Калясень А.В. НАВУЧАННЕ ГРАМАЦЕ ДЗЯЦЕЙ СТАРШАГА ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ

Пісьменнасць у сапраўдным сэнсе слова азначае валоданне чалавекам «пачуццём роднай мовы», разуменне яе будовы і законаў і ўменне карыстацца імі. Навучанне грамаце павінна насіць агульнаразвіццёвы характар, спрыяць развіццю актыўнай разумовай дзейнасці дзіцяці. Гэта мае вырашальнае значэнне для вывучэння як рускай і беларускай, так і замежных моў у агульнаадукацыйнай школе.
У старшай групе на занятках па развіцці маўлення і навучанні грамаце дашкольнікі ўдакладняюць атрыманае раней уяўленне аб слове як моўнай адзінцы, атрымліваюць элементарныя веды аб складовай структуры слова, слоўным саставе сказа, навучаюцца гукавому аналізу слоў рознай структуры.
Старшыя дашкольнікі знаёмяцца з намінальнай роляй слова: словамі называюць розныя прадметы, з’явы, іх дзеянні, якасці, словы маюць сэнс. Па заданні выхавальніка дзеці спрабуюць растлумачыць, што азначае тое або іншае слова. Напрыклад, лялька – гэта цацка, з ёй дзеці гуляюць. Ляльку можна пакласці спаць, пакарміць, апрануць. Дашкольнікі прпаноўваюць свае «загадкі»: тлумачаць значэнне слова, не называючы яго. Астатнія дзеці адгадваюць словы. Такім чынам, дашкольнікі падводзяцца да разумення тэрмінаў «сэнс», «значэнне слова», што неабходна для выканання далейшых практыкаванняў на падбор сінонімаў і антонімаў, азнаямлення з мнагазначнымі словамі [1].
Старшыя дашкольнікі знаёмяцца з тым, што словы складаюцца з частак (складоў), колькасць іх у словах розная, адзін склад у слове вымаўляецца гучней за астатнія – гэта націскны склад.
Спачатку выхавальнік знаёміць дзяцей з тым, што слова можа складацца з некалькі частак. Ён прапаноўвае дашкольнікам сказаць слова не адразу, а па частках. Пытаецца, на колькі частак дзеліцца слова, напрыклад ліса. (На дзве.) Якая першая частка? (Лі.) Назавіце другую частку. (Са.) Выхавальнік тлумачыць, што часткі слова завуцца складамі, таму што слова складаецца з іх.
Уменне дашкольнікаў дзяліць словы на склады замацоўваецца ў дыдактычных гульнях тыпу «Тэлеграф», «Пашукай слова» і інш. Важнае месца сярод іх займае дыдактычная гульня «Жывыя склады», у працэссе якой дзеці прымаюць на сябе ролі розных складоў. Гуляючы ў «Жывыя склады», дашкольнікі складаюць розныя словы са складоў.
Важным этапам у рабоце з’яўляецца вылучэнне націскнога складу ў слове. Выхавальнік дае ўзор правільнага вымаўлення слова з падкрэсленым націскам, дапамагае дзецям вызначыць націскны склад. У гульні «Жывыя склады» дзеці чытаюць, якое слова атрымалася са складоў «па» і «ра». Можна прачытаць пара, а можна пара. Дашкольнікі пачынаюць разумець значэнне націску ў слове.
На занятках па развіцці маўлення і навучанні грамаце ажыццяўляецца і першапачатковае знаёмства дзяцей са сказам. Дашкольнікі вучацца дзяліць сказы на словы, вызначаць колькасць слоў у сказе, называць іх па парадку: першае, другое і г.д., перастаўляць, дадаваць або заманяць словы ў сказе; складаць новыя сказы.
Паралельна дзеці вучацца складаць сказы з зададзеных слоў, зададзенай колькасці слоў. Выхавальнік прапануе дзецям прыдумаць сказ пра кацяня (Кацяня любіць гуляць), сказаць чатыры словы пра ліску (Ліска перахітрыла злога ваўка) і г.д. Уменне састаўляць сказы замацоўваецца ў дыдыктычных гульнях і практыкаваннях «Адгадай, які сказ», «Што ў цябе ёсць?» і інш.
Пад гукавым аналізам слова разумеецца, па-першае, вызначэнне парадку следавання гукаў у слове; па-другое, усталяванне распазнавальнай ролі гука; па-трэцяе, вылучэнне асноўных якасных характарыстык гука. Для рускай і беларускай моў характэрным з’яўляецца проціпастаўленне галосных і зычных гукаў, цвёрдых і мяккіх зычных [2].
Паслядоўнасць гукаў у слове вызначаецца з дапамогай паслядоўнага інтанацыйнага вылучэння кожнага гука.
Адначасова дашкольнікі вучацца бачыць словараспазнавальную функцыю гукаў. З гэтай мэтай яны аналізуюць словы, якія адрозніваюцца паміж сабой адным гукам (дом – дым), канстатуюць: «Калі змяніць у слове адзін гук – мяняецца ўсё слова». Пасля знаёмства з цвёрдасцю-мяккасцю зычных гукаў дзеці засвойваюць і іх словараспазнавальную ролю (вугал – вугаль, нос – нёс).
Асаблівае месца сярод дыдактычных гульняў па навучанні грамаце займаюць фанетычныя гульні, мэта якіх – фарміраванне і замацаванне ў дашкольнікаў арыенціроўкі ў гукавой структуры слова, умення інтанацыйна вылучаць гук, даваць якасную характарыстыку кожнаму гуку. Фанетычныя гульні ўключаюцца ў заняткі па навучанні грамаце з улікам паступовага ўскладнення змусту навучання. Праводзяцца гульні: «Назаві словы» (выхавальнік прапаноўвае дзецям назваць словы з якім-небудзь гукам і вымавіць іх так, каб гэты гук было добра чуваць)» «Жывыя гукі» (дзеці бяруць на сябе ролі гукаў слова, якое яны толькі што разбіралі, становяцца так, каб скласці патрэбнае слова. Астатнія выхаванцы правяраюць правільнасць пабудовы слова, ведучы ўказкай злева направа і «чытаючы» яго. У працэсе гульні дзеці перамяшчаюцца па групе, але кожны павінен правільна скласці патрэбнае слова); «Злаві канец і працягвай» (дзеці называюць «ланцужок» слоў, у якім кожнае слова пачынаецца з апошняга гуку папярэдняга: жук – куст – трамвай – якар – рэпка – апельсін і г.д.) і інш.
Падчас праходжання педагагічнай практыкі намі былі апрабаваны наступныя заданні па навучанні грамаце дзяцей старшага дашкольнага ўзросту.
Назаві ласкава: Парта – партачка.       Альбом – … (альбомчык). Рукзак – … (рукзачок). Мел – … (мялок). Сшытак – … (сшытачак). Лінейка – (лінеечка). Кніга – … (кніжачка).
Адзін – многа: Школа – школы. Сшытак – … (сшыткі). Школьнік – … (школьнікі). Аловак – … (алоўкі). Школьніца – … (школьніцы). Ручка – … (ручкі). Парта – … (парты).
Чацвёрты лішні: 1) Лінейка, аловак, лялька, кніга. 2) Ручка, сцірка, скакалка, падстаўка. 3) Лялька, мяч, пэндзлік, пірамідка.
Чароўны мяшочак. Васілька прпануе дзецям «Чароўны мяшочак», у якім складзены школьныя прылады. Дзеці па чарзе дастаюць прылады, апісваюць іх.
Скажы наадварот. Доўгая лінейка – кароткая лінейка. Востры карандаш – тупы карандаш. Тоўстая кніга – тонкая кніга. Высокі вучань – нізкі вучань.
«Што з чаго?». Сок з яблык… (яблычны). Джэм з грушаў… (грушавы). Павідла з сліў… (слівовае). Варэнне з вішняў… (вішнёвае). Сок з персікаў… (персікавы). Павідла з абрыкосаў… (абрыкосавае).
Прагаворванне чыстагаворак. Ла-ла-ла – на кветцы пчала. Лі-лі-лі – кашу пасалілі. Оль-оль-оль – насыпаем соль. Ол-ол-ол – садзімся за стол.
«Пачнём з кароценькага сказа і закончым доўгім сказам». Яблыкі – круглыя. Яблыкі круглыя, спелыя. Яблыкі круглыя, спелыя, сакавітыя. Яблыкі круглыя, спелыя, сакавітыя, смачныя. Яблыкі круглыя, спелыя, сакавітыя і вельмі смачныя.
Гульня-загадка. Дзецям раздаюцца сюжэтныя малюнкі, на якіх намаляваны прадметы пад кустом, над кустом, за кустом і г.д. Дашкольнікі павінны выявіць месца знаходжання гэтага ппрадмета.
«Для чаго патрэбна?» Для чаго патрэбны стол?.. (Маляваць, пісаць, есці і г.д.) Для чаго патрэбны ложак?.. Для чаго патрэбна крэсла?.. Для чаго патрэбна шафа?..
«З чаго зроблена?» Мэбля, зробленая з дрэва – драўляная. Стол са шкла – шкляны. Крэсла з пластмасы – пластмасавае. Ложак з жалеза – жалезны.
«Вялікі – маленькі». Паліца – палічка. Стол – столік. Крэсла – крэселка. Ложак – ложачак.
«Скажы наадварот». Старая мэбля – новая мэбля. Высокая – нізкая. Дарослая – дзіцячая. Цяжкая – лёгкая.
«Чароўныя картачкі». Могуць быць намаляваны цэлыя контуры цацак ці верхняя альбо ніжняя частка і г.д.
   Заяц     Ліса   Свінка   Коцік   Лялька     Мяч
«Назаві лішнія слова».(класіфікацыя паняццяў). Лялька, пясок, машынка, вядзерка. Барабан, матроўка, цыбуля, мядзведзік. Кубік, сабачка, ліст паперы, некуляйка.
«Чый? Чыя?» На стале раскладзены цацкі. Выхавальнік звяртае ўвагу на тое, як неабходна гаварыць, калі гэта цацка твая: «Гэта лялька мая», – калі гаворыць той чалавек, каму належыць лялька. А калі  пра яе гаворыць іншыя, то гэта гучыць так: «Лялька Ірыны Іванаўны». Далей дзеці разбіраюць сябе цацкі і па чарзе гавораць: «Мая машынка – Мішына машынка. Мой мячык – Алёшаў мячык».
«Што лішняе?» Выхавальнік паказвае малюнкі рознага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзеці выбіраюць тыя элементы, якія лішнія; матывіруюць свой адказ.
*Конік, алень, барыня, чайнік. (Чайнік – гжэльскі роспіс, астатнія – дымкаўскі.)
*Снягурачка, чайнік, кветкі, барыня. (Барыня – дымкаўскі роспіс, астатнія – гжэль.)
*Міска, ваза, кветкі, лыжка. (кветкі – гжэль, астатнія – хахлама.)
«Хто больш?» Выхавальнік дзеліць групу на дзве каманды. Па чарзе кожная каманда называе прадмет чайнага і сталовага посуду. За кожны правільны адказ выхавацель дае фішку. Перамагае тая каманда, у якой больш фішак.
«Дапоўні сказ». Дзеці перадаюць адзін аднаму жэзл рэгуліроўшчыка, і той, хто яго атрымлівае, павінен дапоўніць сказ адным словам. Напрыклад: «Машына – машына ехала – машына хутка ехала – машына хутка ехала па вуліцы – сёння машына ехала хутка па вуліцы – сёння машына ехала хутка па шырокай вуліцы».
Утварэнне складаных слоў. Доўгая шыя – даўгашыі. Доўгія ногі – даўганогі. Доўгая дзюба – даўгадзюбы. Выхавальнік удакладняе, што пра жураўля лепш казаць – даўганосы.
Утварэнне назоўнікаў множнага ліку ў назоўным і родным склонах. Пошта – пошты – многа поштаў. Паштальён – паштальёны – паштальёнаў. Аператар – аператары – аператараў. Канверт – канверты – канвертаў. Тэлеграма – телеграмы – тэлеграмаў. Газета – газеты – газет. Тэлефон – тэлефоны – тэлефонаў.
«Падбяры роднасныя словы». Напрыклад:снег – сняжок, сняжок, снежкі, сняжынкі, сняжынка, снежны, заснежаны, снягір, Снягурачка.
Зіма – зімушка, зімовы, зімаваць, зімоўка, зімуючыя, азімыя.
Мароз – марозец, марозіць, марозны, замарозіць, марожанае.
Лёд – лядок, льдзінка, льдзіна, ледаход, ледзяны, галалёд, лядовы.
Складзі сказ па апорных словах.
Дзеці, снегавік, зляпілі.
Дзеці, санкі, катаюцца.
Снежкі, гуляюць, хлопчыкі, дзяўчынкі.
Сняжынкі, падаць, лёгкія, ціхія.
«Падбяры словы». 1) Снег… (белы, пушысты, гразны, халодны, мяккі, ліпкі, бліскучы). Дзень… (марозны, снежны, сонечны, кароткі, цеплы, ветранны). Ноч… (доўгая, месячная, зорная, снежная, марозная). Лёд… (халодны, моцны, празрысты, тонкі). 2)Пра што можна сказаць, выкарыстоўваючы наступныя прыметнікі? Марозны… (дзень, вечар, вецер). Халодная… (зіма, ноч). Снежнае… (воблака, поле, надвор’е). Ледзяныя… (прасторы, ледзяшы, лужыны, рэкі). 3)Падбор слоў-дзеянняў. Мароз…(трашчыць, шчыпае, кусае). Завіруха… (вее, вые, мяце). Снег… (ідзе, ляціць, падае). Дзеці… (гуляюць, катаюцца, весяляцца, смяюцца).
Практыкаванне на творчае ўяўленне «Прадоўжы карціну». Выхавальнік прапануе дзецям прадоўжыць карціну улева (управа). Што мы ўбачым далей? (Адказы дзяцей.)
Складанне сказаў з дапамогай прыназоўнікаў. Аўтамабіль, ехаць, дарога. Самалёт, неба, ляціць, высока. Вялікі, хвалях, карабель, плыве. Цягнік, рэльсах, імчыцца, хутка.
«Падбяры словы». Самалёт (які?) – пасажырскі, белы, вялікі і інш. Машына (якая?) – вялікая, чырвоная, грузавая і г.д. Цягнік (які?) – доўгі, зялёны, пасажырскі і інш.
Такім чынам, даследаванне паказала, што выкарыстанне апарабаванага комплексу заданняў станоўча ўплывае на развіццё маўлення дзяцей, садзейнічае развіццю ўяўлення, мыслення, памяці, што станоўча ўплывае на навучальную дзейнасць старшых дашкольнікаў. Развiццё маўлення ажыццяўляецца ў працэсе ўсёй вучэбнай работы на занятках i ў штодзённым жыцці дашкольнай установы. Атрымлiваючы веды ў розных відах дзейнасці: у гульні, працы, бытавой, вучэбнай дзейнасці дзеці знаёмяцца з новымi словамi, тэрмiнамi. Гэтыя веды ўзбагачаюць iх мысленне, удасканальваюць мову.
Літаратура
  1. Дубініна, Д.М. Развіццё беларускага маўлення як сродку камунікацыі / Д.М. Дубініна, Н.С. Старжынская. – Мінск : Амалфея, 2001. – 418 с.
  2. Каравайчык, Т.І. Каб гучала мова дашкалят / Т.І. Каравайчык. – Мазыр : Содействие, 2009. – 88 с.
Запись опубликована в рубрике Технологии обучения и воспитания дошкольников. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий