Сёння вельмі шмат увагі надаецца выкарыстанню інфармацыйных тэхналогій у школе. І гэта цалкам апраўдана тым, што ХХІ стагоддзе – гэта час хуткага распаўсюджання інфармацыі. Камп’ютары, як калісьці электрычныя прыборы, раптоўна ўварваліся ў нашу жыццядзейнасць і трывала замацаваліся ў ёй. Сучаснае дзіця жыве ў свеце электроннай культуры. Змяняецца і роля настаўніка: ён павінен стаць каардынатарам інфармацыйнага патоку. Настаўніку неабходна валодаць сучаснымі методыкамі і новымі адукацыйнымі тэхналогіямі, каб мець зносіны з вучнямі на адной мове.
Валоданне інфармацыйнымі тэхналогіямі ставіцца ў сучасным свеце ў адзін рад з такімі якасцямі, як уменне чытаць і пісаць. Чалавек, умела, эфектыўна валодаючы тэхналогіямі і інфармацыяй, мае іншы стыль мыслення, прынцыпова інакш падыходзіць да ацэнкі ўзніклай праблемы, да арганізацыі сваёй дзейнасці.
Сёння ў традыцыйную схему «настаўнік-вучань-падручнік» ўводзіцца новае звяно – камп’ютар, а ў школьную свядомасць – камп’ютарнае навучанне. Адной з асноўных частак інфарматызацыі адукацыі з’яўляецца выкарыстанне інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій у адукацыйных дысцыплінах.
Выкарыстанне ІКТ у адукацыйным працэсе дае педагогам дадатковыя дыдактычныя магчымасці:
- неадкладная адваротная сувязь паміж карыстальнікам і сродкамі ІКТ;
- візуалізацыя вучэбнай інфармацыі;
- мадэляванне і інтэрпрэтацыя інфармацыі;
- архіваванне, захаванне вялікіх аб’ёмаў інфармацыі з магчымасцю хуткага доступу да яе;
- аўтаматызацыя працэсаў вылічальнай, інфармацыйна-пошукавай дзейнасці;
- аўтаматызацыя працэсаў інфармацыйна-метадычнага забеспячэння, арганізацыйнага ўпраўлення вучэбнай дзейнасцю і кантролю за вынікамі засваення [1, с.38].
Пачатковая школа – фундамент, ад якасці якога залежыць далейшае навучанне дзіцяці. Вялікі педагог К.Д. Ушынскі пісаў: «Калі вы ўваходзіце ў клас, ад якога цяжка дабіцца слова, пачніце паказваць малюнкі, і клас загаворыць, а галоўнае, загаворыць свабодна…» [2, с.248]. Камп’ютар з’яўляецца прывабным стымулам для арганізацыі навучання. Экран прыцягвае ўвагу, чаго настаўнік часам не можа дасягнуць пры рабоце з класам. Выкарыстанне ІКТ дазваляе зняць высокую эмацыянальную напружанасць і ажывіць адукацыйны працэс, што асабліва важна з улікам псіхалагічных асаблівасцей дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Адметнасцю вучэбнага працэсу з прымяненнем ІКТ з’яўляецца тое, што цэнтрам дзейнасці становіцца вучань, які самастойна будуе працэс пазнання. Настаўнік выступае ў ролі кансультанта, які заахвочвае арыгінальныя знаходкі, стымулюе актыўнасць, ініцыятыву, самастойнасць.
А. Анастасіеў пісаў: “Новае пакаленне – гэта новы час. І не трэба цягнуць дзяцей у свой час. Трэба самаму вучыцца жыць тым часам, у якім сталеюць твае вучні” [3, с.52]. Пагэтаму усё часцей можна сустрэцца з тым, што у школьнай дзейнасці настаўніка крэйда і школьная дошка адыходзяць на задні план.
Прымяненне інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій у навучанні беларускай мове тлумачыцца неабходнасцю рашэння праблемы пошуку шляхоў і сродкаў актывізацыі пазнавальнай цікавасці вучняў, развіцця іх творчых здольнасцей, стымуляцыі разумовай дзейнасці.
У малодшым школьным узросце дзеці асабліва ўспрымальныя для засваення мовы. Таму важна не прапусціць найбольш зручны час для ўзбагачэння і пашырэння слоўнікавага запасу вучняў, фарміравання іх маўленчых навыкаў.
Разам з развіццём камунікатыўных уменняў малодшых школьнікаў у розных відах маўленчай дзейнасці, вялікая ўвага надаецца фарміраванню навыкаў валодання моўным матэрыялам. Паспяховае навучанне беларускай мове ў малодшым школьным узросце з’яўляецца асновай для развіцця ўменняў у вусным маўленні і чытанні на аснове моўнага матэрыялу і навыкаў, сфарміраваных на пачатковым этапе. Таму, на нашу думку, мэтазгодна выкарыстоўваць розныя навучальныя праграмы.
Напрыклад, для школ з рускай мовай навучання была распрацавана камп’ютарная праграма “Беларуская лексіка” (для вучняў 2-4 класаў для школ з рускай мовай навучання), якая прадугледжвае магчымасці прымянення інтарактыўных метадаў навучання з выкарыстаннем персанальных камп’ютараў.
Мэты праграмы:
- актывізацыя, узбагачэнне і пашырэнне слоўнікавага запасу вучняў;
- удакладненне значэння вядомых слоў;
- дапамога ў засваенні лексічнага мінімума, прадугледжанага праграмай;
- фарміраванне ўмення карыстацца слоўнікамі;
- развіццё маўленчага слыху і моўных здольнасцей вучняў;
- фарміраванне арфаграфічнай пісьменнасці;
- маўленчае развіццё дзяцей;
- развіццё пазнавальнай актыўнасці вучняў.
Камп’ютарная праграма распрацавана ў выглядзе ўрокаў-модуляў. Кожны ўрок змяшчае пэўную колькасць лексічных адзінак, аб’яднаных агульнай мэтай. Паслядоўнасць работы наступная: прэзентацыя матэрыялу, замацаванне шляхам выканання трэніровачных практыкаванняў і кантроль.
Для кожнага ўрока распрацавана сістэма практыкаванняў на замацаванне вучэбнага матэрыялу. Большая частка заданняў спрыяе развіццю чытацкіх здольнасцей вучняў, стымулюе іх самастойны пошук. Праграма ўтрымлівае руска-беларускі і беларуска-рускі слоўнікі [4,с.8].
Яшчэ адным важным сродкам навучання з’яўляецца праграма “Гуляй і вучыся”. Праграма прызначана для вучняў пачатковых класаў.У цікавай і займальнай форме дзеці могуць зрабіць вясёлае падарожжа ад літары «А» да «Я», на працягу якога яны будуць рашаць красворды і рэбусы, разгадваць загадкі і галаваломкі, перакладаць словы з рускай мовы на беларускую і многае іншае.
Праграма “Гуляй і вучыся” дасць магчымасць школьнікам праверыць свае здольнасці – знаходлівасць, кемлівасць, увагу, назіральнасць, памяць. Яна пашырыць веды вучняў і дапаможа яшчэ больш палюбіць родную мову.
Праграма “Электронны сродак навучання 2-4 класы” прызначана для арганізацыі заняткаў з вучнямі 2-4 класаў з мэтай выпрацоўкі трывалых арфаграфічных навыкаў.
“Электронны сродак навучання” ўключае:
- моўныя паняцці і арфаграфічныя правілы ў адпаведнасці з праграмай па беларускай мове для 2-4 класаў;
- прэзентацыі да кожнага раздела курса;
- тэставыя заданні, накіраваныя на выпрацоўку навыкаў рашэння арфаграфічных задач.
Калі вучні з цяжкасцямі ўспрымаюць праграмны матэрыял па беларускай мове, у іх няма жадання вучыць родную мову ні дома, ні на ўроку, можна выкарыстаць праграму «Электронны трэнажор па беларускай мове. 3 клас». Кожная прэзентацыя напоўнена незвычайнымі, творчымі заданнямі і гульнямі, дзякуючы якім дзеці з цікаўнасцю і захапленнем прымуцца за працу – вывучэнне роднай мовы. На шляху пазнання яны сустрэнуць мноства складаных, але вельмі займальных заданняў, якія будуць садзейнічаць лёгкаму засваенню праграмнага матэрыялу .
Яшчэ адной з найбольш удалых формаў прадстаўлення навучальнага матэрыялу на ўроках у пачатковай школе з’яўляюцца мультымедыйныя прэзентацыі.
Мультымедыйная прэзентацыя – унікальны і самы сучасны ў цяперашні час спосаб прадастаўлення нагляднай інфармацыі.Яшчэ К.Д. Ушынскі заўважыў: “Дзіцячая прырода патрабуе нагляднасці”.
Прэзентацыя дае магчымасць настаўніку скампанаваць навучальны матэрыял, зыходзячы з асаблівасцей пэўнага класа, тэмы, прадмета.У сваю чаргу вучняў прываблівае навізна ўрокаў.Яны становяцца больш актыўнымі, у іх з’яўляецца інтарэс да вывучаемага матэрыялу, яны гатовы выконваць дадатковыя заданні, хочуць дасягнуць больш высокага выніку. Аднак пры стварэнні прэзентацый для дзяцей малодшага школьнага ўзросту неабходна прытрымлівацца пэўных правіл і патрабаванняў [5, с.53].
Такім чынам, камп’ютар дае магчымасць рэалізаваць дыферэнцыраваны падыход да навучання. У камп’ютарныя праграмы можа быць закладзены вялікі масіў моўнага матэрыялу, размеркаваны па варыянтах. Галоўная задача выкарыстання дыдактычнага матэрыялу, прадстаўленага ў тым або іншым варыянце ў камп’ютарных праграмах, – дасягнуць такой якасці ведаў, якой будзе неабходна і дастаткова для аўтаматызацыі навыка граматнага пісьма кожнага вучня. Акрамя таго, камп’ютар не толькі паказвае на памылкі, добразычліва ацэньвае працу, але і актывізуе творчы патэнцыял вучняў, добра ўплывае на іх матывацыю.
Камп’ютар стварае ўмовы для індывідуалізацыі працэсу навучання, павышае матывацыю, садзейнічае фарміраванню навыкаў самастойнай працы ў малодшых школьнікаў. Гэта своеасаблівы электронны рэпетытар, які дапаможа хутка і эфектыўна пашырыць слоўнікавы запас вучняў, павысіць узровень пісьменнасці, паўтарыць правілы, праверыць свае веды.
Літаратура
-
Антановіч, Н.М. Выкарыстанне электронных адукацыйных рэсурсаў у навучанні арфаграфіі вучняў пачатковых класаў / Н.М. Антановіч // Пачатковая школа. – – №7. – С.38–42.
-
Цыркун, І.І. Інавацыйная адукацыя педагога: на шляху да прафесійнай творчасці : дапаможнік / І. І. Цыркун, А. І. Карповіч. – Мінск : БДПУ, 2006. – С. 247 – 250.
-
Михайловская, И.С. Информационные технологии в начальной школе. Ресурсы развития качества образовательного процесса/ И.С.Михайловская// Пачатковая школа. – – № 11. – С. 52–53.
-
Васільева, І.М. Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у працэссе навучання малодшых школьнікаў беларускай мове / І.М. Васільева // Пачатковая школа. – – №1. – С.7–10.
-
Чумакова, А.П. Использование мультимедийных презентаций в начальных классах / А.П. Чумакова // Пачатковае навучанне : сям’я, дзіцячы сад, школа. – – № 12. – С.53–55.