УДК 373.3:004
Сачко Ю. А.
студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта
Установы адукацыі «Гродзенскі Дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы»
(навуковы кіраўнік – Тамашэвіч З.М., дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат філалагічных навук)
СЛОЎНІКАВА-ЛАГІЧНЫЯ ПРАКТЫКАВАННІ ДЛЯ ЎЗБАГАЧЭННЯ СЛОЎНІКА ВУЧНЯЎ ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛЫ
Аннотация. В статье рассматривается проблема обучения речи учеников вспомогательных школ. Анализируется вопрос о методах пополнения словарного запаса учащихся вспомогательных школ.
Папаўненне слоўнікавага запасу адбываецца на працягу ўсяго жыцця чалавека, але неабходнасць узбагачэння слоўніка асабліва востра адчуваецца ў пачатковых класах.
Як вядома, слоўнікавы запас чалавека вызначае яго магчымасць выразіць свае думкі дакладна, выразна і ўспрыняць чужыя. Вядомы метадыст рускай мовы А. В. Цекучоў пісаў: «Чым багацейшы актыўны слоўнікавы запас чалавека, тым больш змястоўнае, даходлівае і прыгожае яго вуснае і пісьмовае маўленне» [ 1, с. 35].
Лексічныя практыкаванні трапна спалучаюцца з граматычнымі заданнямі, выпрацоўваюць у вучняў пачуцці стылю, развіваюць іх мову. Так, Л.П. Падгайскі прапануе ў пачатковых класах праводзіць слоўнікава-лагічныя, слоўнікава-граматычныя і слоўнікава-стылістычныя практыкаванні [2].
Для ўстанаўлення ўзаемасувязі паміж словам і прадметам Л.П.Падгайскі і І. І. Верашчака выкарыстоўваюць слоўнікава-лагічныя практыкаванні. Яны выпрацоўваюць ў вучняў уменне вызначаць суадносіны паміж агульным і прыватным, цэлым і часткай, устанаўліваць сэнсавыя адносіны паміж словамі, якія абазначаюць родавыя паняцці, і словамі, якія абазначаюць відавыя паняцці. Яны дапамагаюць асэнсаваць унутраны бок слова, яго значэнне, фарміруюць найпрасцейшыя лагічныя паняцці і прывучаюць карыстацца імі.
Слоўнікава-лагічных практыкаванні вучаць правільна назіраць за прадметамі і з’явамі, параўноўваць, абагульняць, сістэматызаваць, садзейнічаюць развіццю мыслення і мовы, а таксама дапамагаюць устанавіць узаемасувязь паміж словам і прадметам. Дзеці ў сувязі з чытаннем буквара, а затым кнігі знаёмяцца з рэальнымі прадметамі і з’явамі, абазначаюць іх словамі, выконваюць лагічныя практыкаванні. Гутарка настаўніка не абмяжоўваецца толькі паведамленнем назвы прадметаў. Дзеці адказваюць і на такія пытанні: Навошта патрэбны прадмет? З якога матэрыялу ён зроблены? Якую форму мае? і да т.п.
Слоўнікава-лагічныя практыкаванні абавязкова суправаджаюцца гутаркамі і тлумачэннямі. Напрыклад, пры знаёмстве з асобнымі хатнімі жывёламі дзеці даведваюцца, што гэтыя жывёлы прыносяць чалавеку карысць, а чалавек пра іх клапоціцца, дае ім жыллё, корм, даглядае іх. Практыкуючыся са словамі, якія абазначаюць дзікіх жывёл, вучні таксама вывучаюць іх істотныя прыметы: жывуць воддаль ад жылля чалавека, самі будуюць сабе жыллё і самі здабываюць корм.
Мэта слоўнікава-лагічных практыкаванняў – развіваць лагічнае мысленне на аснове работы над словамі. Вучань павінен авалодаць шэрагам лагічных прыёмаў: параўнаннем, групаваннем, абагульненнем і г.д. Адна з найбліжэйшых задач гэтых практыкаванняў – выпрацоўка ў вучняў умення ўстанаўліваць правільныя суадносіны больш агульных і менш агульных паняццяў: роду, віду, супадпарадкаваных відавых паняццяў паміж сабой на аснове выдзялення агульных і адрозніваючых прымет прадметаў.
Слоўнікава-лагічныя практыкаванні дапамагаюць устанавіць правільную ўзаемасувязь паміж словам і прадметам, які яно абазначае. Наглядныя прадметы, малюнкі, прачытанае і пачутае слова, лагічныя практыкаванні, якія абапіраюцца на іх, развіваюць абагульненні, сістэматызуюць уяўленні і паняцці вучняў.
Матэрыялам для слоўнікава-лагічных практыкаванняў служаць: натуральныя прадметы: цацкі, інструменты, посуд і інш.; прадметныя малюнкі або насценныя табліцы; карткі са словамі або са звязным тэкстам.
Практыкаванні, якія накіраваны на ўзбагачэнне слоўніка дзяцей наступныя: 1. Выдзяленне слоў са сказаў. На самай ранняй стадыі навучанняы словы са сказа выдзяляюцца з дапамогай працяглых паўз паміж кожным словам, а пазней шляхам пастаноўкі пытанняў да кожнага слова ў сказе. 2. Актывізацыя слоўніка. У працэсе слоўнікавай работы вучань не толькі дабіваецца больш глыбокага разумення сэнсу слоў, але і вучыцца ўжываць гэтыя словы ў сваёй штодзённай моўнай практыцы. 3. Тлумачэнне значэння незразумелых слоў [3].
Слоўнікава-лагічныя практыкаванні прадугледжваюць групаванне, абагульненне, параўнанне і супрацьпастаўленне прадметаў, прыкмет і дзеянняў:
- Выпісаць спачатку назвы пор года, затым – з’яў прыроды, пачуццяў чалавека;
- да слоў з левага слупка падабраць па сэнсу словы з правага;
- запісаць сказы, замяняючы адным словам выдзеленыя словы;
- уставіць замест кропак словы, якія адносяцца да выдзеленых;
- даць агульную назву групам слоў;
- замест кропак запісаць словы – прыметы прадметаў;
- па прыметах назваць прадметы і запісаць іх.
Тэматыка слоўнікава-лагічных практыкаванняў залежыць галоўным чынам ад кніг, якімі карыстаюцца вучні на ўроках мовы: буквара, кнігі для чытання, падручніка па мове.
Мэтазгодна праводзіць наступныя практыкаванні: падвядзенне відавых паняццяў пад родавыя: бяроза, сасна, елка – дрэвы; супастаўленне двух паняццяў па іх родавых прыметах: бяроза – дрэва, а падбярозавік – грыб; групоўка прадметаў па пэўных спецыфічных прыметах: людзі, жывёлы, расліны, рэчы; называнне прадметаў па прыметах або дзеяннях: белы, салодкі (цукар), едзе (аўтамабіль), ляціць (самалёт); параўнанне двух прадметаў, у якіх ёсць нешта агульнае і адметнае: цукар і соль, бусел і чапля, рыба і рак; пералічэнне аднолькавых прадметаў і абазначэнне іх агульным імем: грузавік, аўтамабіль – машыны; дзяленне прадметаў па пэўных прыметах на дзве групы(назваць дамашніх жывёл, дзікіх жывёл; ліставыя і хвойныя дрэвы); выключэнне аднаго прадмета з названых, які не ўваходзіць у адну відавую групу: астра, ружа, бяроза, фіялка, настурцыя; абагульненне праз проціпастаўленне або выключэнне: Паліто – адзенне, а чаравікі – ... (абутак); Ліпа не куст, а … (дрэва). Маліны не грыб, а ... (ягады); дзяленне паняцця (назваць звяроў або птушак); элементарнае азначэнне прадмета: сабака – свойская жывёла; брусніцы – лясныя ягады [4].
Такім чынам, настаўнік пачатковых класаў, працуючы над узбагачэннем і актывізацыяй слоўніка вучняў, павінен для дасягнення пастаўленай мэты прытрымлівацца вышэй адзначаных патрабаванняў і выкарыстоўваць у сваёй рабоце як мага больш разнастайных відаў практыкаванняў, сярод якіх важнае месца займаюць слоўнікава-лагічныя практыкаванні.
Спіс літаратуры
- Текучев, А. В. Методика русского языка в средней школе / А.В. Текучев. Изд. 3-е. – М. : Просвещение, 1987. – 300 с.
- Гамеза, Л. М. Лінгваметадычная парадыгма ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў пры вывучэнні беларускай мовы / Л.М. Гамеза // Коммуникативная компетенция: принципы, методы, приемы формирования: сб. науч. ст. / Белорус. гос. ун-т; в авт. ред. – Мінск, 2009. – Вып. 9. – 102 с.
- Методыка выкладання беларускай мовы і літаратурнага чытання / В.І. Свірыдзенка, Н. М. Антановіч. - Мiнск : РІВШ, 2015 // http://elib.bspu.by/bitstream/doc/2236/3/УМК_методыка.pdf. – Дата доступу: 15.04.2017. – 287 с.
- Ковш, М. Слоўнікавыя практыкаванні як сродак узбагачэння і актывізацыі слоўніка вучняў// http://ebooks.grsu.by/evrika2013/kovsh-s-m-slo-nikavyya-praktykavanni-yak-srodak-uzbagachennya-i-aktyvizatsyi-slo-nika-vuchnya.htm – Дата доступу: 15.04.2017. – 28 с.