На Зямлі ўсё мае сваё імя. Назвы скрозь, яны вакол нас. Яны жывуць сваім асабістым і агульным з намі жыццём. Існуе і асобная навука пра назвы – анамастыка. Анамастыка (ад грэч. onomastike – майстэрства даваць імёны) – раздзел мовазнаўстава, які вывучае любыя ўласныя імёны, іх паходжанне, гісторыю, асноўныя заканамернасці развіцця і функцыянавання [2, c.53].
Анамастыка вывучае ктэматонімы – найменні прадпрыемстваў і прадуктаў матэрыяльнай і духоўнай вытворчасці.
Часта ўдала выбраны ктэматонім адыгрывае вялікую ролю ў стварэнні стылю прадпрыемства, што садзейнічае паспяховай рэкламе тавару.
Сучасную навуку пра ўласныя імёны нельга ўявіць без паэтычнай (літаратурна-мастацкай) анамастыкі, якая стала арганічнай часткай і спецыяльным раздзелам анамастыкі ў цэлым.
Мастацкая літаратура з’яўляецца адной з важных сфер функцыянавання розных відаў уласных імён. Імя ў мастацкім тэксце – больш складаная адзінка, чым звычайны онім.
Асаблівая прырода ўласных імён мастацкага твора вымагае выкарыстання тэрміна для іх называння. Апошнім часам у лінгвістыцы і літаратуразнаўстве ўсё часцей ужываецца тэрмін паэтонім.
Паэтонім – уласнае імя, якое выкарыстоўвае пісьменнік у творы. Трапіўшы у мастацкі тэкст, імя, як правіла, ускладняе сваю зместавую структуру, набываючы дадатковыя сэнсавыя адценні за кошт пашырэння асацыятыўных сувязей.
Двухмоўная сітуацыя ў нашай краіне склалася на сённяшні дзень не на карысць беларускай мовы. Пераважная большасць людзей выкарыстоўвае ў сваім маўленні рускую мову. Сёння лёс роднай мовы хвалюе многіх адукаваных людзей, бо вядома, што без яе ўзнікне пытанне аб існаванні народа. Як тут да месца словы выдатнага паэта ХІХ стагоддзя Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».
З гісторыі вядома, што на беларускай мове ўпершыню ў гiсторыi ўсходнiх славян на пачатку XVI стагоддзя з’явiлiся друкаваныя кнiгi. На ёй iснавала багатая лiтаратура, навуковая i мастацкая, летапiсы, а з сярэдзiны XVI стагоддзя – тэксты Святога Пiсання. Гэта была мова законаў, суда, канцылярый (Лiтоўская метрыка, Статут Вялiкага Княства Лiтоўскага). У 1990 годзе беларускай мове, у адпаведнасцi з прынятым Вярхоўным Саветам Беларусi Законам аб мовах, быў нададзены статус дзяржаўнай.
Размяшчэнне нашай краіны ў цэнтры Еўропы спрыяла таму, што ў розныя гістарычныя перыяды тэрыторыя сучаснай Беларусі ўваходзіла ў склад розных краін. Гэтыя гістарычныя падзеі акрэслілі праблему сучаснай беларускай мовы і культуры беларускага маўлення.
Найменні сучасных арганізацый, прадпрыемстваў, а таксама прадукцыі, пераважна рускамоўныя. Адказ на пытанне, чаму на шыльдах устаноў, на ўпакоўках і этыкетках тавараў амаль не прысутнічае беларуская мова, ёсць у законе «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», дзе прапісана, што «маркiроўка тавараў, этыкеткi на таварах, iнструкцыi па карыстанні таварамi выконваюцца на беларускай або рускай мове. Маркiроўка тавараў, прызначаных на вываз за межы Рэспублiкi Беларусь, выконваецца на беларускай цi рускай мове або на мове заказчыка. Назвы ў таварных знаках падаюцца на беларускай або рускай мове”. [1]. Відавочна, што большасць вытворцаў ідзе лёгкім шляхам і выбірае рускую.
Мы чуем паўсюль: «Купляйце беларускае!», i мы гатовы яго купляць, бо ведаем, што яно i сапраўды лепшае, але найменні тавараў не адлюстроўваюць нацыянальнай спецыфікі.
Тэма вызначаецца актуальнасцю. Па-першае, з рознымі відамі мэблі мы сустракаемся паўсядзённа, гэты тавар даступны кожнаму чалавеку, а значыць, кожны звяртае ўвагу на яго найменні; па-другое, надпiс на таварах – сапраўдная вiзiтка краiны, а мэбля – гэта экспартны тавар, які дэманструецца на міжнародных выстаўках, пастаўляецца ў іншыя краіны (як сведчыць статыстыка, пераважна ў Расію).
Адным з вядучых прадпрыемстваў Гродзеншчыны з’яўляецца фабрыка «Мэбля-Нёман». У якасці назвы прадпрыемства ўжыты мясцовы гідронім (патамонім) Нёман. Аднак найменні фабрыкі, прадстаўленыя ў каталогу, – нязвыклыя для слыху беларусаў назвы, якія ў нейкай ступені нават насцярожваюць: ці не замежная, часам, гэтая фірма? У якасці найменняў 80,65% мэблі выкарыстоўваюцца словы іншамоўнага паходжання, якія ўяўляюць сабой асабовыя ўласныя імёны. Прытым амаль цалкам ігнаруюцца беларускія асабовыя ўласныя імёны, якія гучаць гарманічна і пры гэтым самабытна.
На нашу думку, у якасці назваў мэблі можна выкарыстаць паэтонімы з твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэтыя вядомыя дзеячы стаялі ля вытокаў беларускай літаратурнай мовы, сваёй творчасцю спрыялі развіццю беларускай культуры, акрэсліваючы ў творах нацыянальныя адметнасці. Яны ўнеслі вялікі ўклад ва ўзвышэнне грамадскай і эстэтычнай годнасці беларускай мовы. Мова Купалы і Коласа мае непараўнальнае зачараванне, сакавітае гучанне, спецыфічны каларыт.
Лічым, што паэтонімы, якія выкарыстоўвалі ў сваіх творах Янка Купала і Якуб Колас, ні ў чым не ўступаюць замежным уласным імёнам, а, наадварот, лепш падыходзяць для выкарыстання ў якасці ктэматонімаў. Выкарыстанне паэтонімаў дапаможа Гродзенскай мэблевай фабрыцы «Мэбля-Нёман» стварыць свой брэнд і будзе садзейнічаць паспяховай рэалізацыі тавараў прадпрыемства.
Гродзенская мэблевая фабрыка «Мэбля-Нёман» – адзін з буйных беларускіх вытворцаў карпусной мэблі для дома. Валодаючы шырокімі вытворчымі магчымасцямі, адладжанай схемай працы, а таксама крэатыўным штатам прафесійных дызайнераў, кампанія рэалізуе самыя адважныя праекты, сумяшчаючы хвацкую якасць з даступным кожнаму спажыўцу коштам.
Па дадзеных маркетолагаў прадпрыемства, іх прадукцыя карыстаецца вялікім попытам не толькі сярод жыхароў вобласці, але і за межамі Беларусі.
Па паходжанні ўсе ктэматонімы, якія выкарыстоўваюцца на фабрыцы, можна падзяліць на 5 груп.
Найбольшую групу складаюць ктэматонімы, якія звязаны з жаночымі імёнамі: Ціфані, Верона, Сафія, Васіліса, Роза, Ніколь, Наомі, Глорыя, Лаўра, Гармонія, Грацыя, Фартуна, Кармэн – 13 (41,94%).
Меншую колькасць ктэматонімаў складаюць назвы, якія паходзяць ад мужчынскіх імён: Леанарда, Мэдзісон, Фараон, Максімус, Даміно – 5 (16,13%); назвы, якія звязаны з геаграфічным тэрмінам: Версаль, Рыўера, Брыстоль, Асторыя – 4 (12,9%) і назвы, якія суадносяцца з матэматычным тэрмінам: Прызма, Эліпс – 2 (6,45%).
У час даследавання выявіліся ктэматонімы, якія маюць некалькі значэнняў: Барселона, Каліфорнія, Фларэнцыя, Архідэя, Магнолія, Сакура, Лотас – 7 (22,58%).
У даследаваных ктэматонімах назіраецца ўплыў замежнай лексікі. Сярод 31 наймення мэблі прадпрыемства толькі ў двух – наборы мэблі для спальні «Роза» і «Васіліса» – у якасці назвы выкарыстаны беларускія асабовыя ўласныя імёны, а ва ўсіх астатніх – асабовыя ўласныя імёны замежнага паходжання.
У якасці ктэматонімаў выкарыстоўваюцца ўласныя імёны рознага паходжання: 1) грэчаскага: Сафія, Барселона, Фартуна, Сакура, Васіліса, Асторыя, Прызма, Эліпс; 2) італьянскага: Ціфані, Верона, Рыўера; 3) нямецкага: Леанарда; 4) англійскага: Лотас, Наомі, Гармонія, Магнолія, Мэдзісон, Брыстоль; 5) французскага: Ніколь, Версаль; 6) лацінскага: Архідэя, Даміно, Глорыя, Лаўра, Каліфорнія, Максімус, Фларэнцыя, Кармэн, Роза; 7) рымскага: Грацыя; 8) егіпецкага: Фараон.
Ад агульнай колькасці найменняў 25 ктэматонімаў суадносяцца з мужчынскімі і жаночымі імёнамі. Сярод іх жаночыя імёны Роза і Васіліса, якія, хоць і неславянскага паходжання (Роза – лацінскага паходжання, а Васіліса – грэчаскага паходжання), але выкарыстоўваюцца ў Беларусі з XVI стагоддзя. Гэта складае ўсяго 8 %.
Гучанне назваў іншамоўнага паходжання выступае дысанансам, разбурае натуральнае суладдзе, парушаючы духоўную сувязь з нашай мовай, зямлёй, Радзімай. Такія найменні ні ў якай ступені не адлюстроўваюць нацыянальных адметнасцей і гучаць, на нашу думку, даволі безгустоўна. У свядомасці патэнцыяльных пакупнікоў мэблі яны спараджаюць усведамленне, што мэблевыя гарнітуры – усяго толькі копія замежных вырабаў, а копія, вядома, ніколі не пераўзыходзіць арыгінал па якасці, а часам мае нават парадыйны характар.
Паэтанімічная спадчына твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія вывучаюцца ў агульнаадукацыйнай школе, з’яўляецца вельмі багатай. Абодва пісьменнікі прысвяцілі нямала твораў Нёману і Прынямонню. Увогуле, Нёман – спрадвечны пейзажны вобраз нашай геаграфічнай і этнічнай прасторы, які трывала замацаваўся ў нацыянальнай літаратуры як апазнавальны сімвал беларускага краю. Малая радзіма Якуба Коласа не ўяўляецца без Нёмана – ракі дзяцінства і юнацтва, апетай у яго шматлікіх творах: у вершах “Нёман” і “Каханне”, паэме “Новая зямля”, апавяданнях “Разліў Нёмана”, “Туды, на Нёман!” “У старых дубах” і “Нёманаў дар”, трылогіі “На ростанях”. Яе ён не забываў да апошніх сваіх дзён. “Як падлічана, пісьменнік да любай і шчымліва дарагой яму назвы Нёман зноў і зноў вяртаўся 152 разы, выкарыстоўваючы яе ў 29 паэтычных і празаічных творах, у перапісцы з сябрамі”. [9, с. 123]
Часта наведваў у родных мясцінах сябра і Янка Купала, які захапляўся прыгажосцю ракі. Хоць малая радзіма Янкі Купалы знаходзіцца каля ракі Арэса (гэта прыток ракі Пціч, басейн Прыпяці), будучы ў гасцях у Якуба Коласа, любуючыся ракой, паэт прысвяціў Нёману свае вершы: “Над Нёманам”, “Такое жыццё”, “Сыходзіш, вёска, з яснай явы…”.
Акрамя таго, творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа спрыяла фарміраванню нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, і, такім чынам, з’яўляецца і яе вытокам, і той глыбокай ракой, адкуль мы здабываем моўныя жамчужыны. Гэты двайны сімвалізм, на нашу думку, спрыяе выкарыстанню паэтонімаў твораў Я. Купалы і Я. Коласа ў якасці найменняў прадукцыі фабрыкі «Мэбля-Нёман». З часам магла б сфарміравацца пэўная маркетынгавая канцэпцыя фабрыкі, якая спрыяла б прасоўванню тавару на ўнутраны і знешні рынак.
Мы даследавалі 68 паэтонімаў. З іх адабралі толькі тыя паэтонімы, што абазначаюць мужчынскія і жаночыя імёны. У некаторых творах сустракаліся аднолькавыя імёны, іх апусцілі, каб пазбегнуць паўтарэння. Атрымалася 17 жаночых імён: Ганна, Наталька, Альжбета, Паўлінка, Агата, Марыля, Аленка, Зоська, Ганна, Міхаліна, Вольга, Ядвіся, Мар’я, Габрынька (Габрыела), Людміла, Лідзія, Марына, а таксама 30 мужчынскіх імён: Грышка, Базыль, Сымонка, Сцяпан, Якім, Лявон, Данілка, Юрка, Міхал, Антось, Юзік, Уладзя (Уладзіслаў), Яська, Костусь, Андрэй, Алесь, Янка, Марцін, Мікіта, Аксён, Цімох, Тарас, Мацей, Нічыпар, Раман, Мікалай, Захар, Уладзімір, Іван, Піліп.
Некаторыя паэтонімы ўтвораны з дапамогай суфіксаў з памяншальна-ласкальным значэннем. На нашу думку, яны могуць быць выкарыстаны ў якасці найменняў мэблі для дзіцячага пакоя. Напрыклад, Наталька, Паўлінка, Аленка, Зоська, Габрынька, Грышка, Сымонка, Данілка, Юрка, Яська, Янка. Астатнія паэтонімы можна выкарыстаць у якасці ктэматонімаў для іншай мэблі.
Прааналізаваўшы паэтонімы, якія выкарыстоўвалі ў сваіх творах Янка Купала і Якуб Колас, лічым, што яны ні ў чым не ўступаюць замежным, а, наадварот, у нашых умовах лепш падыходзяць у якасці ктэматонімаў.
Упэўнены, што выкарыстанне прапанаваных паэтонімаў у якасці ктэматонімаў дапаможа Гродзенскай мэблевай фабрыцы «Мэбля-Нёман» стварыць свой брэнд «Адкрый Беларусь» і садзейнічаць паспяховай рэалізацыі тавараў прадпрыемства.
Мы перакананы, што на сённяшні момант беларускі брэнд надзвычай прыцягальны. Гэта не толькі наш сённяшні дзень, але гэта і наша заўтра. Заўтра нашай Беларусі, мовы, народа. Гэта перспектыва нашых прадпрыемстваў.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь : Закон Рэсп. Беларусь ад 26 студзеня 1990 г. № 3094-XІ : за змен. і дап. / [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://agrocollege.by/152-pravovye-akty-po-temam/ab-movakh-u-respublitsy-belarus/769-ab-movakh-u-respublitsy-belarus.html – Дата доступу : 08.10.2015.
2. Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа / склад. Г.У. Арашонкава [і інш.]; пад рэд. М. В. Бірылы. – Мінск : Навука і тэхніка, 1990. – 637 с.
3. Беларуская антрапанімія : вучэб. дапам. / Г.М. Мезенка [і інш.]. — Віцебск : Вiцеб. дзярж. ун-т iмя П.М. Машэрава, 2009. — 254 с.
3. Беларуская антрапанімія : вучэб. дапам. / Г.М. Мезенка [і інш.]. — Віцебск : Вiцеб. дзярж. ун-т iмя П.М. Машэрава, 2009. — 254 с.
4. Бірыла, М.В. Беларуская антрапанімія / М.В. Бірыла. – Мінск : Навука і тэхніка, 1966. – 329 с.
5. Жучкевіч, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии/ В.А. Жучкевич. – Минск : БГУ им. В.И. Ленина, 1974. – 447 с.
6. Карпенка, Ю.А. Імя ўласнае ў мастацкай літаратуры // Ю.А. Карпенка // Філалагічныя навукі. – Мінск ,1986. — № 4. – С. 34-40
7. Колас, Я. Збор твораў: у 14 т. / Я.Колас. – Мінск: Маст. літ., 1972–1978. – т.1–11
8. Купала, Я. Збор твораў: у 9 т. / Я.Купала. – Мінск: Маст. літ., 1995–2001. – т.1–7
9. Сайт фабрыкі «Мэбля-Нёман» / [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: www.mebel-neman.by – Дата доступу : 16.09.2015.
10. Усціновіч, А.К. Слоўнік асабовых уласных імён / А.К. Усціновіч. – Мінск, 2011. – 238 с.
11. Шур, В.В. Гідронім Нёман у творах Якуба Коласа / В.В. Шур / [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: elib.bsu.by – Дата доступу:19.11.2015.