УДК 373.3
Котава М.А.
студэнтка 5 курса педагагічнага факультэта
Установы адукацыі «Гродзенскі Дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы»
(навуковы кіраўнік – Лапкоўская А.М., дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат філалагічных навук, дацэнт)
ТЭХНАЛОГІЯ АРГАНІЗАЦЫІ САМАСТОЙНАЙ РАБОТЫ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ
Аннотация. В данной статье затрагиваются вопросы организации самостоятельной работы у учащихся І ступени общего среднего образования. Автор статьи обращает внимание на важность умения учащимися работать самостоятельно и описывает технологию модульного обучения.
Змены сучаснага грамадства ставяць новыя патрабаваннi да сiстэмы адукацыi: Беларусi патрэбныя людзi, здольныя прымаць нестандартныя рашэннi, якiя могуць творча мыслiць. У законе Рэспублiкi Беларусь «Аб адукацыi» падкрэслiваецца задача ўсебаковага развiцця асобы вучня, неабходнасць фармiравання творчых здольнасцей, стварэння спрыяльных умоў для гарманiчнага развiцця. Гарманiчнаму развiццю творчай асобы спрыяе ўключэнне вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў творчую дзейнасць на ўроку беларускай мовы. Менавiта таму ўзнiкае неабходнасць у пошуку тэхналогій, якiя дазваляюць фармiраваць у школьнiка ўменне самастойна завойваць новыя дасягненнi навукi i тэхнiкi, выхоўваць у яго патрэбу да самаадукацыi.
Канчатковай мэтай фармiравання вучэбнай дзейнасцi з’яўляецца станаўленне вучня, калi ён можа самастойна ставiць мэту дзейнасцi, здабываць неабходныя для рашэння мэты веды i спосабы дзейнасцi, калi ён можа планаваць сваю дзейнасць, суадносiць атрыманыя вынiкi з пастаўленай мэтай, гэта i значыць самастойна ажыццяўляць вучэбную дзейнасць.
Развiццё пазнавальнай самастойнасцi вучняў залежыць ад тэхналогіі навучання. Адным з навучальных прыёмаў, якiя выхоўваюць навыкi самастойнай работы, з’яўляецца выкладанне матэрыялу настаўнiкам па ўзоры. Эфектыўнасць самастойнай работы перш за ўсё залежыць ад характару задання. Зыходзячы з граматычнага матэрыялу, настаўнiк можа даваць фанетычныя, марфалагiчныя, сiнтаксiчныя i слоўнiкавыя самастойныя работы.
Заданні для самастойнай работы абавязкова суправаджаюцца тлумачэннямі настаўніка. Павышэнне ступені самастойнасці школьнікаў у вучэбнай дзейнасці садзейнічае павышэнню ведаў, якія прадугледжваюць пераход ад унутрана-прадметных сувязей да міжпрадметных. Павышэнне ступені самастойнасці дасягаецца за кошт такой пабудовы навучання, у працэсе якога ажыццяўляецца пераход ад загаду настаўніка да пошуку ведаў. Ступень самастойнасці вучняў будзе расці ў тым выпадку, калі яны будуць пераходзіць ад авалодвання дзеянняў у гатовым выглядзе да самастойнага адкрыцця.
Для абуджэння творчай актыўнасці і самастойнасці на ўроках неабходна ствараць і вырашаць праблемныя сітуацыі. Пасiўнасць некаторых школьнiкаў пры вывучэннi новага матэрыялу часцей за ўсё абумоўлена тым, што яны не падрыхтаваны да такога ўспрымання, а значыць i да актыўнага ўдзелу ў рабоце. У такiм выпадку практыкуюцца iндывiдуальныя заданнi.
Павышэнне ступенi самастойнасцi ў пачатковых класах ажыццяўляецца наступным чынам: на першых парах настаўнiк i тлумачыць, i паказвае дзецям, што i як рабiць. Пры паўторных практыкаваннях ён менш гаворыць сам, а больш прыцягвае вучняў да тлумачэння. У далейшым кожны вучань працуе самастойна, настаўнiк дае толькi тэкст для задання, гаворыць нумар практыкавання з падручнiка.
Ужо ў пачатковых класах неабходна фармiраваць у вучняў уменнi i навыкi самастойнай работы, узбройваць iх прыёмамi i метадамi, якiя дапамогуць iм авалодаць ведамi. Звычайна самастойнасць разумеюць як асобую форму арганiзацыi работы, калi вучань адзiн, без дапамогi iншых, спраўляецца з выкананнем якой-небудзь задачы. Удумлiвы настаўнiк не толькi ў поўнай меры выкарыстоўвае карысныя заданнi, прапанаваныя аўтарамi падручнiка, але калi-небудзь вiдазмяняе гэтыя заданнi i ўводзiць свае дадатковыя. Ён iмкнецца павысiць ступень самастойнасцi вучняў, заставiць iх актыўна мыслiць пры чытаннi твора. У сваю чаргу мыслiцельная актыўнасць залежыць ад таго, як падбiраюцца, прадумваюцца i даюцца вучням пытаннi i заданнi. Вучнi вельмi адстаюць у развiццi мыслення, таму што некаторыя настаўнiкi абмяжоўваюцца прымiтыўнымi i шаблоннымi заданнямi, якiя не стымулююць актыўнага мыслення дзяцей.
Каб работа вучняў не зводзiлася да механiчнага завучвання матэрыялу падручнiка, неабходна паказваць у заданнях, якiя яны павiнны выканаць лагiчныя аперацыi. Фармiраванне ўменняу i навыкаў самастойнай работы ў пачатковых класах мае вельмi важнае значэнне для ўсяго наступнага развiцця школьнiкаў. Трэба сказаць, што ў пачатковых класах перадавыя настаўнiкi дабiваюцца ў рашэннi гэтай задачы значных поспехаў.
Самастойная работа павiнна: 1) адпавядаць вучэбнаму матэрыялу і вучэбным магчымасцям вучняў; 2) мець пэўную мэту. Самастойная работа выступае ў працэсе навучання ў якасцi спецыфiчнага педагагiчнага сродку арганiзацыi i кіравання самастойнай дзейнасцю вучняў, якая павiнна ўключаць i прадмет, i метад навуковага пазнання. Прадметам пазнавальнай дзейнасцi ў любым вiдзе вучэбнай працы з’яўляецца не крынiца ведаў, i не дыдактычнае цi метадычнае прызначэнне самастойнай работы, а задача, уключаная ў той цi iнышы канкрэтны вiд самастойнай работы. Сутнасць самастойных работ, як спецыфiчных педагагiчных канструкцый, вызначаецца асаблiвасцямi пазнавальных задач, увасобленых у канкрэтным змесце тыпаў i вiдаў самастойных работ.
Чаму неабходна выхоўваць самастойнасць на ўроках беларускай мовы? Нi для каго нi сакрэт, што дзецi ў пачатковых класах дрэнна ведаюць сваю мову, асаблiва гарадскiя дзецi. Пасiўнасць некаторых школьнiкау тлумачыцца тым, што яны не гатовы да ўспрымання матэрыялу. У такiм выпадку практыкуецца iндывiдуальная работа, што само па сабе прадугледжвае самастойнасць.
На ўроках мовы ў працэсе самастойнай работы школьнiкi вучацца назiраць, параўноўваць, аналiзаваць, абагульняць, выдзяляць галоўнае, рабiць вывады. Гэтыя ўменнi не закладзены ад прыроды, iх трэба развiваць.
Вучням І ступені агульнай сярэдняй адукацыі цяжка кiраваць сваёй дзейнасцю, таму ў гэтым выпадку дапамога настаўнiка абавязковая. Калi настаўнiк прапануе вуснае цi пiсьмовае заданне для самастойнай работы, ён не толькi назiрае за яе выкананнем, але i павiнен кiраваць гэтай дзейнасцю, даваць установы, каб пазбегнуць памылак i аналiзаваць увесь ход дзеянняў [1, с. 34].
Вядома, што самастойная работа – гэта вiд вучэбнай дзейнасцi вучняў, якi мае наступныя асаблiвасцi: самастойная работа вучня – вынiк правiльна арганiзаванай яго вучэбнай дзейнасцi на ўроку, што матывуе самастойнае яе пашырэнне, паглыбленне i працяг у вольны час; самастойная работа – гэта больш шырокае паняцце, чым дамашняя работа, гэта занятасць вучня, якая паралельна iснуе разам з абранай iм з гатовай або самiм выпрацаванай праграмы засваення якога-небудзь матэрыялу; самастойная работа – гэта вышэйшая форма вучэбнай дзейнасцi.
Такiм чынам, самастойная работа вучняў – гэта арганiзаваная настаўнiкам актыўная дзейнасць вучня, накiраваная на выкананне пастаўленай дыдактычнай мэты ў спецыяльна адведзены для гэтага час (пошук ведаў, iх асэнсаванне, замацаванне, фармiраванне i развiццё ўменняў i навыкаў, абагульненне i сiстэматызацыя ведаў).
Самастойная работа вучняў пры правiльнай яе арганiзацыi дае магчымасць развярнуцца iндывiдуальнасцi кожнага вучня. Адной з важнейшых умоў для гэтага з’яўляецца абуджэнне i падтрымка iнтарэсаў дзяцей да ведаў з мэтай авалодвання iмi i прымяненне iх на практыцы. Настаўнiк павiнен арганiзаваць вучэбны працэс так, каб быў якi-небудзь мiнiмум для ўсяго класа, а для больш моцных заданнi, якiя дазваляюць iм глыбей засвоiць веды i навыкi [2, с. 23].
Таму вельмi важна, каб настаўнiк прыдумваў такую методыку фармiравання ведаў, уменняў i навыкаў вучняў, якая арыентуецца не на механiчным зазубрываннi матэрыялу, а на свядомым засваеннi i на здольнасцi прымянення ведаў у новых сiтуацыях.
Працэс навучання, якi не прадугледжвае павелiчэння цяжкасцей, не можа развiваць пазнавальныя сiлы вучня. Заданнi вельмi лёгкiя не выклiкаюць iнтарэсу ў вучняў. З другога боку, заданнi цяжкiя ствараюць пачуццё няўпэўненасцi i знiжаюць актыўнасць. Уменне так арганiзаваць вiды самастойных работ i ўключаць розныя заданнi ў вучэбны працэс, каб стымулiраваць вучняў да новых намаганняў у працы, да самастойнага пераадольвання новых цяжкасцей – гэта iстотная прыкмета майстэрства настаўнiка.
Зразумела, эфектыўнасць самастойнай работы вучняў у працэсе навучання ў многiм залежыць ад умовы яе арганiзацыi, ад зместу i характару ведаў, логiкi iх паведамлення, крынiцы ведаў i зместу дадзенага вiду самастойнай работы, ад якасцi дасягнутых вучнямi вынiкаў у ходзе выканання гэтай працы i г.д.
Уключаючы ў працэс навучання самастойныя работы вучняў, настаўнiк павiнен клапацiцца пра тое, каб засваенне вучнямi кожнага новага вiду самастойнай работы было падрыхтавана папярэднiмi заняткамi; з другога боку, важна, каб вучнi не спынялiся надоўга на адным узроунi, а рухалiся далей, да другiх вiдаў работы, якiя патрабуюць ад iх усё большай i большай ступенi самастойнасцi.
Каб кожная самастойная работа давала дадатковыя вынiкi, дапамагала вучням засвойваць веды i набываць уменнi, садзейнiчала развiццю iх здольнасцей, настаўнiку неабходна захоўваць палажэннi, вызначаныя практыкай навучання. Яны зводзяцца да наступнага. Неабходна, каб вучань быў падрыхтаваны да выканання прапанаванай яму работы на папярэднiх занятках. Гэта значыць, каб яны мелi веды i ўменнi, якiмi патрабуецца самастойна карыстацца.
Падрыхтаванасць вучняў да самастойнага выканання заданняў ствараецца тым, што кожны новы для iх вiд работы яны спачатку асвойваюць пры непасрэдным удзеле настаўнiка, якi iх вучыць прыёмам выканання самастойнай работы i парадку дзеяння. Падрыхтаванасць вучняў да работы робiць заданне лёгкiм для выканання.
Заданнi павiнны давацца так, каб вучань успрымаў яго як сваю ўласную пазнаваўчую мэту i актыўна iмкнуўся да лепшых поспехаў. Калi ў класе ёсць вучнi, для якiх агульнае заданне па якой-небудзь прычыне не па сiле, то гэтым вучням настаўнiк дае асобныя, iндывiдуальныя заданнi. Моцны вучань можа выбраць заданнi сам.
У залежнасцi ад колькасцi вучняў у класе, iх узросту i мэты ўрока самастойная работа можа быць рознай працягласцi: ад 3–5 хвiлiн да 20 хвiлiн. Заданне, якое разлiчана больш як на 25 хвiлiн, стамляе вучняў i вынiкi работы малаэфектыўныя.
Каб правiльна вызначыць час, патрэбна ўлiчваць узровень падрыхтоўкi дзяцей, iх уменнi самастойна выконваць заданнi, ступень цяжкасцi матэрыялу. Больш часу адводзiцца на работу над вывучэннем новага матэрыялу, а таксама ў першым класе, вучнi якога яшчэ не набылi дастатковых навыкаў самастойнай работы.
Вялiкай папулярнасцю ў сучасных настаўнiкау карыстаецца арганiзацыя самастойнай работы па тэхналогii модульнага навучання. Сутнасць модульнага навучання складаецца ў тым, што вучань самастойна або з пэунай дапамогай настаўнiка дасягае канкрэтных вынiкаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасцi ў працэсе працы з модулем. У модуль уваходзяць дыдактычныя задачы, банк iнфармацыi, метадычнае кiраўнiцтва i план дзеянняў вучняў, накiраваных на вырашэнне дыдактычных задач. Распрацоўваючы тэму ўрока, настаўнiк вылучае ў ёй асноўную iдэю, фармулiруе навучальныя задачы, а затым структурыруе пэўныя сэнсавыя блокi (адносна завершаныя часткi зместу) – навучальныя элементы, фармулюе да кожнага блоку прыватную дыдактычную задачу i распрацоўвае праграму для вучняў. Важным крытэрыем стварэння модуля з’яўляецца адпаведнасць дзейнасцi вучня логiцы этапаў засваення ведаў: успрыняцце, разуменне, асэнсаванне, запамiнанне, выкарыстанне. Такiм чынам, у праграме для школьнiкаў плануюцца заданнi, накiраваныя на ўспрыняцце навучальнага матэрыялу, яго асэнсаванне i замацаванне, як правiла, у форме выкарыстання ведаў па ўзоры. Такая тэхналогiя з’яўляецца эфектыўнай, таму што яна дазваляе атрымаць высокiя паказчыкi навучання вучняў, тым больш калi выкарыстоўваць замест заданняў аднаго тыпу для ўсiх дзяцей заданнi двух узроўняу – базавага i павышанага. Гэта гарантуе кожнаму вучню засваенне стандарту адукацыi i магчымасць дасягнення больш высокiх вынiкаў.
Эфектыўным з’яўляецца выкарыстанне пры арганiзацыi самастойнай работы тэхналогіі ўзроўневай дыферэнцыяцыi, што дазваляе кожнаму вучню працаваць у сваiм рэжыме. Так, напрыклад, вучням могуць быць прапанаваны заданнi трох узроўняу. Усе вучнi абавязкова выконваюць заданне першага ўзроўня. Заданнi другога i трэцяга ўзроўняў выконваюцца па меры магчымасцей.
Спынiмся на арганiзацыi самастойнай працы на ўроку з дапамогай рознаўзроўневых заданняў. Настаўнiк на дошцы запiсвае: «Ведаеш, як выканаць заданне, выконвай. Выканаў, прыступай да выканання задання наступнага ўзроўню».
У кожнага вучня на парце ляжыць картка з заданнямi трох узроўняў i сiгнальны кубiк. Тры бакi кубiка пафарбаваны ў чырвоны, зялёны i жоўты колер. На iншых баках кубiка запiсаны лiчбы 1, 2, 3.
Клас не падзяляецца на групы. Усе вучнi знаходзяцца ў аднолькавых умовах. Настаўнiк дае заданне выканаць прктыкаванне першага ўзроўню. Вучнi чытаюць яго. Калi дзiця зразумела, як выканаць практыкаванне, то яно ставiць кубiк зялёным бокам да настаўнiка, што гаворыць: «магу сам». Кубiк, звернуты да настаўнiка чырвоным бокам, гаворыць: «у мяне ёсць цяжкасцi».
Такiм чынам, настаўнiк атрымлiвае iнфармацыю пра дзейнасць ўсяго класа. Вучняў, якiя маюць цяжкасцi, настаўнiк запрашае за асобны стол або да дошкi, дзе знаходзяцца таблiцы, схемы i алгарытмы, якiя могуць дапамагчы правiльна выканаць заданне, якое выклiкала цяжкасцi. Трэба падкрэслiць, што настаўнiк павiнен iмкнуцца абмяжоўвацца мiнiмальнымi тлумачэннямi i не ўмешвацца ў самастойную працу вучняў. Адначасова настаўнiк сочыць за працай астатнiх вучняў. У гэты час у класе з’яўляюцца сiгналы жоўтага колеру, якiя гавораць пра сканчэнне працы над заданнем першага ўзроўню. Выкарыстанне сiгнальных кубiкаў дае настаўнiку магчымасць бачыць у кожны момант працы ўсiх вучняў i аказаць хуткую дапамогу тым, каму яна патрэбна. Выкананне заданняў другога i трэцяга ўзроўняу станоўча ўплывае на развiццё разумовых здольнасцей вучняў i на фармiраванне ўмення самастойна працаваць з моўным матэрыялам.
Праверка самастойнай працы праводзiцца ў наступнай паслядоўнасцi. Пасля таго, як вучнi павернуць да настаўнiка кубiк бокам з лiчбай 1 (што гаворыць аб выкананнi iмi задання першага ўзроўню, выкананне практыкавання абгаворваецца i правяраецца. Далей усе вучнi чытаюць заданне другога ўзроўню i ў класе з’яўляюцца сiгналы з лiчбай 2 (iх, канечне, менш). Дзецi, якiя выканалi гэта заданне, прапануюць свае варыянты, у iх аналiзе прымае ўдзел увесь клас. Сiгналы з лiчбай 2 дапамагаюць настаўнiку хутчэй зарыентавацца пры праверцы заданняў i ўбачыць, колькi вучняў выканалi заданне другога ўзроўню. Аналагiчна правяраецца выкананне задання трэцяга ўзроўню.
Такая арганiзацыя самастойнай працы пры выкананнi заданняў садзейнiчае павышэнню пазнавальнай цiкавасцi вучняў, якiя выканалi заданнi толькi першага ўзроўню. У вучняў узнiкае натуральнае жаданне самастойна выканаць усе прапанаваныя заданнi. Выкананне больш складанага задання становiцца мэтай кожнага вучня.
Такім чынам, выкарыстанне тэхналогіі модульнага навучання пры арганізацыі самастойнай работы вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі дапамагае ім здабыць найбольш свядомыя i трывалыя веды, навыкi i ўменнi ў галіне беларускай мовы.
Спіс літаратуры
- Пидкасистый, П.И. Самостоятельная деятельность учеников / П.И. Пидкасистый. – М., 199 – 286 с.
- Есипов, Б.П. Самостоятельная работа учащихся на уроках / Б.П. Есипов. – М. : Педагогика, 198 – 332 с.