^ Вверх

УДК 373.3:004

 

Паўлоўская К. М.

 

студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта

Установы адукацыі «Гродзенскі Дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы»

 

(навуковы кіраўнік – Тамашэвіч З.М., дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат філалагічных навук)

 

РАЗВІЦЦЁ ВУСНАГА МАЎЛЕННЯ ВУЧНЯЎ 3-5 КЛ. НА УРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ НА КАМУНІКАТЫЎНА-ДЗЕЙНАСНАЙ АСНОВЕ

 

Аннотация. В статье анализируется роль устной речи в развитии мышления учеников 3–5 классов с интеллектуальной недостаточностью.

 

Раскрываючы методыку развіцця вуснага і пісьмовага маўлення вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю, неабходна прытрымлівацца наступнага палажэння: працэс авалодвання камунікатыўнымі здольнасцямі магчымы толькі ў выніку практычнай актыўна-творчай маўленчай дзейнасці. У разуменні сацыялінгвістаў камунікатыўная кампетэнцыя – “гэта не прыроджаная здольнасць, … здольнасць, якая фарміруецца ва ўзаемадзенні з асяроддзем у працэсе набыцця сацыяльнага вопыту” [1, с. 12].  

Мэтай навучання звязнаму вуснаму маўленню дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю з’яўляецца развіццё камунікатыўных здольнасцей, авалодванне мовай як сродкам зносін і выяўлення свайго ўнутранага Я.

У методыцы ў якасці асноўных прынцыпаў, згодна якім адбываецца адбор матэрыялу для вывучэння беларускай мовы ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму, называюць прынцып апасродкаванай камунікатыўнасці і тэматычна-сітуацыйны прынцып.

Прынцып апасродкаванай камунікатыўнасці не адхіляе лінейнае вывучэнне граматыкі, а прадугледжвае засванне моўных адзінак з улікам іх функцыі ў працэсе зносін. Камунікатыўнасць апасродкавана звязана з граматыкай, таму камунікатыўныя заданні абавязкова прысутнічаюць на кожным уроку пры вывучэнні розных аспектаў мовы і апасродкавана фарміруюць у вучняў здольнасці авалодвання маўленнем.

 Тэматычна-сітуацыйны прынцып мэтазгодна разглядаць у якасці дамінуючага толькі на прапедэўтычным этапе знаёмства з мовай, калі мэтай навучання з’яўляецца засваенне вучнямі лексіка-граматычнага мінімуму. Тэматычна-сітуацыйная арганізацыя вучэбнага матэрыялу садзейнічае актыўнаму засваенню лексікі, фанетыкі і пэўных граматычных форм, неабходных для авалодвання элементарнымі зносінамі.

Пры вывучэнні граматычнага курса прадугледжваецца ўключэнне сітуацыйных вучэбных задач. Стварэнне на ўроку розных вучэбных сітуацый з пэўнымі камунікатыўнымі намерамі імітуе рэальны працэс зносін чалавека ў грамадстве, мадэліруе ў пэўнай меры яго маўленчыя паводзіны. Таму ў вучэбным працэсе мэтазгодна актыўна выкарыстоўваць прыём апісання камунікатыўных сітуацый і ўключэння іх у ролевыя гульні. Як сцвярджае В. Д. Мітрафанава, “падобная вучэбная камунікацыя фарміруе навыкі выкарыстання канструкцый і слоў ва ўмовах, прыбліжаных да рэальных жыццёвых сітуацый, садзейнічае эфектыўнасці навучання, павышэння цікавасці вучняў да вывучаемай мовы”. У методыцы гэты метад атрымаў назву камунікатыўнага мадэліравання або мадэліравання маўленчага выказвання. [2, с. 18]

Тыпы маўленчых сітуацый і камунікатыўна-сітуацыйныя задачы павінны адпавядаць як асобным кампанентам, так і цэласнай структуры маўленчай дзейнасці. Для гэтага выкарыстоўваюцца наступныя тыпы сітуацый і задач:

  • сітуацыі, накіраваныя на выпрацоўку індывідуальных здольнасцей чалавека арыентавацца ва ўмовах камунікацыі;
  • сітуацыі, звязаныя з фарміраваннем індывідуальных здольнасцей планаваць маўленчую дзейнасць у пэўных умовах;
  • сітуацыі, звязаныя з развіццём індывідуальных здольнасцей ажыццяўляць камунікатыўную дзейнасць;
  • сітуацыі, мэта якіх – навучыць кантраляваць развіццё камунікацыі і ўласнай дзейнасці.

Акрамя мэтавых сітуацый, звязаных з фарміраваннем канкрэтных маўленчых здольнасцей, якія забяспечваюць эфектыўнасць камунікацыі, выкарыстоўваюцца і сітуацыі, накіраваныя на стварэнне цэласных звязных выказванняў.

Навучанне звязнаму вуснаму маўленню неабходна праводзіць як на спецыяльных уроках, так і на неспецыяльных. Можна практыкаваць правядзенне спецыяльных тэматычных урокаў у форме ранішнікаў, экскурсій, гульняў. У такіх выпадках вучні аказваюцца ў пэўнай маўленчай макрасітуацыі, імкнуцца карыстацца ў працэсе зносін выключна беларускй мовай. Эфектыўна прапаноўваць вучням завучваць невялікія вершы, дыялогі, песні, праводзіць драматызацыю асобных сцэн, эпізодаў матывах прачытанага тэксту з мэтай рэалізацыі падыходу “гаварыць і дзейнічаць”, славесна маляваць, перакладаць.

Раскрываючы методыку навучання звязнаму вуснаму маўленню, неабходна спыніцца на тыпах адпаведных практыкаванняў і відах выказванняў. Практыкаванні падзяляюцца на тры асноўныя групы:

  • моўныя канструктыўныя (складанне словазлучэнняў, сказаў);
  • маўленчыя (пераказ, пераклад, рэканструкцыя дэфармаванага тэксту ў звязнае выказванне, адказы на пытанні);
  • уласна камунікатыўныя (складанне дыялогаў, індывідуальных выказванняў у адпаведнасці з прапанавай ці выбранай тэмай, сітуацый, калектыўная гутарка, дзе настаўнік – адзін з яе ўдзельнікаў).

Выкарыстоўваюцца наступныя тыпы выказванняў па тэмах і сітуацыях:

- выказванні на аснове выконваемых дзеянняў (абмеркаванне рэальных жыццёвых падзей на аснове атрыманай інфармацыі з вучэбных тэкстаў і стварэнне ўласнага тэксту ў адпаведнасці з устаноўкай настаўніка);

- выказванні на аснове пачутага, убачанага, прачытанага;

- выказванні па ўяўленні (адказы на пытанні па тэарэтычным матэрыяле, сфармуляваныя так, каб вучань паказаў усведамленне ролі, значэння моўных адзінак для практычнай маўленчай дзейнасці, а таксама прадэманстраваў валоданне алгарытмам вучэбнага дзеяння, звязанага з прымяненнем правіла);

- выказванні абстрактна-тэарэтычнага характару;

- выказванні-разважанні.

Гаворачы пра развіццё камунікатыўных здольнасцей, неабходна адзначыць, што камунікатыўна арыентаваныя практыкаванні нельга разглядаць як самадастатковыя  – гэта значыць безадносна да таго вучэбнага матэрыялу, які вывучаецца. Навучанне беларускай мове ў цэлым неабходна разглядаць як навучанне маўленчай дзейнасці. Любая камунікатыўная сітуацыя павінна дэтэрмініравацца патрэбай практычнага засваення моўных сродкаў – фанетычных, лексічных, граматычных.

Улічваючы тое, што ў аснове звязнага вуснага маўлення ляжыць правільнае вымаўленне гукаў і іх спалучэнняў, прынцыпова важным з’яўляецца выпрацоўка ў вучняў артыкуляцыйных, інтанацыйных, акцэнталагічных і фанетыка-арфаэпічных навыкаў.

Для фарміравання фанетыка-арфаэпічных навыкаў выкарыстоўваюцца наступныя прыёмы: гутарка аб асаблівасцях вымаўлення ў комплексе з дэманстрацыяй маўленчага матэрыялу, чытанне арфаэпічна насычанага тэксту, кантроль і выпраўленне памылак, маўленчая гімнастыка. Для ўдасканалення акцэнталагічных навыкаў карыснымі будуць прыёмы вызначэння націскнога складу на слых,параўнанне націску ў рускай і беларускай мовах, пераклад слоў з адной мовы на другую, выпраўленне акцэнталагічных недахопаў.

У афармленні вуснага маўлення важная роля належыць інтанацыі, таму што выхаванне камунікатыўнай культуры ўключае і авалодванне сродкамі выразнасці мовы: мелодыкай, паўзамі, лагічным націскам, тэмпам, тэмбрам. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца спецыяльныя практыкаванні:

- паспрабуй сказаць так, каб было весела (страшна);

- скажы аб адным і тым жа сябру, які сядзіць за апошняй партай і каля цябе;

- паведамі сябру аб небяспецы;

- паспрабуй прачытаць сказ некалькі разоў, выдзяляючы голасам розныя словы.

Ці змяняецца сэнс ад гэтага?

Поспех у авалодванні вучнямі звязным вусным маўленнем на беларускай мове залежыць ад наступных умоў:

  • мэтанакіраванасці і актыўнасці выкарыстання камунікатыўных практыкаванняў на кожным уроку;
  • свабоднай педагагічнай атмасферы ўрока, калі дзеці не баяцца гаварыць, выказваць свае думкі, нягледзячы на існуючыя складанасці і недахопы.

Абагульняючы сказанае, неабходна адзначыць, што вучні авалодаюць камунікатыўнымі ўменнямі ў тым выпадку, калі ім будзе прапанавана адпаведная дзейнасць – рознабаковая, цікавая, матываваная, кантралюемая, асобасна значымая, таму што без спецыяльна арганізаванай камунікатыўнай дзейнасці практычна авалодаць навыкамі звязнага вуснага маўлення немагчыма.

Сістэма работы над развіццём звязнага вуснага маўлення ўяўляе сабой мэтанакіраваны і актыўны працэс, дзе дамінуючым з'яўляецца той від дзейнасці, які лічыцца для дзяцей больш сацыяльна і асобасна запатрабаваным. У дадзеным выпадку такім відам будзе вуснае беларускае звязнае маўленне.

Такім чынам, прапанаваная адукацыйная тэхналогія арыентавана на задавальненне асабістых патрэб вучняў у маўленні з мэтай найбольш паспяховай іх сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства.

 

Спіс літаратуры

  1. Белл, Р. Т. Социолингвистика / Р. Т. Белл. – М. : Междунар. отношения, 1980. – 320 с.
  2. Митрофанова, О. Д. Основные положения методики обучения русскому языку / О. Д. Митрофанова // Методика: лекции. – М. : Русский язык, 1982. – С. –16–29.
  3. Ляшчынская, В.А. Методыка выкладання беларускай мовы: вучэб. дапаможнік / В.А. Ляшчынская, З.У. Шведава. – Мінск : РІВШ, 2007. – 252 с.
  4. Выготский, Л.С. Психология развития ребенка / Л.С. Выготский. – М.: Изд-во Смысл, 2003. – 334 с.