Вадзейка С.М. АСПЕКТЫ ПЕРАКЛАДАЗНАЎСТВА

Пераклад – гэта пляцоўка, дзе сутыкаюцца розныя культуры, эпохі, традыцыі, творчыя і  індывідуальныя асаблівасці перакладчыкаў.
Існуе даволі шмат дэфініцый гэтага складанага і шматграннага віду чалавечай дзейнасці. Пераклад можа разглядацца як працэс і як вынік гэтага працэсу. У залежнасці  ад гэтага вар’іруюцца азначэнні дадзенага тэрміна. Вядомы лінгвіст Л.С. Бархудараў разумее пераклад як “працэс пераўтварэння маўленчага твора на адной мове ў маўленчы твор на іншай мове пры захаванні нязменнага плану зместу, г.зн. значэння” [1, с. 11]. Падобнай думкі прытрымліваецца таксама і Мэры Снэл-Хорнбі, якая сцвярджала, што “пераклад – гэта не проста перакадзіроўка аднаго тэксту ў другі, бо мова фарміруецца і рэалізуецца не ў пустой прасторы, а пад уплывам пэўнай сітуацыі, культурных рамак” [2, с. 13].
А. Фёдараў падае наступную  дэфініцыю: “Пераклад – гэта ўменне выразіць правільна і поўна сродкамі адной мовы тое, што ўжо выражана раней сродкамі іншай мовы” [3, с. 10]. Пераклад з’яўляецца пасрэднікам ва ўзаемадзеянні паміж мовай, з якой перакладаюць, і мовай, на якую перакладаюць, паміж народамі і культурамі гэтых моў. Звярнуўшы увагу на грамадскае прызначэнне перакладу, варта пры гэтым адрозніваць і іншыя віды моўнага пасрэдніцтва, як, у першую чаргу,  пераказ і рэферыраванне. Яны з’яўляюцца альтэрнатывай перакладу і замяняюць яго пры пэўных умовах і прычынах (напрыклад, з-за спецыфічнасці тэксту арыгіналу, што абумоўлівае нерэнтабельнасць перакладу), не з’яўляючыся пры гэтым паўнацэннай заменай зыходнага тэксту [4, с. 20].
Як шматаспектная з’ява, як працэс і як вынік пераклад з’яўляецца аб’ектам вывучэння не толькі перакладазнаўства. Розныя яго бакі даследуюцца такімі дысцыплінамі, як лінгвістыка, літаратуразнаўства, псіхалогія, культуралогія, сацыялогія, гісторыя,  грамадазнаўства і інш.
Нягледзячы на той факт, што перакладазнаўства – навука досыць маладая, сёння існуе багаты выбар навуковай літаратуры як замежных, так і айчынных аўтараў, якія даследуюць разнастайныя праблемы перакладу, асноўнымі з якіх прынята лічыць агульную тэорыю перакладу, спецыяльную тэрыю перакладу, транслаталогію тэксту, тэорыю працэсу перакладу, тэорыю асноўных відаў перакладу, навуковую крытыку перакладу, прыкладное перакладазнаўства, гуманітарнае асмысленне перакладу, гісторыю перакладу, дыдактыку перакладу [5, с. 48].
Вядома, што ў даследаваннях па гісторыі і тэорыі перакладу асноўнае месца належыць менавіта мастацкаму перакладу. А. Фёдараў адзначае велізарную ролю мастацкага перакладу ў гісторыі літаратуры і культуры, асаблівую складанасць  гэтага віду перакладу, цяжкасць яго задач і найбольш прынцыпіяльны характар пастаўленых пытанняў [3, с. 33]. Мастацкі пераклад – творчы працэс пераўтварэння арыгінала ў твор на іншай мове, іншай культуры, з іншым эстэтычным вынікам [6, с. 3]. У выніку перакладны твор становіцца здабыткам культуры народа, на мову якога ён перакладзены.
Варта адзначыць, што працы па перакладазнаўству, згодна з думкаю многіх даследчыкаў, маюць “больш альбо менш ярка выражаную лінгвістычную аснову” [7, с. 3]. Асновы лінгвістычнай тэорыі перакладу былі закладзены ў першай палове ХХ ст. А.В. Фёдаравым у яго кнізе “Аб мастацкім перакладзе”, якая, з пэўнымі змяненнямі і дапаўненнямі ў змесце і назве, была перавыдадзена некалькі разоў. Аўтар так пацвярджаў сваю думку: “Паколькі пераклад заўсёды мае справу з мовай, заўсёды азначае працу над мовай, пастолькі пераклад абавязкова патрабуе лінгвістычнага вывучэння – у сувязі з пытаннем аб характары ўзаемаадносін дзвюх моў і іх стылістычных сродкаў” [3, с. 23]. У той жа час нельга не прымаць пад увагу і літаратуразнаўчы аспект. У апошні час некаторыя даследчыкі выказваюць думку, што вырашэннем дадзенай праблемы будзе прызнанне важнасці ў перакладазнаўстве як лінгвістычнага, так і літаратуразнаўчага аспектаў і збліжэнне іх [аспектаў] дзеля дасягнення максімальных вынікаў.
Адной з важных характарыстык мастацкага перакладу з’яўляецца яго бясспрэчная роля ва ўзбагачэнні, развіцці і фарміраванні нацыянальнай культуры, мовы і літаратуры. На пераклад як галоўны сродак ідэнтыфікацыі нацыянальнай літаратуры звярнуў нашу ўвагу М. Гарэцкі: “Перакладное пісьменства падрыхтавала ў нас грунт для развіцця самастойнага пісьменства, дало яму гатовую кніжную мову і літаратурныя ўзоры” [8, с. 95]. Думку М. Гарэцкага аб бясспрэчна важнай ролі перакладу ў моўным аспекце падтрымлівае І. Чарота: “Пераадольваючы (а такім чынам і фіксуючы) адрозненні, пераклад сцвярджае самастойнасць мовы і забяспечвае ёй істотную падтрымку” [9, с. 29].
Культурнае значэнне перакладу можна падкрэсліць словамі Н. Гілевіча: “Мастацкі пераклад заўсёды быў і працягвае заставацца надзвычай важным сродкам, з дапамогай якога дасягаецца ўзаемапаразуменне паміж народамі, узмацняецца кантактаванне нацый, узаемнае іх узбагачэнне духоўнымі набыткамі” [10, с. 30]. Дзякуючы перакладу пераадольваюцца моўныя і культурныя бар’еры.
Такім чынам, пераклад, як шматаспектная з’ява, з’яўляецца не толькі носьбітам асноўных характарыстык і прыкмет мовы і культуры зыходнага і перакладнога тэкстаў, але і сродкам усталявання кантактаў і паляпшэння інтэрнацыянальных зносін, адлюстравання моўнай карціны свету.
Спіс літаратуры
  1. Бархударов, Л. С. Язык и перевод: Вопросы общей и частной теории перевода / Л. С. Бархударов. – Изд. 4-е. – М.: Издательство ЛКИ, 2013. – 240 с.
  2. Snall-Hornby, Mary Übersetzungswissenschaft – eine Neuorientierung: zur Integration von Theorie und Praxis / Mary Snall-Hornby. – 2, durchges. Aufl. – Tübingen; Basel: Francke, 1994.
  3. Фёдоров, А. В. Основы общей теории перевода (лингвистические проблемы) / А. В.  Фёдоров. -  Изд 5-е. — М.: ООО «Издательский Дом «ФИЛОЛОГИЯ ТРИ», 2002. — 416 с.
  4. Латышев, Л. К. Технология перевода / Л. К. Латышев. – Изд. 3-е. – М.: Издательский центр «Академия», 2007. – 320 с.
  5. Алексеева, И. С. Введение в переводоведение / И. С. Алексеева. – Изд.3-е. – СПб: Филологический факультет СПбГУ; М.: Издательский центр «Академия», 2008. – 368 с.
  6. Факторович, Д. Е.  Основы теории художественного перевода / Д. Е. Факторович. —  Мн.: Издательство «Кнiгазбор», 2009. – 182 с.
  7. Комиссаров, В. Н. Общая теория перевода / В. Н. Комиссаров. – М.: ЧеРо, 1999. – 136 с.
  8. Гарэцкі, М. Гісторыя беларускае літаратуры / М. Гарэцкі. – Мн.: Маст. літ., 1992. – 479 с.
  9. Чарота, І. А. Тэорыя і практыка мастацкага перакладу / І. А. Чарота. – Мн.: БДУ, 2011. – 124 с.
  10. Гілевіч, Н. Годнасць, сумленнасць і мужнасць / Н. Гілевіч. – Мн.: Маст. літ., 1988. – 317 с.
Запись опубликована в рубрике Теория и методика изучения языков. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий