Зубрыцкая С.А., Крофта Г.У. ПАЛЬЧЫКАВЫЯ ГУЛЬНІ ЯК СРОДАК РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАМОЎНАГА МАЎЛЕННЯ

Родная мова адыгрывае ўнікальную ролю ў станаўленні асобы чалавека. Дашкольны ўзрост – гэта перыяд актыўнага засваення гутарковага маўлення, станаўлення і развіцця ўсіх бакоў мовы: фанетычнага, лексічнага, граматычнага. Працэс развіцця маўлення даволі працяглы. Уводзіць дзіця ў свет гукаў і слоў трэба паступова, паслядоўна і мэтанакіравана. Найлепш для гэтага падыходзяць пальчыкавыя гульні.
Пальчыкавыя гульні здаўна выкарыстоўваліся ў народнай педагогіцы. Нашы продкі разумелі, што рука дзіцяці з першых гадоў павінна прывучацца да працоўнай дзейнасці. У той самы час традыцыйныя забаўлянкі, такія, як «Лады-лады-ладкі», «Сарока-варона» і іншыя, спрыялі развіццю сэнсарнага ўспрымання дзяцей, вучылі выконваць разнастайныя дробныя рухі, развівалі мозг. Пра папулярнасць падобных гульняў сведчыць тое, што тэксты мелі вялікае мноства варыянтаў. Усім вядомая забаўлянка «Ладачкі-ладкі» магла «разбегчыся» на мноства розных сюжэтаў «ужо пасля першага славутага радка» [1, с. 13]. Існуе і сучасны яе варыянт, прыстасаваны для гульні – імітацыі працоўнай дзейнасці:
Лады, лады, ладкі,
Мы палолі градкі.
(робіце рухі, нібыта вы дзераце зелле)
Мы палолі самі
Вось гэтымі рукамі.
(круціце рукамі) [2].
Народныя забаўлянкі-лічылкі таксама можна ўмоўна аднесці да пальчыкавых гульняў, бо пры лічэнні задзейнічаны пальцы рук.
Здабыткі народнай педагогікі атрымалі навуковае асэнсаванне. Пра ролю рукі ў развіцці мозга дзіцяці пісалі вядомыя вучоныя-педагогі, у ліку якіх
В.А. Сухамлінскі, Л.С. Выгоцкі.  Ідэя аб магчымасці стымуляцыі мозга дзіцяці пры дапамозе практыкаванняў для дзіцячай рукі стала асновай методыкі
М. Мантэсоры, якая распрацавала мноства гульняў з рэчамі [3, с. 4].
У.М. Бехцераў паказаў «уплыў маніпуляцый рук на функцыі вышэйшай нервовай дзейнасці, развіццё маўлення» [4, с. 5]. Вынікі далейшых даследаванняў  вучоных, у прыватнасці, М.М. Кальцовай, даказваюць, што «кожны палец рукі даволі шырока прадстаўлены ў кары вялікіх паўшар’яў мозга, і развіццё тонкіх рухаў пальцаў папярэднічае з’яўленню артыкуляцыі складоў» [3, с. 56]. Выкананне пальчыкавых гульняў спрыяе актывізацыі зон мозга, адказных за маўленне: «У рухальнай вобласці кары галаўнога мозга знаходзіцца самае вялікае скапленне клетак, якія кіруюць рукой, пальцамі (асабліва вялікім і ўказальным) і органамі маўлення: языком, губамі, гартанню. Гэтая вобласць кары галаўнога мозга размяшчаецца побач з вобласцю маўлення» [3, с. 5-6].
Значнае месца займаюць пальчыкавыя гульны ў працы настаўнікаў-дэфектолагаў. Педагогі адзначаюць, што калі «развіццё рухаў пальцаў адстае, то затрымліваецца і маўленчае развіццё, хоць агульная маторыка можа быць у норме» [5, с. 70].
Безумоўна, праца па развіцці дробнай маторыкі павінна пачынацца задоўга да паступлення дзіцяці ў школу. Могуць выкарыстоўвацца разнастайныя формы работы:  гімнастыка і масаж пальцаў, «тэатр пальчыкаў», гульні з прадметамі і матэрыяламі, а таксама сюжэтныя пальчыкавыя гульні, якія суправаджаюцца вершаванымі тэкстамі.
Думаецца, якраз апошнія ў найбольшай ступені спрыяюць развіццю маўлення, бо адначасова адбываецца запамінанне слоў, усталёўваюцца сувязі паміж рухамі і назвамі дзеянняў і прадметаў. Адначасова дзеці прыслухоўваюцца да мелодыкі роднай мовы, усведамляючы яе рытм.
Выкарыстоўваючы пальчыкавыя гульні, неабходна прытрымлівацца двух прынцыпаў навучання — гэта «ад простага да складанага» і «самастойна па здольнасцях». Гэты саюз дасць магчымасць вырашыць у гульні адразу некалькі праблем, звязаных з развіццём творчых і маўленчых здольнасцей [6, с. 82]:
  • па-першае, пальчыкавыя гульні могуць даць ежу для розуму;
  • па-другое, яны заўсёды ствараюць умовы, якія апераджаюць развіццё здольнасцей дзіцяці;
  • па-трэцяе, выконваючы практыкаванні самастойна, дзіця развіваецца найбольш паспяхова;
  • па-чацвёртае, яны могуць быць вельмі разнастайныя па сваім змесце, а акрамя таго, як і любыя гульні, не церпяць прымусу і ствараюць атмасферу свабоднай і радаснай творчасці;
  • па-пятае, гуляючы са сваімі дзеткамі, таты і мамы, бабулі і дзядулі, а таксама ўсе спецыялісты, непрыкметна для сябе набываюць вельмі важнае ўменне — стрымлівацца, не перашкаджаць дзіцяці самому разважаць і прымаць рашэнні, не рабіць за яго тое, што ён можа і павінен зрабіць сам.
Каб прымяненне пальчыкавых гульняў для развіцця маўлення было эфектыўным, неабходна прытрымлівацца наступных прынцыпаў іх правядзення [7, с. 61]:
• выконваць практыкаванне варта разам з дзіцём, пры гэтым дэманструючы ўласную захопленасць гульнёй;
• пры паўторным правядзенні гульні дзеці нярэдка пачынаюць вымаўляць тэкст часткова (асабліва пачатак і заканчэнне фраз). Паступова развучваючы тэкст на памяць, дзеці прамаўляюць яго цалкам, суадносячы словы з рухам;
• усе практыкаванні паступова замяняць новымі;
• гульні, якія найбольш спадабаліся, можна пакінуць у сваёй картатэцы і вяртацца да іх па жаданні дзіцяці;
• не трэба ставіць перад дзіцём некалькі складаных задач адразу (да прыкладу, паказваць рух і вымаўляць тэкст): аб’ём увагі ў дзяцей абмежаваны, і невыканальная задача можа «адбіць» цікавасць да гульні;
• нельга прымушаць дзіцяці да гульні, а абавязкова трэба разабрацца ў прычынах адмовы, калі магчыма, ліквідаваць іх (напрыклад, змяніўшы заданне) або памяняць гульню.
У наш час бацькі і выхавальнікі добра ўсведамляюць значэнне пальчыкавых гульняў. Выдаецца шмат зборнікаў тэкстаў на рускай мове (В.В. Цвынтарнага, Ю.А. Сакаловай,  С. Ярмаковай, Л.П. Савінай і іншых), друкуюцца метадычныя распрацоўкі ў часопісах. Аднак у  метадычнай літаратуры надаецца недастаткова ўвагі пальчыкавым гульням на беларускай мове.
Спарадычна педагогі звяртаюць увагу на традыцыйныя і сучасныя беларускія пальчыкавыя гульні. Вывучэннем ролі пальчыкавых гульняў для дзяцей займаліся такія беларускія вучоныя, як А. Бейліна, В. Бейлін, В. Сілюк, Я.Р. Вількін, А. Лозка, Н.С.  Старжынская і інш.
У кнізе З.І. Ермаковай, В.М. Шабекі «Беларускія гульні у дзіцячым садзе» падабраны беларускія народныя гульні для фізічнага выхавання дзяцей старэйшага дашкольнага узросту. У артыкуле В. Рудзік «Я і свет вакол мяне» падкрэсліваецца значнасць гэтых практыкаванняў для інтэлектуальнага развіцця дзіцяці. Прыводзяцца тэксты малавядомых народных гульняў «Ты, каза, каза», «Кукарэку, певунок», варыянт гульні «Кую, кую ножку» [8]. Аўтар падкрэслівае ролю такіх гульняў для засваення роднай мовы: «Зразумела, што сэнс не кожнага слова зразумелы для маленькага. Не трэба спрабаваць тлумачыць яго зараз. Як вядома, слуханне і разуменне — гэта першая ступень авалодання мовай. Таму, калі дзеці слухаюць дарослага, яны вучацца разумець пачутае, вучацца гаварыць па-беларуску. У дадзеным выпадку іншая мэта: вучыць дзяцей прыслухоўвацца да роднай мовы, вучыць пазнаваць яе сярод іншых, жаданне слухаць “мову бабулі”» [8].
Небагата метадычных распрацовак з пальчыкавымі гульнямі на беларускай мове. У часопісе «Пралеска» змешчана метадычная распрацоўка «Пакланіся добрым людзям», дзе падаецца тэкст пальчыкавай гульні-лічылкі «У трамваі» [9].
Пра запатрабаванасць беларускамоўных тэкстаў для пальчыкавых гульняў сведчыць абмен знаходкамі паміж карыстальнікамі інтэрнэту. Размешчаныя на форуме «Пальчыкавыя гульні» [2] тэксты падзяляюцца на перакладзеныя з рускай мовы вершы альбо вершы беларускіх паэтаў, якія можна выкарыстоўваць для гэтай мэты.
Сярод перакладных тэкстаў ёсць нават спроба адаптацыі англійскай гульні:
Ўпецярох гарэзы-малпы
Пачалі скакаць з канапы.
Бумс! Зваліласяадна,
Паламіла хвост яна.
Хуткападнялідурніцу
«Лекар хвост перавязаў,
Малпаняці так сказаў:
«Хвост рукамі не чапаць
І з канапы не скакаць!»
З кожным разам патрэбна змяншаць колькасць малпаў: ўчатырох, утраіх, удваіх. Скончыцьгульню прапануецца так:
Паскакацьхацеламалпа,
Дызламіласяканапа.
(Англійскі тэкст:
Five little monkeys jumping on the bed,
Monkey fell off and bumped his head.
Momma called the doctro and the doctor said
«Nо more monkeys jumping on the bed!»)
Прыводзяцца аўтарскія вершы Алены Церашковай. Яны ўяўляюць сабой гульні-імітацыі рэальных чалавечых паводзін.
На дзвярах вісіць замок (складаеце дзве далоні ў замок),
Мы замочак пакруцілі (круціце складзенымі рукамі),
Мы замочкам пастукалі (сасчэпленыя рукі стукаюцца адна аб адну)
Мы замочак пацягнулі (сасчэпленыя рукі цягнуцца ўбакі)
І замочак адамкнулі (рукі расчапіць).
 А. Качаткова стварыла альбо пераклала на беларускую мову гульні, лагарытмічныя практыкаванні («Наша горка высака…»)
Вельмі часта вершаваныя тэксты суправаджаюць рэальную дзейнасць дзіцяці. Напрыклад, У. Карызна напісаў верш, якім можна суправаджаць мыццё дзіцяці альбо пад які можна імітаваць рухі пры мыцці:
У кране чыстая вадзіца,
Мы пад кранам любім мыцца.
Мыем вушы, мыем ручкі,
Мыем носік, вочкі-сплюшкі,
Шчочкі мыем, шыю мыем (тут дадаем самі ўсё, што трэба)
Пахкім мылам, пахкім мылам.
Такім чынам, пальчыкавыя гульні ўяўляюць сабой каштоўны матэрыял для развіцця маўленчых здольнасцей дзіцяці. Яны ўдасканальваюць вуснае маўленне; праз выкарыстанне народных забаўлянак у якасці тэкстаў для пальчыкавых гульняў адбываецца далучэнне дзяцей да скарбаў народнай культуры, абуджаецца іх цікавасць да народнай творчасці. Беларускамоўныя пальчыкавыя гульні вельмі запатрабаваныя бацькамі і выхавальнікамі дзіцячых садкоў, таму хацелася б скіраваць увагу дзіцячых паэтаў на неабходнасць стварэння аўтарскіх тэкстаў для іх.
Літаратура
  1. Дзіцячы фалькор : зборнік фальклорных матэрыялаў / Установа адукацыі «Беларускі дзярж. педагагічны ун-т ім. Максіма Танка»; рэдкал.: У.А. Васілевіч, Д. Дрозд, Н.Г. Мазурына.- Мінск : БДПУ, 2006. — 359 с.
  2. Пальчыкавыя гульні // Нашыя дзеткі // [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу:http://dzietki.by/forum/viewtopic.php?p=284319&sid=
    064447aaf43c86ec8b3d1de519971a04
    – Дата доступу : 15.03.2015.
  3. Любина, Г.А. Рука развивает мозг : пособие для педагогов дошкольных учреждений / Г.А. Любина, О.В. Желонкина. – Минск : Науч.- метод. центр учеб. кн. и средств обучения, 2002. – 111 с.
  4. Савина, Л.П. Пальчиковая гимнастика для развития речи дошкольников : пособие для родителей и педагогов / Л.П. Савина. – М. : ООО «Фирма «Издательство АСТ», 1999. – 48 с.
  5. Филитович, О. Пальчиковые игры по лексическим темам / О. Филитович // Пралеска. –  № 8. – 2014. – с. 70–73.
  6. Старжынская, Н.С. Методыка развіцця роднай мовы: вучэб. дапам.  / Н.С. Старжынская, Д.М. Дубініна. – 2-е выд., выпр. – Мінск: Выш. шк., 2008. – 301 с.
  7. Возрастная и педагогическая психология / Под общей редакцией А.В. Петровского. – М.: Просвещение, 2003. –  288 с.
  8. Рудзік, В. Я і свет вакол мяне / В. Рудзік // [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу:http://pawet.net/ns/2007/33/%E2%84%96_33_(821).html – Дата доступу : 20.03.2015.
  9. Шагойка, В. Пакланіся добрым людзям / В. Шагойка // Пралеска // [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу:http://praleska-red.by/content/den_pismenstva.pdf  – Дата доступу : 20.03.2015.
Запись опубликована в рубрике Технологии обучения и воспитания дошкольников. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий