Кавальчук А.Д. РАЗВІЦЦЁ ЎВАГІ Ў МАЛОДШЫМ ШКОЛЬНЫМ УЗРОСЦЕ

Неабходнымі ўмовамі эфектыўнасці вучэбна-выхаваўчага працэсу з’яўляюцца ўвага вучняў і іх здольнасць да яе самаарганізацыі, уменне педагогаў арганізаваць ўвагу дзяцей і кіраваць ёю. К.Дз. Ушынскі гаварыў: ”Увага — адзіныя дзверы нашай душы, праз якія абавязкова праходзіць усё, што ёсць у свядомасці: значыць, гэтых дзвярэй не можа абмінуць ніводнае слова вучэння. Інакш яно не ўвойдзе ў душу дзіцяці. Зразумела, што прывучыць дзіця трымаць гэтыя дзверы адчыненымі — справа першай важнасці, на поспеху якой грунтуецца поспех усяго вучэння” [1, с.10]. I сапраўды, школьнік можа паспяхова вучыцца толькі пры наяўнасці ўвагі. Уважліва слухаючы тлумачэнне настаўніка на ўроку, ён лягчэй успрымае, разумее і запамінае змест матэрыялу і тым самым аблягчае сабе выкананне дамашніх заданняў. Акуратнасць, дакладнасць, беспамылковасць выканання пісьмовых работ таксама магчымы толькі пры сканцэнтраванасці ўвагі.
Увага — з’ява псіхічная. Звычайна пад увагай разумеюць не асобны псіхічны працэс, а пэўны бок псіхічных працэсаў — накіраванасць, сканцэнтраванасць свядомасці на аб’ектах ці з’явах, якія маюць на ўвазе павышэнне ўзроўня сенсорнай, інтэлектуальнай і рухальнай актыўнасці. Асноўнымі функцыямі ўвагі з’яўляюцца адбор адпаведных уздзеянняў, утрыманне дзейнасці да моманту дасягнення мэты, рэгуляванне і кантроль за ходам дзейнасці.
Увага ўяўляе сабою канцэнтрацыю свядомасці на пэўных аб’ектах (пры адцягненні яе ад менш істотных, нязначных) з мэтай іх найлепшага адлюстравання. У адзіным працэсе адлюстравання рэчаіснасці ўвага непарыўна звязана з успрыманнем, мысленнем, памяццю і іншымі праяўленнямі свядомасці. Такія якасці асобы, як характар, тэмперамент, здольнасці, таксама праяўляюцца ў асаблівасці ўвагі — у выбары аб’екта, устойлівасці, пераключэнні, адцягненасці і г. д.
Існуюць наступныя віды ўвагі:
-міжвольная;
-адвольная;
-пасляадвольная.
У працэсе вучэбнай дзейнасці школьнікаў сустракаюцца ўсе віды ўвагі: мімавольная, адвольная і пасляадвольная. У пачаткоўцаў вядучую ролю адыгрывае мімавольная ўвага, а адвольная мае патрэбу ў развіцці і падтрымцы. Арганізацыя ўвагі вучняў перш за ўсё залежыць ад падрыхтаванасці да ўрока самога настаўніка. Калі ён загаддзя падрыхтуе план урока, вызначыць яго мэту, змест, падбярэ наглядны матэрыял, то створыць спрыяльныя ўмовы для арганізацыі ўвагі школьнікаў. Нельга забываць праветрываць класнае памяшканне, пры недахопе кіслароду мазгавыя клеткі хутка абяссільваюцца і ўвага становіцца рассеянай. Найбольш цяжка ўтрымаць увагу школьнікаў пры праверцы дамашніх заданняў. Вопытныя педагогі прыцягваюць да ўдзелу ў праверцы ўсіх дзяцей. Яны самі або адзін з вучняў запісваюць загаддзя асноўныя элементы правільна выкананых зданняў на другім баку дошкі, прапануць праверыць заданні адзін у аднаго.
Вялікія намаганні патрабуюцца ад настаўніка, каб захаваць увагу пры вусным апытванні дзяцей. Мэтазгодна рабіць устаноўку на абавязковае дапаўненне да адказу, правільнае інтанаванне асобных сказаў, вымаўленне асобных гукаў, слоў і г.д. Тады вучні будуць уважліва сачыць за адказам таварыша, а значыць, будуць уважлівымі. Практыкуецца і выстаўленне адзнак за дадатковыя адказы, пастаўленыя пытанні да тэмы, уменне правільна выказаць свае думкі. Калі дзеці ўвесь час заняты справай, якая патрабуе ўвагі, а настаўнік кантралюе і ацэньвае іх працу, яны будуць актыўнымі і ўважлівымі на працягу ўсяго ўрока.
Вядома і тое, што арганізацыя і ўтрыманне ўвагі школьнікаў залежаць ад мовы настаўніка. Багатая, граматычна правільная, вобразная, эмацыянальная, не вельмі гучная мова мабілізуе ўвагу вучняў. Важна правільна выкарыстоўваць і класную дошку. Пры рашэнні задач, пісьме пажадана, каб вучань працаваў на тым баку дошкі, які не бачны іншым. Гэта прымусіць іх працаваць самастойна, а не спісваць. Такі від дзейнасці і наступнае абмеркаванне выканання задання садзейнічае не толькі ўтрыманню ўвагі, але і актыўнай рабоце вучняў усяго класа.
Пры паўтарэнні пройдзейнага матэрыялу вопытныя настаўнікі, каб утрымаць увагу школьнікаў, прапануюць ім задаваць пытанні адзін аднаму, даць водгук аб адказе, дапоўніць ці прааналізаваць яго і г.д. К канцу ўрока многія дзеці стамляюцца, іх увага пачынае рассейвацца. Вось чаму дамашнія заданні, асабліва цяжкія, трэба задаваць у сярэдзіне ўрока. У такім выпадку вучні добра засвояць заданне і будуць выконваць яго ўважліва.
Ад увагі дзяцей на ўроку залежыць і дысцыпліна, якая ў сваю чаргу істотна ўплывае на ўвагу. Таму побач з патрабаваннямі да школьнікаў павінна існаваць і ўмераная строгасць. Калі вучань паводзіць сябе на ўроку занадта вольна, не лічыцца з патрабаваннямі настаўніка, яго засяроджаннасць паступова і непрыкметна змяняецца рассеянасцю, сур’ёзныя адносіны да працы — забавамі і свавольствам. Важную ролю ў развіцці і выхаванні ўвагі адыгрывае індывідуальны падыход, заснаваны на глыбокім веданні асобы школьніка, яго характару, тэмпераменту, асаблівасцей мыслення, эмацыянальнай сферы, а таксама ўмоў жыцця і выхавання ў сям’і.
Такім чынам, арганізацыя ўвагі вучняў перш за ўсё залежыць ад самога настаўніка, яго падрыхтаванасці да ўрока. Акрамя таго педагог павінен пастаянна назіраць за вучнямі, адзначаць, вылучаць істотныя перамены, якія датычацца ўвагі, знаходзіць прычыны гэтых перамен і хутка рэагаваць на іх. Выхаванне ўвагі — гэта выхаванне уважлівасці, а ўважлівасць — рыса характару, якая мае сацыяльную значымасць, бо павышае культуру зносін паміж людзьмі.
Спіс выкарыстанай літаратуры
  1. Рапацэвіч,Я.С. Выхаванне ўвагі малодшага школьніка/ Я.С. Рапацэвіч//Пачатковая школа.­­­­ – 1998. – № 1-2. – С .9-10.- С. 10-12.
Запись опубликована в рубрике Технологии обучения и воспитания дошкольников и учащихся. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий