Самастойная работа вучняў над арфаграфічнымі памылкамі. Важнае месца ў сістэме навучання правапісу займае работа над памылкамі, якая з’яўляецца сродкам не толькі замацавання арфаграмы, але і папярэджання памылак.
Работа над памылкамі выклікала цікавасць яшчэ ў метадыстаў мінулага веку. Так, Н.К. Кульман пісаў: “Ніколі, па магчымасці, не дапускай сваіх вучняў ні бачыць памылак, ні рабіць іх”. [1, с.181]
Такога ж пункту гледжання прытрымліваўся В.А. Флераў: “…Ні пад якім выглядам нельга дапускаць, каб дзеці бачылі, а тым больш пісалі слова арфаграфічна няправільна”. I далей: “Ніводнай памылкі для вачэй, ніводнай памылкі для рукі”. [2, с.32]
Аналагічныя парады даваліся і іншымі метадыстамі мінулага. Імкненне засцерагчы вучняў ад зрокавага і рукарухальнага ўспрымання памылковых напісанняў мае вядомы сэнс.
Пытанні аб рабоце над памылкамі цалкам не распрацавана і сучаснай методыцы, хоць метадысты зрабілі вельмі многа ў гэтым накірунку. Вялікая ўвага рабоце над памылкамі і папарэджанню іх ўдзялялася ў працах Н.С. Раждзественскага, Д.Н. Багаяўленскага, Н.Н. Алгазінай і інш.
У працы “Навучанне арфаграфіі ў пачатковай школе” Н.С. Раждзественскі адзначае, што важнымі ўмовамі работы над памылкамі з’яўляецца ўлік памылак, іх папяржджанне і пераадоленне [3, с.59].
Мэта работы над памылкамі складаецца ў тым, каб растлумачыць арфаграмы, на якія дапушчаны памылкі, замацаваць навыкі правільнага напісання слоў, даць устаноўку на самастойную работу вучняў над памылкамі. Немалаважнае значэнне для арганізацыі работы над памылкамі мае іх выпраўленне. “Агульны прынцып выпраўлення памылак, — адзначаў Н.С. Раждзественскі,- зводзіцца да таго, каб не паралізаваць самастойнасці вучняў, каб вучні працавалі над сваімі памылкамі. Настаўнік не столькі дае слова ў гатовым выглядзе, колькі застаўляе вучняў думаць і самастойнапрацаваць…” [3].
Праводзячы работу над памылкамі, настаўнік узнаўляе веды дзяцей па асобных правілах арфаграфіі, на якія імі былі зроблены памылкі, дае ўзор тлумачэння памылак, замацоўвае навыкі правапісу, а таксама рыхтуе вучняў да самастойнай работы над памылкамі. Акрамя таго, настаўнік указвае, у чым заключаецца памылка вучня, як трэба яе выправіць і чаму выправіць такім чынам.
Каб дабіцца эфектыўнасці работы на ўроку, прысвечанаму рабоце над памылкамі, настаўнік адбірае для такога ўрока найбольш тыповыя памылкі.
Прыёмы самастойнай работы вучняў над памылкамі могуць быць самымі разнастайнымі. Яны залежаць ад тыпу правіл, ад падрыхтоўкі класа, ад умення вучняў працаваць самастойна і іншых умоў. Да гэтых прыёмаў адносяцца:
• самастойнае выпраўленне вучнямі памылак, адзначаных настаўнікам асобымі знакамі на палях;
• самастойнае тлумачэнне вучнямі правапісу тых слоў, у якіх імі былі дапушчаны памылкі;
• падбор праверачных слоў да дадзеных слоў;
• выбар слоў са “Слоўніка” для супастаўлення і праверкі іх напісання;
• узаемаправерка работ вучнямі;
• падбор аналагічных прыкладаў з дадзенай арфаграмай;
• падбор прыкладаў, процілеглых па напісанню;
• пісьмовы арфаграфічны разбор або разбор па саставу слоў;
• выпісванне слоў і словазлучэнняў з тэксту дыктанта з пэўнымі арфаграмамі і састаўленне з імі сказаў і звязных апавяданняў і інш.
Пры гэтым не трэба забывацца, што работа над памылкамі павінна быць навучальнай, з’яўляцца працягам дзейнасці вучняў па засваенню арфаграфічных правіл.
Работа над памылкамі павінна праводзіцца ў сістэме і пачынацца з аналізу тых арфаграм, якія з’яўляюцца асноўнымі ў дадзенай пісьмовай рабоце. Праверыўшы пісьмовыя работы дзяцей, настаўнік павінен адзначыць тыя групы памылак, якія з’яўляюцца тыповымі ў дадзеным выпадку для ўсіх дзяцей і над якімі трэба грунтоўна папрацаваць у класе калектыўна. Тут адпрацоўваюцца найболып тыповыя і грубыя памылкі, а ў хаце вучні працуюць над астатнімі індывідуальнымі памылкамі. Прычым поспех у дамашняй рабоце над памылкамі залежыць ад таго, наколькі навучальнай была гэта работа на ўроку.
Асноўным зместам урока работы над памылкамі павінна быць:
• знаёмства навучэнцаў з вынікамі пісьмовай работы;
• паўтор адпаведнага тэарэтычнага матэрыялу;
• паказ настаўнікам прыёмаў работы над памылкамі;
• практыкаванні для замацавання дадзеных арфаграм;
• дамашняе заданне.
Каб не прытуплялася арфаграфічная ўвага вучняў, неабходна прымяняць такія формы работы над памылкамі, якія застаўлялі бы дзяцей актыўна мысліць, творча працаваць.
Каб аблегчыць дзецям самастойную работу над памылкамі, мэтазгодна пазнаёміць іх з “Памяткай самастойнай работы над памылкамі”. У гэтай “Памятцы” даюцца ўказанні аб тым, якія аперацыі і ў якой паслядоўнасці неабодна іх правесці, каб растлумачыць дадзеную арфаграму. Асабліва важна прытрымлівацца ўказанай паслядоўнасці работы над памылкамі на першых парах: яна пабуджае дзяцей выконваць работу не наўгад, а ўдумліва, на аснове аналіза матэрыяла і прымянення правіл.
Карыснай формай работы над памылкамі з’яўляецца вядзенне дзецьмі індывідуальных слоўнічкаў раздзелам “Мае памылкі” або “канвертаў”са словамі, дзе імі бьілі дапушчаны памылкі. Такія словы настаўнік павінен уключаць у трэніровачныя практыкаванні, творчыя і кантрольныя работы.
Самастойная работа вучняў над памылкамі павінна праводзіцца толькі пасля адпаведнай падрыхтоўкі школьніка да яе выканання. Пагэтаму, перш чым праводзіць урок над памылкамі, неабходна праверыць пісьмовую работу, выявіць тыповыя памылкі і ўжо на аснове гэтага прапанаваць дзецям заданне: паўтарыць правілы, парушаныя большай колькасцю вучняў. Такое заданне выконваецца да ўрока работы над памылкамі. У гэтым выпадку дзеці прыдуць на ўрок падрыхтаванымі, а значыць, настаўнік зможа, абапіраючыся на веды па тэарэтычнаму матэрыялу, арганізаваць работу над памылкамі ў плане замацавання парушаных правіл. Так урок работы над памылкамі ператвараецца ў урок замацавання, г. зн. у работу па фарміраванню ў вучняў навыкаў граматнага пісьма.
Франтальная работа над памылкамі, тыпповымі для ўсяго класа, неабходна для засваення правілаў і іх замацавання. Але для выпрацоўкі моцных навыкаў граматнага пісьма вялікае значэнне маюць самастойныя практыкаванні, калі кожны вучань атрымлівае магчымасць працаваць над сваімі памылкамі. Узнікаюць цяжкасці з-за разнароднасці памылак і рознага тэмпа работы вучняў. Разнароднасць памылак патрабуе і розных спосабаў іх выпраўлення і папярэджання.
Не ўсе вучні могуць самастойна знайсці правільны шлях работы над памылкамі. Разнароднасць памылак гаворыць аб розным узроўні агульнага развіцця, магчымасцей і ведаў. Частка вучняў, якая валодае хуткім тэмпам, выконвае заданні хутчэй. Для іх неабходна падрыхтаваць дадатковы матэрыял (у выгляде задання на лістках).
Сістэматычны ўлік граматнасці дзяцей карысны і настаўніку, так ён дае магчымасць меркаваць аб граматнасці вучняў, аб розных катэгорыях памылак, агульных для ўсяго класа. Па меры авалодання ўменнем самастойна выконваць заданні, арганізуецца індывідуальная самастойная работа над памылкамі па картках.
Настаўнік карыстаючыся тым, што ўсе дзеці занятыя работай, можа ўдзяліць увагу непаспяваючым, даць ім дадатковыя тлумачэнні. Для тых, хто ў апошняй кантрольнай рабоце не дапусціў ніводнай памылкі, даецца дыдактычны матэрыял, які стымулюе творчую дзейнасць: састаўленне расказаў па дадзеным словам, па плану (з уключэннем апорных слоў і абаротаў), па карціне.
Такім чынам, сістэматычная і мэтанакіраваная работа над памылкамі выхоўвае ў дзяцей арфаграфічную пільнасць, адказныя адносіны да пісьма, імкненне афармляць свае думкі граматна.
Асноўнымі відамі самастойнай работы вучняў над памылкамі з’яўляюцца: самастойнае адшукванне і выпраўленне памылак;
- самастойнае выпраўленне памылак, толькі падкрэсленых настаўнікам або адзначанных на палях сшытка пры дапамозе ўмоўных знакаў;
- самастойнае выпісванне слоў, у якіх дапушчаны памылкі;
- састаўленне сказаў са словамі, у якіх былі дапушчаны памылкі;
- работа з арфаграфічным слоўнікам;
- выкананне дадатковых трэніровачных практыкаванняў на тыя правілы, на якія дапушчаны памылкі.
Праблема ўдасканалення арфаграфічнай пісьменнасці застаецца не менш актуальнай і ў нашыя дні. Прычынай арфаграфічнай памылкі часам можа стать неразуменне дзецьмі лексічнага значэння слова, але часцей за ўсё не спрацоўвае моўнае пачуцце, калі зразумелае слова не суадносіцца з другім, аднакараневым. У гэтым выпадку трэба выкарыстоўваць просты прыём – прыцягненне максімальнай колькасці праверачных слоў або аднакаранёвых слоў, сярод якіх затым адбіраюцца патрэбныя для праверкі арфаграммы.
Такім чынам для ўдасканалення арфаграфічнай пісьменнасці перш за ўсё неабходна замацаваць тую базу, на якой будуецца ўся работа. Вельмі важнай умовай авалодвання арфаграфіяй з’яўляецца добрая фанетычная падрыхтоўка малодшых школьнікаў, без якой немагчыма выхаванне ў іх арфаграфічнай пільнасці. Таксама неабходна ўжываць розныя метадычныя прыёмы: пісьмо з “пропускамі”, складанне алгарытмаў і г.д. настаўнік павінен працаваць над лексічным значэннем слова, тым самым прывіць любоў да кнігі, пашыраць слоўнікавы запас вучняў.
Літаратура
1. Кульман, Н.К. Методика русского языка / Н.К. Кульман. – СПб. – 1912. – С.181.
2. Флеров, В.А. Наглядность письма в освещении современной психологии / В.А. Флеров. – СПб. – 1912. – С.32.
3. Рождественский, Н.С. Обучение орфографии в начальной школе / Н.С. Рождественский. – М., 1960.