Чырэц А.А. РАЗВІЦЦЁ МАЎЛЕНЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАЎ З ДАПАМОГАЙ ІНТЭРАКТЫЎНЫХ МЕТАДАЎ

Сучасная педагогіка  разглядае адукацыю як працэс, які накіраваны на самаразвіццё асобы вучня, на пашырэнне яго магчымасцей кампетэнтнага выбару свайго жыццёвага шляху. У адпаведнасці з актуальнымі запатрабаваннямі часу галоўнай задачай агульнаадукацыйнай установы з’яўляецца падрыхтоўка адукаванага і творчага грамадзяніна рэспублікі, здольнага да пастаяннага развіцця і самаадукацыі. Вядома, гэта патрабуе і ад сучаснага настаўніка пачатковых класаў пошуку новых актыўных метадаў, прыёмаў і форм навучання.
 Сёння, улічваючы адказнасць педагогаў краіны за якасць ведаў вучняў і ўзровень іх падрыхтаванасці, кожны настаўнік  пачатковых класаў імкнецца, каб і яго выхаванцы з ахвотай вывучалі і дасканала  засвойвалі асноўныя моўныя  паняцці, выпрацоўвалі ўменні і навыкі ў вусным і пісьмовым маўленні, рыхтаваліся да засваення сістэматычнага курса  беларускай мовы ў далейшым школьным навучанні.
 Інтэрактыўныя метады, прыёмы і формы працы  дапамагаюць вырашаць “адвечную” праблему па фарміраванні ўнутранай матывацыі ў школьнікаў на ўроках беларускай мовы.
 Вопыт працы настаўнікаў  пераконвае, што так званы класічны  камбінаваны ўрок у школе заўсёды быў, ёсць і яшчэ будзе доўгія дзесяцігоддзі, але і без выкарыстання інтэрактыўных метадаў работы зараз проста не абысціся, бо менавіта яны і падтрымліваюць цікавасць сучасных падлеткаў да навучання. Пры выкарыстанні гэтых метадаў адбываецца “інтэрактыўнае педагагічнае  ўзаемадзеянне, якое ўзмацняе мэтанакіраваную дзейнасць педагога і вучняў паміж сабой з мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці  на розных этапах урока”. [2,c. 167]  Пазнавальная актыўнасць праяўляецца тады, калі вучань адчувае патрэбу рашыць тую ці іншую моўную задачу і ўмее свабодна карыстацца рознымі спосабамі рашэння такіх задач, выказваць сваё разуменне і бачанне аб’екта, рабіць самастойныя вывады. Рашэнню такіх задач садзейнічае сістэма выкарыстанне інтэрактыўных метадаў. Матэрыял ўяўляе сабой разнастайныя заданні, якія дазваляюць аналізаваць, супастаўляць, параўноўваць, рабіць вывады па той ці іншай тэме, замацоўваць тэарэтычны матэрыял шляхам шматразовага паўтарэння ў розных  формах. Гэта ўсё зробіць звычайную паўсядзённасць цікавай, насычанай, дапаможа  правільна і карысна арганізаваць урочны час. І тады вучань будзе актыўным на ўроку, будзе імкнуцца да новых ведаў.
Навучанне  з выкарыстаннем інтэрактыўных метадаў забяспечвае высокі ўзровень пазнавальнай дзейснасці вучняў, актывізуецца ўнутраная матывацыя. Пры выбары пэўнага метаду абавязкова трэба ўлічваць, каб ён адпавядаў вызначаным вучэбна-выхаваўчым задачам, праграмным патрабаванням да ведаў.
Пры вывучэнні граматычных катэгорый розных часцін мовы выкарыстоўваецца метад « Адгадай ». Ён дазваляе не толькі праверыць узровень ведаў, але і вучыць дзяцей дакладна фармуляваць пытанне, развівае лагічнае мысленне, патрабуе дакладных ведаў па тэме, бо трэба не толькі прадумаць пытанні, каб даведацца, што за картка ў сяброў, але і добра арыентавацца ў пройдзеным матэрыяле, каб даволі хутка даць адказ самім на пытанне.Возьмем, напрыклад, тэму “ Прыметнік”. Пасля таго, як пройдзена пэўная частка матэрыялу, або ўся тэма, вучні атрымліваюць карткі з надпісамі: “Прыметнікі жаночага роду”, “Прыметнікі мужчынскага роду”, “Адзіночны лік прыметнікаў” і заданне: на працягу 5 хвілін скласці 5 пытанняў, якія дазволяць  вызначыць свой тэрмін, і якія павінны адносіцца да “разраду закрытых” (адказ можа быць толькі “так” ці “не”). Калі метад выкарыстоўваецца ўпершыню, то чым меншыя вучні, тым больш часу ідзе на складанне пытанняў, але за другім-трэцім разам усё прыходзіць у норму. Для дзяцей становіцца відавочным, наколькі важна бывае правільна задаць пытанне і наколькі грунтоўна трэба ведаць матэрыял, каб сфармуляваць пытанне і даць адказ на яго пры дапамозе толькі двух слоў: “так” ці “не”.
Выкарыстанне метаду “Адгадай” спрыяе засваенню граматычай тэрміналогіі і асаблівасцей часцін мовы, калі яго выкарыстоўваць пры вывучэнні марфалогіі.
 Дзеці  станоўча ацэньваюць працу ў групах. Для гэтага можна выкарыстаць такі метад, як  «Праца ў групах». Адзначаюць, што паступова з’яўляецца ўпэўненасць у сабе, адступае страх, нерашучасць, актывізуецца мысленне. Спачатку для некаторых вучняў сітуацыя была стрэсавай: непрывычна тое, што прыйдзецца гаварыць, выказваць сваё меркаванне, адказваць па тэме ўрока абавязкова, а прэзентаваць працу групы можа выпасці абсалютна любому. Гэта вельмі адказна, бо твая падрыхтоўка непасрэдна ўплывае на адзнаку ўсёй групы. Таму ўсе зацікаўлены ў найлепшым выніку. Моцныя вучні атрымалі магчымасць пастаянна актыўна практыкавацца ў сваіх ведах. Слабейшыя дэманструюць веды ў сітуацыі, якая для іх з’яўляецца якраз менш стрэсавай (слухаюць усяго 3-4 вучні). З цягам часу дзеці пачынаюць трымацца больш разняволена, і ўрок дае мажлівасць атрымаць ад працы маральнае задавальненне.
Настаўніку падчас працы вучняў у групе таксама не прыходзіцца сядзець склаўшы рукі ці займацца запаўненнем журнала. Як толькі вучні адчуваюць, што настаўніку  не цікава тое, чым яны займаюцца, інтарэс дзяцей прападае таксама. Неабходна кантраляваць, дапамагаць (але не кіраваць), задаваць пытанні, прыцягваць (калі неабходна) да дыскусіі, каменціраваць ход працы групы, даваць канкрэтную інфармацыю, якая ўтрымлівае ацэнку іх дасягненняў.
 Даволі працяглы час, выкарыстоўваючы працу ў групах, можна  зразумець, што пры дапамозе гэтага віду дзейнасці можна значна палепшыць работу на розных этапах урока.
Праверка пісьмовага і вуснага дамашняга задання ў групах па 4 — 5 чалавек спрыяе выпрацоўцы арфаграфічнай пільнасці вучняў, развіццю мовы, камунікатыўных навыкаў. Пры вывучэнні новага матэрыялу, працуючы ў групах, вучні з задавальненнем складаюць табліцы, апорныя канспекты, планы, ставяць пытанні да матэрыялу параграфа. Дзеці любяць тыя заданні, што прыдумалі і намалявалі самі.
 Калі вядзецца навучанне напісанню сачынення (аднаму з самых цяжкіх відаў працы па развіцці маўлення, на маю думку), групавая праца таксама шмат у чым дапамагае вучням.  Звычайна на дошку вывешваюцца табліцы з асноўнымі патрабаваннямі да напісання сачынення, а вучні ў групах прадумваюць, якім можа быць уступ, што павінна ўключаць у сябе асноўная частка і заключэнне, што можа паслужыць асноўнай думкай сачынення і г. д.
Праз адпаведны час вучні зачытваюць, што ў іх атрымалася, аналізуюць. Яны вучацца такім чынам пазітыўна ацэньваць працу іншых і карэктна не згаджацца з чыёйсьці.
Яшчэ адзін інтэрактыўны метад, які можна выкарыстаць для развіцця маўленчай дзейнасці. Ён называецца «Трымайся да перамогі».Заключаецца ў праверцы тэарэтычных ведаў вучняў як па тэме ўрока, так і па засваенні асноўных тэарэтычных паняццяў па вывучаным раздзеле. Методыка правядзення: усе вучні ў класе падымаюцца, кожнаму па чарзе задаецца пытанне (нескладанае і немнагаслоўнае). Вучні хутка на яго павінны адказаць. Той вучань, які правільна адказвае на пытанне, прадаўжае ўдзел у гульні, хто не змог адказаць, займае сваё месца за партай. Перамагае ў гульні той вучань, які змог адказаць на ўсе, у тым ліку і тры фінальныя, тэарэтычныя пытанні. Пераможца атрымлівае дзесяць балаў. Асабліва эфектыўная гульня ў класах з невялікай колькасцю вучняў. Можна праводзіць як групавую форму работы, калі адна група задае пытанні, а другая на іх адказвае. Напрыклад,  па тэме “Гукі і літары ” ў другім класе прапаноўваю  наступныя пытанні:
-Што такое гук і літара?
-Назавіце галосныя гукі,  чым яны адрозніваюцца ад зычных?
-Назавіце парныя звонкія і глухія зычныя гукі.
-Што вы ведаеце пра цвёрдыя і мяккія зычныя?
-Калі пасля ў знаходзяцца літары е,ё,я,ю,і ,апостраф …
-Прывядзіце прыклады азванчэння , аглушэння і г.д.
  Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання на ўроках  з’яўляецца не мэтай, а сродкам актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. Падчас такой дзейнасці ў вучня фарміруюцца перш за ўсё камунікатыўныя навыкі, здабытыя ў працэсе ўзаемадзеяння з аднакласнікамі. Такія навыкі будуць больш трывалымі, свядомымі, а гэта значыць, больш якаснымі. Вынікам інтэрактыўнага ўзаемадзеяння заўсёды бывае сітуацыя поспеху, таму што праз сумесную дзейнасць настаўніка і вучняў дасягаюцца мэты ўрока, знікаюць канфліктныя сітуацыі, вучні ўзбагачаюць свой камунікатыўны вопыт і пашыраюць матывацыйна-каштоўнасную сферу.
Я лічу,што кожны настаўнік-практык пры жаданні знойдзе мноства спосабаў зрабіць інтэрактыўныя  метады эфектыўнымі ў канкрэтным класе. Невыпадковым з’яўляецца ўкараненне такога роду метадаў у разнастайныя сферы жыцця. Кожны дзень шматлікія тэлевізійныя каналы і радыёстанцыі  прапануюць нам мноства інтэрактыўных ток-шоу. Прэса заклікае чытачоў да інтэрактыўных зносін на старонках часопісаў і газет. А самым яскравым прыкладам інтэрактыўнай папулярнасці на сённяшні дзень з’яўляецца інтэрнэт.
Спіс выкарыстаных крыніц
  1. Жуковіч, М.В. Сучасныя педагагічныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры: дапаможнік для настаўнікаў / М.В.Жуковіч. — Мінск: Аверсэв, 2007.
  2. Кашлев, С.С. Интерактивные методы обучения педагогике / С.С.Кашлев. – Минск: Вышэйшая школа, 2004.
  3. Мартынкевіч, С.В. Развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі школьнікаў пры вывучэнні беларускай мовы (5-6 клас): вучэб.-метад. дапам. для настаўнікаў агульнаадукац. устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання / С. В. Мартынкевіч. — Мінск: Выд.цэнтр БДУ, 2010.
  4. Паўлоўская, В.І. Мова: цікава і займальна / В.І. Паўлоўская. – Мінск, 1997.
  5. Солахаў, А.В. Займальны матэрыял па беларускай мове: дапаможнік для настаўнікаў / А.В.Солахаў // Мінск: ТАА “Лексіс”, 2004.
  6. Саўко, У.П. Развіццё маўлення школьнікаў пры вывучэнні марфалогіі/ У.П.Саўко – Мінск, 2000.
  7. Старычонак, В.Д. Займальная філалогія: дапаможнік для настаўнікаў/ В. Дз. Старычонак // Мінск: Вышэйшая школа, 1998. — с.253
  8. Шкраба, І.Р. Самабытнае слова / І.Р.Шкраба. – Мінск, 1994.
Запись опубликована в рубрике Теория и методика преподавания языков. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий