Іванюк М.В. ВАЛАНЦЁРСТВА – ВЫБАР СМЕЛЫХ, ДОБРЫХ, АДКАЗНЫХ

Штодня нам даводзіцца сутыкацца з мноствам праблем, некаторыя з іх мы ў стане вырашыць самі, а для рашэння іншых патрабуецца дапамога. Чалавек аказвае і атрымлівае дапамогу амаль кожны дзень. Гэта можа быць   падтрымка, спачуванне, пахвала або проста прывітанне. Дапамога неабходна людзям таму, каб быць упэўненым у сабе, у тым, што цябе любяць, цікавяцца табой і хвалююцца за цябе. Асабліва яна патрэбна тым, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Такіх людзей немалая колькасць, і, можа быць, каля цябе штодня праходзяць дзясяткі людзей, каму патрэбна падтрымка.
Для мяне вельмі важна быць карыснай грамадству. Гэта стан майго дабрабыту, шчасця. Дэні Дзідро казаў: «Самы шчаслівы чалавек той, хто дорыць шчасце найбольшай колькасці людзей» [2, с.40]. І я пагаджуся з ім. Немагчыма быць раўнадушным, калі каля цябе пражываюць адзінокія людзі, якім патрэбна дапамога, падтрымка. Толькі тады, калі ў тваім доме, раёне, горадзе, краіне  будзе мір і спакой, ты зможаш адчуць усю прыгажосць жыцця.
Я лічу сябе абавязанай удзельнічаць у жыцці грамадства, аказваць дапамогу  тым, каму яна патрэбна, і быць удзельнікам такога руху як валанцёрства.  А гэта адзін з самых дзейсных спосабаў тварыць дабро,   добраахвотная дабрачынная праца на карысць тых людзей, хто жыве ў нястачы, каму патрэбна дапамога.
Слова «валанцёр» у перакладзе з французскай мовы « volontaire», якое ў сваю чаргу ўтварылася ад лацінскага «voluntarius»,   у даслоўным перакладзе азначае « добраахвотнік», « які паступае па ўласнай волі».   Гэта чалавек, гатовы па сваёй волі траціць асабісты час, сілы і вопыт на карысць іншым людзям. Пры гэтым валанцёр не патрабуе ніякай  платы за сваю працу.
Гісторыя не памятае такога грамадства, якому былі б чужыя ідэі добраахвотнай і бескарыслівай дапамогі. Добраахвотная дапамога, якая аказвалася чалавекам або групай людзей грамадству ў цэлым або асобным людзям, заснаваная на ідэях бескарыслівага служэння гуманным ідэалам чалавецтва. Яна можа прымаць розныя формы: ад традыцыйных відаў узаемадапамогі да сумесных намаганняў тысяч людзей, накіраваных на пераадоленне наступстваў стыхійнага бедства, урэгуляванне канфліктных сітуацый, выкараненне беднаты. Паняцце добраахвотнай дапамогі ўключае ў сябе дзеянні, якія прадпрымаюцца на мясцовых, агульнанацыянальных і міжнародных узроўнях.
Валанцёры — гэта людзі бескарыслівыя, якія дапамагаюць небагатым пераадольваць беднату, інвалідам — недасканаласць, неадукаваным — папаўняць прабелы ў ведах, зняволеным — перажыць выпрабаванні, якія выпалі ім. Малымі, парою непрыкметнымі справамі яны могуць спрыяць ажыццяўленню простых чалавечых правоў: на здароўе, культуру, чыстае паветра і ваду.
Валанцёрамі першапачаткова называлі тых людзей, якія добраахвотна і выключна па ўласным жаданні паступалі на ваенную службу ў некаторых еўрапейскіх краінах, напрыклад, у Францыі, Іспаніі.
Маладзёжны добраахвотніцкі рух зарадзіўся ў 20-я гады мінулага стагоддзя пасля Першай сусветнай вайны. Маладыя людзі — французы і немцы — сустрэліся і прыйшлі да выдатнай думкі, якая стала пасля лозунгам добраахвотніцкага руху: «Лепш працаваць разам, чым ваяваць адзін супраць другога» [6, с.39]. У 1920 годзе ў Францыі паблізу горада Вердана быў створаны першы праект добраахвотніцкага лагера з удзелам нямецкай і французскай моладзі, у рамках якога валанцёры аднаўлялі разбураныя Першай сусветнай вайной фермы. Грошай за сваю працу валанцёры не атрымлівалі, але забяспечваліся пражываннем, харчаваннем і медыцынскім страхаваннем  — гэты прынцып арганізацыі добраахвотніцкай працы захаваўся і па сённяшні дзень. Ідэя разнеслася па ўсёй планеце.
У 1920 годзе была заснавана Сусветная грамадзянская служба (СГС) — гэта рух, створаны пад дэвізам «Справы, ніякіх слоў». СГС імкнецца палепшыць узаемную павагу да розных культур, развіваючы сусветны добраахвотніцкі рух. СГС мае велізарны вопыт у вобласці добраахвотніцкага служэння на міжнародным узроўні.
У сваёй дзейнасці валанцёры кіруюцца асноўнымі прынцыпамі Міжнароднага Руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.
Гуманнасць. Міжнародны Рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, які створаны імкненнем аказваць дапамогу ўсім параненым на полі бою без выключэння, імкнецца пры любых акалічнасцях, як на міжнародным, так і на нацыянальным узроўні, прадухіляць або палягчаць пакуты чалавека. Рух закліканы абараняць жыццё і здароўе людзей і забяспечваць павагу да чалавечай асобы. Ён спрыяе дасягненню паразумення, сяброўства, супрацоўніцтва і трывалага міру паміж народамі.
Справядлівасць. Рух не праводзіць ніякай дыскрымінацыі па прыкмеце нацыянальнасці, рэлігіі, палітычных перакананняў. Ён толькі імкнецца палегчыць пакуты людзей, і ў першую чаргу тых, хто больш за ўсё адчувае ў гэтым патрэбу.
Нейтральнасць. Каб захаваць усеагульны давер, Рух не можа прымаць чый-небудзь бок ва ўзброеных канфліктах і ў спрэчках палітычнага, расавага, рэлігійнага або ідэалагічнага характару.
Незалежнасць. Рух незалежны. Нацыянальныя Грамадствы, якія аказваюць сваім урадам дапамогу ў іх гуманітарнай дзейнасці і, падпарадкоўваючыся законам сваёй краіны, павінны заўсёды захоўваць аўтаномію, каб мець магчымасць дзейнічаць у адпаведнасці з прынцыпамі Чырвонага Крыжа.
Універсальнасць. Рух з’яўляецца сусветным. Усе Нацыянальныя Грамадствы карыстаюцца роўнымі правамі і абавязаны аказваць дапамогу адзін аднаму.
«Важным аспектам валанцёрства  з’яўляецца яго творчы і актыўны характар. Гэта дае магчымасць маладому чалавеку паказаць сябе ў самастойнай творчай рабоце. Менавіта ў ёй валанцёр праяўляе сацыяльную актыўнасць, суб’ектыўныя адносіны да жыцця грамадства, уносіць уклад у развіццё грамадства, фарміруе ўстойлівую жыццёвую пазіцыю» [1,c.19].
Добраахвотніцкая праца не аплачваецца. Валанцёры не толькі альтруісты, яны працуюць дзеля набыцця вопыту, адмысловых навыкаў і ведаў, усталявання асабістых кантактаў.
Сёння тысячы маладых людзей у Беларусі ўключаны ў працэс валанцёрства. Яшчэ 20 гадоў назад слова «валанцёр» было нязвыклым, многім не зразумелым. Цяпер  сітуацыя змянілася – да добраахвотніцкага руху з кожным годам далучаецца ўсё больш людзей.
“Добраахвотніцкая дзейнасць- гэта:
1) дапамога такім сацыяльным катэгорыям грамадзян як: састарэлыя, бяздомныя, людзі з абмежаванымі магчымасцямі (інваліды), мігранты, бежанцы, былыя зняволеныя і іншыя;
2)   добраўпарадкаванне і ўладкаванне двароў, участкаў, гарадскіх вуліц;
3)   дапамога жывёлам, добраахвотная дапамога заапаркам і запаведнікам;
4) асветніцкія гутаркі, накіраваныя на прафілактыку наркаманіі, СНіДУ, падлеткавай злачыннасці;
 5)  дабрачынныя канцэрты і тэатральныя выступленні;
 6)  экалагічныя маршы, уборка смецця і забруджванняў;
 7)  прапаганда здаровага ладу жыцця” [5, с.14].
Ёсць праблемы,  перад  якімі бяссільны і  дабрачынныя фонды, і спонсары, і дзяржава. Напрыклад, недахоп чалавечай увагі і клопату, цярпення, спагады і душэўнага разумення  праблем людзей, якія ў сілу пэўных абставін апынуліся ў сацыяльнай ізаляцыі,  жыццёвая прастора якіх  абмежавана.
Гэта хвалюе не толькі мяне, але з’яўляецца надзённым і для членаў валанцёрскага атрада “Дарогай дабрыні”, які дзейнічае ў вучэбнай установе з 2010 года. У склад яго ўваходзяць навучэнцы 10-11 класаў, члены БРСМ.
Чаму тэма валанцёрства актуальная для старшакласнікаў менавіта нашай вучэбнай установы? На тэрыторыі аграгарадка Дабраволя размешчаны дом-інтэрнат для інвалідаў і састарэлых, у якім пражываюць адзінокія людзі, абдзеленыя цеплынёй і ўвагай родных  і  блізкіх. Пажылыя, якія апынуліся ў гэтай установе, як ніхто іншы, патрабуюць чалавечай цеплыні, увагі і падтрымкі.
Дабравольскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў адкрыты 12 ліпеня 2000 года. На сённяшні дзень у гэтай установе пражывае 24 чалавекі, з іх 10 мужчын і 14 жанчын. У трох жанчын ёсць дзеці, але ў сілу розных абставін яны не могуць наладзіць догляд за свімі бацькамі.
Мэта валанцёрскай дзейнасці заключаецца ў наступным: даць адчуць жыхарам інтэрната, што яны не адзінокія, не кінутыя, не забытыя ўсімі, што яны камусьці патрэбны. Валанцёры стараюцца ўнесці свята ў іх будні, па магчымасці палепшыць умовы іх жыцця, а галоўнае – данесці да другіх людзей, што гэта – праблема актуальная, пра якую нельга  забываць.
У час дзейнасці валанцёры атрымліваюць магчымасць набыць вопыт узаемаадносін з пажылымі людзьмі, усвядоміць неабходнасць аказання добраахвотніцкай дапамогі другому чалавеку, гатоўнасць ахвяраваць сваімі інтарэсамі для набыцця новых жыццёвых каштоўнасцей.
Удзельнічаючы ў валанцёрскім руху, кожны член атрада атрымлівае магчымасць праявіць свае інтэлектуальныя і духоўныя здольнасці ў распаўсюджванні гуманітарных каштоўнасцей.
За час дзеяння валанцёрскага атрада праведзена шмат розных мерапрыемстваў сумесна з жыхарамі дома-інтэрната, якія садзейнічалі больш цёплым узаемаадносінам паміж падлеткамі і пажылымі людзьмі. Многія валанцёрскія акцыі і рэйды сталі традыцыйнымі: акцыя да Дня пажылых людзей “Дабрынёю поўны свет!”, да Дня інвалідаў — “Ты на свеце не адзін”, да 23 лютага і да Дня жанчын — “Прыміце нашы віншаванні!”, да Вялікадня – “Велікодны пірог”.
У лістападзе 2015 года адбыўся вечар успамінаў “Нам душу греют прошлого мотивы…”, які выклікаў цёплыя пачуцці, абудзіў цікавыя ўспаміны ў жыхароў дома-інтэрната.
Членамі валанцёрскага атрада “Дарогай дабрыні” наладжана шэфства за магіламі былых жыхароў дома-інтэрната на магілках у аграгарадку Дабраволя. Таксама восенню і вясной аказваецца дапамога работнікам дома-інтэрната ў навядзенні парадку на тэрыторыі вакол установы.
Валанцёры прымаюць удзел у конкурсах праектаў, якія праводзяцца ў нашай краіне. У 2013 годзе сталі пераможцамі абласнога конкурса “Валанцёр. Добрае сэрца”. Актыўна паўдзельнічалі ў рэалізацыі абласнога праекта “Крок насустрач”, мэтай якога было рашэнне сацыяльных праблем і сацыяльнай падтрымкі адзінокіх людзей, пераадоленне сацыяльнай ізаляцыі і выхаванне цярпімасці да пажылых людзей.
Удзел у рабоце валанцёрскага атрада  «Дарогай дабрыні»  дазваляе  дабравольскім навучэнцам  стаць грамадска-актыўнымі, засвоіць лідарскія ўменні і якасці, удзельнічаць у канкрэтных сацыяльна-значымых справах і праектах, атрымаць вопыт рэалізацыі ідэй ад задумы да ажыццяўлення.
У кожнага  члена валанцёрскага атрада  ёсць магчымасць стаць прафесійным добраахвотнікам і  перадаць набыты вопыт пачынаючым валанцёрам. Паколькі члены атрада адчуваюць сябе патрэбнымі, яны  змогуць прыносіць карысць не толькі асобным людзям, але і грамадству ў цэлым. І гэта пачуццё патрэбнасці стымулюе валанцёраў да далейшай працы.
Валанцёрскі атрад цесна супрацоўнічае з раённай арганізацыяй БГЧК. Маладзёжны міні-праект   «Абагрэй сваім цяплом» стаў адным з пераможцаў абласнога конкурса міні-праектаў гуманітарнай накіраванасці, праведзенага Гродненскім БГЧК, што дало магчымасць аказаць гуманітарную дапамогу жыхарам Дабравольскага дома — інтэрната для састарэлых і інвалідаў на суму 2.000.000 рублёў.
Валанцёрская дзейнасць садзейнічае павышэнню актыўнасці навучэнцаў, змяненню матыву іх удзелу ў грамадска-карыснай дзейнасці, дасягненню высокага ўзроўню самастойнасці, найбольш поўнаму раскрыццю талентаў, здольнасцей, магчымасцей.
У нашай вучэбнай установе рэалізоўваецца праект “Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння праграм духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў 10-11 класаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”. Работа па праекце арганізавана  ў шасці сацыяльных цэнтрах: “Светач”, Міласэрнасць , “Крыніца”, “Даследчыкі”, “Здароўе”, “Пілігрым”. Дзейнасць валанцёрскага атрада ажыццяўляецца ў рамках цэнтра “Міласэрнасць”.
«Без развіцця партнёрскага ўзаемадзеяння з мясцовай супольнасцю, без далучэння дзяцей да стваральнай дзейнасці на карысць мясцовай супольнасці немагчыма выхаваць сапраўдных грамадзян сваёй краіны, зацікаўленых і актыўных удзельнікаў сацыяльных працэсаў, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця там, дзе яны жывуць, вучацца, працуюць» [2,с. 43].
Удзел навучэнцаў у валанцёрскай дзейнасці дазваляе аб’яднаць вучняў, якія імкнуцца да асабістага росту і якія маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, рашыць праблему занятасці падлеткаў шляхам далучэння іх да рашэння актуальных праблем аграгарадка, павысіць іх узровень свядомасці і зацікаўленасць у лёсах другіх людзей. Наогул, удзел падлеткаў у рабоце з пажылымі людзьмі рашае пытанне не толькі занятасці маладых людзей, але і накіраванне іх сацыяльнай актыўнасці ў станоўчае русла, што карысна на ўзроўні грамадства ў цэлым.
Праяўленне сацыяльнай актыўнасці падлеткаў у рабоце з пажылымі людзьмі дапамагае рабіць крокі ў рашэнні сацыяльных і псіхалагічных праблем абедзвюх узроставых груп. Таксама разбураюцца стэрэатыпнае ўяўленне падлеткаў аб пажылых як аб людзях, якія ўвесь час не задаволены жыццём; і ўяўленні пажылых аб падлетках як аб нявыхаванай, неразумнай і ні на што не здольнай часткай грамадства.
Я лічу, што дзейнасць валанцёрскага руху ў нашай установе адукацыі садзейнічае фарміраванню маральнага светапогляду ў навучэнцаў і  накіравана на наладжванне сувязі паміж пакаленнямі, збліжэнне каштоўнасных арыентацый членаў БРСМ і старэйшага пакалення, выхаванне духоўных якасцей: літасці, спагады, чуласці, міласэрнасці, а таксама аказанне дапамогі і падтрымкі шляхам развіцця ўзаемных інтарэсаў, сумесных спраў і правядзення вольнага часу і садзейнічае фарміраванню маральнага светапогляду ў навучэнцаў.

Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Гаваркоў, М. Глыток чысціні і здароўя / Мікіта Гаваркоў // Беларусь сёння. 11 чэрвеня, 2008.
2. Грэбнаў, В. Возлюби ближнего своего / В. Гребнов // Служба спасения 01.2001.№8.
3. Ермакова, Л. Помогаешь ближнему — помогаешь себе / Л. Ермакова // Беларусь сегодня. 23 июня, 2008.
4. Еўдакімава, С. Богатые, знаменитые и милосердные / С. Евдокимова, Н. Казакова, Т. Кузнецова [н др.]. //Аргументы и факты. 2007. № 52.
5. Малікава, Т. Волонтеры всей страны — объединяйтесь! / Т. Маликова, Н. Малицкая // Юный спасатель. № 22. 2007.
6. Піватоіч, Г. Протяните им руку / Г. Пивотоич // Служба спасения. 2003. №11
7. Савасцёнак, П.М.,Самуйлава, С.А. Валанцёрскі рух у школе як сродак развіцця сацыяльнай актыўнасці / П.М.Савасцёнак, С.А.Самуйлава //Кіраванне ў адукацыі. — 2011.- №5. — с. 37-42
Запись опубликована в рубрике Педагогические идеи 21 века. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий