^ Вверх

УДК 373.3:004

Бойка М.П.

 

студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта

Установы адукацыі «Гродзенскі Дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы»

 

(навуковы кіраўнік – Крофта Г.У., дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат філалагічных навук)

 

ВЫКАРЫСТАННЕ МЕТАДУ ПРАЕКТАЎ НА ЎРОКАХ ЛІТАРАТУРНАГА ЧЫТАННЯ Ў ПАЧАТКОВАЙ ШКОЛЕ

 

Анатацыя. У артыкулу разглядаецца праблема сацыялізацыі асобы з выкарыстаннем сродкаў адукаціі. Увага надаецца праектнаму падыходу, які забяспечвае асобаснае і пазнавальнае развіццё вучняў.

 

Праблема сацыялізацыі асобы, фарміравання асноўных уменняў, непасрэдна звязаных з жыццём і дзейнасцю чалавека ў соцыуме, патрабуюць пошуку новых мадэляў, тэхналогій і канцэпцый навучання. Вядучае месца сярод іх адводзіцца праектнаму падыходу, які забяспечвае асобаснае і пазнавальнае развіццё вучняў. Адным са спосабаў развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў з'яўляецца ўдзел у распрацоўцы праектаў. Праектная дзейнасць дапамагае авалодваць універсальнымі навучальнымі дзеяннямі і уменнямі, неабходнымі для арыентавання ў інфармацыйнай прасторы, для паспяховай інтэграцыі ў соцыуме.

Праект – гэта метад навучання, які можа быць выкарыстаны ў вывучэнні любога прадмета, можа прымяняцца на ўроках і ў пазакласнай рабоце. Ён арыентаваны на дасягненне мэт саміх вучняў, і таму ён унікальны. Праект дае неабходны школьнікам вопыт дзейнасці.

Метад праектаў арыентаваны на самастойную дзейнасць вучняў. Пры гэтым нельга забываць, што дасягненне сапраўды творчага выніку немагчыма без сур'ёзна арганізаванага працэсу навучання. У працы над навучальным праектам дзеці атрымліваюць новыя веды, але гэтага можна дасягнуць, толькі абапіраючыся на раней набытыя, а таксама на агульныя навучальныя і прадметныя ўменні.

Метад праектаў рыхтуе школьнікаў да самастойнага планавання і рэалізацыі сваіх мэтаў. Нельга не пагадзіцца са словамі: «Усё наша жыццё – шэраг розных праектаў. Задача настаўніка навучыць дзіця планаваць і паспяхова рэалізоўваць свае жыццёвыя праекты» [1].

Навучальны праект – дыдактычны сродак, які дазваляе вучыць мэтанакіраванай дзейнасці [2].

Стварэнне праектаў у пачатковых класах – гэта даволі праблематычна, таму што дзеці яшчэ занадта малыя, у іх мала вопыту (чытацкага, навучальнага, пошукавага). Але ўсё ж арганізаваць праектную дзейнасць можна.

Для прадуктыўнай праектна-вучэбнай дзейнасці малодшым школьнікам неабходна яшчэ і асаблівая гатоўнасць, «сталасць», якая заключаецца ў наступным.

Па-першае, гэта сфарміраванасць ў вучняў шэрагу камунікатыўных уменняў, якія ляжаць у аснове эфектыўных сацыяльна-інтэлектуальных узаемадзеянняў ў працэсе навучання, да якіх адносіцца:  уменне пытацца, уменне кіраваць голасам, уменне выказваць свой пункт гледжання,  уменне дамаўляцца.

Другім паказчыкам гатоўнасці малодшых школьнікаў да праектнай дзейнасці выступае развіццё мыслення вучняў, пэўная «інтэлектуальная сталасць». Перш за ўсё маецца на ўвазе сфарміраванасць абагульненасці разумовых дзеянняў як інтэгратыўнай характарыстыкі, якая ўключае ў сябе:

  • развіццё аналітыка-сінтэтычных дзеянняў;
  • сфарміраванасць алгарытму параўнальнага аналізу;
  • уменне вылучаць істотныя прыкметы;
  • магчымасць вылучаць агульны спосаб дзеянняў;
  • перанос агульных спосабаў дзеяння на іншыя навучальныя задачы.

Да «інтэлектуальнай сталасці» таксама адносіцца наяўнасць у малодшых школьнікаў такіх якасцей мыслення, як гнуткасць, варыятыўнасць і самастойнасць.

У якасці трэцяга паказчыка гатоўнасці малодшых школьнікаў да эфектыўнай праектнай дзейнасці вызначаецца вопыт разгорнутай, змястоўнай, дыферэнцыраванай самаацэначнай і ацэначнай дзейнасці, якая спрыяе фарміраванню ў дзяцей наступных неабходных уменняў:

  • адэкватна ацэньваць сваю працу і працу аднакласнікаў;
  • абгрунтавана і добразычліва ацэньваць як вынік, так і працэс вырашэння вучэбнай задачы з акцэнтам на станоўчае;
  • вылучаючы недахопы, рабіць канструктыўныя прапановы, заўвагі.

Існуюць наступныя прынцыпы арганізацыі праектнай дзейнасці:

  1. праект распрацоўваецца па ініцыятыве вучня; тэма праекта для ўсяго класа можа быць адна, а шляхі яго рэалізацыі ў кожнай групе – розныя; магчыма адначасовае выкананне вучнямі розных праектаў;
  2. праект з'яўляецца значным для бліжэйшага і апасродкаванага акружэння вучняў – аднакласнікаў, бацькоў, знаёмых;
  3. работа па праекце з'яўляецца даследчай;
  4. праект педагагічна значны, таму што вучні набываюць веды, будуюць адносіны. авалодваюць неабходнымі спосабамі мыслення і дзеянняў;
  5. праект загадзя спланаваны, сканструяваны, але разам з тым дапускае гнуткасць і змены ў ходзе выканання;
  6. праект арыентаваны на рашэнне канкрэтнай праблемы, яго вынік мае спажыўца;
  7. праект рэалістычны, арыентаваны на наяўныя ў распараджэнні школы рэсурсы.

Назва, колькасць, паслядоўнасць, змест і стыль структурных элементаў праекта фармулююцца на аснове канкрэтных мэтаў і задач [3, с.42].

Роля настаўніка заключаецца ў дапамозе вучням у пошуку патрэбных крыніц, інфармаванні вучняў, каардынацыі ўсяго працэсу, заахвочванні вучняў, падтрымцы зваротнай сувязі.

Праца над праектам стымулюе сапраўднае вучэнне саміх вучняў.  Пры  гэтым выкарыстоўваюцца  асобасна-арыентаваны, даследчы, сістэмны і іншыя дыдактычныя падыходы. Узрастанне цікавасці і ўцягнутасць у работу па меры яе выканання адбываецца праз матывацыю да дзейнасці. Таксама  падтрымліваюцца  педагагічныя мэты на ўсіх узроўнях, што дазваляе  вучыцца на сваім вопыце і вопыце іншых. Як вынік – задавальненне вучняў, якія бачаць прадукт сваёй працы. 

Пры стварэнні праекта вучні могуць сустрэцца з рознымі цяжкасцямі. Напрыклад, ім цяжка паставіць вядучыя і бягучыя (прамежкавя) мэты і задачы пошуку шляхоў іх рашэння, ажыццявіць аптымальны выбар пры наяўнасці альтэрнатыў. Складанасці ўзнікаюць і пры аргументацыі выбару, параўнанні атрыманага выніку з патрабаваным, карэкціроўцы (пры неабходнасці) выніку. Дзецям складана аб'ектыўна ацаніць саму дзейнасць.[4, с.27]

Існуюць наступныя этапы рэалізацыі праекта (па Е.Г. Кагараву):

1.​ Складанне плана.

2.​ Выкананне праекта:

а) збор канкрэтных фактаў, якія самастойна назіралі і вывучалі;

б) групоўка матэрыялу і ўстанаўленне агульных палажэнняў;

в) прымяненне атрыманых ведаў на практыцы.

3. Падвядзенне вынікаў: калектыўнае абмеркаванне, ацэнка работы, складанне справаздачы.

На ўроках літаратурнага чытання можна распрацоўваць праеты на розныя тэмы: «Мой любімы твор», Мой любімы пісьменнік (паэт)», «Беларускія народныя казкі» і інш.

У 4 класе  пры знаёмстве з творамі пра вайну можна стварыць праект «Беларусь памятае». Тэма вайны актуальная і па сёняшні день. Захаванне памяці пра яе з’яўляецца часткай грамадзянска- патрыятычнага выхавання. Дзеці павінны памятаць гісторыю свайго народа, ведаць герояў. Таму тэма праекта вельмі значная для выхавання вучняў. Настаўнік дзеліць вучняў на групы. Групы атрымліваюць заданні: адна група шукае вершы пра вайну, другая – апавяданні, трэцяя – самастойна складае вершы на ваенную тэматыку. Настаўнік разам з вучнямі стварае план работы для кожнай  групы. Ён кантралюе творчы працэс, пры неабходнасці аказвае дапамогу дзецям. Да гэтай работы можна прыцягнуць бацькоў, бабуль і дзядуль (прабабуль і прадзядуль), якія могуць расказаць пра гэтыя страшныя падзеі. Затым ствараецца кніга, у якую і змяшчаюцца ўсе знойдзеныя і прыдуманыя самастойна творы.

У 2 класе вучні знаёмяцца з вершам В. Віткі «Вялікдзень». Затым распрацоўваецца праект «Свята Вялікдзень». Вучні дзеляцца на групы. Кожная група атрымлівае сваё заданне: 1-ая група шукае інфармацыю пра гісторыю ўзнікненне свята, яго назвы; 2-ая група знаёміцца с традыцыямі гэтага свята; 3-ая група займаецца пошукам твораў пра Вялікдзень у творчасці іншых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Настаўнік сочыць за працай вучняў, дапамагае ім. Бацькі таксама могуць унесці свой уклад (дапамагаць пры пошуку інфармацыі). Усю сабраную інфармацыю вучні прыносяць настаўніку, які  стварае прэзентацыю. Праект дэманструецца вучням пачатковых класаў.

Такім чынам, праектная дзейнасць забяспечвае развіццё пазнавальных навыкаў вучняў, умення самастойна канструяваць свае веды, арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы. Праектная дзейнасць арыентуе навучэнцаў на калектыўную, групавую, парную і індывідуальную дзейнасць. У ходзе работы над праектамі вучні набываюць камунікатыўныя ўменні. Праца над праектамі спрыяе ўменню планаваць і арганізоўваць сваю дзейнасць, пашырае кругагляд вучняў, стварае ўмовы для праяўлення самастойнасці і ініцыятыўнасці, развівае творчыя здольнасці.

 

 

Спіс літаратуры

  1.  Конеева, Г.М. Актуальность метода проектов, особенности его применения в начальной школе/ Г.М. Конеева [Электроный ресурс]. – Режим доступа http://nsportal.ru/nachalnaya-shkola/materialy-mo/2015/03/30/aktualnost-metoda-proektov-osobennosti-ego-primeneniya-v.– Дата доступа : 09.05.2017
  2. Шабалина, Н.Д. Учебный проект на уроках литературного чтения / Н.Д. Шабалина [Электроный ресурс]. – Режим доступа http://rmo-msk.ru/proektno-issledovatelskaya-rabota/2016-08-24/uchebnyy-proekt-na-urokakh-literaturnogo-chteniya. – Дата доступа : 09.05.2017
  3. Пахомова, Н.Ю. Проектное обучение — что это? / Н.Ю. Пахомова // Методист. – 2004. – № 1. – С. 42.
  4. Колычева, Л.Б. Метод проектов на уроках литературного чтения / Л.Б. Колычева // Начальная школа. – 2011 . – № 2 . – 26–28.