Развіццё творчых здольнасцяў вучняў і выхаванне актыўнай асобы – першапачатковая задача сучаснай школы.
Творчыя здольнасці адносяцца да асобага тыпу генералізаваных здольнасцяў, якія спалучаюць у сабе пазнавальны, матывацыйны і камунікатыўны кампаненты. Д.Б. Багалюбленская творчыя здольнасці разглядае як інтэгральную характарыстыку асобы, якая ўключае ўзровень інтэлектуальнага развіцця, матывацыю і адносіны чалавека да свету [1, с. 290]. Пад творчымі здольнасцямі разумеецца тое, што не адносіцца да ведаў, уменняў і навыкаў, але забяспечвае іх хуткае набыццё, замацаванне і выкарыстанне на практыцы.
Цяплоў Б.М. пад творчымі здольнасцямі разумеў пэўныя індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці, якія адрозніваюць аднаго чалавека ад другога і якія не зводзяцца да наяўнага ўжо ў чалавеку запасу навыкаў і ведаў, а абумоўліваюць лёгкасць і хуткасць іх набыцця [2, с. 488].
Шадрыкавым У.Д. творчыя здольнасці вызначаліся як уласцівасць функцыянальных сістэм, якія рэалізуюць асобныя псіхічныя функцыі, што маюць індывідуальную меру выражанасці, якая праяўляецца ў паспяховасці і якаснай своеасаблівасці асваення дзейнасці [3].
Бальшакова Л.А. творчыя здольнасці вызначае як складаную асабістую якасць, якая адлюстроўвае здольнасць чалавека да творчасці ў розных сферах жыццядзейнасці, а таксама дазваляе аказваць падтрымку ў творчай самарэалізацыі іншым людзям. Гэта высокая ступень захопленасці, інтэлектуальнай актыўнасці, пазнавальнай самастойнай дзейнасці асобы [4].
Маткоў А.I. пад творчымі здольнасцямі разумеў здольнасць здзіўляцца і пазнаваць, уменне знаходзіць рашэнні ў нестандартных сітуацыях, гэта нацэленасць на адкрыццё новага і здольнасць да глыбокага асэнсавання свайго вопыту [5].
У педагагічным энцыклапедычным слоўніку творчыя здольнасці разглядаюцца як здольнасці да стварэння арыгінальнага прадукта, вырабу, у працэсе працы над якімі самастойна выкарыстаны засвоеныя веды, уменні, навыкі і праяўляюцца хоць бы ў мінімальным адступленні ад узору індывідуальнасць, мастацтва [6].
З філасофскага пункту погляду творчыя здольнасці ўключаюць у сябе здольнасць творча ўяўляць, назіраць, неардынарна думаць.
Пад творчымі здольнасцямі разумеюцца індывідуальныя псіхалагічныя асаблівасці дзіцяці, якія не залежаць ад разумовых здольнасцяў і праяўляюцца ў дзіцячай фантазіі, уяўленні, асобым бачанні свету, сваім пункце погляду на навакольную рэчаіснасць.
Паказчыкамі развіцця творчых здольнасцяў малодшых школьнікаў з’яўляюцца: арыгінальнасць (здольнасць вучня даваць неардынарныя адказы, якія патрабуюць праяўлення творчасці), абстрактнасць наймення (здольнасць трансфармацыі вобразнай інфармацыі ў славесную), бегласць (здольнасць дзіцяці прадуцыраваць вялікую колькасць асэнсаваных ідэй) творчага мыслення; невербальнае ўяўленне (стварэнне вучнямі новых вобразаў аб’ектаў навакольнай рэчаіснасці); наглядна-вобразнае мысленне (аперыраванне вучнямі рознымі вобразамі і нагляднымі ўяўленнямі пры рашэнні задач); станоўчыя эмацыянальныя адносіны да творчага настаўніка; эмацыянальныя перажыванні вучня, узніклыя ў працэсе творчай дзейнасці; творчая матывацыя (унутраныя ўзбуджальнікі да творчай дзейнасці, звязаныя з задавальненнем патрэбнасцяў вучня ў творчасці).
Адным з асноўных патрабаванняў да арганізацыі адукацыйнага працэсу з’яўляецца стварэнне ўмоў для развіцця творчых здольнасцяў вучняў: 1) стварэнне станоўчага эмацыянальнага настрою; 2) стварэнне ўмоў заахвочвання і падтрымкі; 3) стварэнне ўмоў павагі і прыняцця незвычайнай творчай задумы вучня; 4) стварэнне ўмоў да самастойнай дзейнасці; 5) стварэнне ўмовы «права на памылку»; 5) стварэнне ўмоў прыняцця каштоўнасцяў; 6) стварэнне ўмоў задавальнення сацыяльных патрэбнасцяў; 7) стварэнне ўмоў для прыняцця інтуіцыі і інш.
Стымуляваць творчыя здольнасці настаўнік можа праз: 1) забеспячэнне спрыяльнай атмасферы ў класе; 2) добразычлівасць з боку настаўніка, яго адказ ад крытыкі дзіцяці; 3) узбагачэнне асяроддзя вучня самымі разнастайнымі, новымі для яго прадметамі з мэтай развіцця яго цікаўнасці; 4) выкарыстанне разнастайных формаў правядзення ўрока, зменаў відаў дзейнасці; 5) макімальнае далучэнне вучняў класа да актыўнай дзейнасці на ўроку; 6) заахвочванне выказвання арыгінальных ідэй; 7) выкарыстанне асабістага прыкладу творчага падыходу да рашэння праблем; 8) выкарыстанне ў вучэбнай дзейнасці паўсядзённага вопыту дзяцей, а таксама пошукавых, даследчых, праблемных метадаў навучання і інш.
Спынімся на метадах, якія спрыяюць развіццю творчых здольнасцяў вучняў пачатковых класаў:
- Метад эмпатыі азначае «ўжыванне» чалавека ў стан іншага чалавека. Праз пачуццёва-вобразныя і мысліцельныя ўяўленні вучань спрабуе «перасяліцца» ў вывучаемы аб’ект, адчуць і зразумець яго знутры. Умовай паспяховага выкарыстання гэтага метаду з’яўляецца пэўны стан дзяцей, ствараемы настаўнікам настрой. Спачатку гэта можа быць гульня, на якую вучні рэагуюць, як правіла, з нейкай весялосцю. Потым, калі будуць атрыманы і асэнсаваны адукацыйныя вынікі, малодшыя школьнікі перастануць адносіцца да гэтага метаду несур’ёзна, а пачнуць лічыць яго сапраўды навучальным метадам. Чалавек ператвараецца ў іншага чалавека, у жывёл (птушак, звяроў, рыб), у расліны (рамонак, бярозу, валошку), у аб’екты нежывой прыроды (сонца, мяч, тэлевізар). Гэта з’яўляецца найбагацейшым матэрыялам для стварэння казак. Ужывацца ў сутнасць адукацыйных аб’ектаў дапамагае выкарыстанне славесных прадпісанняў: Уявіце сабе, што вы той рамонак, які расце перад вамі. Ваша галава – гэта кветка, тулава – сцябло, рукі – лісце, карані – ногі…У моманты найлепшага ўжывання вучань задае пытанні аб’екту (сабе), спрабуе на пачуццёвым узроўні ўспрыняць, зразумець, убачыць адказы. Народжаныя пры гэтым думкі, пачуцці і адчуванні з’яўляюцца адукацыйным прадуктам школьніка. Такія практыкаванні развіваюць здольнасць думаць і разумець з’явы з розных пунктаў погляду, вучаць уключаць у пазнанне не толькі розум, але і пачуцці. Гэты метад з’яўляецца надзвычай эфектыўным, так як уключае нявыкарыстаныя раней магчымасці дзяцей.
- Метад вобразнага бачання ўяўляе сабой эмацыянальна-вобразнае даследаванне аб’екта. Настаўнік прапануе вучням, каб яны, гледзячы на фігуру, знак, рэальны аб’ект, намалявалі ўбачаныя ў іх вобразы, апісалі, на што яны падобныя. Можна таксама прапанаваць паслухаць музычы класічны твор, а пасля праслухоўвання задаць пытанні: Што хацеў выразіць кампазітар, ствараючы мелодыю?; Што вы ўяўлялі, калі слухалі гэты твор?; Якога колеру музыка?. Дзецям прапануецца намаляваць вобраз, які ўзнік у іх уяўленні пры праслухоўванні музыкі.
- Метад эўрыстычнага назірання. Мэта гэтага метаду – навучыць малодшых школьнікаў назапашваць і канструяваць веды з дапамогай назіранняў. Вучні атрымліваюць асабісты вынік, які ўключае інфармацыйны вынік назірання, комплекс асабістых дзеянняў і адчуванняў, што суправаджаюць назіранне. Ступень творчасці вучня ў ходзе назірання вызначаецца навізной атрыманых вынікаў у параўнанні з тымі, што ў яго ўжо ёсць.
- Метад даследавання. Выбіраецца аб’ект даследавання (казка, прыказка, ліст дрэва, адзенне, неба і інш.). Вучням прапануецца па плане даследаваць аб’ект: сфармуляваць мэту даследавання – знайсці факты пра аб’ект – паставіць узніклыя пытанні і праблемы – сфармуляваць версіі адказаў, гіпотэзы – даць рэфлексіўныя разважанні, усвядомленыя спосабы дзейнасці і вынікі – сфармуляваць вывады. Такая алгарытмізацыя не перашкаджае творчасці. Наадварот, выканаўшы паслядоўна ўсе пералічаныя крокі, амаль кожны вучань непазбежна атрымлівае свой уласны адукацыйны прадукт. Напрыклад, аб’ектам для даследавання возьмем лінейку. Вучням прапануецца наступнае заданне: Прыдумайце як мага больш спосабаў выкарыстання гэтага прадмета. Гэтыя спосабы павінны быць арыгінальнымі, незвычайнымі і разам з тым іх можна ажыццявіць.
- Метад прыдумвання дазваляе вучням стварыць невядомы раней прадукт у выніку пэўных разумовых дзеянняў. Гэты метад рэалізуецца пры дапамозе наступных прыёмаў: а) замяшчэнне якасцяў аднаго аб’екта другім з мэтай стварэння новага аб’екта; б) знаходжанне ўласцівасцяў аб’екта ў іншым асяроддзі; в) змяненне элемента вывучаемага аб’екта і апісанне ўласцівасцяў новага, змененага аб’екта. Напрыклад: Калі б Баба Яга жыла зараз, як бы выглядала яе ступа?; Прыдумайце новы від транспарту для Бабы Ягі.
- Метад «Калі б…». Вучням прапануецца пафантазіраваць, што магло б быць, калі б, напрыклад, жывёлы ўмелі размаўляць ці дыназаўры ажылі або людзі перасяліліся на Месяц. Выкананне падобных заданняў не толькі развівае ўяўленне вучняў, але і дазваляе ім лепш зразумець рэальны свет, узаемасувязь паміж яго складнікамі.
- Метад гіпербалізацыі прадугледжвае павелічэнне ці памяншэнне аб’екта пазнання, яго асобных частак ці якасцяў. Стартавы эфект такім уяўленням могуць надаць «Рэкорды Гінеса», якія балансуюць на мяжы выхаду з рэальнасці ў фантазію. Напрыклад, вучню гавораць: Вось табе чарадзейная палачка, яна можа павялічыць ці паменшыць усё, што ты захочаш. Што б ты хацеў павялічыць, а што паменшыць?
- Выхаванне казкай. Праз казкі дзіця пазнае свет, набіраецца вопыту для самастойнага жыцця, будуе асабістую мадэль свету і вучыцца ў ёй жыць. Казачны свет цудоўна прыстасаваны для паўнавартаснага развіцця вучня. Пры рабоце з казкай можна выкарыстаць славеснае маляванне, ілюстраванне, інсцэніраванне, дапісванне казкі, складанне апісанняў, пераказ і г.д. Пры вывучэнні казак на ўроках літаратурнага чытання настаўнік можа прапанаваць дамашняе заданне творчага характару: пераказаць казку ад імя галоўнага героя, скласці для казкі добрую канцоўку ці дапамагчы стаць добрымі адмоўным героям казкі, намаляваць вокладку для казкі і г.д. Можна арганізаваць свята «Мой любімы казачны персанаж», да якога вучні рыхтуюць казкі, развучваюць песні з любімых мультфільмаў, афармляюць выставу малюнкаў і інш.
- Прыдумванне загадак. Заданне «Складзі сваю загадку» накіравана на літаратурнае развіццё дзяцей, а таксама прадугледжвае разуменне сутнасці творчага працэсу, у аснове якога – уменне бачыць агульнае у прадметах і з’явах. Вучням прапануецца выбраць тэму загадкі (пра прыроду, рэчы, жывёл), выбраць, якая гэта будзе загадка (загадка-пытанне, загадка-апісанне, загадка-параўнанне), выбраць прадмет і скласці пра яго загадку, а затым даказаць, што гэта загадка.
- Метад творчага чытання – адзін з асноўных метадаў на ўроках літаратурнага чытання, накіраваны на развіццё здольнасці да творчага самавыражэння ў працэсе інтэпрэтацыі прачытанага пры выкананні разнастайных прац творчага характару з мастацкім тэкстам. Мэтай гэтага метаду з’яўляецца мастацкае ўспрыманне як на пачатку вывучэння твора, так і пасля яго аналізу. Створаныя фантазіяй ў час чытання вобразы і стымулююць славесную творчасць. Гэта можа быць выказванне ўражанняў пра прачытанае, успаміны пра падобны выпадак са свайго жыцця, прыдумванне працягу, славеснае маляванне карцін, творчы пераказ.
Такім чынам, развіццё творчых здольнасцяў вучняў садзейнічае пашырэнню кругагляду, развіццю пазнавальнай цікаўнасці, творчай ініцыятывы і актыўнай жыццёвай пазіцыі. Працэс развіцця творчых здольнасцяў малодшых школьнікаў ідзе праз выкарыстанне разнастайных метадаў на ўроках літаратурнага чытання, якія дапамагаюць настаўніку выхоўваць творчую асобу, развіваць дзіцячае ўяўленне, успрыманне і мысленне.
Спіс выкарыстаных крыніц
-
Богоявленская, Д. Б. Природа творческих способностей / Д. Б. Богоявленская // Вестник РГНФ. – 1997. – № 2.
-
Теплов, В. М. Избранные труды / В. М. Теплов. – В 2-х т. – Т. 1. – М. : Просвещение, 1985.
-
Шадриков, В. Д. Способности, одаренность, талант / В. Д. Шадриков // Развитие и диагностика способностей. – М. : Наука, 1991.
-
Большакова, Л. А. Развитие творчества младшего школьника / Л. А. Большакова // Завуч начальной школы. – 2001. – № 2.
-
Мотков, О. И. Психология самопознания личности : практическое пособие / О. И. Мотков. – М. : Треугольник, 1993.
-
Педагогический энциклопедический словарь / гл. ред. Б. М. Бим-Бад. – М., 2007.