^ Вверх

УДК 378.14.014.13.

 

Якусік Т.І.

 

магістрант 1 курса педагагічнага факультэта

Установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт ім. Я. Купалы»

 

(навуковы кіраўнік – Капалыгіна І.І., дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат педагагічных навук, дацэнт)

 

РОЛЯ БЕЛАРУСКІХ НАРОДНЫХ ГУЛЬНЯЎ У ФАРМІРАВАННІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ САМАСВЯДОМАСЦІ ДАШКОЛЬНІКАЎ

 

Анатацыя. У артыкуле ідзе гаворка аб фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці ў вучняў пачатковай школы. Разглядаюцца шляхі і спосабы павышэння ўзроўню нацыянальнай самасвядомасці ў дадзенай групы навучэнцаў.

 

Нацыянальная самасвядомасць – сукупнасць уяўленняў, пачуццяў і ведаў чалавека аб сваёй прыналежнасці да пэўнай нацыі, а таксама аб сваім месцы і ролі ў жыцці роднага народа. У сучасным грамадстве праблема далучэння дзяцей да сваёй нацыянальнай культуры набывае асаблівую актуальнасць у сувязі з ростам нацыянальнай самасвядомасці, імкненнем пазнаць  культуру, традыцыі і гісторыю свайго народа.

Дашкольны узрост – найбольш спрыяльны перыяд у далучэнні дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры. Менавіта на гэтым жыццёвым этапе закладаюцца першапачатковыя маральныя, этычныя ўяўленні, узнікае цікавасць да з’яў сацыяльнай рэчаіснасці, да гісторыі сваёй Радзімы, краю, дзе яны жывуць [1]. Веданне гісторыі народа, яго культуры, традыцый дапаможа ў далейшым з павагай і цікавасцю ставіцца да культурных традыцый іншых народаў. У кожнага народа свае казкі, песні, танцы, гульні, і ўсе яны перадаюць з пакалення ў пакаленне асноўныя маральныя каштоўнасці: дабро, сумленне, гонар, дружбу, узаемадапамогу, працавітасць. Такім чынам, далучэнне дзіцяці да народнай культуры неабходна пачынаць з дзяцінства, дзе закладаюцца асноўныя паняцці і прыклады паводзін.

Беларускі нацыянальны фальклор – адзін з самых багатых у славянскім свеце. Ён насычаны педагагічным вопытам і народнай мудрасцю. Талерантнасць, памяркоўнасць, дабрадзейнасць паступова сталі адметнымі рысамі беларусаў. Больш за тое, яны суседнічаюць з такімі якасцямі, як асабістая годнасць, мэтанакіраванасць, актыўнасць. Беларускія народныя гульні – адзін з самых старажытных і арыгінальных сродкаў выхавання. Яны прыйшлі да нас з глыбінь стагодзяў, перадаюцца з пакалення ў пакаленне і цесна звязаны з навакольным асяродзем, бытам і працоўнай дзейнасцю людзей,іх вераваннямі раскрываюць характар, звычкі і традыцыі беларусаў. Аб гэтым сведчаць назвы гульняў : «Заінька», «Воўк і авечкі», «Агароднік», Паляванне на лісаў» і г. д. Як правіла, беларускія народныя гульні – рухомыя [2]. Разам з тым, на гульні можна паглядзець, і з пункту гледжання педагогікі і псіхалогіі, як сродкі адукацыі і выхавання. У дадатку да ўсяго, гэта і выдатны спосаб умацаваць свой дух, сваё цела, развіць працэсы мыслення, фантазёрства, праяўляць кемлівасць і вытрымку.

Вельмі карысным даследаваннем беларускай народнай гульні з'яўляецца праца Уладыслава Козлоўшчыкава «Аб дзіцячым выхаванні беларусаў». Аўтар асаблівае значэнне надае авалоданню духоўна-маральнымі каштоўнасцямі сваіх продкаў, развіццю іх фізічнай і духоўнай сілы.. Робячы гістарычны ракурс ў мінулае, даследчык звяртае ўвагу на старажытныя славянскія ігрышчы.

«Калі вы хочаце даведацца пра душу народа, прыгледзіцеся, як і чым гуляюць яго дзеці» – сапраўды вялікі сэнс утрымлівае вядомае выслоўе. Гульня – гэта дзейнасць, з дапамогай якой дзеці ўпершыню ўступаюць у зносіны з аднагодкамі. Ёй належыць галоўнае месца ў жыцці дзіцяці. Гэта асноўная форма яго дзейнасці, змест жыцця. Без гульні не мысліцца дзяцінства.

Народная гульня – найважнейшы сродак перадачы багацця традыцый з аднаго пакалення ў другое. З дапамогай гульні дашкольнікі пазнаюць навакольную рэчаіснасць, засвайваюць звычаі, традыцыі, абрады свайго народа, а таксама авалодваюць неабходнымі для жыцця ўменнямі і навыкамі . Удзельнічаючы ў гульнях, дзеці спазнаюць не толькі матэрыяльную, але і духоўную культуру свайго народа, пранікаюцца яго духам. Акрамя таго, народныя гульні, далучаючы дзяцей да нацыянальнай культуры, заражаюць іх станоўчымі эмоцыямі. Усе калектыўныя народныя гульні вучаць дзяцей уважліва ставіцца да партнёраў па гульні, знаходзіць агульную мову, гэта фарміруе ў дашкольнікаў здольнасць да разумення, сацыяльнага адчування іншага чалавека, здольнасць да супрацоўніцтва. Так як народныя гульні мяркуюць ўдзел вялікай колькасці дзяцей, то, само сабой, у іх выкарыстоўваецца харавы спеў, які найлепшым чынам спрыяе развіццю ў дзяцей музычных здольнасцяў, садзейнічае росту цікавасці да народнай музыкі, песні [1].

Выкарыстоўваючы народныя гульні ў вучэбна-выхаваўчым працэсе, мы распавядаем дзецям пра жыццё народа, паказваем ілюстрацыі, якія адлюстроўваюць культуру народа, прадметы побыту і мастацтва. Для дзяцей цікавыя гульні, якія адлюстроўваюць традыцыйныя звычаі народа. Гульня, як эфектыўны інструмент выхаванне знайшла сваё прызначэнне, ярка ўпісалася ў святочна-абрадавую культуру Беларусі. Народная гульня стала паўнапраўным элементам святочных мерапрыемстваў. Але на вялікі жаль, творчы і выхаваўчы патэнцыял народных гульняў у сучаснай святочнай культуры Беларусі рэалізуецца не ў поўным аб'ёме. Праз беларускія народныя гульні мы далучаем дзяцей да нацыянальнгай культуры, тым самым фарміруем нацыянальную самасвядомасць, пачуццё любові да Радзімы, глыбокага пазнання спадчыны сваіх продкаў.

 

Спіс літаратуры

  1. Ермакова, З.І. Шабека, В.М. Беларускія гульні ў дзіцячым садзе / З.І. Ермакова В.М. Шабека. – Мінск : Народная асвета, 1987.
  2. Дуброва, В.П. Адраджэнне нацыянальных традыцый у дзіцячым садзе / В.П. Дуброва, В.П. Мілашэвіч, Л.Ф. Саучанка. – Віцебск, 1994.