Кісель В.В. ПРАЦА З ТЭКСТАМ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ЯК СРОДАК ФАРМIРАВАННЯ Ў МАЛОДШЫХ ШКОЛЬНIКАЎ КАМУНIКАТЫЎНАЙ КАМПЕТЭНЦЫI

Уменні дакладна і граматычна правільна гаварыць, валодаць добра пастаўленым голасам, выкладаць уласныя думкі ў свабоднай інтэрпрэтацыі, выражаць свае эмоцыі разнастайнымі інтанацыйнымі сродкамі, захоўваць маўленчую культуру неабходныя кожнаму чалавеку, Таму адной з найважнейшых задач на сучасным этапе навучання малодшых школьнікаў з’яўляецца фарміраванне ў іх камунікатыўнай кампетэнцыі.
Камунікатыўная кампетэнцыя рэалізуецца ў працэсе вырашэння наступных практычных задач: фарміравання трывалых арфаграфічных і пунктуацыйных уменняў і навыкаў (у межах праграмных патрабаванняў), авалодання нормамі беларускай літаратурнай мовы і ўзбагачэння слоўнікавага запасу і граматычнага ладу маўлення вучняў, навучання ўменню звязна выкладаць свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме.
Асобае месца ў фарміраванні камунікатыўнай кампетэнцыі належыць працы з тэкстам, пры аналізе якога адбываецца актывізацыя логіка-пазнавальных бакоў дзейнасці вучняў, развіццё іх здольнасці самастойна аналізаваць факты і рабіць вывады.
На ўроках беларускай мовы праца з тэкстам вядзецца па трох накірунках: па-першае, вывучэнне сістэмы мовы на аснове заданняў да тэкстаў (у гэтым выпадку выкарыстоўваюцца тэксты невялікага аб’ёму, якія дазваляюць праілюстраваць моўныя факты); па-другое, развіццё маўлення пры аналізе тэкстаў-узораў, пры стварэнні вучнямі ўласных выказванняў у пісьмовай форме; па-трэцяе, ажыццяўленне кантролю ведаў, уменняў і навыкаў.
Тэксты, якія выкарыстоўваюцца настаўнікам на ўроках беларускай мовы, павінны быць адрэдагаваны ў адпаведнасці з агульнадыдактычнымі і метадычнымі прынцыпамі. У тэксце, з якім прадугледжваецца праца вучняў на ўроку, павінны быць розныя віды вывучаных арфаграм і пунктаграм. Важна, каб тэксты былі ўзорнымі ў ідэйна-тэматычных і моўных адносінах, а таксама дэманстравалі мілагучнасць, выразнасць, багацце беларускай мовы. Тэксты, з якімі плануецца праца малодшых школьнікаў на ўроках беларускай мовы, павінны з’яўляцца не толькі спосабам праверкі ведаў вучняў, але і выконваць адначасова пазнавальную, выхаваўчую, адукацыйную функцыі і служыць сродкам інтэлектуальнага развіцця асобы малодшага школьніка.
Падчас вопытна-эксперыментальнай працы адбывалася ўкараненне на ўроках беларускай мовы сродкаў і метадаў працы з тэкстам, якія садзейнічаюць развіццю маўлення вучняў; падбор тэматычнага тэкставага матэрыялу, распрацоўка спосабаў практычнай працы з тэкстам; уключэнне вучняў у пазакласную працу з мэтай развіцця іх творчых здольнасцяў.
Найбольш эфектыўнымі, на наш погляд, можна лічыць наступныя формы працы з тэкстам: 1) навучальныя дыктоўкі са змяненнем тэксту (творчыя, вольныя, узноўленыя дыктоўкі з працягам), выкарыстанне якіх спрыяе развіццю ў малодшых школьнікаў лагічнага мыслення; 2) праца з тэкстамі-мініяцюрамі, параўнанне двух тэкстаў – гэта шлях ад успрымання тэксту, разумення яго (праз яго аналіз) да стварэння ўласнага выказвання, што важна і для развіцця памяці, мыслення, увагі малодшых школьнікаў; 3) інтэлектуальна-лінгвістычныя практыкаванні, вартасць якіх заключаецца ў тым, што з іх дапамогай адначасова стымулюецца і інтэлектуальнае, і лінгвістычнае развіццё вучняў пачатковых класаў. Падобнага тыпу практыкаванні інтэнсіфіцыруюць працэс развіцця такіх якасцяў малодшых школьнікаў, як маўленне, увага, памяць, мысленне. Лінгвістычныя веды, уменні і навыкі набываюцца вучнямі ў працэсе актыўнай маўленчай дзейнасці. Пры выкананні практыкаванняў малодшыя школьнікі выконваюць некалькі разумовых аперацый, напрыклад, параўнанне, групіроўку, абагульненне і ўключаюць розныя віды маўлення: унутранае і знешняе, вуснае і пісьмовае, маналагічнае і дыялагічнае; 4) рэдагаванне тэксту з выкарыстаннем памяткі «Рэдактар»: правер, ці перадае загаловак тэму і галоўную думку тэксту, ці рухаецца думка ад сказа да сказа, ці ўдалы пачатак і канец тэксту, ці дакладна і правільна выражаны думкі і г.д.; 5) сітуацыйныя практыкаванні, у якіх мадэлююцца маўленчыя сітуацыі, г.зн. сукупнасць тых умоў, якія далучаюць малодшага школьніка да працэсу зносін. Маўленчыя сітуацыі, у якія трапляюць вучні пачатковых класаў, пабуджаюць іх да выказвання, выклікаюць патрэбнасць у зносінах. Выкарыстанне сітуацыйных практыкаванняў на ўроках не толькі павышае эфектыўнасць навучання маўленню, але і спрыяе фарміраванню і развіццю цікавасці вучняў да беларускай мовы; 6) складанне тэксту апісальнага характару з прапанаваных сказаў. Складаючы такі тэкст, малодшыя школьнікі авалодваюць уменнем прадумваць кампазіцыю выказвання, весці апісанне лагічна і паслядоўна, адбіраць для раскрыцця тэмы неабходны матэрыял, засвойваюць лексічныя і граматычныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў апісанні і ішн.
Важнае месца на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах мы адводзілі працы з лінгвістычнымі тэкстамі, фарміруючы ў малодшых школьнікаў уменне самастойна знаходзіць і засвойваць лінгвістычную інфармацыю і свабодна ёю карыстацца.
У навучанні самастойнаму назапашванню ведаў і ўменняў можна вылучыць некалькі паслядоўных і ўзаемазвязаных этапаў: 1) разуменне лінгвістычнага тэксту (уменне дзяліць вучэбны тэкст на часткі, выяўляць асноўнае ў кожнай з іх, вылучаць лагічныя сувязі); 2) самастойная пастаноўка пытанняў, самаправерка, узаемакантроль; 3) згортванне лінгвістычнай інфармацыі да апорных (ключавых) слоў і разгортванне да поўнага аб’ёму; 4) пераказ лінгвістычнага тэксту па апорных паняццях, супастаўленне яго з тэкстам падручніка.
Першапачатковая падрыхтоўка да самастойнай працы з тэкстам падручніка патрэбная ўсім вучням. На першых этапах адбываецца папярэдняе самастойнае азнаямленне з тэкстам падручніка. Спачатку вучні адказваюць на пытанні настаўніка, абапіраючыся на матэрыял падручніка; затым – на тыя ж пытанні, аднак са зменай паслядоўнасці, – без звяртання да падручніка; потым самастойна фармулююць азначэнне па памяці. Самакантроль з дапамогай падручніка ці ўзаемакантроль папярэднічаюць канчатковаму поўнаму і дакладнаму ўзнаўленню правіла па памяці.
У працы з тэкстам як сродкам развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі малодшых школьнікаў на ўроках беларускай мовы мы выкарыстоўвалі методыку паэтапнага фарміравання разумовых дзеянняў П.Я. Гальперына [1]: на этапе арыенціроўкі выкарыстоўвалі апорныя матэрыялы (схемы, памяткі, канспекты) для таго, каб рашыць пошукавую задачу з тэкстам. Далей ішоў аналіз тэксту, абагульненне, сінтэз, мадэляванне, заключнае ўдакладненне моўных паняццяў, ацэнка. На апошнім этапе, самаацэнцы, новыя веды і ўменні ўключаліся ў сістэмувывучанага раней.
Такім чынам, праца з лінгвістычнымі і мастацкімі тэкстамі на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах садзейнічае фарміраванню ў малодшых школьнікаў камунікатыўнай кампетэнцыі, развівае іх пазнавальную дзейнасць, актывізуе эмацыянальную памяць, уяўленне, пачуцці, працэсы аналізу і сінтэзу, садзейнічае павышэнню якасці ведаў.
Спіс літаратуры

1. Гальперин, П.Я. Психология мышления и учение о поэтапном формировании умственных действий / П.Я. Гальперин // Исследование мышления в советской психологии. – М. : Наука, 1966. – С. 236–276.
Запись опубликована в рубрике Развитие коммуникативных навыков у учащихся (студентов). Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий