^ Вверх

УДК 373.3:004

 

Лаўская Т.А.

 

студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта

Установы адукацыі «Гродзенскі Дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы»

 

(навуковы кіраўнік – З. М. Тамашэвiч, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат філалагічных навук)

 

РАЗВІЦЦЁ МАЎЛЕННЯ ВУЧНЯЎ 1 КЛАСА Ў ПЕРЫЯД НАВУЧАННЯ ГРАМАЦЕ

 

Анатацыя. У артыкулу разглядаецца роля маўлення у раззвіцці вучняў пачатковай школы: функцыі, якія яно выконвае, асаблівасці праявы.

 

На працягу ўсяго жыцця чалавек авалодвае маўленнем і ўдасканальвае яго. Развіццё маўлення – актуальная задача навучання ў пачатковай школе, таму што наша мова з’яўляецца асновай усякай разумовай дзейнасці і сродкам чалавечых зносін. Правільныя моўныя структуры надаюць думцы яснасць, лаканічнасць, дакладнасць, развіваюць мысленне.

Асаблівасць развіцця маўлення ў пачатковай школе, як адзначае Б.С. Волкаў, складаецца ў тым, што гаворка становіцца не толькі сродкам зносін, але і аб'ектам пазнання. Маўленне ў малодшым школьным узросце выконвае дзве асноўныя функцыі: камунікатыўную – зносіны, і інфармацыйную – паведамленне. На наш погляд, вельмі важнай з’яўляецца меркаванне Б.С. Волкава наконт таго, што «патрэба ў зносінах ў малодшым школьным узросце выступае на першы план і таму вызначае развіццё маўлення. Гэтаму спрыяюць новыя спецыяльныя формы развіцця дзіцяці: слуханне, гутаркі, спрэчкі, развагі» [1, c. 68]. Настаўніку неабходна будаваць вучэбны працэс так, як у кожнага вучня была магчымасць праявіць сябе ва ўсіх відах камунікацыі.

Важную ролю ў жыццядзейнасці першакласнікаў выконвае гульня. С.А. Буйко былі прапанаваны разнастайныя метады і прыёмы выкарыстання дыдактычных гульняў у рабоце па развіцці маўлення. Так, пры знаёмстве са словам можна выкарыстаць дыдактычную гульню «Хто больш назаве?». Настаўнік прапануе вучням назваць прадметы, якія намаляваны на старонцы падручніка.

Паралельна мэтазгодна выкарыстаць гульню «Падкажы слоўца» (альбо «Хто ведае, якіх слоў не хапае?»):

Па цвічку тук – ток

Б’е жалезны... (малаток) Е.Лось

Шчыплюць траўку каля рэчкі

У цёплых кажушках … (авечкі).

Загадкі-забаўлянкі прывучаюць вучняў уважліва слухаць верш, падбіраць падобныя па гучанню і прыдатныя па сэнсе словы. Слова-адгадка можа быць выкарыстана і для вывучэння таго ці іншага гука. Напрыклад:

  1. Хто паўзе вось тут у парку,

а свій дом нясе на карку?

Хто ў чырвоных ботах

ходзіць па балотах? (Бусел)

  1. Летам шэранькі,

зімой беленькі. (Заяц)

  1. Іголкі мае,

А шыць не ўмее. (Вожык)

Дыдактычныя гульні на замацаванне разумення ролі слова супадаюць з гульнямі на замацаванне і актывізацыю слоўніка. Напрыклад, у гульні «Хто як размаўляе?» школьнікі гавораць, як падаюць голас розныя жывёлы: воўк вые, сабака гаўкае, птушка шчабеча і г.д. Адначасова настаўнік звяртае ўвагу вучняў, што ўсе названыя словы – гэта назвы дзеянняў жывёл і птушак. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца загадкі, у якіх даецца апісанне прадмета, пералічваюцца яго дзеянні. Напрыклад:

  1. Грыбкоў сабе насушыць, арэшкаў назбірае,

Зіма сняжком цярушыць, а ёй — бяда малая. (Вавёрка)

  1. Хапаткія ў мяне крылы,

Хвосцік востры, нібы вілы,

З гліны я гняздо ляплю,

Мошак на ляту лаўлю. (ластаўка)

Для замацавання ведаў вучняў пра значэнне слова можна правесці гульню «Адгадай слова» («Тлумачалкі»). Спачатку настаўнік дае тлумачэнне слову, а дзеці адгадваюць яго: найлепшы вынік, дасягненне ў спорце, у працы’ (рэкорд); ‘даглядчык, вартаўнік лесу’ (ляснік); ‘вадзіцель самалёта’ (лётчык) і г.д.

Наступныя гульні дапамагаюць вучням пазнаёміцца з гукамі, складамі, словамі, замацаваць навык чытання.

Назавіце кветкі з адным, двума, трыма складамі: бэз, флёкс, мак, астра, гваздзік, ружа, лотаць, касач, цюльпан, гарлачык, фіялка, лілея, вяргіня, півоня, рамонак, васілёк, званочак.

Падбярыце слова – назву кветкі, каб яно пачыналася з гука [а];[к];[р]:астра, касач, ружа, цюльпан, півоня, фіяка.

Для знаёмства з адзіночным і множным лікам вучням прапануецца гульня «Многа – адзін».

Настаўнік называе кветкі ў множным ліку, а вучні – у адзіночным. Пасля гульню можна трошкі ўскладніць, прапанаваўшы называць словы ў адзіночным ліку вучням: ружы – ружа, півоні – півоня, астры – астра, вяргіні – вяргіня, званочкі – званочак, фіялкі – фіялка, касачы – касач.

Пасля вывучэння зычных і галосных гукаў настаўнік прапануе гульню «Збярыце букет». У букет можна браць кветкі, у якіх ёсць галосныя [а]; [і], або тыя, дзе другі гук – зычны [в], [с]. Малюнкі з выявамі кветак дэманструюцца настаўнікам. Задача вучняў – адабраць словы згодна ўмове. Гульню можна праводзіць па радах, пасля чаго настаўнік улічвае хуткасць і правільнасць адказаў.

Выкарыстанне дыдактычнай гульні дазваляе вучням добра ведаць лексічнае значэнне любога слова:

Назавіце лішняе слова: півоня, астра, ружа, гваздзік, гладыёлус, кавун, касач, фіялка.

Гульня вучыць уважлівасці, папаўняе слоўнiкавы запас.

К творчым напрамкам маўленчай дзейнасці першакласнікаў можна аднесці:

- слоўнае маляванне з дапамогай настаўніка па прачытаным творы,

- дапаўненне сюжэта, самастойнае прыдумванне падзей, як папярэдніх, так і наступных,

- выказванне сваіх уражанняў ад прагледжаных мультфільмаў, тэлеперадач, тэатральных спектакляў, экскурсій, назіранняў,

- адгадванне загадак, тлумачэнне сэнсу прыказак і прымавак, блізкіх да жыццёвага вопыту вучняў,

- завучванне на памяць вершаў, пацешак, песень, лічылак і ўзнаўленне іх з захаваннем інтанацыі, якая дыктуецца зместам,

- выхаванне ўважлівых і добразычлівых адносін да адказаў і паведамленняў іншых вучняў [2].

Пашыраць поле чытання, развіваць маўленне дазваляе гульня «Спяшайся, але не памыляйся». Настаўнік паказвае складзеныя на наборным палатне двухскладовыя словы, трохскладовыя і г.д. Вучні павінны па памяці вылажыць гэтыя словы. На працягу навучання змест гульняў паступова ўскладняецца. Першакласнікі з задавальненнем рашаюць простыя красворды [1].

Пасля таго, як першакласнікі атрымаюць уяўленне пра значэнне слова, у іх фарміруецца элементарнае ўсведамленне мнагазначнасці слова, падбор сінонімаў і антонімаў. Дзеці вучацца разумець вобразныя сродкі ў мастацкіх тэкстах. Для фарміравання пералічаных уменняў і навыкаў намі выкарыстоўваюцца наступныя лексічныя гульні і гульнявыя практыкаванні.

Развіццю маўлення першакласнікаў садзейнічаюць таксама гутаркі па насценных карцінах, складанне вучнямі расказаў пра выпадкі з свайго жыцця, пра ўчынкі герояў з прачытаных настаўнікам невялікіх літаратурных твораў, расказванне казак, вершаў, загадванне і разгадванне загадак і інш. На кожным наступным уроку прадугледжваецца паступовае ўдасканаленне работы па развіцці маўлення вучняў: спачатку мэтазгодна навучыць складваць апавяданне па серыі малюнкаў, потым прапануецца скласці расказ па асобнай карціне, па апорных словах. У канцы навучання грамаце адбываецца пераход ад вусных расказаў да пісьмовых [4].

Наогул кажучы, навучанне мове і развіццю маўлення разглядаецца не толькі як авалоданне школьнікамі моўнымі навыкамі – фанетычнымі, граматычнымі, лексічнымі, але і авалоданне камунікатыўнымі ўменнямі. Важным з’яўляецца фарміраванне культуры маўлення, культуры зносін. На ўроках навучання грамаце ажыццяўляецца развіццё фанематычнага слыху дзяцей, азнаямленне вучняў з асноўнымі лінгвістычнымі паняццямі – словам, сказам, развіццё слыхавой памяці і моўнага апарату, увагі да гукавога боку мовы.

 

Спiс літаратуры 

  1. Буйко, С. А. Дыдактычная гульня як сродак развіцця маўлення дзяцей пачатковых класаў на ўроках літаратурнага чытання [Интэрнэт-рэсурс]. – Рэжым доступа : http://ebooks.grsu.by/evrika2012/20-bujko-s-a-dydaktychnaya-gulnya-yak-srodak-razvitstsya-ma-lennya-dzyatsej-pachatkovykh-klasa-na-rokakh-litaraturnaga-chytannya.htm. – Дата доступа : 12.04.2017
  2. Вучэбныя праграмы для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання і выхавання. I клас / М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь. – Минск, ААТ «Прамдрук». – 2009. – 138 с.
  3. Клышка, А. К. Буквар: дзень пры дні : вучэб. – метад. дапам. / А. К. Клышка. – Мінск : ТАА «Юніпрэс», 2000. – 128 с.
  4. Клышка, А. К. Буквар / А. К. Клышка. – Мінск : Народная асвета, 2014. – 184 с.
  5. Чырэц, А. А. Разнастайнасть метадаў і прыёмаў работы па развіцці маўлення ў перыяд навучання грамаце[Интэрнэт-рэсурс]. – Рэжым доступа: http://conf.grsu.by/alternant2015/index-66.htm. – Дата доступа: 12.04.2017
  6. Чырэц, А. А. Развіццё маўленчай дзейнасці вучняў пачатковых класаў з дапамогай інтэрактыўных метадаў [Интэрнэт-рэсурс]. – Рэжым доступа : http://conf.grsu.by/alternant2016. – Дата доступа : 12.04.2017