліца складоў (на траекторыях замацоўваюцца склады), затым як наборнае палатно для састаўлення складоў, слоў, сказаў. Выкарыстоўваць можна ўсе траекторыі. Напрыклад, склады размяшчаюцца па траекторыях 2, 3, 4, 5. Дзеці складваюць словы са складоў і замацоўваюць іх на траекторыі 1. Навучальная задача пры выкананні гэтага задання ўскладняецца. Па-першае, вучні чытаюць усе склады, размешчаныя на схеме, прычым адбываецца мімавольны трэнаж вачэй. Па-другое, яны адбіраюць склады, патрэбныя толькі для састаўлення вызначанага настаўнікам слова. Зрокавая актыўнасць пры гэтым спалучаецца з актыўнасцю мысліцельных працэсаў. Па-трэцяе, названае заданне прадугледжвае супрацоўніцтва настаўніка і вучня толькі на пачатковым этапе, а потым вучні працуюць самастойна.
УРОКІ МОВЫ
1. На схеме размяшчаецца група слоў з прапушчанымі арфаграмамі (напрыклад, ненаціскнымі галоснымі, падоўжанымі зычнымі і да т.п.). Дзеці па заданню настаўніка спісваюць словы, устаўляюць прапушчаныя літары.Выкананне задання па схеме папярэджвае наступленне ў дзяцей зрокавай стомленнасці, звязанай з працяглым уздеяннем на зрок шэрага (чорна-белага) кніжнага тэксту (калі вучні спісваюць яго з падручніка) і напружаным статычным становішчам галавы. рук.
2. Пры замацаванні правіл правапісу настаўнік можа размясціць на схеме змест гэтых правіл, разнастайныя памяткі. Выконваючы розныя заданні, вучні карэкціруюць сваю дзейнасць, супастаўляючы і звяраючы яе з узорам на схеме, а гэта значыць, што адбываецца пераключэнне зроку блізкага (праца ў сшытках) на далекі (позірк на схему, якая размешчана на пэўнай адлегласці).
3. У цэнтры траекторыі 5 можна размясціць тэксты зрокавых дыктантаў для пісьма па памяці. Дзеці чытаюць тэкст, стараюцца яго запомніць. дадзены від дзейнасці спрыяе спалучэнню мышачнай і псіхічнай напружнасці, а паводле сцвярджэння І.М. Сечанава фарміраванне вышэйшых псіхічных працэсаў грунтуецца на матэрыяльнай аснове — элементарным зрокава-рухальным акце.
Падобным чынам можна размяшчаць на схеме апорныя словы для напісання сачынення і іншых відаў работ па развіццю мовы, практыкаванні займальнага характару (крыжаванкі, рэбусы, шарады).
УРОКІ МАТЭМАТЫКІ
  1. Для арганізацыі і правядзення вуснага лічэння ўвесь дыдыктычны і лічыльны матэрыял размяшчаецца на схеме. Настаўнік указкай накіроўвае позірк вучняў на патрэбныя траекторыі.
  2. Пры рашэнні задач на рух ( напрыклад, цягніка, пешахода) схема можа служыць нагляднай інтэрпрэтацыяй умовы. На ей размяшчаюцца лікі (даныя задачы), стрэлкі (паказальнікі руху), выявы прадметаў.
  3. Пры азнаямленні з геаметрычным матэрыялам (прамой і крывой лініямі, адрэзкам прамой, кругам, акружнасцю і інш.) і далейшай працы з ім схема выконвае ролю нагляднага матэрыялу. Не навязваючы вучням выканання практыкаванняў трэнажу для вачэй, настаўнік уводзіць неабходныя для вывучэння геаметрычныя паняцці з адначасовым паказам іх на схеме.
Прыведзенныя віды работ па схеме зрокава-рухальных траекторый прадугледжваюць выканаўчую дзейнасць вучняў на ўроку. Для дзяцей з больш высокім узроўнем развіцця намі распрацаваны і прапанаваны практыкаванні і заданні, якія дазваляюць перайсці ад выканаўчай дзейнасці да актыўнага пошуку.
Прапануем віды гульневых заняткаў з выкарыстаннем схемы зрокава-рухальных траекторый.
Схема для гульняў робіцца або вялікіх памераў (каб закрывала дошку), або ў выглядзе індывідуальнага плаката для кожнага вучня.
  1. Гульня на фарміраванне ў дзяцей паняцця «адмаўленне». Гуляюць дзеці ў парах. Адзін з іх кладзе ў круг траекторыі 5 фігуры, напрыклад, чырвоныя, а па-за авалам, за траекторыяй 3, — усе астатнія. Другі павінен адным словам назваць фігуры, якія размешчаны па-за авалам. (Фігуры не чырвонага колеру.)
  2. Гульня на выпрацоўку ўменняў хутка разбіваць мноства на класы па трох уласцівасцях.
  3. З набору фігур вучні выбіраюць, напрыклад, чырвоныя, трохвугольныя, вялікія. Трэба размясціць у крузе 5 чырвоныя, у другім — трохвугольныя, па-за кругам, за траекторыяй 3, — вялікія. Працаваць можна ў парах, групамі ці калектыўна, выкарыстоўваючы агульную схему.
Развіцце пазнавальных здольнасцей, інтэлекту школьнікаў (як і сама арганізацыя іх навучання) пабудавана на зрокавым успрыманні імі матэрыялу. Таму мы ўпэўнены ў станоўчым уздзеянні прапануемай намі зрокавай гімнастыкі на ўзбагачэнне і пашырэнне зрокавага ўспрымання. Безумоўна, такая форма работы павінна падпарадкоўвацца логіцы ўрока і зместу навучальнага матэрыялу.
Зразумела, гэтым не вычэрпваецца работа па прафілактыцы школьных форм паталогіі, аднак хачу падкрэсліць, што тыя дзеці, якія займаюцца ў рэжыме дынамічных поз, вызначаюцца разневоленасцю і свабодай меркаванняў. Яны больш спакойныя, упэўненыя ў сабе. Аб гэтым сведчаць матэрыялы навуковых даследаванняў, праведзеных на базе рада школ г. Гродна.
Спіс літаратуры

  1. Базарный, В. Ф. Школьный стресс и демографическая катастрофа России. Сборник материалов. Академия медицинских наук, Сибирское отделение НИИ медицинских проблем Севера. Научно-внедренческая лаборатория физиолого-здравоохранительных проблем образования Администрации Московской области. — Сергиев Посад, 2004.
  2. Образование и здоровое развитие учащихся. Материалы Всероссийского форума с международным участием в 3-х частях. – М.: Ключ, 2005 г., Часть3.
  3. Смирнов, Н.К. Здоровьесберегающие образовательные технологии и психология здоровья в школе. – М.: АРКТИ, 2005.
Запись опубликована в рубрике Технологии обучения и воспитания дошкольника. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий