УДК 373.3:004
Кузняцова А.М.
студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта
Установы адукацыі «Гродзенскі Дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы»
(навуковы кіраўнік – Тамашэвіч З. М., дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат філалагічных навук)
ВЫКАРЫСТАННЕ ПРЫКАЗАК У ДЫДАКТЫЧНЫХ ГУЛЬНЯХ ПА РАЗВІЦЦІ МАЎЛЕННЯ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Аннотация. В статье рассматриваются способы развития речи у школьников. Анализируется метод использования присказок, используемых в игнровой форме на уроках беларускай мовы.
У кожным класе праводзіцца пэўная работа па развіцці звязнага маўлення вучняў. Яна мае на мэце арганізацыю іх актыўнай моўнай дзейнасці: засваенне літаратурнага вымаўлення, пашырэнне слоўнікавага запасу, уменне карыстацца словамі з блізкім і супрацьлеглым значэннем, уменне аднаўляць дэфармаваныя тэксты, уменне пераказваць пачутыя апавяданні і казкі, авалоданне граматычным ладам мовы.
Слоўнікавая работа – адзін з важнейшых відаў работы па развіцці маўлення вучняў. Школьнай практыцы вядомы наступныя практыкаванні, якія садзейнічаюць актывізацыі слоўніка вучняў:
- Запісванне слова ў слоўнік, складанне з ім словазлучэнняў і сказаў (у тым выпадку, калі слова мнагазначнае, ужываецца ў некалькіх або нават ва ўсіх яго значэннях).
- Падбор да новага слова сінонімаў або антонімаў.
- Складанне сказаў з новымі словамі.
- Работа з тлумачальным слоўнікам.
- Падрыхтоўка пераказаў, блізкіх да тэксту. Ставіцца задача ўжываць словы, значэнне якіх растлумачана.
- Завучванне на памяць урыўкаў прозы, вершаў ці асобных сказаў з апавядальнымі словамі. Папярэдне праводзіцца аналіз іх зместу.
- Складанне невялікіх апавяданняў, напісанне творчых дыктантаў.
- Напісанне пераказаў і сачыненняў, у якія вучні павінны ўключыць новыя словы[1, с. 329].
Але навучанне павінна быць цікавым і займальным. Адным з эфектыўных сродкаў, які дапамагае школьнікам засвойваць новыя веды, замацоўваць шматлікія ўменні і навыкі, развіваць цікавасць да навучальнага прадмета, развіваць маўленне вучняў з'яўляецца дыдактычная гульня. Амаль што ўсе гэтыя практыкаванні можна праводзіць як гульні і гульнявыя сітуацыі. Існуе нямала гульняў, у якіх настаўнікі выкарыстоўваюць прыказкі.
Прыказкі - шырока распаўсюджаны жанр вуснай народнай творчасці. Іх часта называюць залатымі зернямі, маленькімі жамчужынамі, скарбам народнай мудрасці і народнай філасофіі. На працягу многіх стагоддзяў прыказкі перадаваліся з пакалення ў пакаленне як спадчына калектыўнага розуму. У іх адлюстравана ўсё шматграннае жыццё народа з яго нястомнай барацьбой, горам і радасцю. У яркіх і вострых афарызмах народ выказваў свой погляд на навакольнае жыццё, прыроду, грамадства, гістарычныя падзеі і сямейныя адносіны, сваё разуменне маральных правілаў і нормаў[2, с. 3].
З дапамогаю прыказкі можна вывесці правіла, даць ацэнку падзеям, характарыстыку людзям, зрабіць вывад, абагульненне. [3, с. 9]
Спынім увагу на дыдактычных гульнях, у якіх выкарыстоўваюцца прыказкі, з падборам і вызначэннем сінонімаў і антонімаў.
Пры вывучэнні тэмаў “Антонімы”, “Сінонімы”, “Назоўнік”, “Прыметнік”, Дзеяслоў” у 3 класе мэтазгодна выкарыстоўваць словы з супрацьлеглым і блізкім значэннем, якія дазваляюць папаўняць слоўнікавы запас вучняў.
Гульня “Словы згубіліся”
У заданні трэба здагадацца, як правільна ў змесце прыказак расставіць словы вялікі - малы, каб яны мелі павучальны сэнс і правільна дапасаваліся да назоўнікаў.
За … пагонішся – і … згубіш.
З … хмары … дождж.
… жук, ды … гук.
… дзеткі - … бедкі, … дзеткі - … бедкі.
Гульня “Знайдзі антонімы”
У такіх заданнях вучні растлумачваюць сэнс прыказак і знаходзяць антонімы. Прыказкі можна падзяліць на некалькі груп, у залежнасці ад таго, якой часцінай мовы з'яўляюцца словы-антонімы.
Самая лепшая абарона – нападзенне (абарона – нападзенне).
Багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца (багаты – бедны).
Мір будуе, а вайна руйнуе (мір – вайна, будуе – руйнуе).
Вучэнне – святло, а невуцтва – цемра (вучэнне – невуцтва, святло – цемра).
Добрая слава на паліцы ляжыць, а благая па дарожцы бяжыць (добрая – благая).
Родная старонка - маці, чужая – мачаха (родная – чужая, маці – мачаха).
Новага шчасця шукай, а старога не траць (новага – старога).
Маленькая хлусня за сабой вялікую вядзе (маленькая – вялікую).
Як прыйшло, так і сышло (прыйшло – сышло).
Умееш сварыцца, навучыся і мірыцца (сварыцца – мірыцца).
Гульня «Знайдзі і спалучы»
Вучні павінны злучыць прыказкі з іх тлумачэннем.
Бацькоў слухаць – |
Гаворыцца, калі папярэджваюць |
Гульня “Падбяры і растлумач”
Настаўнік загадзя вывешвае на дошку прыказкі рознай тэматыкі. Дзеці чытаюць прыказку, тлумачаць яе сэнс і вызначаюць, да якой тэматычнай групы яна мае дачыненне і падбіраюць прыказкі на патрэбную тэму.
Напрыклад, вучні чытаюць і вызначаюць сэнс прыказкі “У чужой старонцы не так свеціць сонца” (У чужой мясцовасці ўсё здаецца нязвыклым, чужым; успамінаецца свая ласкавая радзіма.) Падбіраюцца прыказкі на тэму радзіма:
- Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы.
- Родная зямелька як зморанаму пасцелька.
- Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка.
- Родная старонка - маці, чужая – мачаха.
Выкарыстанне настаўнікам разнастайных форм работы з прыказкамі дапаможа паказаць вучням іх значэнне, навучыць дзяцей ужываць прыказкі ў штодзённым жыцці для падмацавання сваіх думак, меркаванняў, ажыўлення і ўпрыгожвання сваёй гаворкі [3, c. 9].
Такім чынам, выкарыстанне дыдактычных гульняў з прыказкамі і прымаўкамі накіраваных на развіццё маўлення малодшых школьнікаў на ўроках беларускай мовы садзейнічае развіццю маўлення вучняў, павышае цікавасць да прадмета, дапамагае выхоўваць асабістыя якасці чалавека.
Спіс літаратуры
- Методыка выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах: Вучэб. дапаможнік для фак. педагогікі і методыкі пачатковага навучання пед. ін-таў / Я.М. Івашуціч [і інш.]; пад рэд. А.П. Шанько. – Мінск: Выш. шк., 1986. – 408с.
- Жигулёв, А.М. Русские народные пословицы и поговорки / А.М. Жигулёв. – 3-е изд. – Удмуртия: Удмуртия, 1986. – 512 с.
- Тамашэвіч, З.М. Вывучэнне прыказак на ўроках літаратурнага чытання / З.М. Тамашэвіч // Пачатковая школа. – 2006. – № 8. – С. 9–10.